Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728


Наварот Шаўла

9 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А Шавал, душучы яшчэ пагрозамі і забойствам проціў вучняў Пана, прыйшоў да архісьвятара 2 і прасіў у яго пісьмаў у Дамашак да бажніц, каб есьлі-б каго знайшоў гэтага шляху мужоў і жанчын, зьвязаных прывёў у Ерузалім.

3 А калі быў у дарозе, сталася, што прыбліжаўся да Дамашку. І раптам асьвяціла яго навокал сьветласьць з неба; 4 і ўпаўшы на зямлю, пачуў голас да яго кажучы: Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш? 5 Ён сказаў: Хто ты ёсьць Пане? А той: Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш. Трудна табе проціў ражна брыкаць. 6 А дрыжачы і аслупянеўшы, ён сказаў: Пане, што хочаш, каб я рабіў? 7 А Пан да яго: Устань і ўвайдзі ў горад, і там скажуць табе, што трэба табе рабіць. Тыя-ж мужы, што з ім падарожнічалі, стаялі аслупянеўшы, чуючы, праўда, голас, але нікога ня бачачы. 8 І ўстаў Шавал з зямлі, і адчыніўшы вочы, нікога ня відзеў. І вядучы яго за рукі, увялі ў Дамашак. 9 І быў там праз тры дні ня відзячы, і ня еў і ня піў.

10 Быў-жа адзін вучань у Дамашку, на імя Ананій. І сказаў да яго Пан у відзеньні: Ананій! Ён-жа сказаў: Вось я, Пане. 11 А Пан да яго: Устань і ідзі на вуліцу, што завецца простая і шукай у доме Юды Шаўла па імяні, Тарсяніна, бо вось ён моліцца. 12 (А відзеў ён мужа, на імя Ананія, уваходзячага і ўкладаючага на яго рукі, каб атрымаў зрок). 13 Ананій-жа адказаў: Пане, я чуў ад многіх аб гэтым мужу, сколькі благога ён зрабіў сьвятым тваім у Ерузаліме; 14 і тут ён мае ўладу ад архісьвятараў вязаць усіх, каторыя прызываюць імя тваё. 15 А Пан сказаў да яго: Ідзі, бо ён ёсьць для мяне выбраная пасудзіна, каб насіў імя маё перад народамі і каралямі і сынамі Ізраіля; 16 бо я яму пакажу, сколькі трэба яму цярпець за імя маё.

17 І прыйшоў Ананій, і ўвайшоў у дом, і ўзлажыўшы яму рукі, сказаў: Шаўле, браце, Пан Езус, каторы зьявіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, паслаў мяне, каб ты відзеў і быў напоўнены Духам сьвятым. 18 І зараз-жа апалі з вачэй ягоных быццам лускі і атрымаў зрок; і ўстаўшы, быў ахрышчаны. 19 І прыняўшы ежу, памацнеў.

І быў з вучнямі, якія былі ў Дамашку, праз некалькі дзён. 20 І зараз абвяшчаў у бажніцах Езуса, што ён ёсьць Сын Божы. 21 Стаўпянелі-ж усе, каторыя слухалі, і казалі: Ці-ж гэта ня той, што ў Ерузаліме выгубляў тых, каторыя прызывалі імя гэтае. І сюды патое прыйшоў, каб іх зьвязаных весьці да архісьвятараў? 22 А Шавал штораз болей мацнеў і бянтэжыў жыдоў, каторыя жылі ў Дамашку, цьвердзячы, што гэты ёсьць Хрыстус.

23 Калі-ж прайшло многа дзён, жыды зрабілі разам нараду, каб яго забіць; 27 але сталі ведамымі Шаўлу іх подступы. Яны-ж пільнавалі і брамаў і дзень і ноч, каб яго забіць. 25 Але вучні, узяўшы яго ўначы, выпусьцілі яго праз мур, спускаючы ў кашы.

26 Калі-ж прыйшоў у Ерузалім, стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, каб ён быў вучнем. 27 Але Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і расказаў ім, як ён у дарозе відзеў Пана і што гаварыў яму, і як у Дамашку сьмела выступаў у імя Езуса. 28 І прабываў з імі ў Ерузаліме, уваходзячы і выходзячы, і сьмела выступаючы ў імя Пана. 29 Гаварыў так-жа з паганамі і спорыў з грэкамі, але яны хацелі яго забіць. 30 Браты, даведаўшыся аб гэтым, адвялі яго ў Цэзарэю і адаслалі ў Тарс.

Дзейнасьць сьв. Пятра. Аздараўленьне Энэя і ўскрасеньне Табіты.

31 А Касьцёл па ўсей Юдэі і Галілеі і Самарыі меў супакой, і будаваўся, ходзячы ў страху Пана, і напўняўся пацяшэньнем Духа сьвятога.

32 І сталася, што Пётр, калі абходзіў усіх, прыйшоў да сваіх, што жылі ў Лідзьдзе. 33 Знайшоў-жа там аднаго чалавека, на імя Энэй, ад васьмі гадоў ляжачага на ложы, каторы быў спаралізаваны. 34 І сказаў яму Пётр: Энэй, аздараўляе цябе Пан Езус Хрыстус, устань і пасьцялі сабе. І ён зараз-жа ўстаў. 35 І бычылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і ў Сароне; яны навярнуліся да Пана.

36 А была ў Ёппе адна вучаніца, на імя Табіта, што пераложанае значыць Сарна. Яна была поўная добрых чынаў і дарэньняў, якія чыніла. 37 І сталася ў тыя дні, што захварэўшы памярла. Абмыўшы яе, палажылі яе ў сьвятліцы. 38 А як Лідда блізка была ад Ёппы, вучні пачуўшы, што ў ёй ёсьць Пётр, паслалі да яго двух мужоў, просячы: Не марудзь прыйсьці да нас. 39 І ўстаўшы Пётр, пайшоў з імі. І калі прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе ўдовы, плачучы і паказваючы яму сукні і вопраткі, якія рабіла для іх Сарна. 40 Выправіўшы-ж усіх проч, Пётр стаўшы на калені маліўся; і зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Табіта, устань. А яна адчыніла вочы свае і ўбачыўшы Пятра села. 41 І даўшы ей руку, падняў яе. І паклікаўшы сьвятых і ўдовы, аддаў яе жывую. 42 І стала ведама па ўсей Ёппе, і многія ўверылі ў Пана.

43 І сталася, што праз многа дзён прабываў у Ёппе, у нейкага Сымона, гарбара.

 

 

----------------------------------

Р. 9 1 - 2 "Гэтага шляху" - значыць: хрысьціянскай рэлігіі. У Дамашку была вялікая жыдоўская калонія і пасярод яе многа хрысьціян. У той час да Касьцёла наварочваліся пераважна жыды, асабліва з грэцкай культурай (гэлленісты). Шавал, малады фарызэй, ішоў у Дамашак, маючы паўнамоцтвы ад архісьвятара, якому ў справах рэлігійных былі падуладны жыды нават паза Палестынай.

4 З гэтых слоў відаць, што хто прасьледуе Касьцёл, той прасьледуе самога Хрыста.

5 "Трудна табе проціў ражна брыкаць" - значыць: трудна табе змагацца з воляй Божай. На Ўсходзе паганяюць жывёлу завостарным кіём; жывёла, брыкаючы і ня хочучы ісьці, толькі раніцца аб гэтакі ражон.

9 З гэтага відаць, якое вялікае ўражаньне зрабіла на Шаўла тое відзеньне і якая вялікая перамена адбылася ў ягонай душы!

12 Разам з Ананіяй і Павал меў відзеньне.

26 Шавал прыбыў у Ерузалім пасьля трох гадоў ад свайго навароту. Праз тры гады ён быў у Арабіі, дзе з аб'яваў Божых пазнаваў хрысьціянскую веру. У Ерузаліме ён хацеў пабачыцца з Пятром. Хрысьціяне, хоць ведалі аб ягоным навароце, ня верылі ў яго шчырасьць.

28 "Уваходзячы і выходзячы"  - значыць: стала прабываючы, жывучы.

29 "З грэкамі" г. зн. з жыдамі, прыняўшымі грэцкую культуру. 

32 Карыстаючыся з наступіўшага супакою, Пётр адведывае хрысьціянскія грамады па іншых гарадох Палестыны.

С ь в я т ы м і называліся тады хрысьціяне, бо яны былі выдзелены з сапсутага сьвету і пасьвячоны Богу і ягонай службе.

36 Ёппа - сяньняшняя Яффа, порт над міжземным морам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст