Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першае пасланьне да Цімахвея сьв. ап. Паўлы


 

 

Першае пасланьне да Цімахвея сьв. ап. Паўлы

010203040506

 

Разьдзел 6

1 Рабы, што пад ярмом, павінны лічыць паноў сваіх годнымі ўсякае пашаны, каб ня было ганьбаваньня на імя Божае і на навуку.

2 Тыя-ж, што верных маюць за паноў, няхай ня будуць нядбалымі, бо яны браты; але тым балей няхай паслугуюць ім, што яны верныя і ўмілаваныя, прымаючы дабро. Гэтага навучай і заклікай.

3 Калі-ж хто навучае інакш і ня йдзе за здаровымі словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і за навукай аб багабойнасьці,

4 той загардзеў, нічога ня ведаючы, але хворы на змаганьне і спрэчкі, ад чаго бывае зайздрасьць, сварка, лаянкі, благія падазрэньні,

5 пустыя гутаркі між людзьмі папсаванага розуму, што згубілі праўду і думаюць, быццам багабойнасьць служыць дзеля прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.

6 Вялікі-ж набытак быць багабойным і здаволеным.

7 Бо мы нічога ня прынесьлі на сьвет; дык ясна, што й нічога вынясьці ня можам.

8 Маючы-ж ежу і вопратку, будзем здаволены гэтым.

9 Тыя-ж, што жадаюць узбагачвацца, падаюць у спакушэньне і ў сеці і ў многія неразумныя і шкадлівыя пажаданьні, што топяць людзей у зьніштажэньні й загубе;

10 бо корань усяго благога ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому некаторыя ўхіліліся ад веры і самі сябе аддалі на многія мукі.

11 Ты-ж, чалавеча Божы, уцякай ад гэтага, але пасьпявай у праўдзе, багабойнасьці, веры, любві, цярплівасьці, ціхасьці;

12 змагайся добрым змаганьнем веры, дзяржыся за жыцьцё вечнае, да якога ты і пакліканы, дый ты вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.

13 Перад Богам, усё ажыўляючым, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнаньне, загадываю табе

14 захаваць гэту запаведзь чыстай, беззаганнай, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 якое ў свой час адкрые шчасьлівы й адзіны магутны Цар Цароў і Госпад гаспадароў,

16 адзіны, што мае несьмяротнасьць, жыве ў сьвятле недаступным, якога ніхто із людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму чэсьць і дзяржава вечная. Амін.

17 Багатым у гэтым веку загадывай, каб яны ня думалі шмат аб сабе ані спадзяваліся на багацьце няпэўнае, але на Бога Жывога, што дае нам усё шчодра дзеля ўслады;

18 каб яны рабілі дабро, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрыя, дзяліліся,

19 зьбіраючы сабе, як скарб, добры грунт дзеля будучыны, каб дастаць жыцьцё вечнае.

20 О, Цімахвею, захоўвай пераданае табе, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасьці фальшывага знаньня,

21 пахваляючыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Ласка з табою. Амін. Да Цімахвея першае напісана з Ляодыкіі, што ёсьць сталічнае места Фрыгіі Пакатыянскае.


Папярэдняя старонка | Старонка 6 з 6
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст