Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

Прадмова

Чэслаў Сіповіч, з закону айцоў марыянаў, тытулярны біскуп Марыямітанскі i апостальскі візытатар для беларусаў каталікоў бізантыйскага абраду, пайшоў з жыцьця ў Лёндане 4 кастрычніка 1981 году. Ён памёр ад масіўнага інфаркту ў той самы дзень і час, калі сьвяткаваліся дзясятыя ўгодкі Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, заснаванай ягоным дбаньнем. Адзін з прысутных, які добра ведаў біскупа Сіповіча, сказаў: ягоная сьмерць азначае канец эпохі. Гэтыя словы, бадай, найлепш перадаюць думкі й пачуцьці, што апанавалі тады мноства людзей.

Біскуп Сіповіч – першы беларускі каталіцкі біскуп за амаль два стагодзьдзі. Больш за тое: ён быў біскупам Грэка-Каталіцкай (Вуніяцкай) Царквы – у 1839 годзе яе зьнішчылі расейскія ўлады, і спробы адрадзіць яе, нягледзячы на высілкі шматлікіх сьведамых беларусаў, сутыкаліся зь невымернымі цяжкасьцямі. Маладым студэнтам багаслоўя Чэслаў Сіповіч быў прымусам выселены з Бацькаўшчыны, якую яму ўжо ніколі больш не давялося ўбачыць. Ягонае сьвятарскае i біскупскае служэньне прайшло далёка ад Беларусі. Але ў сапраўднасьці ён ніколі яе не пакінуў, а заўжды меў з сабою, у сваім сэрцы. Усё жыцьцё біскупа Сіповіча сталася змаганьнем за справядлівасьць для свайго народу і ў Царкве, i па-за ёю. Разам з тым ён ніколі не забываўся, што ён – сьвятар, для якога ўсе людзі, незалежна ад нацыянальнасьці, расавай прыналежнасьці, мовы i рэлігійных перакананьняў – дзеці Божыя.

Упершыню я сустрэўся з тады яшчэ айцом Чэславам Сіповічам y 1945 годзе. Гэтае знаёмства азначыла пачатак доўгага i плённага сяброўства i супрацоўніцтва, нягледзячы на розьніцу ў веку, выхаваньні i разьбежнасьць поглядаў y некаторых істотных пытаньнях.

Думка напісаць кнігу пра біскупа Сіповіча зьявілася неўзабаве пасьля яго сьмерці. Аднак тады было яшчэ зарана: патрабаваўся час, каб цьвяроза i бязь лішніх эмоцыяў агледзець падзеі ды абставіны ягонага жыцьця i сьлед, які ён па сабе пакінуў. Калі ўзяць пад увагу словы псалміста, што “Век жыцьця нашага – семдзесят гадоў, a калі ў сілах – дык да васьмідзесяці; i бальшыня ix – турботы i марнасьць” (Пс 89:10), дык чвэрць стагодзьдзя трэба лічыць дастатковым прамежкам часу. Дый чакаць далей было нельга, бо аўтар дасягнуў таго веку, калі Вечнасьць займае ўсё больш месца ў ягоных думках.

Апрача асабістых успамінаў, крыніцамі для кнігі служылі дзёньнікі i ліставаньне біскупа Сіповіча, a таксама асабістыя ды іншыя дакумэнты Ўладыкі, што цяпер знаходзяцца ў ягоным архіве ў Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане. Абсалютная ix большасьць друкуецца ўпершыню.

Выказваю шчырую падзяку за дапамогу ў выданьні кнігі Беларускаму Дабрачыннаму Фонду ў Вялікабрытаніі, а таксама Алене Міхалюк, Францішку і Веры Бартулям, Паўлу Шаўцову, Караліне Мацкевіч, Ірыне Дубянецкай, Алене і Міколу Сенькам, Ксені Касьцевіч, Андрэю Вышадку, Вользе Зынгель, Васілю Еўдакімаву, Сяргею Дзейку, Міколу Залогу, Юрасю Гарбінскаму, Вандзе Махнач, Антону Маркевічу.

Лічу сваім прыемным абавязкам выказаць шчырую ўдзячнасьць Вользе Калацкай зь Менску, якая прысьвяціла ўвесь летні адпачынак y Лёндане на тое, каб надаць тэксту больш-менш прыстойную літаратурную форму ды выправіць шматлікія памылкі. Дзякую таксама Ірыне Дубянецкай, Караліне Мацкевіч i Сяргею Стасевічу, якія прачыталі рукапіс i зрабілі каштоўныя папраўкі i заўвагі. Апошняя, але не найменшая (як гавораць ангельцы, last but not least) падзяка належыцца Ігару Лабацэвічу за тэхнічную падрыхтоўку тэксту да друку. За памылкі i хібы, якія, нягледзячы на ўсё, маглі застацца ў кнізе, нясе адказнасьць аўтар.

Кніга прымеркаваная да 90-х угодкаў з дня нараджэньня Чэслава Сіповіча. У ёй я хацеў даць партрэт гэтага незвычайнага чалавека на фоне тагачасных рэлігійных, палітычных i культурных падзеяў, асабліва тых, што непасрэдна датычылі беларусаў. Ці гэты намер удаўся, хай мяркуюць чытачы.

а. Аляксандар Надсан
21 лістапада 2004 году
Уводзіны ў храм 
Найсьвяцейшай Багародзіцы


 


 


 

 

 

Напісаць ліст