Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 10

ІСУС ПАСЫЛАЕ СВАІХ ДВАНАЦЦАЦЬ АПОСТАЛАЎ НА КАЗАНЬ

1      I, паклікаўшы Сваіх дванаццаць вучняў, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Мар. 3, 14. Лук. 9, 1.

2      А імёны дванаццаці апосталаў вось якія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Якаў Завядзееў і Іаан, яго брат;

3      Філіп і Варфаламей; Фама і Мацвей, мытнік; Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем;

4      Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

ІСУСАВЫ НАКАЗЫ АПОСТАЛАМ У ДАРОГУ

5      Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: на дарогу язычнікаў не хадзіце і ў Самаранскі горад не ўваходзьце;

6      Але ідзіце лепш да загінулых авечак Ізраілевага дому. Мацв. 15, 24.

7      Ідзіце і абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае. Лук. 9, 2.

8      Хворых вылечвайце, пракажоных ачышчайце, памерлых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.

9      Не бярыце золата, ані серабра, ані медзі ў свае паясы, Мар. 6, 8. Лук. 9, 3.

10        Ані торбы ў дарогу, ані двух адзенняў, ані абутку, ані кія. Бо варты работнік сваёй спожыці. Лук. 10, 7. 1 Цім. 5, 18.

11        А ў які б горад ці вёску ні ўвайшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім паважаны; і там аставайцеся, аж пакуль не выйдзеце.

12        А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «спакой гэтаму дому»; Лук. 10, 5.

13        I калі дом заслугоўвае, няхай сыдзе ваш спакой на яго; калі ж не заслугоўвае, няхай ваш спакой да вас вернецца.

14        А калі хто не прыме вас, не паслухае вашых слоў, выходзячы з дому ці з горада таго, абтрасіце пыл з вашых ног. Мар. 6, 11. Лук. 9, 5. Дзеян. 13, 51.

15        Папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.

АПОСТАЛАЎ ЧАКАЮЦЬ ГАНЕННІ

16        Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; будзьце ж мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубкі. Лук. 10, 3. Рым. 16, 19. 2 Кар. 1, 12.

17        Сцеражыцеся ж людзей: бо будуць вас перадаваць у суды і ў сваіх сінагогах будуць бічаваць вас;

18        I да намеснікаў і да цароў павядуць вас за Мяне, на сведчанне ім і язычнікам.

19        Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць; Мар. 13, 11. Лук. 12, 11.

20        Бо не вы будзеце казаць, а Дух Бацькі вашага будзе казаць у вас.

21        А выдасць брат брата на смерць і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.

22        I будуць вас усе ненавідзець зза Майго імя; а хто выцерпіць да канца, будзе збавёны.

23        А калі вас будуць гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі; бо папраўдзе кажу вам: не абыдзеце яшчэ Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.

ПРА МУЖНАСЦЬ

24        Не вышэйшы вучань за настаўніка свайго, ані слуга за гаспадара свайго. Лук. 6, 40. Іаан. 13, 16; 15, 20.

25        Даволі для вучня, каб ён быў як яго настаўнік, і для слугі, каб ён быў як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі вельзевулам, наколькі болыш назавуць дамашніх яго? Мацв. 9, 34.

26 Д    ык не бойцеся іх: бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б; і таемнага, што не стала б вядомым. Мар. 4, 22. Лук. 8, 17; 12, 2.

27        Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.

28        I не бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы не могуць забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела, і душу загубіць у геене. Лук. 12, 4.

29        Хіба не двух вераб'ёў прадаюць за асарый '? Ды ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Бацькі вашага. Лук. 12, 8.

30        У вас жа і валасы ўсе на галаве палічаны.

31        Дык не бойцеся: бо вы лепшыя за многіх вераб'ёў.

32        Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах; Мар. 8, 38. Лук. 9, 26; 12, 8.

33        Хто ж адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся ад таго і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах. 2 Цім. 2, 12.

БОЛЫШ ЗА ЎСЁ ЛЮБІЦЕ ІСУСА

34        Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; Я не мір прыйшоў прынесці, але меч. Лук. 12, 51.

35        Бо я прыйшоў развесці чалавека ад яго бацькі, і дачку ад яе маці, і нявестку ад яе свекрыві;

36        I ворагі чалавеку,- дамашнія яго. Міх. 7, 6.

37        Хто болыш за Мяне любіць бацьку ці маці, не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку болыш за Мяне, не годны Мяне; Лук. 14, 26.

38        I хто не бярэ свайго крыжа і не ідзе за Мною, не годны Мяне. Мацв. 16, 24. Мар. 8, 34.

39        Хто зберажэ сваё жыццё, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё за Мяне, зберажэ яго. Мар. 8, 35. Лук. 9, 24. Іаан. 12, 25.

40        Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. Лук. 10, 16. Іаан. 13, 20.

41        Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае справядлівага ў імя справядлівага. атрымае ўзнагароду справядлівага;

42        А хто б ні напаіў аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, папраўдзе кажу вам, не страціць узнагароды сваёй. Мар. 9, 41.

 

 

--------------------------------

10, 1. Ісус выбраў дванаццаць апосталаў (пасланцоў),- тут як бы пераклічка з дванаццаццю Ізраілевымі каленамі.

10, 9. Паясы былі тады даволі шырокія і служылі адначасова кашалькамі: у двайной частцы іх захоўвалі грошы.

10, 10. Звычай тагачасных набожных матэрыяльна падтрымліваць сваіх настаўнікаў.

10, 11-14. Тут даюцца практычныя парады пасланцам: не трэба спыняцца ў тых дамах, пра якія ходзіць благая вестка, каб і на цябе яна не перанеслася; трэба аставацца там, дзе спыніўся, увесь час, каб не западозрылі, што перабіраешся з месца на месца, шукаючы, дзе большая раскоша, і г. д.

10, 14. Іудзеі лічылі нячыстым пыл кожнага краю, апроч Святой Зямлі. Таму, вяртаючыся ў родную Палесціну, заўсёды абтрэсвалі пыл са сваіх ног і адзення, каб і макулінкі язычніцкага бруду не асталося на іх. Значыцца, тыя, хто не хоча прыняць Дабравесце,- нібы язычнікі.

10, 15. Садом і Гамора,- гарады, біблейскія сімвалы распусты і грэху. У часы Аўраама былі зруйнаваны нябесным агнём у пакаранне за злачынствы іх жыхароў. Але ў Ісусавых вачах іх злачынствы менш цяжкія, чым адмова прыняць Евангельскае Дабравесце.

10, 23. Хрысціянін, хоць і мусіць быць гатовы прыняць пакутніцкую смерць, не павінен самахоць шукаць яе, дарма наклікаць на сябе.

Тут маецца на ўвазе прыйсце Сына Чалавечага для пакарання няверных, што павінна было наступіць праз разбурэнне рымлянамі Іерусаліма і святыні ў 70 годзе н. э.

10, 34-39. Перад чалавекам паўстала пытанне выбару: прыняць ці не прыняць Хрыста, а гэта падчас вымагае самага цяжкага адрачэння ад ранейшых трывалых сувязей.

10, 38. У старажытнасці асуджаны сам нёс крыж да месца свайго распяцця.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст