Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Новы прасьлед Касьцёла. Мучаніцкая сьмерць Якуба і цудоўнае звальненьне з вастрогу Пятра
12 РАЗЬДЗЕЛ.
1 А ў тым-жа часе прылажыў кароль Гэрад рукі, каб замучыць некаторых з Касьцёла. 2 І забіў Якуба, брата Янавага, мячом. 3 А бачачы, што спадабалася жыдом, дабавіў, каб узяць і Пятра. Былі-ж дні Прэснакоў. 4 Калі яго ўзяў, пасадзіў у вастрог, аддаючы чатыром чацьвёркам жаўнераў пад стражу, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго прад народ. 5 І трымалі Пятра ў вастрозе. А малітва бяз упынку адбывалася Касьцёлам за яго да Бога.
6 А калі Гэрад меў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двух жаўнераў, зьвязаны двама ланцугамі, і стражнікі перад дзьвярыма сьцераглі вастрогу. 7 І вось анел Панскі стаў побач і яснасьць засьвяціла ў памяшканьні, і ўдарыўшы ў бок Пятра, збудзіў яго, кажучы: Устань скоранька. І апалі ланцугі з рук ягоных. 8 І сказаў да яго анел: Апаяшыся і ўзлажы абутак твой. І зрабіў так. І сказаў яму: Надзень на сябе сваю вопратку і ідзі за мною. 9 І выйшаўшы, ішоў за ім і ня ведаў, што гэта праўда, што дзеялася праз анела, але думаў, што відзеньне відзеў. 10 Прайшоўшы-ж першую і другую стражу, яны прыйшлі да жалезнай брамы, каторая вядзе ў горад, яна ім сама адчынілася. І выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і зараз адыйшоў ад яго анел.
11 А Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю сапраўды, што паслаў Пан свайго анела і вырваў мяне з рукі Гэрада і з усяго чаканьня жыдоўскага народу. 12 І разважыўшы прыйшоў да дому Марыі, маткі Яна, каторы зваўся Марак, дзе былі сабраўшыся многія і маліліся. 13 Калі-ж ён стукаў у дзьверцы брамы, выйшла паслухаць дзяўчына, на імя Родэ. 14 І пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла брамы, але ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамай. 15 А яны сказалі да яе: Ты шалееш. Але яна цьвярдзіла, што гэта так. Яны-ж гаварылі: Гэта анел ягоны. 16 А Пётр не пераставаў стукаць. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і астаўпянелі. 17 Даўшы-ж знак ім рукою, каб маўчалі, ён расказаў, як Пан вывеў яго з вастрогу, і сказаў: Паведамце Якуба і братоў адб гэтым. І выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
Сьмерць Гэрада. Узрост Касьцёла
18 Калі-ж настаў дзень, была немалая трывога паміж жаўнераў, што-б сталася з Пятром. 19 А Гэрад, спытаўшыся аб ім і не знайшоўшы, зрабіўшы сьледзтва над стражнікамі, загадаў іх весьці; і выехаўшы з Юдэі ў Цэзарэю, там прабываў.
20 Быў-жа ён разгневаўшыся на Тырыйцаў. А яны аднадушна прыйшлі да яго, і праканаўшы Бласта, каторы быў над спальняю караля, прасілі супакою, таму што іншыя краіны жывіліся ад яго. 21 А ў назначаны дзень Гэрад, адзеты ў каралеўскую адзежу, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх. 22 Народ-жа крычаў: Галасы Бога, а не чалавека. 23 А зараз-жа ўдарыў яго анел Панскі, таму што не аддаў хвалу Богу, і сточаны чарвякамі, сканаў.
24 А слова Пана расло і множылася. 25 Барнаба-ж і Шавал, споўніўшы ўслужэньне, узяўшы Яна, каторы зваўся Марак, вярнуліся з Ерузаліму.
----------------------------------
Р. 12 1 Гэта быў Гэрад Антыпа І, унук Гэрада В. Ён гадаваўся ў Рыме разам з цэзарам Калігулай і быў да яго падобны ў распусным жыцьці. Прасьледуючы хрысьціян, Гэрад хацеў здабыць для сябе прыхільнасьць жыдоўскага народу.
4 Гэтыя чацьвёркі жаўнераў пачарзе пільнавалі Пятра, зьмяняючыся кожныя 6 гадзін. Прыгэтым двух было побач з Пятром, адзін перад дзьвярамі памешканьня, а адзін перад брамаю.
5 Супольная малітва Касьцёла мае вялікае значэньне і дзеля гэтага кожны верны павінен браць у ёй удзел.
6 Пётр быў прыкуты адным ланцугом да аднага жаўнера, а другім да другога.
9 Пётр спачатку думаў, што гэта сон.
17 Якуб, званы Меншым, быў біскупам Ерузаліму і сваяком Езуса Хрыста, затым часта завецца братам Пана.
22 Народ у Цэзарэі быў у большасьці паганскі і гэта ня жыды, але пагане гэтак хвалілі мову Гэрада, жыды не сказалі-б ніколі "галасы Бога, а не чалавека".
23 Гэрад не запярэчыў словам народу і пазволіў на такое блюзьнерства.
|