Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 17

1 Прайшоўшы-ж праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Фессалоніку, дзе была Жыдоўская сынагога.

2 I Паўла, паводле звычаю свайго, прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі із Пісаньня,

3 даводзячы й паказуючы, што Хрысту належала цярпець і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, аб якім я вам кажу.

4 I некаторыя з іх уверавалі і далучыліся да Паўлы й Сілы: вялікая грамада веручых Грэкаў, дый жанок важнейшых ня мала.

5 Няверуючыя-ж Жыды, праз завісьць, назьбіраўшы нейкіх нягодных бадзяк ды ўчыніўшы таўпу, збунтавалі места. I, падыйшоўшы да дому Язонавага, шукалі іх, каб весьці да народу.

6 Не знайшоўшы-ж іх, пацягнулі Язона й некаторых братоў да начальнікаў места, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтары прыйшлі і сюды,

7 а Язон іх прыняў. Усе-ж яны чыняць супраць уставаў кесаравых, кажучы, што ёсьць другі цар: Ісус.

8 I, чуючы гэта, устрывожыўся народ і начальнікі места,

9 але, узяўшы забясьпечаньне ад Язона й другіх, звольнілі іх.

10 Браты-ж зараз уначы выправілі Паўлу й Сілу ў Вэрыю. Тыя-ж, прыйшоўшы, пайшлі ў школу Жыдоў.

11 Гэтыя-ж былі больш дабрадушныя, чым у Фессалоніцы: яны прынялі слова з усей ахвотай ды кожын дзень разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.

12 Дый многа із іх уверавалі, ды нямала й жанок Грэцкіх паважаных і мужоў.

13 Калі-ж Жыды ў Фессалоніцы даведаліся, што й у Вэрыі абвяшчаецца праз Паўлу слова Божае, дык прыйшлі й сюды, падбураючы народ.

14 Тады браты хутка выправілі Паўлу, быццам к мору йшоў, а Сіла й Цімахвей тамака асталіся.

15 Тыя-ж, што праводзілі Паўлу, давялі яго да Афін і, узяўшы загад для Сілы й Цімахвея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.

16 Калі-ж Паўла чакаў на іх у Афінах, узбурыўся ў ім дух ягоны, гледзячы на места, апанаванае ідаламі.

17 Дык гутарыў у сынагозе з Жыдамі й пабожнымі, а такжа на торжышчы што-дня, з кім здарылася.

18 Некаторыя-ж з філёзофаў эпікурэйцаў ды стоікаў спрачаліся з ім: адны гаварылі: Што хоча сказаць баўбатун гэты? а другія: Здаецца, прапаведуе чужых багоў, — бо абвяшчаў ім Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.

19 I, узяўшы яго, прывялі да Арэапагу, кажучы: Ці можам ведаць, што гэта за новую навуку ты прапаведуеш?

20 Бо нешта чужое ўкладаеш нам у вушы; дык хочам ведаці, што гэта мае быць?

21 Усе-ж Афіняне й заходжыя чужынцы ні аб чым іншым ня рупіліся, як гаварыць ці слухаць навіны.

22 Паўла-ж, стануўшы пасярод Арэапагу, прамовіў: Мужы Афінскія, з усяго я бачу, што вы нібы асабліва набожныя.

23 Бо, праходзячы й аглядаючы сьвятыні вашыя, знайшоў я й жэртвенік, на якім напісана: Няведамаму Богу. Дык Таго, Каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

24 Бог, які стварыў сусьвет і ўсё ў ім, Ён, Гаспадар неба й зямлі, не ў рукатворных храмах жыве

25 і не ад рук чалавечых служэньне прыймае, быццам нечага патрабуючы, а Сам дае ўсім жыцьцё й дыханьне й усё.

26 I зрабіў з аднае крыві ўвесь род чалавечы, каб жыў на ўсенькім абліччы зямлі, вызначыўшы наперад часы й межы жыльля іхняга,

27 каб шукалі Госпада, ці не нашчупаюць Яго ды ня знойдуць, хаця Ён і недалёка ад кожнага з нас:

28 бо ў Ім жывем і рухаемся і існуем, як і некаторыя із вашых паэтаў сказалі: Мы бо й род Ягоны.

29 Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Божства падобна да золата ці серабра або камня, выразанага здольнасьцяй і выдумкай чалавечай.

30 Дык вось, Бог, глянуўшы на часы няведаньня, прыказуе цяпер скрозь усім людзям пакаяцца:

31 бо вызначыў дзень, у які маніцца справядліва судзіць сьвет праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць праз ускрасеньне Яго із мёртвых.

32 Пачуўшы-ж аб уваскрасеньні із мёртвых, адны насьмяхаліся, другія-ж казалі: Паслухаем цябе аб гэтым другім разам!

33 I гэтак Паўла выйшаў спасярод іх.

34 Некаторыя-ж мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; між імі й Дыаніс Арэапагіт, і жанчына на ймя Дамара, і іншыя з імі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст