Раздзел 19
АПОШНЯЕ ПАДАРОЖЖА Ў ІЕРУСАЛІМ.
ШТО БОГ ЗЛУЧЫЎ, НЯХАЙ ЧАЛАВЕК НЕ РАЗЛУЧАЕ
1 I было: калі закончыў Ісус гэтыя словы, адышоў Ен з Галілеі і прыйшоў у межы Іузейскія на той бок Іярдана; Мар. 10,1.
2 I ішло ўслед за ім шмат народу, і Ен вылечваў іх там.
3 I падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы Яму: ці з усякай прычыны можна разводзіцца мужу з жонкаю сваёю?
4 Ен жа сказаў ім у адказ: ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку "стварыў іх мужам і жонкаю"; Быц. 1,27; Мар. 10,7.
5 I сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і зробяцца яны абое адным целам. Быц. 2,24; Мар. 10,7 - 8; 1 Кар. 6; Еф. 5,31.
6 Так што ўжо яны не двое, але адно цела: дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
7 Яны кажуць Яму: чаму ж Майсей казаў даваць разводны ліст і адпускаць яе? Друг. 24,1; Мац. 5,31.
8 Ен жа кажа ім: Майсей з-за вашага нячулага сэрца дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, спачатку ж не было так.
9 Але Я кажу вам: хто развядзецца са сваёй жонкай не з віны распусты і ажэніцца з другою, чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разведзенаю, чыніць пералюб. Мац. 5,32; Мар. 10,11; Лук. 16,18.
10 Кажуць Яму вучні Яго: калі такі мужаў абавязак перад жонкаю, лепей не жаніцца.
11 Ен жа сказаў ім: не ўсе ўсведамляюць гэтае слова, але каму дадзена.
12 Бо ёсць няздатныя да жаніцьбы, якія з матчынага лона такімі нарадзіліся; і ёсць спакладанцы, выпакладаныя людзьмі; і ёсць спакладанцы, якія самі сябе выпакладалі для Небёснага Царства. Хто можа зразумець, няхай зразумее. Іс. 56,3; 1 Кар. 7,7.
ІСУС БЛАСЛАЎЛЯЕ ДЗЯЦЕЙ
13 Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ен усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім. Мар. 10,13; Лук. 18,15.
14 Ісус жа сказаў: пусціце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо Нябеснае Царства належыць такім. Мац. 18,3.
15 I, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
ІСУС I БАГАТЫ ЮНАК
16 I вось адзін, падышоўшы, сказаў Яму: дасканалы Настаўнік! што добрае я павінен зрабіць, каб мець жыццё вечнае? Мар. 10,17; Лук. 18,18.
17 Ен жа сказаў яму: чаму ты мяне завеш дасканалым? Ніхто ж не дасканалы, як толькі адзін Бог. Калі ж ты хочаш увайсці ў тое жыццё, выконвай запаведзі. Іак. 1,17.
18 Той кажа Яму: якія? Ісус жа сказаў: не забівай; не чыні пералюбу; не крадзі; не сведчы фальшыва; Зых. 20,13; Лев. 19,18; Друг. 5,17.
19 Шануй бацьку свайго і маці; і любі свайго бліжняга, як самога сябе.
20 Кажа Яму юнак: усяго гэтага я пільнаваўся з малых год; чаго яшчэ не стае?
21 Сказаў яму Ісус: калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды ідзі ўслед за Мною.
22 Пачуўшы ж гэтае слова, юнак адышоў засмучаны: бо ён меў вялікае багацце.
НЕБЯСПЕКА БАГАЦЦЯ
23 Ісус жа сказаў Сваім вучням: папраўдзе кажу вам: цяжка будзе багатаму ўвайсці ў Нябеснае Царства.
24 Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ў Божае Царства.
25 Вучні ж, пачуўшы, моцна здзівіліся, кажучы: дык хто можа ўратавацца?
26 А Ісус, паглядзеўшы, казаў ім: людзі не могуць гэтага, а Бог усё можа. Іоў. 42,2.
УЗНАГАРОДА ВЕРНЫМ
27 Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам? Мар.10,28; Лук. 18,28.
28 Ісус жа сказаў ім: папраўдзе кажу вам, што вы, Мае паслядоўнікі, пры аднаўленні свету, калі сядзе Сын Чалавечы на пасадзе славы сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых. Лук. 22,30.
29 I кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці землі дзеля імя Майго, у сто разоў больш займее і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.
30 Многія ж першыя будуць апошнімі, а апошнія - першымі. Мар. 10,31; Лук. 13,30.
|