Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 15

1 Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаго Майсеяваму, ня можаце спасьціся.

2 Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.

3 Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.

4 Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.

5 I паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўверавалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсеявага.

6 I сабраліся Апосталы й старшыя разглядзець гэту справу.

7 Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ведаеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўверавалі;

8 і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьведкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,

9 і не адрожніў нічога міжы намі й імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.

10 Дык чаго-ж цяпер спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?

11 Але мы верым, што спасемся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.

12 I змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.

13 Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне!

14 Сымон вытлумачыў, як Бог перш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іменьню Свайму,

15 і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

16 Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе адбудую й папраўлю яе:

17 каб Госпада шукала рэшта людзей ды ўсе народы, на якіх прызвана імя Мае, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.

18 Ад вякоў ведамы Богу ўсе дзелы Ягоныя.

19 Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,

20 але напісаць ім, каб узьдзержываліся ад гідотаў ідальскіх і блуду, ад душанага і крыві;

21 бо Майсей ад даўных родаў мае па местах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чытаны кожную суботу.

22 Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усей царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе людзей: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавых сярод братоў,

23 напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!

24 Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,

25 надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзей разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,

26 людзьмі, аддаўшымі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.

27 Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абвесьцяць вам тое-ж і словамі.

28 Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:

29 узьдзержывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.

30 Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.

31 I, прачытаўшы, яны зрадзелі ад гэтага павучэньня.

32 Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.

33 Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.

34 Але Сіле надумалася астацца тамака.

35 Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.

36 А цераз некалькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Вернемся й даведаемся братоў нашых па ўсіх мястох, дзе мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?

37 Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.

38 Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзела.

39 Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка адплыў на Кіпр.

40 Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.

41 I праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст