Раздзел 9
1 I, ступіўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у Свой горад. Мар. 2, 1.
ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ СПАРАЛІЗАВАНАГА
2 I вось прынеслі да Яго спаралізаванага, пакладзенага на насілкі; і Ісус, убачыўшы веру іх, сказаў спаралізаванаму: будзь пэўны, сыне! адпускаюцца табе твае грахі. Мар. 2, 3. Лук. 5, 18.
3 I вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Ён зневажае Бога.
4 I Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэрцах сваіх?
5 Што ж лягчэй,- сказаць: «адпускаюцца табе грахі» ці сказаць: «уставай і хадзі»? Мар. 2, 9. Лук. 5, 23.
6 Каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае яа зямлі ўладу адпускаць таахі,- тады Ён кажа спаралізаванаму: уставай, вазьмі свае насілкі ды ідзі ў свой дом.
7 I той устаў і пайшоў у свой дом.
8 Натоўп жа, убачыўшы гэта, здзівіўся і славіў Бога, што даў людзям такую моц.
ІСУС КЛІЧА МАЦВЕЯ.
ХРЫСТОС НЕ ЦУРАЕЦЦА ГРЭШНІКАЎ
9 А калі Ісус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, што сядзеў каля мытніцы,- яго звалі Мацвеем,- і кажа яму: ідзі за мною. I той устаў і пайшоў за ім. Мар. 2, 14. Лук. 5, 27.
10 I было: калі Ён узлягаў у доме, дык вось сышлося шмат мытнікаў і грэшнікаў і ўзлягло з Ісусам і Яго вучнямі.
11 I, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі яго вучням: чаму разам з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?
12 Ісус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: маюць патрэбу ў доктары не здаровыя, а нямоглыя.
13 Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «міласэрнасці хачу, а не ахвяры»? бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне. Ас. 6, 6. Мацв. 12, 7. Мар. 2, 17. Лук. 5, 32.
ПРА ПОСТ
14 Тады падышлі да Яго Іаанавы вучні, кажучы: чаму мы і фарысеі шмат посцім, а Твае вучні не посцяць? Мар. 2, 18. Лук. 5, 33.
15 I сказаў ім Ісус: хіба могуць сумаваць сыны шлюбнага пакоя, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады будуць пасціць яны.
16 Ніхто ж не ўстаўляе латкі з новай тканіны ў старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая. Мар. 2, 21. Лук. 5, 36.
17 I не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але наліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое.
ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ КРЫВАЦЕЧНАЙ.
УВАСКРАШЭННЕ НАЧАЛЬНІКАВАЙ ДАЧКІ
18 Калі гэта Ён казаў ім, вось падышоў нейкі начальнік і пакланіўся Яму, кажучы: мая дачка толькі што сканала, але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна ажыве. Мар. 5, 22. Лук. 8, 41.
19 I, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, таксама і вучні Яго.
20 I вось жанчына, што дванаццаць гадоў хварэла на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго адзення. Мар. 5, 25.
21 Бо яна казала сама сабе: як толькі крануся Яго адзення, папраўлюся.
22 Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: будзь пэўная, дачка: твая вера ўратавала цябе. I жанчына паправілася з тае гадзіны.
23 А калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў дудароў і ўзварушаную грамаду,
24 Сказаў ім: выйдзіце, бо дзяўчынка спіць. I тыя насміхаліся з Яго.
25 Калі ж грамаду выгналі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
26 I разышоўся погалас пра гэта па ўсёй той зямлі.
ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ВОЧЫ СЛЯПЫМ
27 I калі Ісус адыходзіў адтуль, за ім ішлі два сляпыя, клічучы і кажучы: злітуйся над намі, Сыне Давідаў! Мацв. 20, 30.
28 Калі ж Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: верым, Госпадзе!
29 Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: паводле вашае веры няхай збудзецца вам.
30 I адкрыліся вочы іх. I Ісус сурова наказаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто не ўведаў.
31 А яны, выйшаўшы, абвясцілі пра Яго па ўсёй той зямлі.
ВЫЗДАРАЎЛЕННЕ НЯМОГА
32 Калі ж яны выходзілі, вось прывялі да Яго нямога апантанага чалавека. Лук. 11, 14.
33 I калі быў выгнаны дэман, нямы загаварыў; і дзівіўся натоўп, кажучы: ніколі не здаралася гэткага ў Ізраілі.
34 А фарысеі казалі: Ён сілаю дэманаўскага князя выганяе дэманаў. Мацв. 12, 24. Мар. 3, 22. Лук. 11, 15,
ІСУС АБХОДЗІЦЬ ГАЛІЛЕЮ
35 I абходзіў Ісус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсе хваробы і немачы ў народзе. Мар. 6, 6. Лук. 13, 22.
36 А бачачы сціжмы людзей, Ён злітаваўся над імі, што былі яны зняможаныя і рассыпаныя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха. Іс. 53, 6. Мар. 6. 34.
37 Тады Ён кажа Сваім вучням: жніво вялікае, ды работнікаў мала. Лук. 10, 2. Іаан. 4, 35.
38 Дык прасіце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на жніво Сваё. 2 Фес. 3, 1.
--------------------------------
9, 1. Свой горад,- Капернаум, які зрабіўся асяродкам Ісусавай дзейнасці.
9, 3. Кніжнікі абвінавачвалі Ісуса ў знявазе Бога, бо лічылі, што толькі Бог можа вылечваць, адпускаючы грахі.
9, 10. Паводле даўнейшага звычаю, пад час яды не сядзелі, а ляжалі.
9, 15. Вяселле нават у самых бедных гулялася багата, каб на ўсё жыццё запомнілася гэтая падзея. Пасля шлюбу на працягу тыдня дом маладых не зачыняўся,- сябры іх, або, як іх называлі, сыны (дзеці) шлюбнага пакоя,- разам гулялі з маладымі.
9, 17. Даўней віно захоўвалі ў шкурах,- бурдзюках. Маладое віно налівалі.
калі яно яшчэ брадзіла,- новая шкура пад уздзеяннем газаў яшчэ магла расцягвацца, старая ж, ломкая,- лопалася.
|