Раздзел 17
ПЕРАТВАРЭННЕГАСПОДНЕ
1 I праз шэсць дзён бярэ Ісус Пятра, Якава ды Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх адных на высокую гару; Мар. 9, 2; Лук. 9, 28.
2 I ператварыўся Ен перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а адзенне Яго зрабілася белае, як святло.
3 I вось паказаліся ім Майсей і Ілія, якія размаўлялі з Ім.
4 Пётр жа, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі, Табе адну, Майсею адну і адну Іліі.
5 Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака пакрыла іх; і вось голас з воблака кажа: гэта Мой Сын Улюбёны, Якому Я спрыяю; Яго слухайце. Друг. 18, 15; Мац. 3, 17; Лук. 3, 22.
6 I, пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і моцна спалохаліся.
7 I, падышоўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.
8 А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, апроч аднаго Ісуса.
9 I, калі яны спускаліся з гары, загадаў ім Ісус, кажучы: нікому не расказвайце пра ўбачанае, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
ПЕРАД ХРЫСТОМ ПАВІНЕН ПРЫЙСЦІ ІЛІЯ
10 I спыталіся ў Яго вучні Яго, кажучы: што тады кніжнікі гавораць, нібыта Ілія павінен першы прыйсці? Мац. 11, 14; Мар. 9, 11.
11 А Ісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе і ўсё паправіць.
12 Але кажу вам, што Ілія прыйшоў ужо, ды яго не пазналі, а зрабілі з ім, што захацелі; гэтак і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх.
13 Тады зразумелі вучні, што Ен казаў ім пра Іаана Хрысціцеля.
ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ЛУНАТЫКА
14 А калі яны прыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек і ўпаў перад Ім на калені, кажучы: Мар. 9, 17; Лук. 9, 38.
15 Госпадзе! злітуйся над маім сынам, бо ён лунатык і цяжка мучыцца; бо часта кідаецца ў агонь і часта ў ваду.
16 I я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць.
17 Ісус жа сказаў у адказ: о племя бязвернае і разбэшчанае! дакуль буду з вамі? дакуль Мне вас цярпець? прывядзіце Мне яго сюды.
18 I загадаў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і паправіўся хлопец у тую ж гадзіну.
19 Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: чаму не маглі мы яго выгнаць?
20 Ісус жа сказаў ім: праз ваша нявер'е; папраўдзе кажу вам: калі вы будзеце мець веры з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: перасунься адсюль туды, і яна перасунецца, і не будзе нічога немажлівага для вас. Мац. 21, 21; Мар. 9, 23; 11, 23; Лук. 17, 6.
21 Гэтае ж племя не выганяецца нічым, апроч малітвы і посту. Мар. 9, 29.
ІСУС ДРУГІ РАЗ КАЖА СВАІМ ВУЧНЯМ
ПРА СВАЮ СМЕРЦЬ I ЎВАСКРЭСЕННЕ
22 А калі яны знаходзіліся ў Галілеі, сказаў ім Ісус: будзе выданы Сын Чалавечы ў чалавечыя рукі, Лук. 9, 22; 24, 7.
23 I яны заб'юць Яго, але на трэці дзень Ен уваскрэсне. I яны моцна засмуціліся.
ПАДАТАК НА ХРАМ
24 А калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў і сказалі: ці не дае ваш Настаўнік дыдрахмы?
25 Ен кажа: дае. Калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: як ты думаеш, Сімане? зямныя цары з каго бяруць пошліны ці падаткі? ці са сваіх сыноў, ці з чужых?
26 Кажа Яму Пётр: з чужых. Кажа яму Ісус: значыць, сыны вольныя.
27 Але, каб не спакушаць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбу, якая выцягнецца; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір '; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.
--------------------------------
17, 24-27. Іерусалімскі Храм вымагаў на сваё ўтрыманне шмат грошай: тут адбываліся штодзённыя ранішнія і вячэрнія ахвярапрынашэнні, трэба было купляць і рыхтаваць ладан і фіміям, якія штодня спальваліся; нямала каштавалі таксама дарагія шаты святароў. Таму кожны іудзей мужчынскага полу з 20 гадоў павінен быў плаціць штогадова храмавы падатак - дыдрахму - (двухдзённы заробак падзёншыка).
|