Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728


ІІ ЧАСЬЦЬ. КАСЬЦЁЛ ПАСЯРОД ПАГАНАЎ

Першая падарожа сьв. Паўла. Павал і Барнаба на Цыпры

13 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Былі-ж у Касьцеле, што быў у Антыохіі, прарокі і вучыцялі, паміж імі Барнаба і Сымон, каторы зваўся Чорны, і Луцый Цырэнэец, і Манаген, каторы быў выгадаваны разам з Гэрадам тэтрархай, і Шавал. 2 А калі яны адпрўлялі службу Пану і пасьцілі, сказаў ім Дух сьвяты: Адлучэце мне Шаўла і Барнабу на справу, да якое я іх узяў. 3 Тады посьцячы і молячыся, і ўзлажыўшы на іх рукі, адправілі іх.

4 І яны-то, пасланыя Духам сьвятым, пайшлі ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі ў Цыпр. 5 І калі прыбылі ў Саламіну, абвяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх. А мелі яны і Яна на ўслужэньні. 6 А перайшоўшы ўсю выспу аж да Пафы, знайшлі аднаго мужа чараўніка, фальшывага прарока, жыда, катораму на імя было Бар'езу, 7 каторы быў пры старасьце Сяргею Паўле, разумным мужу. Гэты, паклікаўшы Барнабу і Шаўла, жадаў слухаць слова Божае. 8 Супраціўляўся-ж ім Элімас чараўнік (бо гэтак тлумачыцца імя ягонае), стараючыся адвярнуць старасту ад веры. 9 А Шавал, ён-жа і Павал, напоўнены Духам сьвятым, углядаючыся на яго, 10 сказаў: О поўны ўсякай здрады і ўсякай крывадушнасьці сыне д'ябла, ворагу ўсякай справядлівасьці, ты не перастаеш выварачываць простыя дарогі Пана. 11 І вось цяпер рука Пана над табою, і будзеш сьляпы, ня відзячы сонца аж да часу. І зараз-жа паў на яго змрок і цемра, і ходзячы навакол, шукаў, хто-б яму падаў руку. 12 Тады стараста, увідзеўшы, што сталася, уверыў, дзівячыся над навукай Пана.

Павал і Барнаба ў Антыохіі Пізыдзкай. Прамова Паўла

13 Калі-ж Павал і тыя, што з ім былі, адплылі з Пафы, прыбылі ў Пэргу, у Памфіліі. Ян-жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерузалім. 14 А яны, прайшоўшы Пэргу, прыйшлі ў Антыохію Пізыдзкую, і ўвайшоўшы ў бажніцу ў дзень суботні, селі. 15 Пасьля-ж прачытаньня закону і прарокаў паслалі старшыя над бажніцай да іх, кажучы: Мужы браты, калі ёсьць у вас якая мова напамінаньня да народу, кажэце.

16 Устаўшы-ж Павал і рукою наказаўшы маўчаньне, сказаў: Мужы Ізраільскія і каторыя баіцёся Бога, слухайце. 17 Бог народу Ізраільскага выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі  ў зямлі Эгіпскай, і вывеў іх вышняю рукою з яе, 18 і праз сорак гадоў часу перанасіў іх абычаі ў пустыні. 19 І зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, лёсам падзяліў ім зямлю іх, 20 каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў потым; а пасьля гэтага даў судзьдзяў аж да Самуэля прарока. 21 І ад таго часу прасілі аб караля, і даў ім Бог Саула, сына Ціса, мужа з пакаленьня Бэн'яміна, сарака гадоў. 22 І адкінуўшы яго, падняў ім Давіда караля, катораму даючы пасьведчаньне, сказаў: "Знайшоў я Давіда, сына Ессага, мужа паводле сэрца майго, каторы будзе чыніць усе заданьні мае" (І Карал. 13, 14). 23 З яго патомства Бог, паводле абяцаньня, вывеў для Ізраіля Збаўцу Езуса, 24 калі Ян перад воблікам прыходу ягонага абвяшчаў хрост пакуты ўсяму народу Ізарільскаму. 25 Калі-ж Ян споўніў свой бег, казаў: "За каго вы мяне ўважаеце, я ня ёсьць; але вось ідзе за мною, каторага я ня годзен разьвязаць абутак з ног".

26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і каторыя паміж вас баяцца Бога, вам паслана слова гэтага збаўленьня. 27 Бо каторыя жылі ў Ерузаліме і павадары ягоныя, не пазнаўшы яго і асудзіўшы, выпаўнілі прарочыя галасы, якія чытаюцца кожную суботу, 28 і не занайшоўшы з ім ніякай прычыны сьмерці, прасілі ў Пілата, каб яго забіць. 29 А калі даканалі ўсё, што аб ім было напісана, зьняўшы яго з дрэва, палажылі яго ў гробе. 30 Але Бог падняў яго з умерлых трэцяга дня. Яго бачылі праз многія дні тыя, 31 каторыя разам з ім прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, каторыя аж дагэтуль ёсьць сьведкамі яго перад народам. 32 І мы вам абвяшчаем тое абяцаньне, якое сталася да айцоў нашых, 33 што Бог выпаўніў яго дзецям нашым, падняўшы Езуса, як і напісана ёсьць у другім псальме: "Ты ёсьць Сын мой, я сягоньня радзіў цябе". 34 А што падняў яго з умерлых, каб болей ужо не варочаўся да гніцьця, так сказаў: Што "дам вам сьвятое Давідава вернае" (Із. 55, 3). 35 Дзеля таго і ў другім месцы кажа: "Ня дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця" (Пс. 16, 10). 36 Бо Давід, на вяку сваім паслужыўшы волі Божай, заснуў і далучаны ёсьць да айцоў сваіх і ўбачыў гніцьцё. 37 Але каго Бог ускрасіў з умерлых, той ня бачыў гніцьця.

