Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Апостальскія дзеі


 

 

Апостальскія дзеі

Уступ0102030405060708091011121314
1516171819202122232425262728


8 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Стаўся-ж у той дзень вялікі прасьлед Касьцёла, які быў у Ерузаліме. І разсыпаліся ўсе па краінах Юдэі І Самарыі, апроч апосталаў. 2 І пахавалі Сьцяпана багабойнага людзі і ўчынілі над ім вялікі плач. 3 Шавал-жа пустошыў Касьцёл; уваходзячы ў дамы і цягнучы мужоў і жанчын, ён аддаваў у вастрог.

Дыякан Філіп у Самарыі. Сымон чараўнік

4 Дык каторыя былі разсыпаўшыся, хадзілі, абвяшчаючы слова Божае. 5 Філіп-жа, зайшоўшы ў горад Самарыі, абвяшчаў ім Хрыстуса. 6 А грамады ўважалі на тое, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і відзячы знакі, якія чыніў. 7 Бо з многіх тых, якія мелі духаў нячыстых, выходзілі яны, крычачы вялікім голасам; і многа спаралізаваных і кульгавых было аздароўленых. 8 Дык сталася вялікая радасьць у гэтым горадзе.

9 Адзін-жа муж, на імя Сымон, каторы быў перад гэтым у горадзе чараўніком, зводзячы народ Самарыі, кажучы, што ён ёсьць нешта вялікае. 10 Яго слухалі ўсе ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: Ён ёсьць моц Божая, што завецца вялікая. 11 А ўважалі яго затым, што праз многа часу сваімі чарамі чмуціў іх. 12 Калі-ж уверылі Філіпу, абвяшчаючаму аб каралеўстве Божым, хрысьціліся ў імя Езуса Хрыста мужы і жанкі. 13 Тады і сам Сымон уверыў, і калі быў ахрышчаны, прыстаў да Філіпа. Бачачы так-жа, што дзеяліся дужа вялікія знакі і цуды, ён аслупянеўшы дзівіўся.

14 Калі-ж пачулі апосталы, каторыя былі ў Ерузаліме, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна. 15 Яны прыйшоўшы, маліліся за іх, каб атрымалі Духа сьвятога; 16 бо яшчэ ня прыйшоў на нікога з іх, але былі толькі ахрышчаны ў імя Пана Езуса. 17 Тады клалі на іх рукі і атрымоўвалі Духа сьвятога.

18 Калі-ж убачыў Сымон, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух сьвяты, прынёс ім грошы, 19 кажучы: Дайце і мне гэту ўладу, каб на каго-колечы я ўзлажу рукі, атрымаў ён Духа сьвятога. А Пётр сказаў да яго: 20 Грошы твае няхай будуць з табою на згубу, бо ты думаў, што дар Божы здабываецца за грошы. 21 Няма для цябе часьці ані долі у мове гэтай, бо сэрца тваё ня ёсьць простае перад Богам. 22 Дык кайся ў гэтай нягоднасьці тваей і прасі Бога, а можа будзе адпушчана табе гэтая думка сэрца твайго. Бо я бачу, што ты ёсьць у жоўці гарчыні і ў зьвязе нягоднасьці. 24 Адказваючы-ж Сымон сказаў: Малецеся вы за мяне да Пана, каб ня прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.

25 Яны-ж пасьведчыўшы і расказаўшы слова Пана, варочаліся ў Ерузалім, і абвяшчалі эванэлію ў многіх краінах самаранаў.

Ахрышчэньне этыопца

26 Анел-жа Панскі сказаў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая з Ерузаліму ідзе ў Газу, яна пустая. 27 І ўстаўшы пайшоў. І вось муж этыопец, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы этыопскай, каторы быў над усімі яе скарбамі, быў прыйшоўшы у Ерузалім пакланіцца. 28 І варочаўся, седзячы на возе сваім і чытаючы Ізаія прарока. 29 І сказаў Дух Філіпу: Падыйдзі і далучыся да гэтага возу. 30 Прыбегшы-ж Філіп пачуў яго чытаючы Ізаія прарока і сказаў: Думаеш, разумеш, што чытаеш? 31 Ён сказаў: І як-жа я здолею, калі мне хто не пакажа? І прасіў Філіпа, каб узьлез і сеў з ім. 32 Месца-ж Пісаньня, якое чытаў, было гэтае (Із. 53, 7-8): "Як авечка на забіцьцё быў ведзены, і як баранчык бяз голасу перад стрыгучым яго, так ён не адчыніў вуснаў сваіх. 33 У паніжэньні суд ягоны быў зьнесены; род ягоны хто выкажа? Бо ўзятае будзе з зямлі жыцьцё ягонае". 34 І адказваючы еўнух Філіпу, сказаў: Прашу цябе, аб кім прарок кажа гэта, аб сабе ці аб кім іншым? 35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад гэтага Пісаньня, абвяшчаў яму Езуса.

36 А калі яны ехалі дарогаю, прыехалі да нейкае вады. І сказаў еўнух: Вось вада, што мне перашкаджае ахрысьціцца? 37 Філіп-жа сказаў: Калі верыш з усяго сэрца, можна. І адказваючы сказаў: Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сын Божы. 38 І загадаў затрымаць воз, і ўвайшлі абодва ў ваду, Філіп і еўнух, і ахрысьціў яго. 39 А калі выйшлі з вады, Дух сьвяты хваціў Філіпа, і болей ня бачыў таго еўнух, але ехаў дарогаю сваею, радуючыся. 40 А Філіп знайшоўся ў Азоце, і праходзячы абвяшчаў эванэлію усім народам, пакуль ня прыйшоў у Цэзарэю.

 

 

----------------------------------

Р. 8 1 Сьмерць сьв. Сьцяпана выклікала далейшы прасьлед хрысьціян з боку жыдоў. Прасьлед накіраваўся прадусім проціў хрысьціян з грэцкіх жыдоў (гэлленістаў), якія, жывучы ў Ерузаліме, прынялі хрысьціянства.

3 Шавал меў на гэта паўнамоцтвы Сангэдрыну.

5 Філіп, адзін з сямёх дыяканаў, пасьля сьмерці сьв. Сьцяпана займае пасярод іх першае месца ў пашыраньні эванэліі.

9 Чараўніцтва або магія было тады вельмі пашырана на Ўсходзе.

13 Хрост Сымона ня быў шчыры. Відаць, ён уважаў Філіпа таксама за чараўніка, толькі большага за сябе. Прыймаючы хрост і далучаючыся да Філіпа, ён хацеў здабыць для сябе новую цудатворчую сілу.

14 "Паслалі Пятра і Яна" г. зн. урадзілі, каб пайшлі Пётр і Ян.

15 Сакрамэнту крыжмаваньня Філіп ня мог даць, затым пайшлі туды апосталы.

18 Прысутнасьць Духа сьв. праяўлялася навонкі ў розных дарах, як дар моваў, прарочаньня і г. д. Сымон хацеў здабыць уладу даваньня Духа сьв.

27 Этыопія - гэта сяньняшняя Абісынія з ваколічнымі краямі. Той этыёпец, відаць, быў прыняўшы жыдоўскую веру і яшчэ не разумеў добра прароцтваў. Чытаў ён, паводле ўсходняга звычаю, уголас.

32 Этыёпец чытаў месца з Ізаія прарока, дзе апісваецца цярплівасьць Мэсыяша, яго паніжэньне і сьмерць.

33 Суд над Хрыстом прычыніўся не да паніжэньня яго, але да ўзвышэньня.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст