СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Як слугі вялікіх тайніцаў і сьведкі Божыя, вы, багасловы і вучні Гасподнія, атрымалі ласку ацаленьняў і лечыце немачы людзей.
Багавідцы апосталы Гасподнія, вы – надзейнае прыстанішча і ахова душаў нашых, і абарона ад лютых духаў. Дзеля гэтага вас заўжды славім.
Ад усялякай загрозы, бесаўскіх нашэптаў, правінаў і лютай няволі выбаўляйце тых, што з вераю славяць вас, боскія блаславёныя апосталы.
Багародзічны. Люты вораг, поўны зайздрасьці, усё змагаецца супраць статку Твайго, Усячыстая, каб прыдбаць сабе спажыву; але Ты, Багародзіца, выбаў нас ад такой бяды.
Вершапесьні
Некалі Апосталы Твае, Госпадзе, даставалі сецямі да дна марскога, а цяпер вучэньнем дасягаюць вяршыні валадарства; раней яны ўмела дасьледвалі глыбіню, цяпер вераю спазналі недасьледную існасьць Тваю, і сьвету прапаведавалі Твайго спрадвечнага Сына. Малітвамі іх і ўсіх сьвятых зьмілуйся над намі!
Калі бура кідала чаўном, у якім былі вучні Твае, Хрысьце, яны закрычалі: "Настаўнік, збаў нас, бо гінем!" А цяпер мы клічам: "Чалавекалюбны Збавіцелю наш, молімся, вызваль нас ад бедаў нашых".
Крыж Твой, Госпадзе, стаўся для мучанікаў Тваіх зброяю непераможнаю, бо бачылі яны блізкую сьмерць, а прадбачылі будучае жыцьцё, і ўмацоўваліся надзеяю на Цябе. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.
Багародзічны. Уздымаю вочы сэрца майго да Цябе, Уладарка, не пагардзі маімі пакорнымі ўздыханьнямі, калі Сын Твой судзіць будзе сьвет, але будзь мне покрывам і заступніцай. |