38 Няхай-жа будзе вам ведама, мужы браты, што праз яго абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў; і ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданымі праз закон Майсея, 39 праз яго кожны, хто верыць, бывае апраўданы. 40 Дык глядзеце, каб ня прыйшло на вас, што сказана ў прарокаў: 41 "Убачце, пагарднікі, і дзівецеся, і згіньце, бо чыню справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі-б хто расказаў вам" (Аввак. 1, 5).

42 А калі яны выходзілі, прасілі, каб у наступную суботу гаварылі да іх гэтыя словы. 43 Калі-ж была распушчана бажніца, многа жыдоў і набожных нованаверненых пайшло за Паўлам і Барнабай, каторыя гаворачы радзілі ім трываць у ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божага. 45 Але жыды, убачыўшы грамады, напоўніліся зайздрасьцяй і блюзьнячы пярэчылі таму, што гаварыў Павал. 46 Тады Павал і Барнаба цьвёрда сказалі: Для вас трэба было наўперад гаварыць слова Божае, але затым што вы адкідаеце яго і прызнаецё сябе нягоднымі жыцьця вечнага, вось іы зварочваемся да паганаў. 47 Бо гэтак загадаў нам Пан: "Паставіў цябе на сьветласьць паганаў, каб быў на збаўленьне аж край зямлі" (Із. 49, 6). 48 Пагане-ж пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Пана; і ўверылі каторыя-толькі былі прызначаны да жыцьця вечнага.

49 І разсявалася слова Пана па ўсей краіне. 50 Але жыды падбурылі набожных і паважаных жанчын і першых у горадзе, і паднялі прасьлед проці Паўла і Барнабы, і выкінулі іх з сваіх граніц. 51 Яны-ж, абтросшы на іх пыл з ног, прыйшлі ў Іконію. 52 Вучні так-жа напаўняліся радасьцяй і Духам сьвятым.

 

 

----------------------------------

Р. 13 1 "Прарокі" мелі дар выказваньня аб'яваў Духа сьв. а "вучыцялі" - мелі дар навучаньня эванэліі. Яны мелі ў першапачатковым касьцёле вялікае значэньне.

2 "Адпраўлялі службу" г. зн. набажэнства. Служба Божая складалася тады з малітваў, навукі, прарочаньня і сьв. Эўхарыстыі.

3 Прарокі і вучыцялі антыохскія праз узлажэньне рук не далі Паўлу і Барнабе дару апостальства, бо Павал быў пакліканы самым Хрыстом, а Барнаба - апосталамі, а далі ім багаславенства і паўнамоцтва ад касьцёла ў Антыохіі на іх працу.

5 Саламіна - порт на Цыпры. Павал і Барнаба зварочваюцца найперш да жыдоў, бо да іх першых трэба было зварочвацца паводле загаду Хрыстовага (Мт. 10, 6; 15, 24), апроч гэтага ў жыдоўскія бажніцы прыходзілі ня толькі жыды, але і прозэліты, якія шукалі праўды Божай. Пасярод гэтых апошніх было многа прыхільнікаў навукі Хрыстовай.

7 Стараста Сяргей, відаць, належаў да тых знатных рымлян, якія любілі мець на сваім двары вучоных і чараўнікоў, знаючых таёмныя сілы прыроды і паказваючых розныя дзівы. Сяргей, пачуўшы аб Паўле і Барнабе, хацеў і іх паслухаць, што было непрыемным для таго чараўніка-мага.

9 Шавал (Саул) зьмяніў сваё жыдоўскае імя на рымскае Павал (Паўлус), каб мець доступ да рымлян і грэкаў.

11 "Да часу" значыць: пакуль не навернесься.

13 Памфілія - правінцыя ў Малой Азіі. Тут Ян Марак пакінуў апосталаў і вярнуўся ў Ерузалім, чым адхіліў ад сябе Паўла.

14 Гэта была другая Антыохія, якая ляжала пасярэдзіне М. Азіі на гандлёвым шляху з Эзэфу на Усход. Насельніцтва складалася з фрыгійцаў, грэкаў, рымлян і жыдоў.

16 "Каторыя баіцёся Бога" - гэта зварот адносіўся да паганаў, наверненых на жыдоўскую веру (прозэлітаў).

25 "Ян споўніў свой бег" - зн. скончыў сваё пасланства.

27 "Выпаўнілі прарочыя галасы" г. зн. споўнілі тое, што было напісана прарокамі аб Хрысьце.

30 - 31 Праўда аб ускрасеньні Хрыстовым заўсёды вясьцілася апосталамі, як галоўная праўда хрысьціянства. Сьведкамі ўскросу Хрыстовага былі тыя, якія яго відзелі ўскросшым, прабывалі з ім і датыкаліся да яго.

35 - 37 Словы : "Не дасі Сьвятому твайму ўбачыць гніцьця" ня могуць адносіцца да Давіда, бо ён памёр і быў падлеглы гніцьцю, значыць, ён ёсьць Мэсыяш, бо на ім споўніліся гэтыя прарочыя словы.

44 Прыйшлі ў бажніцу і прозэліты, каб слухаць Паўла і гэта вельмі абурыла жыдоў.

51 "Абтросшы пыл" гл. Мт. 10, 14.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст