Раздзел 28
УВАСКРЭСЕННЕ ІСУСА ХРЫСТА. ПУСТАЯ МАГІЛА
1 А калі скончылася субота, на досвітку першага дня тыдня прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. Мар. 16, 1; Лук. 24, 1; Іаан. 20, 1.
2 I вось зрабіўся вялікі землятрус; бо Анёл Гасподні сышоў з неба і, падышоўшы, адваліў камень ад уваходу і сеў на яго.
3 Выгляд жа яго быў, як маланка, а шаты яго белыя, нібы снег;
4 I ад страху перад ім задрыжалі вартаўнікі і зрабіліся як мёртвыя.
5 Але Анёл у адказ жанчынам сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса укрыжаванага. Мар. 16, 6.
6 Няма Яго тут; бо Ен уваскрос, як сказаў. Хадзіце паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад. Мац. 12, 40; 16, 21; 17, 23.
7 Ды ідзіце хутка і скажыце Яго вучням, што Ен уваскрос з мёртвых; і вось папярэджвае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце. Вось я сказаў вам. Мац. 26, 32; Мар. 14, 28; Іаан. 21, 1; Дзеян. 1, 3; 10, 41; 1 Кар. 15, 5.
ІСУС СУСТРАКАЕ ЖАНЧЫН
8 Яны ж, паспешна пайшоўшы ад магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі абвясціць Яго вучням.
9 I вось Ісус сустрэў іх, кажучы: радуйцеся! Яны ж, падышоўшы, абнялі Яго ногі і пакланіліся Яму. Мар. 16, 9; Іаан. 20, 14.
10 Тады кажа ім Ісус: не бойцеся; ідзіце, абвясціце Маім братам, каб пайшлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне. Іаан. 20,17; Яўр. 2, 11.
ПЕРШАСВЯТАРЫ I СТАРЭЙШЫНЫ ПАДКУПЛЯЮЦЬ ВАРТУ
11 А калі яны пайшлі, вось, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, расказалі першасвятарам пра ўсё, што адбылося.
12 I яны, сабраўшыся са старэйшынамі і дамовіўшыся, далі немалыя грошы воінам,
13 Кажучы: гаварыце, што Яго вучні, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго, калі мы спалі.
14 А калі дачуецца пра гэта намеснік, мы яго ўгаворым і выбавім вас ад клопату.
15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. I разышлася гэтая пагалоска між іудзеяў аж да сённяшняга дня.
ІСУС У ГАЛІЛЕІ; ВЯЛІКАЕ ДАРУЧЭННЕ АПОСТАЛАМ
16 Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Ісус.
17 I, убачыўшы Яго, яны пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.
18 Ды Ісус, падышоўшы, прамовіў да іх, кажучы: дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі. Мац. 11, 27; Лук. 1, 32; Іаан. 3, 35; 13, 3; 17, 2; 1 Пят. 3, 22; Рым. 14, 9; Еф. 1, 10; Філ. 2, 9; Кал. 1, 16; Яўр. 2, 8; Адк. 19, 16.
19 Таму ідзіце, рабіце вучнямі ўсе народы, хрысцячы людзей у імя Айца, і Сына, і Святога Духа.
20 Вучачы іх выконваць усё, што Я даручыў вам. I вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэння веку. Амін. |