Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Прасьлед апосталаў і малітва Касьцёла.
4 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Калі-ж яны гаварылі да народу, надыйшлі сьвятары і начальнік сьвятыні і садукеі, 2 абураныя, што яны вучылі народ і абвяшчалі ў Езусе ўскрасеньне з умерлых. 3 І налажылі на іх рукі і пасадзілі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар. 4 Многія-ж з тых, што слухалі слова, уверылі; і было лікам мужоў пяць тысяч.
5 І сталася назаўтра, што сабраліся павадары іх і старшыя і кніжнікі ў Ерузалім, 6 і Аннаш, архісьвятар, і Каіфаш, і Ян, і Аляксандар, і сколькі іх было з сьвятарскага роду. 7 І паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталі: Якою моцай ці якім імянем вы гэтае ўчынілі?
8 Тады Пётр, напоўнены Духам сьвятым, сказаў да іх: Павадыры народу і старшыя, слухайце! 9 Калі мы сягоньні ёсьць суджаны за дабрадзейства для нядужага чалавека, праз якое гэты быў аздароўлены, 10 няхай будзе ведама вам усім і ўсяму народу Ізраільскаму, што іменем Пана нашага Езуса Хрыста Назарэнскага, каторага вы ўкрыжавалі, каторага Бог падняў з умерлых, праз яго гэты стаіць здаровы перад вамі. 11 Гэта камень адкінуты вамі будаўнічымі, каторы стаўся галавою вугла (Пс. 117, 22), 12 і няма ў нікім іншым збаўленьня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, у якім трэба было-б нам збаўляцца.
13 Бачучы-ж стойкасьць Пятра і Яна, зразумеўшы, што яны людзі без навукі і простыя, дзівіліся; і пазналі іх, што былі з Езусам. 14 Бачучы так-жа чалавека, стаячага з імі, каторы быў аздароўлены, нічога не маглі сказаць проціў. 15 І загадалі ім выйсьці проч з Рады і нараджаліся паміж сабою, 16 кажучы: што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо-ж ведамы цуд учынены ёсьць праз іх, яўны для ўсіх жывучых у Ерузаліме, і мы ня можам запярэчыць. 17 Але каб болей не разыходзілася ў народзе, пагрозім ім, каб болей не гаварылі ў гэтае імя нікому з людзей. 18 І паклікаўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі і не навучалі ў імя Езуса. 19 Пётр-жа і Ян адказваючы сказалі да іх: Ці справядліва гэта перад вачамі Бога вас болей слухаць, чым Бога, разсудзеце. 20 Бо мы ня можам не гаварыць, што мы бачылі і чулі. 21 Яны-ж пагразіўшы пусьцілі іх, не знаходзячы, як-бы пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі тое, што было сталася ў гэтым здарэньні. 22 Гадоў-жа было болей сарака чалавеку, з каторым стаўся гэты цуд аздараўленьня.
23 Калі-ж іх пусьцілі, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што да іх гаварылі архісьвятары і старшыя. 24 Яны пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і казалі: Пане, гэта Ты, каторы стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх ёсьць; 25 каторы Духам сьвятым праз вусны айца нашага Давіда, слугі твайго, сказаў: чаму ўзбурыліся пагане і народы памышлялі пустое? 26 Паўсталі валадары зямлі і павадыры зыйшліся ў вадно проціў Пана і проціў Хрыстуса ягонага"? (Пс. 2, 1-2). 27 Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе проціў сьвятога Сына твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Гэрад і Понцый Пілат з паганамі і народамі Ізраіля, 28 каб учыніць тое, што рука твая і рада твая пастанавілі, каб сталася. 29 А цяпер, Пане, узглянь на пагрозы іх і дай слугам тваім з усей адвагай гаварыць слова тваё, 30 праз тое, што працягнеш руку тваю на аздараўленьні, і каб знакі і цуды дзеяліся праз імя сьвятога Сына твайго, Езуса. 31 І калі яны маліліся, задрыжала месца, на якім яны былі сабраўшыся; і напоўнеы былі ўсе Духам сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагай.
Еднасьць і любоў паміж першых хрысьціянаў
32 А ў мноства веручых было адно сэрца і адна душа; і ніхто з таго, што меў, нічога не называў сваім, але было ў іх усё супольнае. 33 І з вялікай моцай давалі апосталы пасьведчаньне аб ускрасеньні Езуса Хрыста, Пана нашага; і вялікая ласка была ва ўсіх іх. 34 І ня было паміж імі нікога церпячага недастатак, бо каторыя толькі-мелі палі або дамы, прадаўшы, прыносілі заплату за тое, што прадавалі 35 і клалі ля ног апосталаў. А дзялілася кажнаму, як яму трэба было. 36 І Язэп, названы апосталамі Барнаба (што значыць: Сын пацяшэньня), левіт, родам з Цыпру, 37 маючы поле, прадаў яго і прынёс заплату і палажыў ля ног апосталаў.
----------------------------------
Р. 4 1 "Начальнік сьвятыні", або начальнік стражы, якая пільнавала парадку ў сьвятыні, меў вялікае значэньне: ён быў першы па архісьвятары.
4 Пяць тысяч хрысьціян - гэта была першапачаткавая хрысьціянская грамада (гміна).
6 Аб Аннашы і Каіфашы гл. Ян 18, 13 - 19.
11 Гл. Мт. 21, 42.
24 Маем тут прыгожы прыклад супольнай малітвы хрысьціян, якую яны, магчыма, паўтаралі за адным адмаўляючым або, паводле жыдоўскага звычаю, на канцы малітвы пацьвярджалі словам: Амэн (няхай станецца).
31 Бог гэтакім адчувальным спосабам дае пазнаць, што выслухаў малітву Касьцёла і зсылае на іх Духа сьв., каб з адвагай абвяшчалі слова Божае.
32 Супольнасьць маемасьці выплывае з хрысьціянскай любові бліжняга: "Было адно сэрца і адна душа". Гл. вышэй 2, 44 - 45.
|