Раздзел 2
МАГІ 3 УСХОДУ ПАКЛАНЯЮЦЦА ХРЫСТУ
1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось магі з Усходу прыйшлі ў Іерусалім, Лук. 2,6.
2 Кажучы: дзе народжаны Цар Іудзейскі? бо мы бачылі, што ўзышла Яго зорка, і прыйшлі пакланіцца Яму. Лік. 24, 17. Іс. 60, 3.
3 Пачуўшы ж гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Іерусалім з ім.
4 I, сабраўшы ўсіх першасвятароў і народных кніжнікаў, пытаўся ў іх: дзе належыць нарадзіцца Хрысту?
5 Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім, бо так напісана праз прарока:
6 "I ты, Віфлеем, уладанне Іудава, ані не найменшае сярод галоўных Іудавых гарадоў, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе кіраваць народам Маім ізраільскім". Міх. 5, 2. Іаан. 7, 42.
7 Тады Ірад употай паклікаў магаў і дакладна выведаў ад іх час, калі паказалася зорка.
8 I, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, дакладна разведайце пра тое Дзіцятка, а як толькі знойдзеце, накажыце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму.
9 Яны ж, выслухаўшы цара, паспяшалі, і вось зорка, узыход якой яны бачылі, ішла перад імі, аж пакуль, прыйшоўшы, не стала панад месцам, дзе было Дзіцятка.
10 Угледзеўшы ж зорку, яны ўзрадаваліся вельмі вялікаю радасцю.
11 I, увайшоўшы ў дом, яны знайшлі Дзіцятка з Марыяй, Яго Маці, і, упаўшы, пакланіліся Яму і, раскрыўшы свае скарбы, паднеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.
Пс. 60, 6.
12 I, атрымаўшы ў сне засцярогу не вяртацца да Ірада, яны іншаю дарогаю адышлі ў сваю краіну.
ІОСІФ І МАРЫЯ УЦЯКАЮЦЬ У ЕГІПЕТ
13 Калі ж яны адышлі, вось Анёл Гасподні прыходзіць у сне да Іосіфа, кажучы: уставай, вазьмі Дзіцятка і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, аж пакуль не скажу табе; бо Ірад збіраецца шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14 I, устаўшы, ён узяў Дзіцятка і Маці Яго ўночы і адышоў у Егіпет.
15 І быў там аж да Ірадавай смерці; каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "3 Егіпта паклікаў Я Сына Свайго". Ос. 11, 1.
ІРАД ЗАБІВАЕ ДЗЯЦЕЙ
16 Тады Ірад, убачыўшы, што магі насмяяліся з яго, вельмі разгневаўся і паслаў выбіць усіх хлопчыкаў у Віфлееме і ва ўсіх яго ваколіцах з двух гадоў і ніжэй згодна з часам, які дакладна выведаў ад магаў.
17 Тады спраўдзілася сказанае праз Іерамію, прарока, які кажа:
18 "Голас у Раме чуваць, плач і лямант, і скарга вялікая, Рахіль аплаквае сваіх сыноў; не хоча суцешыццца, бо няма іх". Іер. 31, 15.
ІОСІФ I МАРЫЯ 3 ДЗІЦЯТКАМ ВЯРТАЮЦЦА 3 ЕГІПТА
19 Калі ж памёр Ірад, вось Анёл Гасподні прыходзіць у сне да Іосіфа ў Егіпце,
20 Кажучы: уставай, вазьмі Дзіцятка і Маці яго і ідзі ў зямлю Ізраільскую; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21 I ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраільскую.
22 Але, пачуўшы, што ў Іудзеі царуе Архелай замест Ірада, свайго бацькі, пабаяўся туды ісці; ды, атрымаўшы наказ у сне, адышоў у краі Галілейскія;
23 I, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт; каб спраўдзілася сказанае праз прарокаў, што Яго назавуць Назарэем. Судз. 13, 5. Іс. 11, 12.
--------------------------------
2, 1. Магі належалі да жрацоў усходняга культу. Добра зналіся ў медыцыне, прыродазнаўчых навуках; верылі ў астралогію, г. зн. у тое, што па "зорках можна ўведаць наперад, што будзе; што лёс чалавека вызначаецца зоркаю, пад якой ён нарадзіўся, і г. д. Тлумачылі сны. 3-за сваіх таемных ведаў былі ў вялікай лашане на Усходзе.
2, 2. Грэцкі тэкст дазваляе перакласці яшчэ і так: «мы бачылі Яго зорку на ўсходзе».
2. 3. Ірада, якога рымляне прызначылі царом Іудзеі і які быў сынам ідумеяніна і арабкі, яўрэі не прызнавалі за сапраўднага цара, лічачы яго выскачкам, які захапіў трон законнага цара з роду Давідавага. Ірад увесь час баяўся за сваю ўладу і быў страшэнна падазроны: знішчыў вярхоўны суд іудзеяў, трыста сваіх прыбліжаных, жонку, яе маці, трох сваіх сыноў і інш. Таму і трывожыўся ўвесь Іерусалім, бо добра ведаў. што можна чакаць ад Ірада, які прачуў. што яго трон у небяспецы.
2, 9. Мажлівы пераклад: «і вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе...»
2, 11. Золата-дар царам. Ніхто не мог падысці да цара без падарунка, а золата лічылася царом сярод металаў.
Ладан-дар святару. Пахкі ладан шырока ўжывалі пры набажэнствах. ахвярапрынашэннях і г. д.
Смірна-дар таму, хто павінен памерці. Гэтую духмяную мазь, добра вядомую на Усходзе, выкарыстоўвалі пры бальзамаванні нябожчыкаў: яна перасцерагала цела ад тлення.
Такім чынам, сваімі дарамі магі як бы наперад сведчылі, што Ісус Хрыстос будзе сапраўдным Царом, сапраўдным Першасвятаром і найвялікшым Збаўцам людзей,- асуджаны на смерць, гэты Богачалавек адолее дзяржаву смерці.
2, 23. Назарэт знаходзіўся на поўдні Галілеі. Паблізу ад горада разлеглася Міжземнае мора, адкуль у розныя канцы ішлі караблі. Тут жа непадалёк была і дарога з Дамаска ў Егіпет-адзін з найвялікшых караванных шляхоў таго часу. Была яшчэ дарога ад Акры на ўсход з яе бясконцымі караванамі з шоўкам і рознымі прысмакамі ды прыправамі. Такім чынам, Ісус рос у горадзе, паблізу якога праходзіў самы розны люд са сваімі пытаннямі і адказамі.
|