ЭВАНГЕЛІЯ ПАВОДЛЕ СЬВЯТОГА МАРКА
1
Пачатак публічнай дзейнасьці Госпада Езуса
Дзейнасьць Яна Хрысьціцеля
1 Пачатак Эвангеліі Езуса Хрыста, Сына Божага.
2. Як напісана ў Ізаія прарока: "Вось жа пасылаю Анёла Майго перад воблікам Тваім (перад Табою). Ён прыгатовіць (адкрые) дарогу Табе.
3. Голас клічучага ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".
4. Паявіўся Ян (Ёан) у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня (пакуты) на (для) адпушчэньня грахоў.
5. І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і спазнаючы грахі свае - былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
6. Ян жа быў адзеты ў вярблюдаву скуру ( у адзеньне з вярблюдавай шэрсьці) ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах. Еў шаранчу і лесны мёд.
7. Навучаў ён кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне. Я яму ня варт упаўшы на зямлю разьвязаць рамушок ягоных сандалаў (абутку).
8. Я хрышчу вас вадой, а ён будзе хрысьціць Духам Сьвятым".
Хрост Хрыста
9. Здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту з Галілеі і быў ахрышчаны ў Ярдане Янам.
10. І як толькі выходзіў з вады, увідзеў адкрыты нябёсы, ды Духа як галубку сыходзячага на сябе (на яго).
11. І адазваўся голас з неба: "Ты сын мне ўмілаваны, я цябе ўспадабаў".
12. Ды зараз павёў Яго Дух у пустыню.
13. Ён прабываў у пустыні сорак дзён і сорак начэй. Быў спакушаны шатанам, жыў між зьвяроў, а анёлы паслугавалі Яму.
Дзейнасьць у Галілеі - першыя вучні
14. А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангелію (Добрую навіну) Божую.
15. Ён казаў: "Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Эвангеліі!"
16. І праходзячы міма (каля) мора Галілейскага ўбачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора: былі бо яны рыбакамі (рыбаловамі).
17. Сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, зраблю Я вас рыбакамі людзей".
18. І адразу пакінуўшы сеці, пайшлі яны за Ім.
19. І адыйшоўшыся адтуль недалёка, ўбачыў Якуба Забэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны сьцягвалі сеткі свае ў лодцы.
20. Затым пазваў і іх. Дык пакінуўшы ў лодцы свайго бацьку Забэдэя з нанятымі работнікамі - пайшлі за Езусам.
Аздараўленьне апанаванага ліхім
21. Увайшлі пасьля ў Кафарнаўм. А затым у шабат (суботу) увайшоўшы ў сынагогу стаў іх навучаць.
22. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх той, хто мае ўладу,а не як вучоныя па Пісаньню.
23. А ў той час у сынагозе знаходзіўся чалавек апанаваны ліхім (духам нячыстым). Ён крычаў
24. кажучы: "Што Табе да нас, Езусе з Назарэту? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Ты - Сьвяты Божы".
25. Але прыгразіў яму Езус кажучы: "Замаўчы, ды выйдзі з чалавека!"
26. І ён тузуючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго дух нячысты.
27. Стаўпянелі ўсе ды аж пыталі адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая, што Ён і сілаю загадвае нячыстым духам і яны паддаюцца Яму?"
28. Ды скора (хутка) разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
Аздараўленьне цёшчы Пятра
29. Затым выйшаўшы з сынагогі прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
30. Цёшча жа Пятра ляжала ў гарачцы. І яны кажуць Яму пра хворую (яе).
31. Падыйшоўшы Езус падняў яе, узяўшыся за яе руку і адразу спынілася гарачка і яна паслугавала ім.
32. А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і апанаваных нячыстым духам,
33. ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.
34. Многіх аздаравіў, тых, што розныя хваробы мучылі і многіх выгнаў д'яблаў, ды не разрашыў ім гаварыць, бо ведалі, хто Ён.
35. Натта рана ўстаўшы выйшаў і падаўся на адзінокае месца і тамака маліўся.
36. Сымон жа ды тыя, што з Ім былі - пайшлі за Ім.
37. Калі Яго знайшлі сказалі Яму: "Усе Цябе шукаюць".
38. А Ён сказаў ім: "Ідзёмце ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць Добрую Навіну, бо Я на тое прыйшоў".
39. Дый навучаў у сынагогах (бажніцах) па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
Аздараўленьне пракажонага
40. Прыступіўся да Яго пракажаны і ўмаляў Яго, упаўшы на каленьні, казаў Яму: "Калі захочаш, можаш мяне ачысьціць".
41. А Езус пашкадаваў яго і працягнуўшы руку сваю - дакранаўся да яго і сказаў яму: "Хачу, будзь ачышчаны".
42. Ды калі гэта сказаў, адразу сыйшла з яго праказа і быў ачышчаны.
43. Пры тым пагразіў яму і адправіў яго адразу,
44. кажучы: "Глядзі, каб нікому не казаў, але ідзі, пакажыся архісьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім".
45. Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды славіць гэтае здарэньне, так, што ўжо ня мог публічна пайсьці ў горад, але скрываўся ў бязьлюдных мясьцінах. А зусюль сыходзіліся да Яго.
|