Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728


Павал перад Сангэдрынам

23 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Углядаючыся-ж на Раду, Павал сказаў: Мужы браты, ва ўсякім добрым сумленьні прабываў я перад Богам аж па сяньняшні дзень. 2 А архісьвятар Ананій загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны. 3 Тады Павал сказаў да яго: Ударыць цябе Бог, сьцяна пабеленая. Ты-ж седзячы судзіш мяне паводле закону, а загадываеш мяне біць супроць закону? 4 А тыя, што стаялі пры ім, сказалі: Архісьвятару Божаму ты наругаесься? 5 А Павал сказаў: Ня ведаў я, браты, што ён архісьвятар. Бо ёсьць напісана: "Павадыру народу твайго не наругайся". (Вых. 22, 28).

6 Павал-жа, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарызэяў, ускрыкнуў у Радзе: Мужы браты, я ёсьць фарызэй, сын фарызэяў; мяне судзяць за надзею і ўскрашэньне ўмерлых. 7 А калі гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарызэямі і садукеямі і разарвалася сабраньне. 8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрашэньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць і адно і другое. 9 І стаўся вялікі крык. А ўстаўшы некаторыя з фарызэяў, змагаліся, кажучы: Мы нічога благога не знаходзім у гэтым чалавеку. А можа з ім гаварыў дух або анёл? 10 І калі стаўся вялікі спор, тысячнік баючыся, каб яны Паўла не разарвалі, загадаў жаўнерам ісьці і вырваць яго спасярод іх і завясьці яго ў лагер.

11 А ў наступную ноч Пан, стаўшы пры ім, сказаў: Будзь стойкі, бо як ты сьведчыў аба мне ў Ерузаліме, так трэба, каб ты сьведчыў і ў Рыме.

Змова на жыцьцё Паўла

12 Калі-ж настаў дзень, сабраліся некаторыя з жыдоў і пакаяліся сабе, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб'юць Паўла. 13 Было-ж болей як сорак мужоў, каторыя зрабілі гэту змову. 14 Яны прыйшлі да архісьвятараў і старшых і сказалі: Мы кляцьбою пакляліся, што не пакаштуем нічога, пакуль не заб'ём Паўла. 15 Дык вы цяпер паведамце тысячніка з Радаю, каб прывёў яго да вас, быццам вы маеце нешта пэнейшае даведацца аб ім. А мы, перш чым ён прыбліжыцца, прагатовіліся яго забіць.

16 Калі-ж пачуў сын Паўлавай сястры аб подступах, прыйшоў і ўвайшоў у лагер, і паведаміў Паўла. 17 Павал-жа, паклікаўшы да сябе аднаго з сотнікаў, сказаў: Гэтага дзяцюка завядзі да тысячніка, бо мае яму нешта далажыць. 18 І гэны-то ўзяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Павал прасіў мяне завясьці гэтага дзяцюка да цябе, ён мае табе нешта сказаць. 19 А тысячнік, узяўшы яго за руку, адыйшоў з ім набок і спытаўся ў яго: што такое, што ты маеш мне далажыць? 20 Ён-жа сказаў: жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты ўзаўтра вывеў Паўла ў Раду, быцца яны маюць нешта пэўнейшае даведацца аб ім. 21 Але ты ня вер ім, бо з іх змовіліся на яго болей як сорак мужоў, каторыя пакляліся ня есьці і ня піць, пакуль не загубяць яго; і цяпер яны гатовы, чакаючы твайго абяцаньня. 22 Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, каб нікому не гаварыў, што аб гэтым яго паведаміў.

Павал адасланы ў Цэзарэю

23 І паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў ім: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ішлі аж у Цэзарэю, і семдзесят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў на трэцюю гадзіну ночы. 24 І прыгатуйце жывёлу, каб пасадзіўшы Паўла, здаровага адвялі да начальніка Фэлікса. 25 (Бо ён баяўся, каб яго часам не хвацілі жыды і не забілі, і каб ён потым ня зносіў абгавору, быццам меў атрымаць грошы). 26 Напісаў пісьмо, зьмяшчаючае гэтае: Клаўдый Лізій высокадастойнаму начальніку Фэліксу, прывет. 27 Гэтага мужа, злоўленага жыдамі, калі яны мелі яго забіць, я надыйшоўшы з войскам вырваў, пазнаўшы, што ён рымлянін. 28 А хочучы ведаць прычыну, якую яны яму закідалі, я завёў яго ў іхную Раду. 29 Знайшоў яго абвінавачанага ў справах іхнага закону, але ня маючага ніякай віны, годнай сьмерці або вастрогу. 30 А калі мне было данесена аб подступах, якія яны прыгатовілі яму, я паслаў яго да цябе, паведамлючы і тых, што яго вінавацілі, уаб гаварылі перад табою. Бывай здароў.

31 Дык жаўнеры паводле таго, як і было загадана, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду. 32 А назаўтра, аставіўшы коньнікаў, каб ішлі з ім, вярнуліся ў лагер. 33 Калі яны прыбылі ў Цэзарэю і перадалі пісьмо начальніку, паставілі перад ім і Паўла. 34 А калі прачытаў і спытаўся, з якой быў правінцыі, і даведаўшыся, што з Цыліцыі, 35 сказаў: Выслухаю цябе, калі прыйдуць тыя, што цябе вінавацяць. І загадаў яго пільнаваць у палацы Гэрада.

 

 

----------------------------------

Р. 23 3 "Сьцяна пабеленая" - тое самае што крывадушнік. Ананій быў потым забіты сваімі-ж суродзічамі-жыдамі.

6 Хочучы паказаць тысячніку, што ня ўвесь Сангэдрын проціў яго, Павал узьнімае спор паміж сябрамі сангэдрыну: фарызэямі і садукеямі.

9 Гутарка тут аб зьяўленьні Хрыста ў дарозе Паўла да Дамашку, аб чым Павал гаварыў да жыдоў учора са сходаў замку.

23 Дзіднікі - гэта была лёгка-ўваружаная рымская пяхота. Гадзіна трэцяя ночы - наша дзевятая ўвечары.

26 Фэлікс быў старастай Юдэі ад 53 па 60 г. Рымскі гісторык Тацыт піша аб ім, як аб чалавеку жорсткім з дрэннымі нахіламі.

31 Антыпатрыда была адлеглай на 63 клм. ад Ерузаліму і 39 клм. ад Цэзарэі.

34 З якой правінцыі, сэнацкай ці цэзарэйскай? Цыліцыя з горадам Тарсам, адкуль паходзіў Павал, была правінцыяй цэзарскай і затым падлеглай суду цэзарскаму. Дзеля гэтага Фэлікс мог разглядаць і судзіць справу Паўла.

35 Палац гэты збудаваў Гэрад В., ў ім жылі рымскія старасты і там-жа была вязьніца. 


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст