Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728


Прамова сьв. Паўла

22 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Мужы браты і айцы, паслухайце, якую я цяпер здаю вам справу. 2 Калі-ж пачулі, што ў жыдоўскай мове гаварыў да іх, учынілі яшчэ большую цішыню. 3 І сказаў: Я ёсьць муж жыд, радзіўшыся ў Тарсе ў Цыліцыі, а ўзгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамалійэля навучаны паводле праўды айцоўскага закону, рупны слуга закону, так як і вы ўсе сягоньня; 4 я прасьледаваў гэты шлях аж да сьмерці, вяжучы і перадаючы ў вастрог мужоў і жанчын. 5 Як архісьвятар дае мне пасьведчаньне і ўсе старшыя, ад каторых атрымаўшы і пісьмы ад братоў, я ішоў у Дамашак, каб прывесьці адтуль зьвязаных у Ерузалім, каб іх пакараць.

6 І сталася, калі я ішоў і прыбліжаўся да Дамашку ў поўдзень, раптам асьвяціла мяне навакол вялікая сьветласьць з неба. 7 І ўпаўшы на зямлю, пачуў я голас, кажучы мне: "Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш"? 8 А я адказаў: Хто ты ёсьць, Пане? І сказаў да мяне: "Я ёсьць Езус Назарэнскі, каторага ты прасьледуеш". 9 А тыя, што былі са мною, сьветласьць то бачылі, але голасу ня чулі таго, хто са мною гаварыў. 10 І я сказаў: Што мне рабіць, Пане? А Пан сказаў да мяне: "Устаўшы ідзі ў Дамашак, а там скажуць табе аб усім, што табе трэба рабіць". 11 А калі я ня відзеў дзеля яснасьці таго сьвятла, ведзены за руку таварышамі, прыйшоў я ў Дамашак. 12 Адзін-жа Ананій, муж паводле закону, маючы пасьведчаньне ад усіх разам жывучых жыдоў, 13 прыйшоўшы да мяне, сказаў мне: "Шаўле, браце, праглянь". І я ў тую-ж часіну глянуў на яго. 14 А ён сказаў: "Бог айцоў нашых празначыў цябе, каб ты пазнаў волю яго, і ўбачыў Справядлівага, і пачуў голас з вуснаў ягоных. 15 Бо будзеш сьведкай ягоным перад усімі людзьмі таго, што ты бачыў і чуў. 16 І цяпер чаго марудзіш? Устань, і ахрысьціся, і змый грахі твае, прызваўшы імя ягонае".

17 А сталася, калі я вярнуўся ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, я папаў у захапленьне. 18 І відзеў яго, кажучага мне: "Сьпяшайся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго пасьведчаньня аба мне". 19 А я сказаў: Пане, яны ведаюць, што я саджаў у вастрог і біў тых, што верылі ў цябе. 20 І калі лілася кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, я стаяў там і згаджаўся і сьцярог вопратак тых, што забівалі яго. 21 І сказаў да мяне: "Ідзі, бо я да паганаў далёка пашлю цябе".

22 І слухалі яго аж да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: зьніштож з зямлі гэтага, бо нельга, каб ён жыў! 23 А калі яны крычалі і кідалі вопраткі свае і шпурлялі пыл у паветра, 24 тысячнік загадаў увесьці яго ў лагер і біць бічамі і катаваць яго, каб даведацца, дзеля якой прычыны так на яго крычалі. 25 Калі-ж зьвязалі яго рамнямі, Павал сказаў да стаяўшага каля яго сотніка: Ці чалавека рымляніна і незасуджанага можна вам бічаваць? 26 Пачуўшы гэтае, сотнік падыйшоў да тысячніка і абвясьціў яму, кажучы: што хочаш рабіць? Бо гэты чалавек ёсьць рымскі грамадзянін. 27 І падыйшоўшы тысячнік сказаў яму: Скажы мне, ці ты рымлянін? А ён сказаў: Так. 28 І адказаў тысячнік: Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства. А Павал сказаў: А я і ўрадзіўся. 29 Дык зараз адступілі ад яго тыя, што мелі яго катаваць. Тысячнік так-жа спалохаўся, як даведаўся, што ён рымскі грамадзянін і што зьвязаў яго.

30 На другі-ж дзень, хочучы дакладней даведацца, з якой прычыны быў вінавачаны жыдамі, разьвязаў яго, і загадаў зыйсьціся сьвятарам і ўсей Радзе, і вывеўшы Паўла, паставіў паміж іх.

 

 

----------------------------------

Р. 22 "У ног Гамалійэля" трэба разумець даслоўна, бо ў жыдоў вучыцель (раббі) сядзеў звычайна на столку, а вучні на зямлі ля ягоных ног.

5 "Да братоў" - значыць: да жыдоў у Дамашку.

14 "Убачыў Справядлівага" г. зн. Мэсыяша.

18 У захапленьні Павал відзеў Хрыстуса, які загадаў яму выйсьці з Ерузаліму, бо праца ягоная ў гэтым горадзе была-б бясплодная. З гэтага відаць, што Павал пасьля свайго навароту думаў працаваць у Ерузаліме.

22 Калі Павал успомніў аб паганах, злосьць у жыдоў узьнялася нанова.

24 Тысячнік, не разумеючы жыдоўскай (арамайскай) мовы, з крыку і шалу жыдоў зрабіў вывад, што мае прад сабою нейкага праступніка і хацеў праз катаваньне даведацца ад Паўла ўсей праўды.

30 Тысячнік склікаў Сангэдрын, каб даведацца, у чым жыды вінавацяць Паўла.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст