Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 8

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ПРАКАЖОНАГА

1      Калі ж ён сышоў з гары, шмат народу пайшло за Ім;

2      I вось пракажоны падышоў і пакланіўся Яму, кажучы: Госпадзе! Калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне. Мар. 1, 40. Лук. 5, 12.

3      І Ісус, працягнуўшы руку, крануўся яго, кажучы: хачу, ачысцься. I ён тут жа ачысціўся ад праказы.

4      I кажа яму Ісус: глядзі, не расказвай нікому; але пайдзі, пакажыся святару і прынясі дар, што прадпісаў Майсей, у сведчанне ім. Лев. 14, 3-4. Мар. 1, 44. Лук. 5, 14.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ СОТНІКАВАГА СЛУГУ

5      А калі Ён увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы ў Яго Лук. 7, 2.

6      I кажучы: Госпадзе! мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца.

7      I кажа яму Ісус: Я прыйду і вылечу яго.

8      I ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! я не варты, каб ты ўвайшоў пад мой дах; але толькі скажы слова і паправіцца мой слуга.

9      Бо і я,- чалавек падуладны, але маю пад сабою воінаў; і скажу аднаму: «пайдзі», і ідзе; а другому: «прыйдзі», і прыходзіць, а майму слугу: «зрабі гэта», і ён робіць.

10        Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за Ім: папраўдзе кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такой веры.

11        Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Якавам у Нябесным Царстве;

12        А дзеці Царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў. Мацв. 22, 13.

13        I сказаў Ісус сотніку: ідзі і, як паверыў ты, няхай табе збудзецца. I паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну.

ІСУС ВЫЛЕЧВАЕ ПЯТРОВУ ЦЕШЧУ

14        А калі прыйшоў Ісус у хату Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць у гарачцы; Мар. 1, 29-30. Лук. 4, 38.

15        I Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе; і ўстала яна і прыслугоўвала ім.

16        А калі надышоў вечар, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выганяў духаў словам і вылечыў усіх хворых; Мар. 1, 32. Лук. 4, 40.

17        Каб спраўдзілася сказанае праз Ісаю, прарока, які кажа: «Ён узяў нашы слабасці і панёс хваробы». Іс. 53, 4. 1 Пят. 2, 24.

ЯКІХ ВУЧНЯЎ ХОЧА САБЕ ІСУС

18        А ўбачыўшы вакол Сябе вялікія сціжмы людзей, Ісус сказаў адплыць на другі бок.

19        Тады адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б ні пайшоў Ты. Лук. 9, 57.

20        I кажа яму Ісус: лісіцы маюць норы, і птушкі нябесныя,- гнёзды; а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.

21        Другі ж з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне перш пайсці і пахаваць майго бацьку.

22        Ісус жа сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Лук. 9, 60.

СУЦІШЭННЕ БУРЫ

23        I калі Ён ступіў у човен, увайшлі за Ім Яго вучні. Мар. 4, 35-36. Лук. 8, 22.

24        I вось вялікае ўзрушэнне ўзнялося на моры, што аж човен залівала хвалямі; а Ён спаў.

25        I кінуліся Яго вучні і пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26    I Ён кажа ім: чаго баіцеся, малаверныя? Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору; і зрабілася вялікая ціша.

27        А людзі дзівіліся, кажучы: хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго?

ДВА АПАНТАНЫЯ

28        I калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гергесінскую, перастрэлі Яго два апантаныя, што выйшлі з магіл,- вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю; Мар. 5, 1-2. Лук. 8, 27.

29        I вось закрычалі яны, кажучы: што Табе, Ісусе, Сыне Божы, да нас? прыйшоў заўчасна сюды, каб мучыць нас? Мар. 1, 24.

30        А воддаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.

31        I прасіліся ў Яго дэманы, кажучы: калі выганяеш нас, дазволь нам увайсці ў гурт свіней.

32    I Ён сказаў ім: ідзіце. I яны, выйшаўшы, увайшлі ў свіны гурт; і вось кінуўся ўвесь гурт свіней са стромы ў мора і загінуў у водах.

33        А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі.

34        I вось увесь горад выйшаў насустрач Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.

 

 

--------------------------------

8, 2-3. Праказа была найцяжэйшаю хваробаю ў старажытнасці. Хворага на яе зусім выганялі з чалавечага грамадства. Яму быў забаронены ўваход у Іерусалім і ўвогуле ва ўсе гарады, што былі абнесены сценамі; з ім нельга было вітацца і г. д. Таму невыпадкова пракажоны звяртаецца да Ісуса: Калі ты хочаш, можаш мяне ачысціць». I вось да такога недатыкальнага Ісус дакранаецца рукою.

8, 4. У тыя часы толькі святар мог заеведчыць, што пракажоны паправіўся, і зноў дапусціць яго ў грамадства.

8, 5. Рымскі легіён, што налічваў шэсць тысяч воінаў, дзяліўся на шэсцьдзесят соцень, кожнаю з якіх камандаваў сотнік (цэнтурыён).

8, 18. На другі бок,- на ўсходні бераг Тыверыядскага возера.

8, 20. Сябе Ісус называе Сынам Чалавечым, падкрэсліваючы служэнне чалавецтву, а не толькі яўрэйскаму народу. Сын Давідаў,- Яго яўрэйскае імя, а Сын Божы,- Яго Боскае найменне.

8, 21. Чалавек, ужыўшы пашыранае на Усходзе выслоўе: «Я павінен пахаваць свайго бацьку», гаворыць Ісусу, што ён не можа пакінуць свой дом аж да самай смерці свайго бацькі, якая яшчэ невядома калі надыдзе, і такім чынам адкладвае свой адыход на няпэўны тэрмін. Ісусавы словы значаць: нават такі найсвяцейшы абавязак не павінен быць на перашкодзе ўзыходу на хрысціянскую дарогу.

8, 28. Гэтыя людзі туліліся ў магільных скляпах, дакладней, у пячорах, дзе іудзеі хавалі сваіх нябожчыкаў.

8, 29. Заўчасна, г. зн. да канчатковага разгрому дэманаўскіх полчышчаў на Страшным Судзе.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст