Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першае саборнае пасланьне сьв. апостала Пётры


 

 

Першае саборнае пасланьне сьв. апостала Пётры

01 - 02 - 03 - 04 - 05


Разьдзел 2

1. Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,

2. як нованароджаныя дзеткі, палюбеце чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленьне;

3. бо вы паспробавалі, што Госпад добры.

4. Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,

5. і самі як жывыя каменьні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.

6. Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто верыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28, 16).

7. Дык вось, Ён для вас, веруючых, цэннасьць, а для няверуючых - камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Пс. 117, 22), камень спаткненьня і камень спакусы,

8. аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.

9. Але вы - выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з цемры ў цудоўнае сьвятло Яго;

10. некалі не-народ, а цяпер народ Божы; некалі немілаваныя, а цяпер памілаваныя.

11. Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цялесных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,

12. і вядзеце добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважаюць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзень адведзінаў.

13. Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьверхняй уладзе,

14. ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, -

15. бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзей, -

16. як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.

17. Усіх паважайце, брацтва любеце, Бога бойцеся, цара шануйце.

18. Слугі, з усенькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.

19. Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва.

20. Бо што за пахвала, калі вы церпіце ды бюць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў муках церпіце, дык гэта Богу люба,

21. бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:

22. Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53, 9);

23. Ён, зьневажаны, не зьневажаў узаемна; церпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.

24. Ён грахі нашыя сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздароўлены.

25. Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53, 4-6).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст