01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
6 Просьле гэтага пайшоў Ісус за мора Ґалілейскае Тыверады. 2 I вялікі груд пайшоў за Ім, бо бачылі знакі, што Ён чыніў над хворымі. 3 Ісус жа ўзышоў на гару і там сядзеў з вучанікамі Сваімі. 4 Бліжылася ж Пасха, сьвята юдэйскае. 5 Тады Ісус, узьняўшы вочы Свае й пабачыўшы, што вялікі груд ідзець да Яго, кажа Піліпу: „Скуль мы купім букаткаў, каб яны маглі есьці?" 6 Казаў жа гэта, прабуючы іх, бо ён ведаў, што маніўся ўчыніць. 7 Піліп адказаў Яму: „Букаткаў за дзьвесьце дынароў ня стане ім, каб кажны зь іх крыху дастаў". 8 Кажа Яму адзін із вучанікаў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры: 9 „Ё дзяцюк тут, што мае пяць ячных букаткаў і дзьве рыбкі, але што гэта на так шмат?" 10 Ісус сказаў: „Загадайце, каб людзі ўзьляглі". Было шмат травы на тым месцу. Дык людзі ўзьляглі ў ліку каля пяцёх тысячаў. 11 Ісус, узяўшы букаткі і ўчыніўшы падзяку, раздаў вучанікам, а вучанікі лежачым; і таксама рыбкі, колькі хацелі. 12 I, як пад'елі, кажа вучанікам Сваім: „Зьбярыце тыя кавалкі, што засталіся, каб нічога не загінула". 13 Яны зьберлі й напоўнілі двананцаць поўных кашоў кавалкамі зь пяцёх букаткаў, што засталіся ў тых, каторыя елі.
14 Тады людзі, бачачы знак, што Ісус учыніў, казалі: „Гэта запраўды прарока, каторы меў прыйсьці на сьвет". 15 Ісус; жа, ведаючы, што маніліся прыйсьці і няць Яго, каб пастанавіць за караля, ізноў адыйшоў на гару адзін.
16 Як жа настаў вечар, вучанікі Ягоныя зышлі над мора 17 I, увыйшоўшы ў струг, плылі на другі бок мора, да Капернауму. I ўжо сьцямнела, і Ісус ня прыходзіў да іх. 18 Мора ж хвалявалася, бо веяў вялікі вецер. 19 Адплыўшы каля дваццаць пяцёх або трыццаць стадаў, яны абачылі, што Ісус ішоў па мору і бліжыўся да стругу, і спалохаліся. 20 Але Ён сказаў ім: „Гэта Я, ня бойцеся". 21 I ўзялі Яго ахвотна да стругу, і зараз струг быў на месцу, куды яны ськіраваліся.
22 Назаўтрае груд, што стаяў на другім баку мора, абачылі, што ня было іншага струга, апрача таго, у каторы ўвыйшлі вучанікі Ягоныя, і што Ісус ня ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, але вучанікі Ягоныя адплылі адны. 23 Іншыя, адылі, лодкі прыплылі з Тыверады блізка да тога месца, ідзе елі хлеб, як дзякі ўчыніў Спадар. 24 Затым, як груд абачыў, што там ня было Ісуса ані вучанікаў Ягоных, увыйшлі ў струг і прыбылі да Капернауму, шукаючы Ісуса. 25 I, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: „Раббі, калі Ты прыбыў сюды?" 26 Адказаў ім Ісус і сказаў: „Запраўды, запраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі знакі, але затым, што елі з букаткаў і пад'елі. 27 Працуйце не на ежу, каторая гіне, але на ежу, што застаецца да жыцьця вечнага, каторую Сын Людзкі дасьць вам; бо на Ім паклаў пячаць Ацец, Бог".
28 Дык сказалі Яму: „Што нам рабіць, каб спраўляць справы Божыя?" 29 Адказаў Ісус і сказаў ім: „Гэта ё справа Божая, каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў". 30 Яны ж сказалі Яму: „Што ж за знак чыніш, каб мы бачылі й верылі Табе? што Ты дзееш? 31 Айцове нашы елі манну на пустыні, як напісана: ,Даў ім хлеб ізь неба есьці'". 32 Тады Ісус сказаў ім: „Запраўды, запраўды кажу вам: не Масей даў вам хлеб ізь неба, але Ацец Мой даець вам праўдзівы хлеб ізь неба; 33 Бо хлеб Божы ё тый, што зыходзе зь неба і даець жыцьцё сьвету". 34 I сказалі Яму: „Спадару, давай нам хлеба гэтага заўсёды". 35 Ісус сказаў ім: „Я хлеб жыцьця; хто прыходзе да Мяне, ніяк ня будзе прагці, і хто вера ў Мяне, ніколі ня будзе сьмягці. 36 Але Я сказаў вам, што вы й бачылі Мяне, і ня верыце. 37 Усе, што даець Імне Айцец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне ня выжану вон, 38 Бо Я зышоў зь неба не каб чыніць волю Сваю, але волю таго, хто паслаў Мяне. 39 I гэта ё воля таго, хто паслаў Мяне, каб із усяго, што Ён даў Імне, нічога ня згубіць, але ўскрысіць апошняга дня; 40 Бо гэта ё воля Айца Майго, каб кажны, што бача Сына і вера ў Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўскрышу яго апошняга дня".
41 Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён сказаў: „Я хлеб, што зышоў зь неба". 42 I казалі яны: „Ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, каторага айца й маці мы знаем? Як жа Ён кажа: ,Я зышоў зь неба' ?" 43 Адказаў Ісус і сказаў ім: „Не наракайце мяжсобку. 44 Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не пацягне яго Айцец Мой, што паслаў Мяне; і Я ўскрышу яго апошняга дня. 45 У прарокаў напісана: ,І ўсі будуць навучаны Богам.' Кажны, каторы чуў ад Айца і навучыўся, прыходзе да Мяне. 46 Не, каб хто бачыў Айца, апрача таго, каторы ё з Богам; Тый бачыў Айца. 47 Запраўды, запраўды кажу вам: хто вера ў Мяне, мае жыцьцё вечнае. 48 Я хлеб жыцьця. 49 Айцове вашы елі манну на пустыні і памерлі. 50 Гэта ё хлеб, што зыходзе зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэць. 51 Я - хлеб жыцьця, што зышоў зь неба; калі хто будзе есьці гэты хлеб, будзе жыць на векі. Хлеб жа, каторы Я дам, ё цела Мае, каторае Я аддам за жыцьцё сьвету".
52 Тады Юдэі сьперачаліся мяжсобку, кажучы: „Як можа гэты даць нам цела есьці?" 53 Дык Ісус сказаў ім: „Запраўды, запраўды кажу вам: калі не ясьце цела Сына Людзкога і ня п'іце крыві Ягонае, ня маеце жыцьця ў сабе. 54 Хто есьць цела Мае і п'ець кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўскрышу яго апошняга дня; 55 Бо цела Мае запраўды ё ежа, і кроў Мая запраўды ё піценьне. 56 Хто есьць цела Мае і п'ець кроў Маю, перабывае ў Імне, і Я ў ім. 57 Як жывы Айцец паслаў Мяне, і Я жыву Айцом, таксама хто есьць Мяне, будзе жыць таксама Імною. 58 Гэта хлеб, што зышоў зь неба. Не як айцове елі й памерлі: хто есьць гэты хлеб, будзе жыць на векі".
59 Гэта сказаў Ён у бажніцы, вучачы ў Капернауме. 60 Затым шмат хто з вучанікаў Ягоных, чуючы, казалі: „Цяжкое гэта слова! хто можа слухаць гэта?" 61 Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучанікі Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: „Ці гэта ўражае вас? 62 Што ж, калі б вы абачылі Сына Людзкога ўзьіходзячага туды, ідзе быў уперад? 63 Гэта дух, што ажыўляе; цела нічога не памагае. Словы, што Я кажу вам, ё дух і жыцьцё. 64 Але з памеж вас ё некатрыя, што ня вераць". Бо Ісус спачатку ведаў, хто няверучыя, і хто ізрадзе Яго. 65 I сказаў: „Затым Я кажу вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе гэта дана яму ад Айца".
66 Адгэтуль шмат хто з вучанікаў Ягоных адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім. 67 Тады Ісус сказаў двананцацём: „Ці вы таксама хочаце адыйсьці?" 68 Сымон Пётра адказаў Яму: „Спадару, да каго мы пойдзем ? Словы жыцьця вечнага Ты маеш, 69 I мы ўверылі й пазналі, што Ты Сьвяты Божы".
70 Ісус адказаў ім: „Ці не двананцацёх абраў Я вас, адзін із вас, адылі, дзявал". 71 Сказаў жа празь Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты маніўся выдаць Яго, будучы адзін із двананцацёх.
|