Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728

Значэньне хросту Карнэля

11 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае. 2 Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня, 3 кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?

4 А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы: 5 Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне. 6 Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных. 7 Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: "Устань, Пётра, забівай і еш". 8 Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае. 9 І адказаў голас другі раз з неба: "Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым". 10 А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.

11 І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне. 12 А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа. 13 А ён расказаў нам, як відзеў анела ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: "Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр, 14 ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом". 15 А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку. 16 І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: "Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым" (Ап. Дз. 1, 5). 17 Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу? 18 Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.

Пачатак і разьвіцьцё Касьцёла ў Антыохіі

19 А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом. 20 Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса. 21 І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.

22 І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі. 23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану; 24 бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана. 25 І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію. 26 І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.

27 У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію. 28 І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя. 29 А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі. 30 Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.

 

 

----------------------------------

Р. 11 3 - 10 Хрысьціяне з жыдоў ніяк не маглі зразумець, што і пагане могуць быць пакліканы да валадарства Божага і затым ставяць такія закіды Пятру. Пётр баронячыся, расказвае аб сваім відзеньні. Трэба ведаць, што жыду ня можна было захадзіць у дом паганаў і гасьціць там.

12 Тых шасьцёх братоў (хрысьціян), якіх Пётр быў узяўшы з сабою, ідучы з Ёппы да Карнэля, прывёў з сабою ў Ерузалім, каб перад ерузалімскаю грамадою былі сьведкамі ўсяго, што сталася з наваротам Карнэля.

18 Хрысьціяне з жыдоў ужо пачынаюць праконывацца, што прыняцьце хрысьціянства не накладае абавязку спаўняньня рытуальных практык Майсеявага закону, бо Карнэль ня быў прымушаны да абразаньня.

19 Гэтыя падзеі прыпадаюць на гады 36 - 45 па Н. Хр.

20 Антыохія была сталіцай Сырыі і налічвала тады каля паўмільёна насельніцтва. Пасьля Рыму і Александрыі была яна трэцім горадам у рымскай дзяржаве. Там у хуткім часе зарганізавалася вялікая і моцная хрысьціянская грамада.

26 Назоў: х р ы с ь ц і я н е, значыць - прыхільнікі, вызнавальнікі Хрыста. Гэтага назову не далі вызнавальнікам Хрыста жыды, бо яны гэтага імені ня любілі і называлі хрысьціян галілеянамі або назарэнамі, а далі праўдападобна пагане, каб адрозьніць вызнавальнікаў Хрыста ад вызнавальнікаў Майсеявага закону.

Хрысьціяне паміж сабою дагэтуль называліся вучнямі, выбранымі, сьвятымі, вернымі, братамі, касьцёлам Божым. Потым, калі ў самым хрысьціянстве пачалі ўзрастаць гэрэзыі і сэкты, праўдзівыя хрысьціяне сталі называць сябе к а т а л і к а м і, г. зн. не вызнавальнікамі ніякай сэкты, але сябрамі агульнага, паўсёднага касьцёла. (Па-грэцку katholike ekklesia тое самае што паўсюдны касьцёл).

30 "Паслаўшы да старшых". Старшымі (грэцк. "presbiteroi") тут завуцца ня людзі пажылых гадоў, але маючыя пэўныя правы і абавязкі ў хрысьціянскай грамадзе. Яны станавілі раду апосталаў, яны памагалі ім у кіраваньні грамадою і былі іх заступнікамі. Павал і Барнаба ўстанаўлялі такіх старшых над новазаложанымі грамадамі (касьцёламі); Павал называе нават такіх старшых біскупамі (episkopoi Ап. Дз. 20, 28), хоць яны ня былі біскупамі ў сяньняшнім значэньні. (Слова грэцкае episkopos значыць нагляднік, даглядач).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст