Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Марка сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Марка сьв. Эвангельле

0102030405060708
0910111213141516

 

Разьдзел 9

1 I сказаў ім: запраўды кажу вам: ёсьць некаторыя сярод тых, што тут стаяць, якія ня імуць сьмерці, пакуль ня ўгледзяць царства Божага, прыйшоўшага ў сіле.

2 I цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана і вядзе на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі.

3 I адзеньне Яго зрабілася бліскучым ды такім белым, як сьнег, ды як бялільшчык на зямлі ня можа выбяліць.

4 I зьявіўся ім Ільля з Майсеем ды вялі гутарку з Ісусам.

5 I на гэта Пётр сказаў Ісусу: Равві! добра нам тут быць; дык зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Ільлі адну.

6 Бо ня ведаў, што сказаць; бо яны перапалохаліся.

7 I паўстала хмара, закрыўшая іх, і з хмары выйшаў голас, які казаў: гэты ёсьць Сын Мой улюблены, Яго слухайце.

8 I раптам, аглядзеўшыся наўкола, нікога больш ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.

9 Калі-ж яны зыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, дакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне.

10 I захавалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што значыць: уваскрэснуць?

11 I спыталіся ў Яго, кажучы: кніжнікі гавораць, што перш мусіць прыйсьці Ільля?

12 Ён жа адказаў ім: Ільля, прыйшоўшы перш, наладзіць усе, як і напісана пра Сына Чалавечага, каб шматперацярпеў і быў паніжаны.

13 Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і ўчынілі з ім, што хацелі, як напісана пра Яго.

14 I, прыйшоўшы да вучняў, угледзіў многа народу ля іх, ды кніжнікаў, спрачаючыся з Імі.

15 I, ураз угледзіўшы Яго, увесь народ здумеўся ды, прыбягаючы, вітаў Яго.

16 I спытаўся Ён у кніжнікаў: аб чым у вас спрэчка з імі?

17 I, адказваючы, адзін із народу сказаў: Вучыцелю! я прывёў да Цябе сына майго, які мае нямога духа:

18 дзе ні схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніцца й скрыгіча зубамі сваімі ды пруцянее. I казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і ня здолелі.

19 Ён жа, адказваючы, гавора: о, род няверны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне!

20 I прывялі яго да Ісуса. I, убачыўшы Яго, дух затрос ім, і ён упаў на зямлю ды валяўся, пускаючы пену.

21 I спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта зрабілася з ім? Той жа адказаў: з дзяцінства;

22 і шмат разоў дух кідаў яго ў вагонь ды ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі.

23 Ісус сказаў яму: калі можаш верыць, усё магчыма для веруючага.

24 I зараз, загаласіўшы, бацька хлопца сказаў праз сьлёзы: Госпадзе! памажы майму недаверству!

25 Ісус жа, бачучы, што зьбягаецца народ, пагразіў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі! Я прыказую табе: выйдзі з яго ды больш не ўваходзь у яго!

26 I, загаласіўшы ды крэпка затросшы ім, выйшаў; і зрабіўся, як няжывы, так што многія гаварылі, што памер.

27 Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ен устаў.

28 І, як увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталі ся ў Яго насамоце: чаму мы не маглі выгнаць яго?

29 I сказаў ім: гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды посту.

30 І, пайшоўшы стуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.

31 Бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі людзей, і забюць Яго, і забіты ўваскрэсьне на трэці дзень.

32 Але яны не разумелі слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

33 I прыйшоў у Капэрнаум; і, як быў у доме, спытаўся ў іх: аб чым дарогаю вы гутарылі між сабою?

34 Яны-ж маўчалі, бо дарогаю разважалі між сабою, хто большы.

35 I, сеўшы, паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: калі хто хоча першым быці, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.

36 I, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх ды, абняўшы яго, сказаў ім:

37 Хто прыйме адно з гэтых дзяцей дзеля Мяне, той прыймае Мяне, а хто Мяне прыйме, то не Мяне прыймае, але Паслаўшага Мяне.

38 I адказаў Яму Іоан, мовячы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які Тваім імем выганяе дэманаў, а ня йдзець за намі; дык забаранілі яму, бо ня йдзець за намі.

39 Ісус жа сказаў: не забараняйце яму, бо няма такога, хто, учыніўшы цуд імем Маім, мог бы хутка зьняважыць Мяне.

40 Бо хто ня проці вас, той за вас.

41 I хто напоіць вас каўшом вады дзеля Мяне, затым, што вы Хрыстовыя, запраўды кажу вам: ня страціць нагароды свае.

42 I хто зьвядзе аднаго з малых гэтых, веручых у Мяне, таму лепей было-б, каб павесілі яму камень ад жорнаў на шыю ды кінулі яго ў мора.

43 I калі зводзіць цябе рука твая, адсякі яе: лепей табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, чымся з дзьвюма рукамі йсьці ў геенну, у вагонь неўгасаючы,

44 дзе чэрв іх ня ўмірае, і агонь не ўгасае.

45 I калі нага твая зводзіць цябе, адсякі яе; лепей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаючы, чымся з дзьвюма нагамі быць укіненым у геенну, у вагонь неўгасаючы,

46 дзе чарвяк іх ня ўмірае, ды агонь не ўгасае.

47 I калі вока тваё зводзіць цябе, вырві яго: лепей табе з адным вокам увайсьці ў царства Божае, чымся з дзьвюма вачыма быць укіненым у геенну вагнявую,

48 дзе чарвяк іх ня ўмірае, ды агонь не ўгасае.

49 Бо кожны агнём асоліцца, а ўсякая ахвяра соляй асоліцца.

50 Соль добрая; але, калі соль зробіцца несалонай, чым яе паправіце? Мейце ў сабе соль і мір мейце між сабою.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст