Раздзел 7
НЕ СУДЗІЦЕ СВАІХ БЛІЖНІХ
1 Не судзіце, каб і вас не судзілі. Лук. 6, 37. Рым. 2, 1. 1 Кар. 4, 5.
2 Бо якім судом судзіце, такім і вас асудзяць; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць. Мар. 4, 24. Лук. 6, 38.
3 Што ж ты бачыш парушынку ў воку брата свайго, а калоды ў сваім воку не заўважаеш? Лук. 6, 41.
4 Або, як скажаш ты брату свайму: «давай выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку,- калода?
5 Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6 Не давайце святога сабакам і не рассыпайце сваіх перлаў перад свіннямі, каб не патапталі яны іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разарвалі вас.
ПРА МАЛІТВУ
7 Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам; Мац. 21, 22. Мар. 11, 24. Лук. 11, 9. Іаан. 14, 13. Іак. 1, 6.
8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, а хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняць.
9 Або, ці ёсць між вас чалавек, у якога б яго сын папрасіў хлеба, а ён падасць яму камень? Лук. 11, 11.
10 Або папрасіў бы рыбы, а ён падасць яму змяю?
11 Дык калі вы, хоць ліхія самі, можаце даваць добрыя дары сваім дзецям,- наколькі болей ваш Бацька, што ў нябёсах, дасць добрых дароў тым, што просяць у Яго?
ЗАЛАТОЕ ПРАВІЛА ПАВОДЗІН
12 Дык вось усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэтакі закон і прарокі. Лук. 6, 31.
ХАДЗІЦЕ ВУЗКАЮ ДАРОГОЮ
13 Уваходзьце праз цесныя вароты; бо шырокія вароты і прасторная тая дарога, што вядзе да пагібелі, і шмат хто ідзе ёю. Лук. 13, 24.
14 Бо цесныя вароты і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала ёсць тых, хто знаходзіць яе.
СЦЕРАЖЫЦЕСЯ ФАЛЫПЫВЫХ ПРАРОКАЎ
15 Сцеражыцеся ж фалыпывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўсярэдзіне,- драпежныя ваўкі. Іер. 23, 16. Мац. 24, 4. 1 Іаан. 4, 1.
16 Па іх пладах пазнаеце іх: ці збіраюць з цёрну вінаградныя гронкі альбо з дзядоўніку фігі?
17 Гэтак кожнае добрае дрэва родзіць гожыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады.
18 Не можа добрае дрэва радзіць благіх пладоў ні дрэва нягоднае радзіць гожых пладоў. Лук. 6, 43.
19 Кожнае дрэва, якое не родзіць гожых пладоў, высякаюць і кідаюць у агонь.
20 Значыцца: па іх пладах пазнаеце іх.
ВЫКОНВАЙЦЕ ВОЛЮ ВАШАГА БАЦЬКІ НЯБЕСНАГА
21 Не кожны, што Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!», увойдзе ў Нябеснае Царства; але той, хто выконвае волю Бацькі Майго, што ў нябёсах, Лук. 6, 46. Іаан. 6, 40. Іак. 1, 22. Рым. 2, 13.
22 Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці ж не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем выганялі дэманаў? і ці не Тваім імем шмат якія цуды рабілі?»
23 I тады аб'яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне». Пс. 6, 9. Лук. 13, 25, 27.
НЕ БУДУЙЦЕ НА ПЯСКУ
24 Дык кожнага, што слухае гэтыя Мае словы і выконвае іх, параўнаю з разважным чалавекам, што збудаваў свой дом на камені: Лук. 6, 47-48.
25 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і накінуліся на той дом; ды ён не ўпаў; бо быў ён пастаўлены на камені.
26 А кожнага, хто слухае гэтыя Мае словы, ды не выконвае іх, параўнаю з неразважным чалавекам, які збудаваў свой дом на пяску:
27 I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і наляглі на той дом, і ён упаў; і руйнаванне яго было вялікае.
ЗАКАНЧЭННЕ КАЗАНІ НА ГАРЫ
28 I калі Ісус закончыў гэтыя словы, народ быў уражаны Яго навукаю; Мац. 22, 33. Мар. 1, 22. Лук. 4, 32.
29 Бо Ён вучыў яго як паўнамоцны, а не як тыя кніжнікі.
--------------------------------
7, 6. Тут, паводле багасловаў, маецца на ўвазе не проста прыведзеная ў святыню ахвярная жывёла, якая называлася святою. Ісус нагадвае, што трэба з асцярогаю раскрываць перад людзьмі Слова Божае.
7, 12. Гэтая запаведзь лічыцца вяршыняю Нагорнай казані. Хоць яна мае шмат паралеляў у старажытных, але ўсе яны выказаны ў адмоўнай форме, як напрыклад: не рабі другому таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе. I чалавек можа захоўваць такое правіла, астаючыся проста ў поўным бяздзеянні. (Згадайма Гётэ: лёгка быць маральным, нічога не робячы). Ісус жа дае сцвярджальны наказ. Не нічога не рабіць, а актыўна рабіць добрае чалавеку, любіць яго: усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім. Гэта новы, актыўны погляд на жыццё і новыя жыццёвыя абавязкі.
7, 15-20. Авечае футра было адметным адзеннем прарокаў, як мантыя філосафаў у грэкаў.
Былі людзі, якія пад выглядам прарокаў вандравалі з месца на месца, ашукваючы мясцовыя абшчыны і ведучы паразітычны лад жыцця. Таму існавалі пэўныя засцярогі: калі такі вандроўнік аставаўся ў абшчыне болын як на тры дні, лічыўся фальшывым прарокам. Ён не мог нічога прасіць, апроч хлеба, бо калі прасіў грошай, то быў фальшывы прарок і г. д.
7, 22. Дэманы,- духі, якія могуць усяляцца як у людзей, так і ў жывёлу і кіраваць імі, прычым яны настойліва імкнуцца да ўвасаблення, без чаго, як лічаць шмат якія багасловы, бяссільныя чыніць зло.
|