Раздзел 3
КАЗАНЬ ІААНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ
1 У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель, навучаючы ў пустэльні Іудзейскай Мар. 1, 4. Лук. 3, 3. Іаан. 1, 28. Дзеян. 13, 24.
2 I кажучы: пакайцеся; бо наблізілася Царства Нябеснае.
3 Гэта ж пра яго сказана праз Ісаю, прарока, які кажа: "Вокліч прапаведніка ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго". Іс. 40, 3. Мар. 1, 3. Лук. 3, 4. Іаан. 1, 23.
4 Сам жа Іаан меў на сабе вопратку з вярблюджай воўны і скураны пояс на паясніцы сваёй; спажывай яго былі саранча ды дзікі мёд. Мар. 1,6.
5 Тады выходзіў да яго Іерусалім, і ўся Іудзея, і ўсё Над'іярданне;
6 I хрысціліся ад яго ў Іярдане, вызнаючы свае грахі.
7 Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, казаў ім: гадзючыя выпладкі, хто падвучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Мацв. 23, 33. Лук. 3, 7.
8 Вось стварыце годны плод пакаяння;
9 Ды не думайце казаць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам"; бо кажу вам, што Бог можа з гэтага камення стварыць сыноў Аўрааму. Іаан. 8, 39. Дзеян. 13, 26.
10 Бо ўжо і сякера прыкладзена да кораня дрэў: кожнае ж дрэва, што добрага плоду не родзіць, будзе высечана і ўкінута ў агонь. Мацв. 7, 19.
11 Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне: я не годны панесці Яго сандаляў; Ён вас ахрысціць у Святым Духу і агні; Мар. 1, 8. Лук. 3, 16. Іаан. 1, 26. Дзеян. 1, 5; 2, 2.
12 Яго веялка ў руцэ Яго, і Ён пільна перачысціць Свой ток і збярэ Сваю пшаніцу ў засек, а мякіну спаліць у незгасальным агні. Лук. 3, 7.
ХРЫШЧЭННЕ ІСУСА
13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іярдан да Іаана,- хрысціцца ад яго. Мар. 1, 9. Лук. 3, 21.
14 А Іаан запярэчыў Яму, кажучы: я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыйшоў да мяне?
15 Ісус жа, адказваючы, сказаў яму: дазволь якраз цяпер; бо гэтак належыць нам выконваць усё, што справядлівае. Тады ён уступіў Яму.
16 I, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы і ўбачыў Духа Божага, што сыходзіў, нібы голуб, і спускаўся на яго; Мар. 1, 10. Лук. 3, 21. Іаан. 1, 32.
17 I вось голас з нябёсаў кажа: гэта Мой Сын улюбёны, якому Я спрыяю. Мар. 1, 11. Лук. 3, 22. Іаан. 5, 37. 2 Пят. 1, 17. Кал. 1, 13.
--------------------------------
3, 7. Фарысеі-самаадданыя, старанныя прыхільнікі закону, але самаўпэўненыя: не бачылі сваёй грахоўнасці і літаральна тлумачылі закон.
Садукеі-рэлігійныя людзі, якія, аднак, адмаўлялі існаванне анёлаў і іншых духаў, а таксама цудаў, не верылі ва ўваскрэсенне; адмаўлялі ўсё звышнатуральнае.
3, 9. Тут адчуваецца пераклічка арамейскіх слоў-банайя (сыны) і абнайя (каменне). Іаан папракае тых, што лічаць сябе бязгрэшнымі толькі з-за таго, што яны належаць да Аўраамавага роду.
3, 11. Панесці сандалі (абутак)-быць рабом, слугою.
3, 12. Тут маецца на ўвазе агонь Майсеевага суда. што спальвае «мякіну», г. зн. тых, што зацята не хочуць пакаяцца. Агонь у Старым Залавеце сімвалізуе ачышчэнне сумлення.
3, 16-17. Калі ў Старым Запавеце толькі адчуваецца, то тут упершыню выразна выступае Святая Тройца: Дух апускаецца на Сына, і ў той жа час з нябёсаў чуваць голас Бацькі: (Бог-Бацька, Бог-Сын, Бог-Дух Святы).
3, 17. Такім чынам, ужо ў час хрышчэння Госпад падтрымлівае ўсё, што Сын будзе казаць і рабіць.
|