Раздзел 23
ПЕРАСЦЯРОГА АД КНІЖНІКАЎ I ФАРЫСЕЯЎ
1 Тады Ісус прамовіў да народу і Сваіх вучняў,
2 Кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
3 Дык усё, што яны скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.
4 Звязваюць жа яны цяжары важкія і непасільныя і кладуць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім не хочуць да іх дакрануцца. Лук. 11, 46; Дзеян. 15, 10.
5 Усе ж свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі. Свае багамоллі 1 пашыраюць і падоўжваюць кутасы ў сваіх накідках; Лук. 15, 38; Друг. 22, 12.
6 I любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лаўкі ў сінагогах, Мар. 12, 39; Лук. 11, 43; 20, 46.
7 I вітанні на плошчах, і каб людзі называлі іх "равві, равві" .
8 А вы іх не называйце "равві", бо адзін у вас Настаўнік - Хрыстос; усе ж вы - браты. Іак. 3, 1; 1 Кар. 3, 4.
9 I вашым Бацькам ' не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька, Які ў нябёсах. Мал. 1, 6.
10 I няхай не называюць вас настаўнікамі; бо Настаўнік у вас адзін - Хрыстос.
11 А большы з вас няхай вам будзе слугою.
12 Хто ж узвышае сябе, той будзе паніжаны; а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны. Лук. 14, 11.
БЯДА КРЫВАДУШНІКАМ
13 Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Нябеснае Царства перад людзьмі: бо вы і самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, увайсці не пускаеце. Іез. 22, 26; Лук. 11, 52.
14 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся, за гэта і прымеце болыпую кару. Мар. 12, 40; Лук. 20, 47.
15 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, абы прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвойчы горшым за вас.
16 Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: "калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, то вінаваты".
17 Неразумныя і сляпыя! бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?
18 I: "калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога: калі ж паклянецца ахвяраю, што на ім, то вінаваты".
19 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асвячае ахвяру? Зых. 29, 37.
20 Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;
21 I хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве; 2 Пар. 6, 2; Пс, 25, 8.
22 I хто клянецца небам, клянецца Божым пасадам і Тым, Хто сядзіць на ім.
НЕ ЗАНЯДБАЙЦЕ НАЙВАЖНЕПШАЕ Ў ЗАКОНЕ
23 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але адкінулі больш важнае ў Законе: справядлівасць, міласэрнасць і веру; гэтае трэба было рабіць і таго не адпускаць. Ос. 6, 6; Міх. 6, 8; Мац. 12, 7; Лук. 11, 42.
24 Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце.
25 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няўстрыманасці.
26 Фарысей сляпы, ачысць спярша сярэдзіну чары і місы, каб зрабіліся і зверху чыстыя.
27 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадобніліся да павапненых надмагілляў, якія зверху здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей трупаў і ўсялякай нечысці. Лук. 11, 44; Дзеян. 23, 3.
28 Гэтак і вы збоку здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце надмагіллі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,
30 I кажаце: "калі б мы жылі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх супольнікамі ў крыві прарокаў".
31 Тым самым вы сведчыце супроць сябе, што вы сыны забойцаў прарокаў.
32 Дапаўняйце і вы меру вашых бацькоў.
33 Змеі, гадзючыя выпладкі! як вам пазбегнуць асуджэння ў геену? Мац. 3, 7.
34 Дзеля гэтага, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у сваіх сінагогах і гнаць з горада ў горад; 2 Пар. 36, 15 - 16; Лук. 11, 49.
35 Каб спала на вас уся праведная кроў, што пралітая была на зямлі - ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыя, сына Варахіінавага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам. Быц. 4, 8; 2 Пар. 24, 21 - 22; Лук. 11, 51; 1 Іаан. 3, 12.
36 Папраўдзе кажу вам, усё гэта спадзе на род гэты.
ЖАЛЬБА ГОСПАДА НА ІЕРУСАЛІМ
37 Іерусаліме, Іерусаліме, што забіваеш прарокаў і б'еш каменнем пасланых да цябе,- колькі разоў хацеў Я сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылле сваіх птушанят, ды вы не захацелі! Друг. 32, 11 - 12; Лук. 13, 34.
38 Вось астаецца вам дом ваш пусты. Лук. 13, 35.
39 Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне зараз, аж пакуль не скажаце: "бласлаўлёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!" Пс. 117, 26; Мац. 21, 9.
--------------------------------
23, 23. Закон гаварыў аб дзесятай частцы на карысць Храма са збожжа, віна, алею, жывёлы; рабіны ж пашырылі гэта на найдрабнейшыя расліны. Мята, кроп, кмен - прыправа з агарода. Лёгка прытрымлівацца неістотнага, забываючы пра сапраўды важнае.
23, 32. Маецца на ўвазе тое, што яны заб'юць Ісуса.
23, 35. Маюцца на ўвазе ўсе забітыя старазапаветныя праведнікі, пачынаючы з Адамавага сына Авеля, якога забіў яго родны брат Каін.
|