Уступ – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Ананій і Сафіра
5 РАЗЬДЗЕЛ.
1 Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле, 2 і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў. 3 І сказаў Пётр: Ананій, чаму д'ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле? 4 Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу. 5 А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі. 6 А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.
7 Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла. 8 І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі. 9 Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць. 10 Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа. 11 І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.
Цуды апосталаў і ўзрост Касьцёла
12 Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона, 13 а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў 14 і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану, 15 так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў. 16 Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.
Новы прасьлед апосталаў. Рада Гамаліеля
17 І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй, 18 і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог. 19 Але анел Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў: 20 Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця. 21 Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці. 22 Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі, 23 кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі. 24 Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася? 25 Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ. 26 Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх. 27 І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар, 28 кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека. 29 Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей. 30 Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве. 31 Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў. 32 І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму. 33 Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.
34 Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці 35 і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць. 36 Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто. 37 Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя - толькі прысталі да яго, разсыпаліся. 38 Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца; 39 але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.
40 І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх. 41 А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус. 42 І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.
----------------------------------
Р. 5 4 З гэтага бачым, што хрысьціяне ня мелі абавязку прадаваць сваей маемасьці, а калі і прадавалі, то маглі грошы аставіць на свае патрэбы.
11 Суровая кара, якая спаткала Ананія і Сафіру, была патрэбнай у першапачаткавай грамадзе, каб забясьпечыць разьвіцьцё яе на асновах праўды і справядлівасьці, паступак-жа Ананія і Сафіры быў супярэчны з гэтымі асновамі. У паступку гэтых людзей была грамадзкая крыўда, бо аддаўшы часьць грашэй у агульную касу, яны маглі-б дамагацца ад гэтай касы ўтрыманьня і разам з гэтым мелі-б славу сьвятых і справядлівых людзей. Пакараньне іх было страхам для іншых.
13 Тут гутарка аб апосталах, да каторых ніхто не адважваўся далучыцца і самавольна браць на сябе ўрад апостала. Народ славіў апосталаў за цуды, якія яны ўчынілі.
17 Садукеі, тагачасныя лібэралы і вольнадумцы, ненавідзелі хрысьціян ня столькі з прычын рэлігійных (як фарызэі), сколькі дзеля ўплыву, які мелі апосталы на народ. Злавала іх так-жа вялікая духоўнасьць (спірытуалізм) хрысьціянскай навукі і вера ў ускрасеньне ўмерлых.
20 "У сьвятыні" г. зн. на панадворках і прысенках, якімі была акружана сьвятыня.
24 "Сумняваліся" г. зн. не маглі зразумець, што было сталася.
28 Старшыя баяцца крыві Хрыстовай г. зн. каб народ не палічыў іх адказнымі за кроў і сьмерць Хрыста.
34 Гамаліель, вучыцель Саўла (Паўла), быў чалавек разважны і прызнаваў агляд Божы ў падзеях народаў.
36 Тэод, званы яшчэ Матыясам, быў, як дапускаюць, паўстанцам проціў рымскай улады, вучні ягоны пад канец панаваньня Гэрада В. скінулі рымскага арла з вялікай брамы сьвятыні.
37 Юда з Галілеі падняў бунт у часе народнага перапісу, які рабіла рымская ўлада ў мэтах падатковых. Юда казаў, што даваць падатак рымлянам - гэта ламаць вернасьць Богу, які ёсьць валадарам Ізраіля.
39 Справа Божая ня можа быць раскідана людзьмі, а праўда заўсёды перамагае.
40 Білі апосталаў за праступленьне забароны Сангэдрыну, які забараніў абвяшчаць Хрыста (гл. Ап. Дз. 4, 18).
41 Якая вялікая зьмена настала ў апосталаў пасьля зыходу Духа Сьв.! З баязьлівых і млаверных яны зрабіліся стойкімі вяшчунамі навукі Хрыстовай і гатовы цярпець за яе.
|