НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Ты, Госпадзе, прыйшоў на сьвет, каб паклікаць грэшнікаў і разбойнікаў, мытніка і блудніцу, і прыняць блуднага сына. Пакліч, Чалавекалюбча, і мяне, які зграшыў больш за іх і дасюль не раскаяўся.
Ты, Госпадзе, што мытніка паставіў пастырам Царквы Тваёй, а з ранейшага перасьледвальніка ўчыніў ейнага абаронцу, малітвамі іх залічы мяне да ліку авечак Тваіх, каб я, нягодны, ня стаўся спажываю для ворага.
Плач, лютая душа мая, перад канцом тваім і прыхіліся, няшчасная, да Бога. Уздыхай з глыбіні сэрца і кліч: "Зграшыла я супраць Цябе, Хрысьце, але Ты ў міласэрнасьці Тваёй не пагардзі мною, малю Цябе, і, навярнуўшы, зрабі мяне вартаю прабачэньня".
Багародзічны. Увесь час я, стварэньне, зьневажаю і гняўлю Творцу майго: дай мне, Дзева, паправу, каб з Тваёй дапамогаю я рабіў справы, прыемныя Богу і атрымаў збаўленьне і адпушчэньне грахоў.
Вершапесьні
Цябе, Уладара і Госпада, анёлы няспынна славяць, а я, як мытнік, прыходжу да Цябе і клічу: "Божа, ачысьці мяне, грэшнага".
Душа мая, ты – несьмяротная, дык не пакрывайся хвалямі жыцьцёвых клопатаў, але ўстань і ўсклікні твайму Дабрачынцу: "Божа, ачысьці і збаў мяне!"
Гасподнія мучанікі, вы кожнае месца асьвячаеце і ўсякую немач аздараўляеце, дык молім вас: "Маліцеся, каб вызваліцца ад варожых сецяў душам нашым".
Багародзічны. Радуйся, Хорам адухоўлены, Галубка духоўная! Радуйся, Горадзе Творцы Твайго! Радуйся, Прытулак бясьпечны верных і Ахова, Заступніца тых, што любяць Цябе, Збаўленьне і Вызваленьне! Радуйся, Мост, што ўсіх пераводзіць да неба. Радуйся, адухоўленая сьвятая Ўладарка! |