01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 13
1 Любоў братняя няхай трывае.
2 Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
3 Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора церпяць, бо-ж і самі вы ў целе.
4 Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
5 Ня мейце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе і ня кіну цябе (Іс. Нав. 1, 5).
6 Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне чалавек? (Псал. 117, 6).
7 Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце веру.
8 Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый навекі.
9 Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ласкай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня мелі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
10 Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права есьці тыя, што скініі служаць.
11 Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
12 дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Сваей народ, быў му́́чаны за варотамі.
13 Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзекі Яго;
14 бо ня маем тут сталага места, але шукаем таго, што мае быць.
15 Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
16 Аб дабрадзейнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
17 Слу́́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
18 Малецеся за нас; бо мы перакананы, што добрае маем сумленьне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
19 Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам вернены.
20 Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гавец праз кроў запавету вечнага, Госпада нашага Ісуса,
21 няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзеле — на выпаўненьне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на векі вякоў. Амін.
22 Прашу-ж вас, браты, прымеце слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
23 Ведайце, што брат наш Цімахвей звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
24 Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
35 Ласка з усімі вамі. Амін. Да Жыдоў напісана з Італіі праз Цімахвея. |