01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 5
1 Бо мы ведаем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.
2 Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў.
3 Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі.
4 Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзецца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена.
5 На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
6 Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ведаючы, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам, —
7 (бо ходзім вераю, а ня бачаньнем), —
8 дык будзьма добрае мысьлі і жадайма лепей жыць паза целам, ды жыць у Госпадзе.
9 Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў ім, ці па-за ім, быць Яму любымі;
10 бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў целам, добрае, ці благое.
11 Дык, ведаючы страх Гасподні, мы пераконываем людзей, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленьняў.
12 Бо мы не нанова прадстаўляем сябе вам, але даем спосаб хваліцца намі, каб мелі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам.
13 Калі-ж мы выходзім з сябе, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін памер за ўсіх, то ўсе памерлі.
15 Ён-жа памер за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Хто памер за іх і ўскрос.
16 Гэтак мы адгэтуль нікога ня ведаем у целе; калі-ж і ведалі ў целе Хрыста, дык цяпер ужо ня ведаем.
17 Дык хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае.
18 Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
19 бо Бог быў у Хрысьце, годзячы з Сабою сьвет, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня.
20 Дык мы — пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам.
21 Бо Таго, Хто грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцяй Божай.
|