01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 5
1 Зусюль чутно, што ў вас распуста, ды такая распуста, аб якой ня чуваць навет у паганаў: што нехта мае жонку свайго бацькі.
2 I вы сталіся гордымі, а ці ня лепей бы вам замест таго плакаць, каб узяты быў спасярод вас той, хто робіць гэткую рэч?
3 А я, ня быўшы целам, але духам у вас, ужо прысудзіў, як-бы быў у вас, каб таго, хто гэткае робіць,
4 у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста на сходзе вашым сумесна з маім духам, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,
5 аддаць гэткага шатану на загубу цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
6 Нядобрая пахвальба вашая. Хіба ня ведаеце, што крошка кісьлі квасіць усё цеста?
7 Дык ачысьцьце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы бяз кісьлі; бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.
8 Дзеля гэтага пачнем сьвяткаваць не з старой кісьляй і ня з кісьляй зла і подступу, але з праснакамі чыстасьці і праўды.
9 Я пісаў вам у пасланьні ня злучацца з распусьнікамі;
10 ды не наагул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хабарнікамі, ці драпежнікамі, ці паклоньнікамі ідалаў: бо вам трэба было-б хіба выйсьці з гэтага сьвету; —
11 але я пісаў вам ня злучацца, калі хто, называючыся братам, будзе распусьнікам, ці хабарнікам, ці ідалапаклоньнікам, ці зламоўным, ці п'яніцаю, ці драпежнікам; з гэтакім і ня есьці разам!
12 Бо што мне судзіць тых, хто вонках? Ці ня тых, што пасярод, судзіце вы? Вонкавых жа судзіць Бог. Дык выкіньце распуснага спасярод вас.
|