Раздзел 27
ПІЛАТАЎ СУД; ЮДАВА СМЕРЦЬ
1 I калі надышла раніца, усе першасвятары і старэйшыны народу зрабілі нараду супроць Ісуса, каб пакараць Яго смерцю. Пс. 2, 2.
2 I, звязаўшы Яго, завялі і аддалі Яго Понцію Пілату, намесніку. Мар. 15, 1; Лук. 23, 1.
3 Тады Юда, Яго прадаўца, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
4 Кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. А яны сказалі: што нам да таго? глядзі сам.
5 I, кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і, пайшоўшы, павесіўся. Дзеян. 1, 18.
6 А першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: нельга іх класці ў скарбніцу, бо гэта плата за кроў.
7 А, параіўшыся, купілі яны за іх поле ганчара для пахавання чужаземцаў.
8 Вось чаму і завецца тое поле Полем Крыві аж да сённяшняга дня. Дзеян. 1, 19.
9 Тады спраўдзілася сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, плату Ацэненага, што ацанілі сыны Ізраілевы, Іер. 32, 9; Зах. 11, 12.
10 I далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Госпад".
11 Ісус жа стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Ісус жа сказаў яму: ты кажаш. Мар. 15, 2; Лук. 23, 3; Іаан. 18, 37; 1 Цім. 6, 13.
12 I, калі першасвятары і старэйшына абвінавачвалі Яго, Ен нічога не адказваў. Мац. 26, 63.
13 Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, як шмат сведчаць супроць Цябе?
14 Ды Ен не адказваў ні на адно слова, так што намеснік надта здзівіўся.
15 Меў жа намеснік звычай на свята адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.
16 Быў жа тады вязень вядомы, што зваўся Варава.
17 Таму, калі яны сабраліся, Пілат ім сказаў: каго хочаце, каб я вам адпусціў: Вараву ці Ісуса, што завецца Хрыстос? Мац. 21, 11.
18 Бо ведаў, што праз зайздрасць выдалі Яго.
19 Калі ж ён сядзеў на судзейскім памосце, паслала да яго жонка яго сказаць: нічога не рабі Таму Праведніку; бо я
сёння шмат спакутавала ў сне з-за Яго.
20 Але першасвятары і старэйшыны падбілі народ, каб прасіць Вараву, а Ісуса загубіць. Мар. 15, 11; Лук. 23, 18; Іаан. 18, 40; Дзеян. 3, 14.
21 Намеснік жа сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны ж сказалі: Вараву.
22 Пілат кажа ім: што ж мне рабіць з Ісусам, што завецца Хрыстос? Усе кажуць яму: укрыжаваць Яго!
23 А намеснік сказаў: што ж благое зрабіў Ен? Ды яны пачалі яшчэ мацней крычаць і казаць: укрыжаваць Яго!
24 Пілат жа, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а ўсчынаецца яшчэ большы неспакой, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, кажучы: я не вінаваты ў крыві Гэтага Праведніка; глядзіце самі.
25 I ўвесь народ сказаў у адказ: Яго кроў на нас і на нашых дзецях.
26 Тады ён адпусціў ім Вараву; а Ісуса пасля бічавання выдаў каб укрыжавалі. Мар. 15, 15; Іаан. 19, 1.
ЦЯРНОВЫ ВЯНОК
27 Тады намеснікавы воіны, узяўшы Ісуса ў прэторыю', сабралі на Яго ўсю кагорту"
28 I, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч,
29 I, сплёўшы вянок з цярніны, паклалі Яму на галаву і далі мерны шост у правую руку; і, падаючы на калені перад Ім, насміхаліся з Яго, кажучы: радуйся ', цар Іудзейскі!
30 I, апляваўшы Яго, забралі шост і білі па галаве Яго.
31 I калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго пурпуровы плашч і адзелі Яго ў Яго адзенне і павялі на ўкрыжаванне.
УКРЫЖАВАННЕ ІСУСА ХРЫСТА
32 Выходзячы ж, яны сустрэлі аднаго кірынеяніна, які зваўся Сіман; яго і прымусілі ўзяць крыж Яго.
33 I, прыйшоўшы на месца, званае Галгофа, што значыць: Лобнае месца, Мар. 15, 22; Лук. 23, 33; Іаан. 19, 17; Яўр. 13, 12.
34 далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ен не захацеў піць. Пс. 68, 22.
35 А ўкрыжаваўшы Яго, яны падзялілі Яго адзенне, кідаючы жэрабя; Пс. 21, 19.
36 I, пасеўшы, яны пільнавалі Яго там.
37 I змясцілі над Яго галавою надпіс пра Яго віну: гэта - Ісус, Цар Іудзейскі.
38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго праваруч, а другога леваруч. Іс. 53, 12.
39 А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі Пс. 21, 8; 108, 25.
40 I кажучы: Ты, што руйнуеш храм і за тры дні будуеш, уратуй Самога Сябе! калі ты Сын Божы, сыдзі з крыжа! Мац. 26, 61; Мар. 14, 58.
41 Падобна ж і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі:
42 Іншых ратаваў, а Сябе Самога не можа ўратаваць! Калі Ен Цар Ізраіля, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым Яму.
43 Спадзяваўся на Бога: няхай Ен цяпер выбавіць Яго, калі Ен Яму ўгодны. Бо казаў Ен: Я - Сын Божы. Пс. 21, 9, 18.
44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зневажалі Яго.
СМЕРЦЬ ІСУСА ХРЫСТА
45 Ад шостай жа гадзіны зрабілася цемра на ўсёй зямлі - аж да гадзіны дзевятай. Ам. 8, 9.
46 А каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Элі, элі, лема савахфані? гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! нашто Ты Мяне пакінуў? Пс. 21, 2; Мар. 15, 34.
47 Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэтае, казалі: Ен кліча Ілію.
48 I зараз жа адзін з іх пабег і ўзяў губку і, намачыўшы воцатам і насадзіўшы на мерны шост, даваў Яму піць. Пс. 68, 22; Іаан. 19, 29.
49 А другія казалі: пачакай, пабачым, ці прыйдзе Ілія ратаваць Яго.
50 Ісус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў дух.
51 I вось заслона храма разадралася на дзве часткі згары на дол, і зямля затрэслася, і каменне расселася. Зых. 26, 31; 2 Пар. 3, 14; Яўр. 10, 20.
52 I расчыніліся грабніцы, і паўставала шмат цел памерлых святых.
53 I, выйшаўшы з магіл пасля Яго ўваскрэсення, увайшлі ў святы горад і паказаліся шмат каму.
54 А сотнік і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што адбылося, моцна спалохаліся, кажучы: сапраўды Ен быў Сын Божы.
55 Было ж там шмат жанчын, якія прыглядваліся здалёку, і ішлі ўслед за Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.
56 Між імі была Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іакава і Іосіі, і маці сыноў Зеведзеевых.
ПАХАВАННЕ ІСУСА ХРЫСТА
57 Калі ж настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, які зваўся Іосіф і які таксама быў Ісусавым вучнем; Мар. 15, 42; Лук. 23, 50; Іаан. 19, 38.
58 Гэты, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Ісусава цела. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 I, узяўшы цела, Іосіф абкруціў яго чыстым палатном,
60 I паклаў яго ў сваёй новай грабніцы, якую высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да дзвярэй грабніцы, пайшоў адтуль.
61 А Марыя Магдаліна і другая Марыя сядзелі там насупроць магілы.
ВАРТАВАННЕ МАГІЛЫ
62 На другі ж дзень пасля пятніцы сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата,
63 Кажучы: Пане! мы ўспомнілі, што той ашуканец яшчэ пры жыцці казаў: пасля трох дён уваскрэсну.
64 Дык загадай ахоўваць магілу аж да трэцяга дня; каб не прыйшлі Яго вучні ўночы і не ўкралі Яго і не сказалі народу: "Ен уваскрос з мёртвых"; і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
66 I яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.
--------------------------------
27, 1. "Зрабілі нараду" - начны сход паводле закона не меў юрыдычнай моцы.
27, 2. "Аддалі Яго Понцію Пілату, намесніку".- Са старажытных крыніц і надпісу, знойдзенага ў Кесарыі, вядома, што Пілат быў пракуратарам - асобаю, адказнай за збор падаткаў і кіраванне Іудзеяй. Яўрэі не мелі права выконваць прысуды смерці. Толькі пракуратар мог зацвярджаць іх, а выносіліся яны першасвятаром і сінедрыёнам.
27, 25. Традыцыйны выраз, які абазначаў, што абвінаваўцы бяруць на сябе адказнасць за прысуд.
27, 26. Рымскае бічаванне рабілася бізуном са свінцовымі шыпамі; яно звычайна папярэднічала ўкрыжаванню.
27, 28. Пурпуровая мантыя - пурпуровы колер быў адзнакаю імператара і членаў яго сям'і; толькі імператар мог насіць адзенне пурпуровага колеру, пісаць пурпуровым чарнілам і г. д.
27, 29. Цярновы вянок на Ісусавай галаве як бы сімвалізаваў царскую карону, а шост у правай руцэ - царскі скіпетр, сімвал улады.
27, 32. Кірынеянін - жыхар Кірынеі, альбо Кірэны, адной з абласцей Егіпта.
27, 33. Галгофа - ад арамейскага "гулголет": чэрап (адсюль Лобнае месца); узгорак, абрысамі падобны да чалавечага чэрапа.
27, 34. "Воцат, змяшаны з жоўцю" - пітво, якое давалі піць пры ўкрыжаванні, каб аблегчыць пакуты асуджаным.
27, 45. Г. зн. ад дванаццаці да пятнаццаці. Але гэта не было прыродным зацьменнем, бо тады была якраз поўня.
27, 51. Заслона аддзяляла свяцілішча, куды ўваходзілі святары, ад Святога Святых, куды мог уваходзіць толькі першасвятар раз на год у Дзень ачышчэння. Разадраная заслона азначала, што для ўсіх набожных адкрылася цяпер "новая і жывая дарога" ў прыстанішча самога Бога, без патрэбы ў іншых святарах, апроч аднаго Ісуса Хрыета.
27, 59. Плашчаніца - вялікі кавалак ільняной тканіны, у якую, паводле іудзейскага звычаю, закручвалі цела нябожчыка.
|