Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Жыдоў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Жыдоў сьв. ап. Паўлы

01020304050607080910111213

 

Разьдзел 12

1 Дзеля гэтага і мы, маючы навакол сябе гэткую хмару сьведак, скінуўшы ўсякую гордасьць і грэх, што нас блутаў, з цярплівасьцяй прабягаць будзем праз поле барацьбянае, што ляжыць перад намі,

2 пазіраючы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, перацярпеў крыж, ня дбаючы аб сорам, ды сеў праваруч пасаду Божага.

3 Бо падумайце аб Тым, Хто перацярпеў гэткі над сабою зьдзек ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, аслабеўшы душамі вашымі.

4 Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,

5 і забыліся аб закліку, што кажацца вам, як сыном: Сын мой! Ня грэбуй карай Гасподняй і не слабей, калі Ён цябе дакарае.

6 Бо Госпад, каго любіць, таго карае ды б'е ўсякага сына, якога прыймае (Прып. 3, 11— 12).

7 Калі вы церпіце кару, дык Бог адносіцца да вас, як да сыноў: бо ці ёсьць гэткі сын, якога-б не караў бацька?

8 Калі-ж астаецёся бяз кары, супольнікамі якое сталіся ўсе, дык вы байструкі, а не сыны.

9 Дык, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і баяліся іх, — то ці ня шмат балей карыцца будзем Айцу духаў ды жыць?

10 Бо тыя каралі, як самі думалі, на няшмат дзён; а Гэты на карысьць, каб быць нам учасьнікамі ў сьвятасьці Яго.

11 Усякае-ж караньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцяй, а сумам; а пасьля дае наву́́чаным ім мірны плод праведнасьці.

12 Дык выпрастуйце апусьціўшыяся рукі і стомленыя калені (Ісая 35, 3)

13 і сьцежкі простыя рабеце нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, а лепш наздаравела.

14 Старайцеся аб мір з усімі і аб сьвятасьць, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,

15 гледзячы, каб хто ня ўтраціў ласкі Божае; каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, ды праз яго каб не апаганіліся многія (Другазак. 29, 18);

16 каб ня было між вамі каго блуднага, ці нясьведамага, як Ізаў, які за адну страву аддаў першародзтва сваё.

17 Бо ведайце, што і пасьля ен, хочучы ўнасьледаваць багаслаўленьне, быў адкінены; бо не знайшоў месца пакаяньня, хоць і шукаў яго з сьлязьмі.

18 Бо не прыступіліся вы да гары датыкальнае і агнём палаючае, ані да цемры, і мроку, і буры,

19 ані да гуку трубнага і голасу мовы, аб якім чуўшыя прасілі, каб да іх ня было больш слова,

20 (бо ня вытрымалі загаданага: калі і зьвер дакранецца да гары, будзе ўкаменаваны ці каменем забіты (Вых. 19, 13),

21 і гэткая жахлівая была гэная праява, што Майсей сказіаў: Я у страху й дрыжу).

22 Але вы прыступіліся да гары Сыону і да места Бога Жывога, да нябеснага Ерузаліму і да мірыядаў Ангелаў,

23 да зграмаджэньня і царквы першакоў, запісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх, Бога, і да духаў праведнікаў, што дайшлі дасканаласьці,

24 і да пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві акрапленьня, што лепш за Авеляву прамаўляе.

25 Глядзеце, не адвярнецеся й вы ад таго, хто гаворыць. Бо, калі тыя не ўцяклі, не паслухаўшы прарочыўшага на зямлі, то тым балей мы, калі адвернемся ад нябеснага,

26 голас Якога тады захістаў зямлёю, цяпер жа прырок, кажучы: Яшчэ раз устрасяну ня толькі зямлю, але й неба (Аг. 2, 7).

27 Словы "яшчэ раз" паказваюць зьмену ўстрасанага, як створанага, каб трываць непарушна.

28 Дык мы, прыняўшы царства непарушнае, ласку маем, праз якую служыцімем Богу даспадобы з саромлівасьцяй і страхам,

29 бо Бог наш ёсьць агонь, што пажырае (Другазак. 4,24).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст