НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Дай мне, Збавіцелю, сьлёзы жалю і сэрца скрушлівае, каб абмыць нячыстасьць душы маёй, якую я апаганіў бясчынствамі: маю на абарону Маці Тваю і хоры анёлаў, якія моляцца за мяне, і Тваё чалавекалюбства.
Ідзі, душа мая, і кайся ў многіх грахох, якія ты ўчыніла, і са сьлязьмі і стогнамі прасі хоры анёлаў, каб табе быў дадзены час для пакаяньня, і каб ты, як бясплодная смакоўніца, не была ўкінутая ў вечны агонь.
Я не захаваў ніводнага з Тваіх запаветаў тут на зямлі, дык які дам адказ, калі зьяўлюся перад пасадам Тваім, Хрысьце мой, і які прысуд пачую за ўсё, што ўчыніў сьвядома і несьвядома? Дзеля гэтага клічу: "Малітвамі слугаў Тваіх збаў мяне, заблуднага".
Багародзічны. Ты, Багародзіца, што на голас арханёла зачала ва ўлоньні Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам, ёсьць вышэйшая за ўсіх хэрувімаў і сэрафімаў, і за ўсе анельскія сілы.
Вершапесьні
У страшны дзень прыйсьця Твайго, Хрысьце, ня дай нам пачуць: "Ня ведаю вас", бо мы, Збавіцелю, усклалі ўсю надзею на Цябе, хоць і не захавалі запаветаў Тваіх дзеля нядбайства. Але Ты пашкадуй душы нашыя, молімся.
Ня маю сьлёзаў пакаяньня, дзеля гэтага малю Цябе, Хрысьце Божа, перш чым прыйдзе канец, навярні мяне і дай мне жаль за грахі, каб мне выбавіцца ад мукаў.
Мучанікі Твае, Госпадзе, ня выракліся Цябе і не адступілі ад запаветаў Тваіх. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.
Багародзічны. З арханёлам усхвалім, верныя, Нябесны Хорам, і Браму зачыненую, кажучы: "Радуйся Ты, дзякуючы якой зьявіўся для нас Збаўца ўсіх Хрыстос Жыцьцядавец і Бог. Перамагай, Уладарка, рукою Тваёю мучыцёляў і ворагаў нашых, бо Ты, Усячыстая, надзея ўсіх хрысьціян". |