Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 30 жніўня - Пасьвяцьце Адсячэньня, сьв. біскупаў Аляксандра, Яна і Паўла Новага


 

 

30 жніўня - Пасьвяцьце Адсячэньня, сьв. біскупаў Аляксандра, Яна і Паўла Новага

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Старога і Новага Закону боскі хадайнік, прарок і прадвесьнік, анёл ў целе, выкрывальнік беззаконьня, народжаны з няплоднага ўлоньня, палымяныя вусны, ты дакараў Ірада за беззаконныя ўчынкі; і ён, ня ў змозе стрываць дакоры, загадаў адсекчы табе галаву. І вось прынесьлі яе на талерцы, быццам страву ўстрыманасьці, боскую асалоду, што выкрывае грэх.

Навучаная беззаконнаю маткаю, якая не магла трываць дакораў за грэшнае жыцьцё, бессаромная дачка просіць даць ёй тваю, Прадвесьнік, слаўную і пачэсную галаву. Калі прынесьлі яе на талерцы, вясельле тых, што былі на бяседзе, перамянілася ў плач. Ты, што выкрываеш мужна агіднасьць блуду, малі Хрыста за збаўленьне душаў нашых.

Адурманены п'янствам распусны Ірад, як заплату за бессаромны танец, дае няправеднае абяцаньне забіць цябе, слаўны і праведны прарок. Але сьмерць твая аб'явіла раней памёрлым несьмяротнасьць, бо ты стаўся прапаведнікам для тых, што ў апраметнай, і прадвясьціў ім збавеннае прыйсьце Хрыста Бога. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

(Тон 1). Блаславёны Аляксандар, ты быў пастырам Царквы і змагаром за праўдзівую веру. Ты, мудры, зьнішчыў ілжывае вучэньне Арыя і малітвамі тваімі адаслаў душу ягоную ў месца пакараньня. Дзеля гэтага мы ўсе цябе згодна шануем.

Яне пачэсны, ты ня дбаў аб тленным целе: устрыманасьцю і вераю, нядрэмнасьцю і вызнаньнем, ты стаўся зямным анёлам і нябесным чалавекам. Малі цяпер Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Як сапраўдны пераймальнік боскага вучэньня вялікага Паўла, ты, слаўны, узьняўся на вышыню дабрачыннасьцяў, быццам на трэцяе неба, і пачуў невыказныя і боскія словы Духа, і стаўся прыкладам для ўсіх верных. Маліся цяпер, Паўле блаславёны, каб Збавіцель быў спагадлівым да нас.

Слава ...:

(Тон 6). Зноў шалее Ірадыяда і кідаецца! Што гэта за агідны танец і крывавае сьвята! Ірад лютуе і забівае Хрысьціцеля. Малітвамі Твайго, Госпадзе, Прадвесьніка, дай супакой душам нашым.

Цяпер ...:

Багародзічны (тон 6). Мы пазналі Бога, які нарадзіўся ад Цябе, Багародзіца. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе на крыжы павешанага, Яна ўсклікнула: "Што за страшную тайну бачу, Сыне мой? Як гэта Ты, Жыцьцядаўча, паміраеш на крыжы?".


Вершапесьні: актойха.

Слава ...:

(Тон 4). У дзень свайго нараджэньня Ірад учыніў сьвята. За намоваю жанчыны, з якою жыў у граху, ён адсек галаву Прадвесьніку, але ня змог адсекчы прарочага языка, які выкрываў ягонае распуснае жыцьцё. Праліў бязьвінную кроў, каб пакрыць свой грэх, але ня мог змусіць змоўкнуць голасу, які клікаў сьвет да пакаяньня. Ён цешыўся з забойства. Мы ж сьвяткуем з любоўю сьмерць Хрысьціцеля, бо ён апярэдзіў у пекле Жыцьцё, каб прапаведаваць тым, што сядзелі ў цемры і ценю сьмерці, сьвітаньне з вышыні – Хрыста Бога нашага, адзінага міласэрнага.

Цяпер ...:

Багародзічны (тон 4). Не баімся варожых нападаў, бо Ты, Багародзіца, надзея наша і заступніца, збаўляеш душы нашыя.

Крыжабагародзічны (тон 4). Калі Маці Твая ўбачыла Цябе, Ягнё і Пастыра, на крыжы, Яна заплакала горка і казала: "Сыне любы, як гэта Ты, доўгацярплівы, быў павешаны на крыжы; як гэта беззаконныя людзі прыбілі рукі Твае, Слова, і ногі; і як гэта Ты, Уладару, кроў сваю праліў?".


Адпушчальныя трапары

Прадвесьніка (тон 2). Праведніка ўспамінаем з пахвалою: табе ж, Прадвесьнік, даволі сьведчаньня Гасподняга, што ты больш пачэсны за прарокаў, бо ўдастоіўся хрысьціць у вадзе Прадказанага. Ты і пацярпеў за праўду з радасьцю, і абвясьціў тым, што ў пекле, Бога, які аб'явіўся ў целе, узяў на сябе грахі сьвету і дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня.

Сьвятаначальнікаў (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю; не пераставай быць спагадлівым да нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст