01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06
Разьдзел 3
1 Вернае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзела жадае.
2 Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,
3 ня п’яніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,
4 каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;
5 бо хто ня ўмее кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве Божай?
6 (Трэба быць) не з нованаверненых, каб не загардзеў і не падпаў пад асуджэньне з д’яблам.
7 Трэба яму і сьвядоцтва мець добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і сеці д’яблавы.
8 Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,
9 каб мелі тайну веры ў чыстым сумленьні.
10 I. гэтакіх трэба перш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.
11 Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, вернымі ўва ўсім.
12 Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,
13 бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе добрую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.
14 Гэтае табе пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе,
15 каб ты, калі забаўлюся, ведаў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
16 I запраўды — вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў целе, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе Ангелам, абвешчаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў славе.
|