Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Аздараўленьне кульгавага каля сьвятыні
3 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Пётр-жа і Ян ішлі на гадзіну ў сьвятыню дзевятаю малітвы. 2 І нясьлі аднаго чалавека, каторы быў кульгавы з лона маткі сваей; яго штодня клалі каля сьвятыні брамы, што завецца Прыгожай, каб прасіў дарэньня ад уваходзячых у сьвятыню. 3 Той, як убачыў Пятра і Яна, пачынаючых уваходзіць у сьвятыню, прасіў, каб атрымаць дарэньне. 4 А ўглядаючыся на яго Пётр з Янам, сказаў: Паглянь на нас. 5 Ён-жа ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць. 6 А Пётр сказаў: Серабра і золата ў мяне няма, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста Назарэнскага ўстань і хадзі. 7 І ўзяўшы яго за правую руку, падняў яго, і зараз-жа акрэплі ногі і ступені ягоны. 8 І ўскочыўшы стаў і хадзіў; і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і падскаківаючы і хвалячы Бога. 9 І відзеў яго ўвесь народ ходзячага і хвалячага Бога. 10 І пазнавалі яго, што гэта быў той, каторы дзеля дарэньня садзіўся каля Прыгожай брамы сьвятыні; і былі напоўнены здумленьнем і захопленьнем дзеля таго, што было яму сталася. 11 А калі ён дзяражаўся Пятра і Яна, зьбегся да іх увесь народ у прысенак, што завецца Саламонавым, здумлеваючыся.
Другая прамова Пятра
12 А відзячы Пётр адазваўся да народу: Мужы Ізраільскія, што вы дзівіцёся з гэтага, або што вы ўгледаецеся на нас, быццам мы нашай моцай або ўладай зрабілі, што гэты ходзіць? 13 Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Сына свайго Езуса, каторага вы-то выдаля і адракліся перад Пілатам; калі той судзіў, каб быў звольнены. 14 Вы-ж адракліся ад сьвятога і справядлівага, і прасілі, каб вам падарыў мужа забойцу, 15 а спраўцу жыцьця вы забілі; каторага Бог падняў з умерлых, чаго мы ёсьць сьведкі. 16 І дзеля веры ў імя яго ўзмацавала імя ягонае гэтага, каторага вы бачыце і знаеце, і вера, каторая праз яго ёсьць, дала поўнае гэтае аздараўленьне на вачах вас усіх.
17 А цяпер, браты, ведаю, што зрабілі вы праз нясьведамасьць, так як і вашыя старшыя. 18 Бог-жа гэтак споўніў тое, што прадказаў праз вусны ўсіх прарокаў, што Хрыстус ягоны мае цярпець.
19 Дык пакутуйце і навярнецеся, каб былі зьніштожаны грахі вашы, 20 каб, калі прыйдуць часы ахалоды ад вобліку Пана, ды ён паслаў таго, каторы ёсьць абвешчаны вам, Езуса Хрыста. 21 Яго-то трэба, каб прыняло неба аж да часаў направы ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны сваіх сьвятых ад веку прарокаў. 22 Майсей-то сказаў: "што прарока падыйме вам Пан Бог ваш з братоў вашых, так як мяне; яго будзеце слухаць ва ўсім, што-колечы будзе вам гаварыць (Дл. 18, 15, 18). 23 І будзе, што ўсякая душа, якая не паслухае гэнага прарока, будзе выкаранена з народу" (Лев. 23, 29). 24 І ўсе прарокі ад Самуэля і потым, каторыя гаварылі, абвяшчалі гэтыя дні. 25 Вы ёсьць сыны прарокаў і ўмовы, якую ўстанавіў Бог з нашымі айцамі, кажучы да Абрагама: "І ў патомстве тваім будуць багаслаўлены ўсе народы зямлі" (Ген. 22, 18). 26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына свайго, паслаў багаславіць вам, каб кожны навярнуўся ад нягоднасьці сваей.
----------------------------------
Р. 3. 1 "На гадзіну дзевятую" г. зн. на нашу трэцюю па палудні.
2 Брама, якая звалася Прыгожай, была паміж панадворкам жанчын і панадворкам сьвятараў.
11 Панадворкі сьвятыні былі акружаны будынкамі на калюмнах; будынкі гэтыя дзяліліся на часткі, званыя прысенкамі.
17 Народ жыдоўскі, жадаючы сьмерці для Хрыста, рабіў гэта праз нясьведамасьць, не здаючы сабе справы, што забівае Хрыста-Мэсыяша.
19 - 21 Думка ў гэтых радкох такая, што Езус узыйшоў у неба і будзе там аж да свайго другога прыходу на апошні суд. Тады наступяць часы поўнага шчасьця і абновы ўсіх рэчаў. Наварот людзей і пакаяньне многіх гэты час прысьпяшыць. З гэтага відаць, што першыя хрысьціяне, хоць і спадзяваліся хуткага прыходу Езуса Хрыста і канца сьвету, то гэты прыход зьвязвалі з наваротам і пакаяньнем людзей.
23 "Выкараненьня з народу" - значыць, вылучэньня з валадарства Хрыстовага.
25 Жыды ў спадчыне атрымалі прароцтвы і ўмову, якая была зроблена паміж Богам і Абрагамам і да іх у першую чаргу належаць прароцтвы і абяцаньні мэсыянскія.
26 Сын Божы ўчалавечыўся для збаўленьня ўсіх людзей, але жыды былі першыя пакліканы да валадарства Божага.
|