Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 13

ІСУС НАВУЧАЕ НАРОД ПРЫПАВЕСЦЯМІ. СЕЙБІТ ВЫЙШАЎ СЕЯЦЬ

1      У той жа дзень выйшаўшы з дому, Ісус сеў каля мора; Мар. 4, 1; Лук. 8, 4.

2      I сабралася да Яго мноства народу, так што Ен увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

3      I навучаў іх многаму ў прыпавесцях, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць;

4      I калі ён сеяў, адно ўпала край дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі яго.

5      Другое ж упала на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа паўзыходзіла, бо глеба была неглыбокая;

6      А калі ўзышло сонца - выгарала і, таму што не мела карэння, засохла.

7      Іншае ж упала ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі яго.

8      Іншае ж упала на добрую зямлю і дало плён: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.

9      Хто мае вушы, няхай чуе!

НАВОШТА ІСУС КАЗАЎ ПРЫПАВЕСЦЯМІ

10    I, падышоўшы, вучні сказалі Яму: навошта прыпавесцямі кажаш Ты ім?

11    Ен жа сказаў ім у адказ: таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Нябеснага Царства, а тым не дадзена.

12    Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Мац. 25, 29; Мар. 4, 25; Лук. 8, 18; 19, 26.

13    Дзеля таго прыпавесцямі ім кажу, бо яны гледзячы не бачаць і слухаючы не чуюць і не разумеюць.

14    I спраўджваецца на іх прароцтва Ісаі, якоекажа: "слыхам слухаць будзеце, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце; Іс. 6, 9-10; Мар. 4, 12; Лук. 8, 10; Іаан. 12, 40; Дзеян. 28, 26; Рым. 11, 8.

15    Бо атлусцела сэрца гэтых людзей, і вушамі туга чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не зразумець, і не павярнуцца, каб Я вылечыў іх".

16    Вашы ж шчаслівыя вочы, што бачаць, і вушы вашы, што чуюць. Лук. 10, 23.

17    Папраўдзе кажу вам: шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі 1 Пят. 1, 10.

18    Дык услухайцеся вы ў прыпавесць пра сейбіта. Мар. 4, 15; Лук. 8, 11.

19    Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы: гэта пасеянае край дарогі.

20    А пасеянае на камяністым грунце - гэта той, што чуе слова і тут жа з уцехаю прымае яго.

21    Ды не мае карэння ў сабе - і нясталы; калі ж настае ўціск і ганенне за слова, тут жа спакушаецца.

22    А пасеянае ў церні - гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і падман багаццяў душаць слова - і яно астаецца без плоду.

23    А пасеянае ў добрую зямлю - гэта той, хто чуе слова і разумее; ён і прыносіць плод; і дае адзін - у сто разоў, а другі - у шэсцьдзесят, а іншы - у трыццаць.

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА ПШАНІЦУ I КУКОЛЬ

24    Іншую прыпавесць падаў Ен ім, кажучы: падобнае Нябеснае Царства да чалавека, што пасеяў добрае насенне на полі сваім;

25    Калі ж людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.

26    А калі ўзышла зеляніна і дала плён, тады і паказаўся куколь.

27    I, прыйшоўшы, гаспадаровы рабы сказалі яму: гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа куколь?

28    Ён жа сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, выберам яго?

29    А ён ім кажа: не, каб часам, выбіраючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.

30    Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а ў жніво я скажу жняцам: збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж збярыце ў маё гумно.

ПРА ГАРЧЫЧНАЕ ЗЕРНЕ

31    Іншую прыпавесць падаў Ен ім, кажучы: падобнае Нябеснае Царства да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі; Мар. 4, 30; Лук. 13, 18.

32    Хоць яно меншае за ўсялякае насенне; але, калі вырастае, яно болыпае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і ўюць гнёзды ў голлі яго.

АБ РОШЧЫНЕ

33    Іншую прыпавесць сказаў Ен ім: падобнае Нябеснае Царства да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, аж пакуль не ўкісла ўсё. Лук. 13, 20.

34    Гэта ўсё сказаў Ісус у прыпавесцях народу, і без прыпавесці не казаў ім Мар. 4, 33.

35    Каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: "раскрыю ў прыпавесцях вусны Мае; раскажу таямніцы ад стварэння свету". Пс. 48, 4; 77, 2.

36    Тады, пакінуўшы народ, Ісус увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: растлумач нам прыпавесць пра куколь у полі.

37    Ен жа сказаў ім у адказ: той, хто сее добрае насенне,- Сын Чалавечы;

38    А поле - свет; добрае насенне - гэта сыны Царства, а куколь - сыны ліхога;

39    А вораг, што пасеяў яго,- д'ябал, а жніво - сканчэнне веку; а жняцы - анёлы. Іаіл. 3, 13; Адкр. 14, 15.

40    Гэтак, як збіраюць куколь і спальваюць агнём, так будзе пры сканчэнні веку.

41    Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, збяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,

42    I ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.

43    Тады праведнікі будуць ззяць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, няхай чуе! Дан. 12, 3.

ПРЫПАВЕСЦІ ПРА СКАРБ, ПЕРЛ I НЕВАД

44    Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да закапанага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і ўтаіў, і ад сваёй радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.

45    Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да купца, які шукае добрых перлаў;

46    Знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47    Зноў жа падобнае Нябеснае Царства да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;

48    Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрую ў судзіны, а благую выкінулі вон.

49    Гэтак будзе пры сканчэнні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў,

50    I кінуць іх у вогненную печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.

51    Ці вы зразумелі ўсё гэта? Яны кажуць Яму: так!

52    Ен жа сказаў ім: таму кожны кніжнік, што навучаны Нябеснаму Царству, падобны да гаспадара, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.

НЯМА ПРАРОКА БЕЗ ПАШАНЫ

53    I было: калі скончыў Ісус гэтыя прынавесці, Ен пайшоў адтуль;

54    I, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іх, так што яны дзівіліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы? Мар. 6, 1; Лук. 4, 16.

55    Ці не цеслеў Ен сын? Ці не маці Яго называецца Марыя, і браты Яго Іакаў, Іасій, Сіман і Юда? Іаан. 6, 42.

56    I ці сёстры Яго не ўсе з намі? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57    I засумняваліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім. Мар. 6, 4; Лук. 4, 24; Іаан. 4, 44.

58    I не зрабіў там многіх цудаў праз нявер'е іх.

 

 

--------------------------------

13, 1 - 3. У гэтым раздзеле мы бачым Ісуса, перад якім паступова намаганнямі кніжнікаў і фарысеяў зачыняюцца дзверы сінагог, і ён пачынае пад голым небам вучыць людзей, выкарыстоўваючы найбольш даступны метад прыпавесці, гэтай, як яе называюць, "зямной гісторыі з нябесным сэнсам".

13, 12. Сэнс: для людзей добрай волі да набытага ў Старым Запавеце дадасца новазапаветны скарб; у ліхіх адымецца нават тое, што яны маюць, г. зн. Закон.

13, 18-23. Як лёс насення залежыць ад той глебы, на якую ўпадзе яно, так плённасць Божага слова залежыць ад жадання 1 супрацоўніцтва слухачоў.

13, 32. Гарчыца ў Палесціне дасягае чатырохметровай вышыні.

13, 35. Мацвей другую частку прароцтва, відаць, цытаваў па памяці, бо яна пададзена ў вольным перакладзе.

13, 52. "Новае і старое" - мудрасць Старога Запавету і адкрыццё Новага Запавету.

13, 54. "Свая бацькаўшчына" - горад Назарэт.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст