Раздзел 15
БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ I ЛЮДСКІЯ ЎСТАВЫ
1 Тады падыходзяць да Ісуса іеруеалімскія кніжнікі і фарысеі, кажучы: Мар. 7, 1.
2 Чаму Твае вучні парушаюць уставу старэйшых? бо не мыюць сваіх рук, калі ядуць хлеб.
3 Ен жа сказаў ім у адказ: чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашай уставы?
4 Бо загадаў Бог, кажучы: "шануй бацьку твайго і маці"; і: "хто зневажае бацьку і маці, няхай смерць панясе". Зых. 20, 12; 21, 17. Лев. 20, 9. Друг. 5, 16. Прыт. 20, 20. Мар. 7, 10. Еф. 6, 2.
5 Вы ж гаворыце: калі хто скажа бацьку ці маці: "дар (Богу) тое, што ад мяне было б табе ўспамогаю",
6 Той можа і не шанаваць свайго бацьку ці сваю маці; і адмянілі вы Божую запаведзь дзеля вашай уставы.
7 Крывадушнікі! Добра аб вас прарочыў Ісая, кажучы:
8 "Блізкія да Мяне гэтыя людзі сваімі вуснамі і шануюць Мяне языком, сэрца ж іх далёкае ад Мяне. Іс. 29, 13; Мар. 7, 6.
9 Але дарэмна шануюць Мяне, навучаючы навукам - людскім уставам".
ШТО АПАГАНЬВАЕ ЧАЛАВЕКА
10 I Ен, паклікаўшы людзей, казаў ім: слухайце і разумейце! Мар. 7, 14.
11 Не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.
12 Тады, падышоўшы, Яго вучні сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся;
13 Ен жа сказаў у адказ: кожная расліна, якую насадзіў не Бацька Мой нябесны, будзе вырвана з коранем. Іаан. 15, 2.
14 Пакіньце іх: яны - сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ў яму ўпадуць. Іс. 42, 19; Іер. 5, 31; Лук. 6, 39.
15 Пётр жа сказаў Яму ў адказ: растлумач нам гэтую прыпавесць.
16 А Ісус сказаў: няўжо і вы не разумееце?
17 Хіба не ведаеце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, ідзе ў жывот і выходзіць лонкі;
18 А што з вуснаў выходзіць, з сэрца зыходзіць, і тое апаганьвае чалавека. Іак. 3, 6.
19 Бо з сэрца зыходзяць ліхія думкі, забойствы, пералюбы, распуста, крадзеж, крывапрысяганне, богазнявага: Быц. 6, 5; 8, 21. Мар. 7, 21.
20 Гэта апаганьвае чалавека; а есці нямытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.
ВЕРА ХАНАНЕЯНКІ
21 I, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія. Мар. 7, 24.
22 I вось. жанчынахананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, пачала крычаць Яму, кажучы: злітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.
23 Ен жа не адказаў ёй ні слова. I, падышоўшы, Яго вучні прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.
24 Ен жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дому Ізраілевага. Іс. 53, 6. Іер. 50, 6. Іез. 34, 5 - 6. Мац. 10, 6.
25 Але яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе, дапамажы мне!
26 Ен жа сказаў у адказ: нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
27 А яна сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.
28 Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: о жанчына! вялікая твая вера; няхай будзе табе, як ты хочаш. I паправілася яе дачка ў тую гадзіну.
ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ МНОСТВА ХВОРЫХ
29 I, адышоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага; і, узышоўшы на гару, сеў там.
30 I падышло да Яго мноства народу разам са сваімі кульгавымі, сляпымі, нямымі, калекамі і многімі іншымі і клалі іх да Ісусавых ног, і Ен вылечыў іх. Іс. 35; 5 -6.
31 Так што дзівіўся народ, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і славіў Бога Ізраілевага.
ДРУГОЕ ПАМНАЖЭННЕ ХЛЕБА
32 А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: шкада Мне народу, што ўжо тры дні знаходзіцца пры Мне, а не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслаблі ў дарозе.Мар. 8, 1.
33 I казалі Яму вучні Яго: дзе нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць гэтакую грамаду?
34 I кажа ім Ісус: колькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем і крыху рыбак.
35 I Ен загадаў народу ўзлегчы на зямлю;
36 I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, аддаўшы падзяку, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.
37 I елі ўсе і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.
38 А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, апроч жанчын і дзяцей.
39 I, адпусціўшы народ, Ен сеў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.
--------------------------------
15, 2. Гутарка ідзе пра вуснае вытлумачэнне даўнейшымі рабінамі Закона.
15, 5-6. Фарысеі вучылі, што можна проста ў думках завяшчаць сваю маёмасць Храму і яна ўжо робіцца Божай уласнасцю. Спасылаючыся на гэта,, некаторыя стараліся адмовіцца ад падтрымання сваіх састарэлых бацькоў, кажучы, што ў іх няма ўжо маёмасці, бо яна прысвечана Богу, хоць яны ёю фактычна валодалі. Так правіла кніжнікаў выкарыстоўвалася, каб закасаваць адну з Дзесяці Божых запаведзяў - "шануй бацьку твайго і маці".
15, 11. Забарона пэўнай яды, падзел яе на чыстую і нячыстую служылі для аддзялення ізраільцян ад язычнікаў. Напрыклад, іудзею можна спажываць мяса толькі жывёлы з раздвоенымі капытамі і той, якая жуе жвачку, а таму нельга есці свініну, зайчаціну, трусяціну і г. д. Аднак, паводле Хрыста, важнейшая за рытуальную нячыстасць маральная, бо якраз яна робіць сапраўды чалавека нячыстым.
15, 21 - 28. У гэтым урыўку мы бачым Ісуса ўпершыню за межамі Палесціны: прарочае сведчанне, што Дабравесце пашырыцца па ўсім свеце. "Хананеянка" - фінікійцы называлі сваю краіну Ханаан; галоўнае тут, што жанчына была язычніца. Хрыстова місія найперш заключаецца ў тым, каб уратаваць яўрэяў, Божых "сыноў", а пасля і язычнікаў. Іудзеі зазвычай называлі язычнікаў "сабакамі", адсюль і выкарыстанне тут гэтага слова.
|