Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Павал і Барнаба ў Іконіі
14 РАЗЬДЗЕЛ.
1 І сталася ў Іконіі, што ўвайшлі яны разам у жыдоўскую бажніцу і гаварылі так, што ўверыла вялікае мноства жыдоў і грэкаў. 2 Тыя-ж жыды, што былі нявернымі, паднялі і падбурылі да гневу душы паганаў проціў братоў. 3 Дык многа часу правялі, адважна выступаючы ў Пану, каторы даваў слову пасьведчаньне сваей ласкі і чыніў, што знакі і цуды дзеяліся праз рукі іх. 4 І падзялілася мноства гораду: і былі адны з жыдамі, а другія з апосталамі. 5 Калі-ж стаўся націск паганаў і жыдоў з іншымі павадырамі, каб іх зьняважыць і закаменаваць, 6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады, Лістру і Дэрбу, і ўсю навакол краіну, і там абвяшчалі эванэлію.
Павал і Барнаба ў Лістры і Дэрбе
7 І сядзеў у Лістры адзін муж хворы на ногі, кульгавы з лона маткі сваей, каторы ніколі не хадзіў. 8 Ён слухаў гаворачага Паўла. Гэты, глянуўшы на яго і бачучы, што мае веру, каб стацца здаровым, 9 сказаў вялікім голасам: Устань на твае ногі проста! І выскачыў і хадзіў.
10 Грамады-ж, калі ўбачылі, што ўчыніў Павал, паднялі свой голас, па-лікаонску кажучы: Багі, стаўшыся падобнымі да людзей,зыйшлі да нас. 11 І называлі Барнабу Юпітэрам, а Паўла Мэркурым, бо ён быў павадыром у слове. 12 Сьвятар так-жа Юпітэра, быўшага перад горадам, даставіўшы валы і вянкі да брамаў, хацеў з народам складаць ахвяру. 13 Калі аб гэтым пачулі апосталы Барнаба і Павал, разьдзёршы адзежу сваю, яны скочылі ў грамады, крычачы 14 і кажучы: Мужы, што вы гэта робіце? І мы ёсьць сьмяротныя, падобныя да вас людзі; мы абвяшчаем вам, каб вы ад гэтых марнотаў навярнуліся да Бога жывога, каторы ўчыніў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсьць; 15 каторы ў мілулых вякох дапусьціў усім паганам ісьці сваімі дарогамі. 16 Аднака-ж не пакінуў самога сябе без пасьведчаньня, чынячы дабро з неба, даючы дажджы і ўраджайныя часы, напаўняючы ежай і радасьцяй сэрцы нашыя. 17 І гэта кажучы, ледзь успакоілі грамады, каб ім не ахвяравалі.
18 А надыйшлі некаторыя жыды з Антыохіі і Іконіі і нагаварыўшы грамады ды ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі за горад, думаючы, што ён памёр. 19 Але калі яго абступілі вучні, ён устаўшы, увайшоў у горад і на другі дзень рушыў з Барнабай у Дэрбу.
Паварот у Антыохію сырыйскую
20 Калі-ж абвесьцілі эванэлію гэнаму гораду і многіх навучылі, вярнуліся ў Лістру, і ў Іконію, і ў Антыохію, 21 уцьвярджаючы душы вучняў і напамінаючы, каб трывалі ў веры, ды што праз многа ўцісьненьняў трэба нам увайсьці ў каралеўства Божае. 22 І калі паставілі ім сьвятараў у кожным касьцеле і памаліліся з пастамі, паручылі іх Пану, у каторага ўверылі. 23 А прайшоўшы Пізыдыю, прыйшлі ў Памфілію, 24 і сказаўшы слова Пана ў Пэрзе, пайшлі ў Атлію, 25 а адтуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую споўнілі.
26 А прыйшоўшы і сабраўшы касьцёл, расказалі, сколькі ўчыніў з імі Бог і што адчыніў паганам дзьверы веры. 27 І прабылі немалы час з вучнямі.
----------------------------------
Р. 14 11 Барнаба быў большага ўзросту, дык яго прыймалі за Юпітэра (Зэуса), а гаваркога Паўла за Мэркурага, пасланца багоў.
12 Сьвятыня Юпітэра была за гарадзкімі сьценамі, дык і называлася "Зэус перад горадам". Сьвятар прывёў валы да брамаў дому, дзе жылі апосталы.
13 "Разьдзёршы адзежу сваю" - паводле тагачаснага звычаю на знак жалю і смутку.
15 Паганамі Бог не апекаваўся так, як жыдамі, каторым даў Закон.
16 Аднака-ж і пагане маглі пазнаць Бога з Ягоных дабрадзействаў і дамэтнасьці ў прыродзе.
18 Як бачым, народ у сваей масе ёсьць заўсёды зьменлівы і ідзе за тым, хто ўмее выкарыстаць ягоныя слабасьці і часовыя настроі.
25 Вярнуліся да Антыохіі Сырыйскай каля 48 г. пасьля Нар. Хрыста.
|