Раздзел 5
КАЗАНЬ НА ГАРЫ
1 Убачыўшы ж натоўпы, Ён узышоў на гару. I калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
2 I Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
ХТО ШЧАСЛІВЫ
3 Шчаслівыя ўбогія духам; бо іх ёсць Царства Нябеснае. Лук. 6, 20.
4 Шчаслівыя засмучаныя; бо яны ўсцешаны будуць. Іс. 61, 2-3; Лук. 6, 21.
5 Шчаслівыя лагодныя; бо яны атры маюць у спадчыну зямлю. Пс. 36, 11.
6 Шчаслівыя згаладалыя і сасмяглыя па справядлівасці, бо яны будуць натолены.
7 Шчаслівыя літасцівыя; бо да іх бу дуць мець літасць.
8 Шчаслівыя чыстыя сэрцам; бо яны ўбачаць Бога. Пс. 23, 4.
9 Шчаслівыя міратворцы; бо яны будуць названы Божымі дзецьмі. Яўр. 12, 14.
10 Шчаслівыя, каго гоняць за праўду; бо іх ёсць Царства Нябеснае. 1 Пят. 3, 14.
11 Шчаслівыя вы, калі вас будуць ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць на вас усялякае слова ліхое зза Мяне. Лук. 6, 22. 1 Пят. 4, 14.
12 Радуйцеся і весяліцеся; бо вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: гэтак жа гналі прарокаў раней за вас. Мац. 21, 35.
СОЛЬ І СВЯТЛО
13 Вы,- соль зямлі; калі ж соль страціць моц, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдаецца, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі. Мар. 9, 50. Лук. 14, 34.
14 Вы,- святло свету. Не можа горад схавацца, стоячы наверсе гары. Філ. 2, 15.
15 І калі запальваюць каганец, ставяць яго не пад пасудзіну, а на падстаўку, і свеціць ён усім у доме. Мар. 4, 21. Лук. 8, 16; 11, 33.
16 Гэтак няхай свеціць ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах. 1 Пят. 2, 12. Філ. 2, 15.
ІСУС І СТАРЫ ЗАПАВЕТ
17 Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; не адмяніць Я прыйшоў, а здзейсніць.
18 Папраўдзе ж кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ніводная ёта ці рыса адзіная не знікне з закона, аж пакуль не спраўдзіцца ўсё. Лук. 16, 17.
19 Дык вось, хто б ні парушыў адну з найменшых гэтых запаведзяў і так людзей навучыў, таго назавуць найменшым у Царстве Нябесным; а таго, хто выканае і навучыць, вялікім назавуць у Царстве Нябесным.
20 Бо Я кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большаю за справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.
НЕ ГНЕВАЙЦЕСЯ НА СВАЙГО БЛІЖНЯГА
21 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не забівай, а хто б ні забіў, падпадзе пад суд». Зых. 20, 13. Друг. 5, 17. Мац. 19, 18., Мар. 10, 19. Лук. 18, 20.
22 А я кажу вам, што кожны, хто дарэмна гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто б ні сказаў свайму брату: «рака», падпадзе пад сінедрыён, а хто б ні сказаў «дурны», падпадзе пад геену вогненную.
23 Дык вось, калі ты прынясеш свой дар на ахвярнік і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24 Пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш памірыся са сваім братам і тады, прыйшоўшы, ахвяруй свой дар.
25 Мірыся са сваім праціўнікам хутка, пакуль з ім у дарозе; каб толькі праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя не перадаў цябе выканаўцу і не быў ты кінуты ў цямніцу. Лук. 12, 58.
26 Папраўдзе кажу табе: не выйдзеш адтуль, аж пакуль не аддасі астатняга кадранта.
ПРА БЛУД I РАЗВОД
27 Вы чулі, што было наказана старажытным: «не чыні пералюбу». Зых. 20, 14. Друг. 5, 18.
28 А Я кажу вам, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
29 Калі ж тваё правае вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену; Друг. 13, 6-8. Мац. 18, 8-9. Мар. 9, 43, 47.
30 I калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену.
31 Сказана таксама, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст. Друг. 24, 1. Мац. 19, 7. Мар. 10, 4, 11. Лук. 16, 18. 1 Кар. 7, 10.
32 А Я кажу вам, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёй, апроч як з віны распусты, даводзіць яе да пералюбу; і хто б ні ажаніўся з разведзенаю, чыніць пералюб.
НЕ КЛЯНІЦЕСЯ
33 Яшчэ вы чулі, што наказана старажытным: «не прысягай фальшыва, а датрымай Госпаду свае клятвы». Зых. 20, 7. Лев. 19, 12. Друг. 23, 21.
34 А Я кажу вам: не кляніцеся ўвогуле: ні небам, бо яно трон Божы;
35 Ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад вялікага Цара;
36 Ні галавою сваёй не кляніся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
37 Няхай жа будзе ваша слова: «так, так», «не, не»; а што звыш таго,- ад ліхога. Іак. 5, 12.
НЕ СУПРАЦІЎЛЯЙЦЕСЯ ЗЛОМУ
38 Вы чулі, што сказана: «вока за вока, і зуб за зуб»; Зых. 21, 24. Лев. 24, 20, Друг. 19, 21.
39 А Я кажу вам: не супраціўляйся злому, але хто цябе ўдарыць у тваю правую шчаку, павярні да яго і другую; Лук. 6, 29. Іак. 3, 13. Рым. 12, 17. 1 Кар. 6, 7. 1 Фес. 5, 15.
40 I хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і плашч;
41 I хто цябе вымушае ісці адну мілю, прайдзі з ім дзве.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. Друг. 15, 7. Лук. 6, 34.
ЛЮБІЦЕ СВАІХ ВОРАГАЎ
43 Вы чулі, што сказана: «любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго»; Лев. 19, 17,- 18, Мац. 22, 39. Мар. 12, 31. Іак. 2, 8. Рым. 13, 9.
44 А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, бласлаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, што гоняць вас; Лук. 6, 27. 23, 34. Дзеян. 7, 60. 1 Кар. 4, 12.
45 Каб вам зрабіцца дзецьмі Бацькі вашага, што ў нябёсах, які наказвае свайму сонцу ўсходзіць над ліхімі і добрымі і насылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Лук. 6, 35.
46 Калі ж вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое робяць і мытнікі?
47 I калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не гэта робяць і язычнікі?
48 Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька, што ў нябёсах.
--------------------------------
У раздзелах 5, 6, 7 прыводзіцца Нагорная казань, якая лічыцца маральным кодэксам хрысціянства, сутнасцю Хрыстовага вучэння.
5, 3. Тут гаворыцца пра Боскую радасць,- не якая будзе, а якая ўжо наступіла. Шчаслівыя ўбогія духам,- тыя, хто разумее беднасць, мізэрнасць свайго духоўнага жыцця і скіроўвае позірк на Ісуса. Бо кожная рэлігія пачынаецца з усведамлення чалавекам сваёй слабасці і патрэбы ў Богу.
5, 13. Як соль захоўвае прадукты ад гніення, так і хрысціянін павінен уздзейнічаць на жыццё.
5, 15. У палесцінскіх дамах было толькі адно круглае акно, дыяметрам каля паўметра. Светач складаўся з кноту, які плаваў у алеі. Звычайна светач стаяў на падстаўцы. Калі ж людзі выходзілі з дому, светач ставілі пад гліняны збан, бо няпроста было запаліць агонь у часы, калі яшчэ не было запалак.
5, 17. У іудзеяў закон і прарокі значыла: Стары Запавет.
5, 18. Ёта,- найменшая літара ў яўрэйскім алфавіце, падобная з формы да нашага апострафа ці коскі. Гэта значыць: нават макулінкі не зменіцца ў законе,- так шаноўна ставіцца да яго Ісус.
5, 22. Геена,- значыць Еномава даліна, што ляжыць на паўднёвы захад ад Іерусаліма. У старажытнасці там у ахвяру язычніцкаму богу Малоху прыносілі дзяцей, якіх спальвалі. Пазней там скідвалі і спальвалі смецце, таму ўвесь час у даліне гарэў агонь і стаяў дым. Так гэтае месца зрабілася для набожных сінонімам пекла.
5, 40. Паводле закона, верхняе адзенне нельга было адабраць нават праз суд. Аднак лепш самому зрабіцца ахвяраю несправядлівасці, чым помсціць злом за зло.
|