АЎТОРАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Калі Цябе ўкрыжавалі, прабіўшы рукі і ногі і пракалоўшы бок, Ты, Усядобры, выліў мне струмені боскага збаўленьня – кроў і ваду, – каб абмыць мой бруд і брыдоту. Слава, Шчодры, дабрыні Тваёй!
Ты, Уладару, быў замучаны, каб дараваць бясстраснасьць усім, што пакланяюцца Тваім пакутам, дабравольнай ахвяры, кап'ю, цьвікам і трысьціне, якія Ты, Госпадзе, з сваёй волі выцярпеў, каб імі прыдбаць мне несьмяротнасьць.
Беззаганная авечка, калі ўбачыла на дрэве дабравольна паднесенае Ягнё, з плачам жалобна клікала: "Гора мне, любы Сыне! Што ўчыніла Табе нязбожнае зборышча, хочучы асіраціць мяне, Мілы мой?"
Крыжабагародзічны. Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала: "Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, наймілейшы, бо не магу быць без Цябе, Ісусе мой міласэрны".
Вершапесьні
Узьнесены на крыжы, Ты, Хрысьце Божа, збавіў род людзкі: славім цярпеньні Твае.
Ты, Хрысьце Божа, быў прыбіты да крыжа і адчыніў нам дзьверы райскія: славім боства Тваё.
Мучанікі Твае, Госпадзе, забыліся пра жыцьцёвыя клопаты, не зважалі на мукі дзеля будучага жыцьця і, стаўшыся яго спадкаемцамі, радуюцца разам з анёламі. Малітвамі іх дай людзям Тваім веліч зьмілаваньня.
Крыжабагародзічны. Калі сонца ўбачыла, як Ты, Сонца праведнасьці, Госпадзе, вісіш на крыжы, яно схавала промні свае, месяц сьвятло на цемру перамяніў, і боль працяў сэрца Маці Тваёй. |