01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 4
1 Гэтак чалавек павінен разумець нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых;
2 ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
3 Для мяненайменшая рэч, як судзіце аба мне вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе.
4 Бо хоць і нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне Госпад.
5 Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьвеціць схаванае ў цемры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога.
6 Гэтае, браты, прыклаў я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышаліся адзін над адным.
7 Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў?
8 Вы ўжо сытыя, ужо разбагацелі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць!
9 Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьмерць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьвету, для ангелаў і для людзей.
10 Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе.
11 Навет да цяперашняе гадзіны мы церпім голад і смагу, мы нагія, і б'юць нас, і бадзяемся,
12 і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьледаваныя, мы церпім;
13 зьняважаныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьветнае, як пыл для ўсіх да цяпер.
14 Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяцей перасьцерагаю.
15 Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў мелі ў Хрысьце, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле.
16 Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
17 Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахвея, які ёсьць дзіця мае ўмілаванае і вернае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве навучаю.
18 Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзелі;
19 але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу,
20 бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
21 Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
|