1. Першыя крокі
Чэслаў Сіповіч нарадзіўся 8 сьнежня (25 лістапада паводле юліянскага
календара) 1914 году ў сялянскай сям’і ў вёсцы Дзедзінка (часам Дзедзіна) з
парафіі Ідолта ў паўночна-заходнім кутку Беларусі. На той час яна належала
да Расейскай імпэрыі. Але ў выніку Першай сусьветнай вайны i наступных
падзеяў Дзедзінка, як i ўся Заходняя Беларусь, апынулася ў межах Польскай
дзяржавы.
У 1938 годзе Сіповіч пісаў пра сваю родную вёску: «Дзедзінка – вёска адна
з найбольшых Браслаўшчыны... Жыхары Дзедзінкі ўсе з-пад прыгону. Год таму
назад памёр дзядуля Піліп Б., каторы помніў, будучы ўжо малым хлопчыкам,
калі пан Рудніцкі, адправіўшы мужыкоў, сказаў: “Вы ўжо не мае”. 16 чалавек
атрымала тагды па валоцы зямлі i лесу на будоўку хат. I так ад 1861 году мае
Дзедзінка сваю гісторыю, рожную ўжо ад двара... З усіх 16 валок сяньня ў
вадных руках ёсьць толькі адна. Рэшта распарцэлявалася. Дайшло ўрэшце да
таго, што ня стала чаго i дзяліць! Настаў час бабыльскі. На мейсца 16 хат
сяньня стаіць 70. A зямлі нават паменшыла: адышлі сэрвітуты... Чым вёска
багата? Бядой, дзяцьмі i песьняй... Пяець моладзь, пяюць дзеці, пяюць
дзядзькі i цёткі. Плывуць паважныя i сумныя сьпевы, каб аблягчыць штодзённы
цяжар жыцьця... Вялікай такжа ненатуральнасьцю ёсьць нястача школы i
набажэнстваў y родным языку. Сяньня можа толькі дзьве асобы ёсьць y
Дзедзінцы, каторыя маглі б ламаць i так там паломаны язык польскі. Уся
вёска, без вынятку, каталікі. Любяць нп. усе набажэнства маёвае... Чаму ж не
засьпяваць тут так мілай, роднай песьні: “Матачка Божая, Матачка Добрая,
бедныя дзеці, мы клічам Цябе”!?»[1]
Бацькі Чэслава, Вінцэсь (1877–1957) i Ядвіга (з дому Тычкаў, 1890–1974),
былі каталікамі рымскага (лацінскага) абраду. Як вядома, многія
рыма-каталікі ў Беларусі паходзілі з грэка-каталікоў (вуніятаў), якія
зьмянілі абрад, каб захаваць веру, калі Вунія перасьледавалася расейскімі
ўладамі. Што да Чэслава Сіповіча, дык няма ніякіх доказаў, каб ягоныя продкі
належалі да Грэка-Каталіцкай Царквы. У сям’і з васьмі народжаных дзяцей
выжылі пяць – чатыры хлопцы i дзяўчына. Чэслаў быў найстарэйшым.
Жыцьцё беларускага селяніна – нялёгкае, i дзяцей з раньніх гадоў
прывучалі дапамагаць бацьком y гаспадарцы. Ня стаў выняткам і Чэслаў. Праз
усё жыцьцё ён захаваў павагу да фізычнай працы, асабліва сялянскай. Ужо
біскупам ён не цураўся ніякай работы: наводзіў парадак y хаце i панадворку,
працаваў y садзе i г.д. Паводле сьведчаньня малодшага брата, Петруся, моцна
паўплывала на Чэслава ды іншых дзяцей маці. Хоць сама без фармальнай
асьветы, яна ведала, як выхаваць y малыx любоў да роднай мовы. Ядвіга мела
немалыя паэтычныя здольнасьці: ейныя песьні i вершы аднавяскоўцы завучвалі
на памяць, яны рабіліся часткаю мясцовага фальклёру.
Пачатковую адукацыю Чэслаў атрымаў y роднай Дзедзінцы. Вось што ён піша
сам пра сваю першую школу: «Помню, y 1921 г. зладзілі школу. Ведама, мела
яна быць польская. Ніхто аднак y ёй не гаварыў па-польску. Усе дзеці, якімі
былі ў хаце – такімі i ў школе; гаварылі па-беларуску. Было двух
цыганкоў-барцоў, i тыя скора да нас датасаваліся. Вучыцялі гэтаму не
супраціўляліся – раз, што не маглі, a другое, што менш было тады яшчэ ў ix
шавінізму»[2]. Дзедзінская школа,
відаць, мела толькі пачатковыя клясы, i Чэславу давялося працягваць навуку ў
народнай (“паўшэхнай”) школе ў Друі за нейкіх дзесяць кілямэтраў ад
Дзедзінкі. Там ён упершыню сутыкнуўся зь беларускімі законьнікамі-марыянамі,
якія ў 1924 годзе адкрылі ў Друі свой кляштар, a пры кляштары – польскую
гімназію імя Сьцяпана Батуры. Гімназія была прыватная, i бацькі за навуку
сваіх дзяцей мусілі плаціць. Кошт навучаньня залежаў ад таго, ці дзеці
паходзілі зь сем’яў Друйскай парафіі. Бедныя сем’і маглі адрабляць за навуку
сваіх дзяцей працаю ў кляштары. Хадзілі ў гімназію і дзеці друйскіх габраяў,
але ім даводзілася плаціць яшчэ больш. Вучні з далёкіх вёсак жылі ў
інтэрнатах: хлопцы – у кляштары айцоў марыянаў, a дзяўчаты – y сёстраў
закону эўхарыстак, заснаванага блаславёным Юр’ем Матулевічам.
Схільнасьць да сьвятарства, паводле сьведчаньня самога Сіповіча,
зьявілася ў яго вельмі рана. У лістападзе 1928 году ён зрабіў канчатковы
выбар свайго жыцьцёвага шляху, паступіўшы ў друйскі марыянскі “ювэнат” –
нешта падобнае на манастырскую “малую сэмінарыю” для кандыдатаў у закон.
Хлопцы ў ювэнаце працягвалі вучыцца, але адначасова прызвычайваліся да
законных парадкаў, удзельнічалі ў супольных малітвах i працы ў кляштары
(безумоўна, улічвалася, што яны былі зусім маладога веку, дый навука i
адпачынак вымагалі часу). Сіповіч правёў першы год ювэнату ў падрыхтоўцы да
гімназіі, куды паступіў увосень 1929 году[3].
 |
Юры
Матулевіч
(1871–1927)
|
Думка пра беларускі кляштар y Друі нарадзілася ў блаславёнага Юр’я
Матулевіча (1871–1927), біскупа Віленскага ад 1918 да 1925 году. Сам
нацыянальна сьведамы летувіс, ён правёў амаль усё сваё жыцьцё ў Польшчы, дзе
здабыў павагу як узорны сьвятар, поўны апостальскай рупнасьці, але і
зацікаўлены ў сацыяльных пытаньнях. У 1909 годзе ён таемна ўступіў y закон
марыянаў. Той стаяў на парозе выміраньня, бо царскі ўрад забараняў браць
новых кандыдатаў y каталіцкія манаскія законы. Абраны галоўным, або
генэральным, кіраўніком закону (звычайна яго звалі “айцом генэралам” ці
проста “генэралам”[4]), Матулевіч
аднавіў яго, даў яму новую канстытуцыю i заснаваў навіцыят (паслушэнства) y
Фрыбургу ў Швайцарыі, далёка ад вачэй царскай выведкі. Пасьля адступленьня
расейскай арміі ў 1915 годзе марыяне пачалі адкрыта працаваць y Польшчы i
Летуве. У 1918 годзе Сьвяты Айцец прызначыў Матулевіча Віленскім біскупам.
Горад Вільня быў косткай нязгоды між Летувой i Польшчай i ўрэшце стаў
часткаю апошняй. Матулевіч апынуўся ў вельмі далікатным становішчы. Чалавек
Божы, далёкі ад усялякай палітыкі, ён хацеў быць пастырам i бацькам для ўсіх
сваіх вернікаў, незалежна ад нацыянальнасьці. На жаль, праз сваю
летувіскасьць ён падазрона выглядаў y вачох польскіх уладаў i шавіністычна
настроенага польскага духавенства. Асабліва злавала палякаў стаўленьне
Матулевіча да беларусаў – найбольшай часткі вернікаў у Віленскай дыяцэзіі.
Згодна з польскай палітыкай, беларусаў належала асыміляваць, i Каталіцкай
Царкве адводзілася ў гэтай справе важная роля. Валерыян Роман, прадстаўнік
польскага ўраду на Віленшчыне, y 1923 годзе пісаў, што Каталіцкая Царква –
наймагутнейшы фактар «здабываньня для польскасьці каталіцкіх масаў
“тутэйшага” насельніцтва, гэта значыць зь нявызначаным пачуцьцём сваёй
нацыянальнасьці»[5]. Зразумела,
Матулевіч ня мог згадзіцца, каб Царкву выкарыстоўвалі дзеля нацыяналістычных
мэтаў. Аднак ён ня меў улады забараніць апалячваньне, a ягоныя спробы
задаволіць духоўныя патрэбы беларускіх вернікаў выклікалі з боку палякаў
абвінавачаньні ў падтрымцы “беларускага нацыяналізму”. Пасьля ягонай
адстаўкі ў 1925 годзе сябры Віленскай капітулы – польскія сьвятары на чале
зь вікарным біскупам Міхалькевічам – зрабілі ў кнізе пратаколаў наступны
запіс пад назваю “Rzady diecezjalne J. E. Ksiedza Biskupa Jerzego
Matulewicza” (Кіраваньне дыяцэзіяй Я. Э. Айца Біскупа Юр’я Матулевіча):
«Кожны адчуваў y біскупе столькі мудрасьці i яснага розуму, столькі спагады
i супакою, столькі разуменьня ўва ўсім i сардэчнасьці, што адыходзіў з
уражаньнем незвычайнага духу вялікага чалавека. Колькі ж біскуп Матулевіч
пры такіх выдатных якасьцях розуму i сэрца мог бы зрабіць y нашай дыяцэзіі,
калі б ня гэты няшчасны летувіскі i беларускі шавінізм»[6].
Ня ў сілах змагацца з шавінізмам польскіх сьвятароў i варожасьцю польскай
адміністрацыі, Матулевіч вырашыў заснаваць беларускі рэлігійны асяродак –
кляштар беларускіх айцоў марыянаў. Ягоным дбаньнем y траўні 1924 году
афіцыйна адчыніўся кляштар беларускіх марыянаў y Друі. Першым супэрыёрам
(кіраўніком) новазаснаванага кляштару стаў айцец Андрэй Цікота (1891–1952),
узорны сьвятар i здольны адміністратар. Неўзабаве да яго далучыліся іншыя
сьвятары, сярод ix – айцец Язэп Германовіч (1890–1978), вядомы беларускі
паэт i любімы настаўнік Чэслава Сіповіча. Марыяне таксама апекаваліся
Друйскай парафіяй, якая абымала, апроч самога гораду, некалькі суседніх
вёсак. Кляштарная царква Сьвятой Тройцы была адначасова i парафіяльнай. На
пачатку 1930 году парафія налічвала 5024 вернікі, зь ix 3274 – беларусы,
1163 – “беларусы, якія ўважалі сябе за палякаў”, 346 – палякі, 206 – жаўнеры
польскай пагранічнай аховы, 34 – летувісы, 3 – латышы i 2 – расейцы[7].
Хоць большасьць парафіянаў складалі беларусы, друйскія айцы ў вонкавых
зносінах зь людзьмі ўжывалі беларускую мову вельмі абачліва, каб не гнявіць
польскія ўлады. Так, заснаваная імі гімназія была польскай – беларуская мова
не вывучалася ў ёй нават як прадмет. Паводле Тамаша Падзявы, аднаго зь
першых вучняў гімназіі, айцец Цікота забараніў вучням размаўляць між сабою
па-беларуску нават на перапынках. Падзява стараецца так апраўдаць гэтую
забарону: «Мы спакойна прынялі выдадзеную ім (Цікотам. – А.Н.) забарону
размаўляць на тэрыторыі гімназіі па-беларуску або па-жыдоўску, бо гэтая
забарона была разумна ім абгрунтаваная i ўматываваная патрэбаю для нас
практыкавацца ў польскай мове, якая ў многіх з нас была яшчэ далёка не
дасканалай»[8]. У царкве ў
нядзелі i сьвяты дзьве казані прамаўляліся на польскай мове, i толькі адна,
на нешпарах (вячэрні), – па-беларуску. Між сабою айцы звычайна гутарылі
па-беларуску. Айцец Віталіс Хамёнак, які навучаў рэлігіі дзяцей y пачатковых
школах на тэрыторыі парафіі, часта карыстаўся беларускай мовай, бо дзеці
польскай не разумелі. Але й гэтага было зашмат для польскіх дзяржаўных i
царкоўных уладаў. Становішча пагоршылася ў 1925 годзе, калі Польшча
падпісала канкардат (дамову) з Апостальскім Пасадам. Згодна з канкардатам,
Віленскі біскуп узвышаўся да годнасьці архібіскупа, a Вільня сталася цэнтрам
новай царкоўнай правінцыі (мітраполіі), y якую ўваходзілі, апрача Віленскай,
дыяцэзіі Пінская i Ломжынская. На практыцы гэта азначала, што ў спрэчцы за
Вільню між летувісамі i палякамі Сьвяты Пасад падтрымаў апошніх. Матулевіч
апынуўся ў невыносным становішчы. У ліпені 1925 году біскуп Юрай папрасіў
Сьвятога Айца звольніць яго. Просьбу задаволілі, а на месца Матулевіча
прызначылі біскупа Яна Цепляка з Амэрыкі – той памёр, не даехаўшы да Вільні.
Тады ў верасьні 1926 году Віленскі пасад заняў Рамуальд Ялбжыкоўскі
(1876–1955) – паляк, які ад самага пачатку непрыхільна паставіўся да
беларусаў i іх патрэбаў.
Беларускія айцы ў Друі неўзабаве адчулі новыя парадкі. Іхную прапанову ў
канцы 1926 году пашырыць сваю пастырскую дзейнасьць сярод беларускага
каталіцкага насельніцтва адкінулі. У 1929 годзе Ялбжыкоўскі прызначыў
адмысловую камісію, каб разгледзець розныя “злачынствы” беларускіх марыянаў,
y прыватнасьці справу сьвятара Юзэфа Бародзіча – той абвінаваціў марыянаў y
спробе атруціць яго. Бародзіч паходзіў зь Віленскай дыяцэзіі, але ад 1912
году належаў да італійскай дыяцэзіі Вэнтымілья i жыў y горадзе Сан-Рэма.
Штолета ён прыяжджаў на Віленшчыну, дзе зь ціхага дазволу вышэйшых царкоўных
уладаў праводзіў кампанію ў абароне “польскіх крэсаў” – Бародзічу здавалася,
што яны апынуліся ў небясьпецы. Прадметам асаблівых нападаў зь ягонага боку
сталіся беларускія марыяне. У чэрвені 1929 году Бародзіч зрабіў спробу
нібыта з дазволу царкоўных уладаў заснаваць y Друі новую царкву сьв. Антона,
каб разбурыць парафію, якой кіравалі марыяне. Прыціснуты Цікотам,
Ялбжыкоўскі мусіў прызнацца, што ніякага дазволу Бародзічу не даваў, i
загадаў апошняму выехаць з Друі. Камісія сьцьвердзіла бязглуздасьць
абвінавачаньняў Бародзіча, але адначасова выказала патрабаваньне зьмяніць
беларускі характар Друйскага кляштару. Цяпер Ялбжыкоўскі атрымаў падставу
дамагацца, каб друйскія марыяне прынялі ў свой кляштар двох польскіх
законьнікаў. Такім чынам выявілася сапраўдная мэта біскупскай камісіі. Айцец
Цікота добра разумеў гэта, калі пісаў генэралу марыянаў Бучысу, што адзінае
злачынства, y якім яны прызнаюцца, – гэта іхная беларуская нацыянальнасьць.
Увесну 1930 году друйскія марыяне, каб пазьбегнуць закалоту ў царкве,
вырашылі спыніць казані на беларускай мове. Гэтае рашэньне ўхваліў польскі
марыянін Казімер Бранікоўскі, якога ў пачатку 1930 году Бучыс паслаў y Друю
«для расьсьледаваньня нацыяналізму друйскіх айцоў, паколькі ёсьць чуткі, што
гэты нацыяналізм стварае закалот сярод друйскіх парафіянаў»[9].
Увосень 1929 году ўлады звольнілі айца Віталіса Хамёнка з пасады
настаўніка рэлігіі ў школах Друйскай парафіі. Яго заступіў сьвятар-паляк,
які – чытаем у справаздачы Бранікоўскага – «адрабляе беларускі ўплыў а.
Віталіса ў школах, гаворачы дзецям пра Польшчу, падбіраючы прыклады з
рэлігійнага жыцьця Польшчы перад яе падзеламі»[10].
 |
Michel d’Herbigny
(1880–1957)
|
Прыблізна ў тым самым часе беларускіх марыянаў у Друі аслабіла высылка
некаторых іхных айцоў y Харбін на місіянерскую працу сярод расейцаў. Яны
сталіся ахвярамі моднай тады палітыкі “навяртаньня Расеі”. Паводле
прыхільнікаў гэтай палітыкі, пасьля хуткага правалу бальшавікоў (у чым яны
не сумняваліся) Расейская Праваслаўная Царква застанецца слабой i
здэмаралізаванай. Такім чынам, для Каталіцкай Царквы адкрыецца нагода
пасунуць свае межы ўглыб Расеі. Галоўным прадстаўніком i ідэолягам гэтага
духоўнага “паходу на Маскву” быў францускі езуіт, рэктар Папскага Ўсходняга
Інстытуту ў Рыме, біскуп Мішэль Дэрбіньі (Michel d’Herbigny, 1880–1957), які
карыстаўся даверам папы Пія XI. У 1925 годзе заснаваная адмысловая камісія
“Pro Russia” (Для Расеі), перш як частка Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў, a
ад 1930 году – як незалежная ўстанова, непасрэдна падпарадкаваная Сьвятому
Айцу. Першым крокам да зьдзяйсьненьня свайго пляну Дэрбіньі, быццам новы
Напалеон, стварыў фарпосты на землях, сумежных з Савецкім Саюзам. Адным з
такіх фарпостаў быў езуіцкі кляштар y Альбэртыне каля Слоніму. Адначасова й
справы ўсходняга (бізантыйскага) абраду ў Заходняй Беларусі, што
знаходзілася тады ў межах Польскай дзяржавы, падпарадкавалі камісіі “Pro
Russia”. Беларусы бачылі ў гэтым правал надзеяў на адраджэньне іхнай
Вуніяцкай (Грэка-Каталіцкай) Царквы. Польскія ўлады таксама паставіліся да
камісіі ад пачатку непрыхільна, бо ўважалі Беларусь сваёй «сфэрай уплываў» i
не маглі дапусьціць русыфікацыі беларусаў праз... Ватыкан.
Другім прыцягнуў увагу камісіі “Pro Russia” Харбін, сталіца кітайскай
правінцыі Манчжурыя. Трэцюю частку жыхароў гэтага паўмільённага гораду
складалі расейцы, уцекачы ад камуністычнага рэжыму. Гэта была колькасна
найбольшая кампактная расейская грамада за межамі Расеі. Расейская
Праваслаўная Царква вызначалася добрай арганізацыяй: на чале яе стаяў
архібіскуп, якому падпарадкоўваліся два біскупы i амаль 250 сьвятароў. Для
Дэрбіньі Харбін уяўляўся сьпелай нівай, якая абяцала багаты ўраджай. Толькі
б знайсьці працаўнікоў...
Матулевіч памёр y пачатку 1927 году. На ягонае месца генэралам марыянаў
абралі Францішка Бучыса (1872–1951), таксама летувіса. Перад Першай
сусьветнай вайною ён шмат часу правёў у Пецярбурзе, перш як студэнт, a
пасьля як прафэсар фундамэнтальнага багаслоўя i віцэ-рэктар (інспэктар)
Імпэратарскай Каталіцкай Духоўнай Акадэміі. Напэўна, тады ён захапіўся
думкай “навяртаньня Расеі”. Ён так да канца i не зразумеў, што беларусы –
гэта асобная нацыя. Райца польскай амбасады ў Ватыкане Станіслаў Янікоўскі ў
гутарцы з Бучысам 3 сьнежня 1930 году зьвярнуў увагу, што назоў “Камісія для
Расеі” не зусім адпаведны, бо тая займаецца справамі ня толькі расейцаў, але
таксама беларусаў, украінцаў ды іншых. Бучыс адказаў, што «беларусы i
маларусы – гэта таксама расейцы. Гэта прызнавалі ў сваім часе імпэратары
(расейскія. – А.Н.) у пераліку сваіх тытулаў»[11].
 |
Францішак Пётра Бучыс
(1872–1951)
|
Думка пра “навяртаньне Расеі” не пакідала Бучыса праз усё жыцьцё. Калі
паўстала камісія “Pro Russia”, ён адчуў y старшыні гэтай установы свайго
аднадумца, i яму не заняло шмат часу, каб стаць калі не супрацоўнікам, то
прынамсі, як трапна выказаўся Трэцякевіч, «паслухмяным i верным выканаўцам
загадаў Дэрбіньі»[12].
18 красавіка 1929 году Бучыс пісаў айцу Абрантовічу ў Харбін: «Айцец
біскуп Дэрбіньі мае галаву i мае сапраўды прыхільнасьць да Айца
(Абрантовіча. – А.Н.), да Друі i да мяне. У цяперашніх абставінах ім ня
можна грэбаваць з увагі на нашыя цяперашнія патрэбы. Ва ўсіх абставінах гэта
годны пашаны дастойнік i выдатны працаўнік y вялікай справе»[13].
Абрантовіч, які дзякуючы гэтаму “годнаму пашаны дастойніку”, не без
удзелу Бучыса, апынуўся на іншым канцы сьвету, каб “навяртаць расейцаў”, мог
бы абысьціся і бяз гэтай празьмернай “зычлівасьці”. 3 красавіка 1929 году ён
пісаў Бучысу: «Дзіўныя сапраўды людзі... паслалі, самі ня ведаючы, што тут
ёсьць... грошай, ані інструкцыяў ня далі, не акрэсьлілі максімальных i
мінімальных межаў, y лістох не перасьцераглі... кажуць існаваць y самай
бязглуздай сытуацыі, на крэдыт ужо 4-ты месяц (падкрэсьлена Абрантовічам. –
А.Н.)... i цяпер маюць караць»[14].
Бучыс жа, які спакойна жыў у Рыме, сапраўды ня мог скардзіцца на недахоп
увагі з боку свайго апекуна. Калі ў 1930 годзе камісія “Pro Russia” стала
незалежнай установай, Дэрбіньі ледзь ня першай справай на пасадзе яе
старшыні выстараўся біскупскую годнасьць для свайго памочніка і прызначыў
яго апостальскім візытатарам для расейцаў у Заходняй Эўропе. Няма сумневу:
Дэрбіньі проста ўзнагародзіў Бучыса за верную службу, бо патрэбы ў
прызначэньні не было. Бучыс меў тады ўжо амаль 60 гадоў, ён нарадзіўся і
гадаваўся ў рымскім абрадзе. Айцец Кірыла Каралеўскі (француз; сапраўднае
прозьвішча Жан Шарон (Jean Charon), 1878–1959), добры знаўца Ватыканскай
“усходняй палітыкі”, пісаў: «Каб зрабіць больш урачыстымі богаслужэньні і
адначасова даць магчымасьць студэнтам навучыцца абраду, Дэрбіньі пастараўся
зрабіць тытулярным біскупам Алімпу а. Пятра Бучыса, законьніка маленькага
закону з цэнтрам у Друзе ў Літве (так у тэксьце! – А.Н.)... аднавіцеля
свайго закону (аднавіцелем марыянаў быў ня Бучыс, а Матулевіч. – А.Н.), які
Дэрбіньі хацеў выкарыстаць для апасталяту ў Расеі... Ён (Бучыс. – А.Н.)
амаль зусім ня ведаў усходняга абраду, але Дэрбіньі разьлічваў на тое, што
ён возьмецца за яго рашуча... Мушу сказаць, што, застаўшыся лаціньнікам у
духу і нават у вялікай меры і ў абрадзе, бо на справе ён заставаўся
бірытуалістам, ён ня мог прызвычаіцца да сваіх новых абавязкаў – зрэшты
чыста дэкаратыўных, бо ня меў ніякай юрысдыкцыі – і неўзабаве амаль зусім іх
закінуў»[15].
Гэтыя радкі ясна паказваюць: Дэрбіньі і ягоным блізкім супрацоўнікам
“маленькі закон з цэнтрам у Друзе ў Літве” быў патрэбны толькі для аднаго –
каб служыць іхным мэтам. Ім не было ніякай справы да таго, што гэта за закон
і дзе ён знаходзіцца. Дарэчы, каб не палохаць расейцаў лацінскім імем
“Францішак”, Бучыс пачаў ужываць сваё другое імя “Пётра”.
За тры гады да свайго біскупства, 6 красавіка 1927 году, Бучыс пісаў у
камісію “Pro Russia” (або хутчэй у Кангрэгацыю для Ўсходніх Цэркваў, куды
ўваходзіла тады гэтая камісія), што Матулевіч біскупам Віленскім, бліжэй
уведаўшы беларусаў, якіх шмат жыло ў ягонай дыяцэзіі, «прыйшоў да
перакананьня, што для навяртаньня расейцаў нашыя законьнікі-беларусы могуць
быць больш прыдатным інструмэнтам, чым нашыя браты якой-колечы іншай
нацыянальнасьці[16]. Таму, хоць
наш закон меў ужо ў Польшчы навіцыят у Расьне, архібіскуп Матулевіч, з
ласкавага дазволу Сьвятога Пасаду, заснаваў у Друі, што знаходзіцца ў
Віленскай архідыяцэзіі, іншы навіцыят дзеля падрыхтоўкі беларусаў да іхнай
асаблівай мэты (ad erudiendos alborussos ad finem eorum specialem)». Гэты
ліст уздымае пытаньне, ці быў Матулевіч, калі засноўваў кляштар у Друі,
поўнасьцю шчыры зь беларусамі. У сваім лісьце да Сьвятога Пасаду за 8
чэрвеня 1923 году ён прасіў дазволу заснаваць марыянскі кляштар і навіцыят
«для беларусаў, у сваёй бальшыні схізматыкаў, якія да гэтага часу ня маюць
сваіх законьнікаў, якія б займаліся справай іхнага навяртаньня і збаўленьня»[17].
У лісьце няма нават згадкі пра Расею і ейнае «навяртаньне». З другога боку,
19 красавіка 1926 году Матулевіч пісаў польскаму марыяніну Ўладзімеру
Якоўскаму: «У пытаньні беларускім прашу не баяцца. Нашыя Польшчы напэўна не
зашкодзяць. Яны галоўным чынам рыхтуюцца да місіяў у Расеі, чакаюць толькі
зручнай хвіліны. Бог дасьць яе хутчэй, чым спадзяемся. У Польшчы застанецца
іх толькі некалькі для абслугі парафіі і для падрыхтоўкі сілаў для Расеі»[18].
Такім чынам, калі Матулевіч займаў не зусім ясную пазыцыю, дык Бучыс ня
меў ніякіх сумневаў наконт мэты заснаваньня Друі. Таму, калі зьявілася
прапанова паслаць беларускіх марыянаў у Харбін, ён яе цалкам падтрымаў.
Першым з друйскіх марыянаў выслалі ў Харбін айца Фабіяна Абрантовіча. Перад
сваім ад’ездам, 28 жніўня 1928 году, ён пісаў Цікоту з Рыму: «Паводле сьв.
пам. Юрага (Матулевіча. – А.Н.), Расеі не наверне ні Польшча, ні Літва, але
Беларусь – Друя, якую ён дзеля гэтага залажыў. Друя павінна апраўдаць надзеі
на яе ўзложаныя, інакш ня мае сэнсу існаваньня, яе зачыняць. Дзеля гэтага
трэба, каб нас двох ехала ў Харбін. Г(ермановіч) будзе арганізаваць
беларусаў. Калі б мы ўперліся ды не паехалі з Друі – Аман па нас! Так,
больш-менш, гаварыў мне А(йцец) Ген(эрал) на ад’ездным...» У 1929–1930 годзе
пяцёх друйскіх клерыкаў для падрыхтоўкі ў Харбін паслалі вучыцца ў Рым у
новаадчыненую Расейскую калегію (г. зв. Русікум). За іхную навуку мусіў
плаціць Друйскі кляштар. Такім чынам, Харбін стаўся для Друі непасільным
цяжарам і не даваў ёй разгарнуць шырэйшую працу на месцы. У 1932 годзе
Цікота прасіў Бучыса, каб адзін з гэтых клерыкаў, Тамаш Падзява, мог
застацца ў Беларусі. Адказ Бучыса быў хуткі і востры: «Тамаш Падзява тваімі
стараньнямі быў прыняты ў калегію Русікум пад умоваю, што пасьля сканчэньня
навукі будзе працаваць для навяртаньня расейцаў. Дзеля гэтай мэты тыя, каму
ляжыць на сэрцы навяртаньне Расеі, выдаткавалі немалыя сумы для адукацыі
гэтага юнака... тваё жаданьне супярэчыла той мэце, якую прызначыў
Найсьвяцейшы Айцец Друйскаму кляштару»[19].
Біёграфы пішуць, што Дэрбіньі любіў выдаваць свае жаданьні за волю папы.
Бучыс выявіў сябе здольным вучнем свайго апекуна.
Notes
[1] Kryvicanin Vasil. “Z
Dziedzinki”, Chryscijanskaja dumka, No. 6 (154), Vilnia, 01.03.1938, s. 5.
[2] Kryvicanin Vasil. “Z
Dziedzinki”, Chryscijanskaja dumka, No. 6 (154), Vilnia, 01.03.1938,
s. 5.
[3] У сьпісе сьвятароў,
клерыкаў i кандыдатаў Друйскага кляштару, складзеным y часе кананічнай
візытацыі 4–8 лютага 1929 году генэралам закону марыянаў Францішкам Бучысам,
пры прозьвішчы Сіповіча зроблены наступны запіс: «Wstapil 1928.XI.2.
Probant. Prz. wstap. skoncz. 3 oddz. szkoly powszechnej, przygotowuje sie do gimnazjum» (Паступіў 1928.ХІ.2. Кандыдат. Перад паступленьнем скончыў 3
клясы народнай школы, рыхтуецца да гімназіі). Сам Сіповіч y складзенай ім
храналёгіі найважнейшых падзеяў свайго жыцьця падае дату паступленьня ў
ювэнат на дзень ранейшую, г. зн. 1 лістапада.
[4] На чале закону марыянаў,
як i іншых падобных законаў y Каталіцкай Царкве, стаіць галоўны, або
генэральны, кіраўнік, які па-лаціне называецца “Superior generalis”. Ён
кіруе законам з дапамогаю генэральнай рады (Consilium generale). Генэральны
кіраўнік i сябры рады выбіраюцца на шэсьць гадоў на асобным зьезьдзе
марыянскіх прадстаўнікоў з розных краінаў, што называецца “генэральнай
капітулай” (Capitulum generale). Марыянскія кляштары (або дамы) у адной
краіне ўтвараюць адну правінцыю, на чале якой стаіць правінцыйны кіраўнік
(Superior provincialis) разам з правінцыйнай радай. Нарэшце, кожны кляштар,
або законны дом, мае свайго кіраўніка (Superior) i раду дому. У штодзённым
ужытку генэральны кіраўнік звычайна называецца “генэралам”, кіраўнік
правінцыі – “правінцыялам”, a кіраўнік законнага дому, або кляштару, –
“супэрыёрам”.
[5] «pozyskiwania dla
polskosci mas katolickich ludnosci “tutejszej”, to znaczy o
niewyklarowanym poczuciu narodowym». Паводле: Gorski Tadeusz.
“Biskup Matulewicz a rzad Polski”, Tygodnik Powszechny,
Warszawa, 13.02.1972.
[6] «Kazdy odczuwal w B-pie tyle madrosci i jasnosci umyslu, tyle pogody i
spokoju, tyle we wszystkim wyrozumialosci i serdecznosci, ze
wychodzil pod wielkim wrazeniem niezwyklego ducha wielkiego
czlowieka. Ilez by Biskup Matulewicz przy takich wybitnych zaletach umyslu i serca mogl zdzialac w naszej diecezji, gdyby nie ten nieszczesny litewski i bialoruski szowinizm» (W. Myslek.
“Kapitula contra Biskup”, Argumenty, No. 14, Warszawa, 1969).
[7] Статыстыка падрыхтаваная
а. Віталісам Хамёнкам для a. K. Бранікоўскага, які на загад генэральнага
кіраўніка закону а. Ф. Бучыса праводзіў надзвычайную візытацыю Друйскага
кляштару ў лютым–красавіку 1930 году. (Копія ў архіве Бібліятэкі Ф. Скарыны
ў Лёндане.)
[8] Podziawo Tomasz. Ojciec Andrzej Cikoto, Chylice, 1959, s. 27. Машынапіс гэтай працы
знаходзіцца ў Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане. Ці шкадаваў Падзява, што ня
меў магчымасьці вучыцца на роднай мове? 16 сакавіка 1961 году ён пісаў
Сіповічу – тады ўжо біскупу – па... італійску: «Я яшчэ не забыўся салодкай
італьянскай мовы. Хутчэй за ўсё я ўжо забыўся матчыну мову, або лепш, ніколі
яе не вучыўся. Праз трыццаць гадоў я размаўляў толькі па-расейску або
па-польску» (Io non ho ancora dimenticato la dolce lingua italiana.
Piuttosto ho giа dimenticato la mia lingua materna, o meglio non la ho
studiato mai. Da trenta anni ho parlato soltanto russo o polacco). Відаць,
пішучы па-італійску, ён хацеў гэтым нешта сказаць.
[9] «Agitur de investigatione
nationalismi Marianorum Drujensium, qui nationalismus dicebatur nocere paci
parochianorum Drujensium». Надпіс зроблены рукою Бучыса на лісьце, які ён
атрымаў 16 красавіка ад Бранікоўскага з Друі. Дарэчы, той самы Бранікоўскі ў
сваім ранейшым лісьце за 3 сакавіка пісаў Бучысу: «Дзеля большага супакою i
каб пазьбегнуць Боскай зьнявагі ў сувязі з атакамі, якія рыхтаваліся ў
касьцёле, аа. друйскія, пасьля доўгіх дыскусіяў на сваіх паседжаньнях, без
майго ўдзелу i ўплыву вырашылі спыніць беларускія казані на вячэрнях. Мне
гэта вельмі аблегчыць сустрэчу i размову з кс. Архібіскупам (Ялбжыкоўскім.
–
А.Н.). Калі я меў нейкія сумневы, дык яны дзякуючы гэтай іхнай каталіцкай
вялікадушнасьці з сорамам разьвеяліся (ta ich wielkodusznoscia Katolicka ze
wstydem sie rozwialy)». “Каталіцкая вялікадушнасьць” – гэта адмова ад
беларускіх казаняў.
[10] « Odrabia wplyw
bialoruski x. Witalisa w szkolach, mo wiac dzieciom o Polsce przez dobierane przykl ady z zycia religijnego Polski przedrozbiorowej».
Bronikowski Kazimierz. Sprawozdanie z wizytacji nadzwyczajnej odbytej
w Drui na zlecenie Jego Excellencji Najdostojniejszego Ojca
General a z dn. 15.01.1930. Rzym, 10.11.1930, s. 15. Машынапіс y
Бібліятэцы Ф. Скарыны.)
[11] «...Les blanc
russes et les petits russes sont pourtant russes. Les empereurs d’autre-fois
le reconnaissaient dans la nomenclature de leurs titres». Машынапісная копія ў Бібліятэцы Ф. Скарыны.
[12] «He became in
fact an obedient and faithful executor of d’Herbigny’s commands»
(Tretjakewitch Léon. Bishop Michel d’Herbigny and Russia, Augustinus-Verlag,
Wurzburg, 1990, p. 241).
[13] «Ks Biskup d’Herbigny
ma glowe i ma naprawde zyczliwosc dla Ojca, dla Druji i dla mnie. W obecnych
warunkach on nie jest do pogardzenia ze wzgledu na aktualne nasze potrzeby.
We wszelkich warunkach on jest godnym szacunku dygnitarzem i dzielnym
pracownikiem w wielkiej sprawie».
[14] Абрантовіча ананімна
абвінавацілі ў нейкіх грашовых растратах. Ён адкідаў гэтае абвінавачаньне i
ў згаданым лісьце да Бучыса (пазначаным як secretissimum) пісаў: «Каваль
правініўся, а сьлёсара павесілі!» Сваю канчатковую думку ён выказаў
расейскай прыказкай: «Где есть люди, есть и людоедство».
[15] «Pour donner plus de
solennite aux offices et en meme temps pour exercer les eleves а toutes les fonctions sacrees, Mgr. d’Herbigny fit nommer eveque titulaire d’Olympe un religieux d’une petite Congregation dont le centre etait а Druza en Lithuanie, le P. Pierre Bucys... restaurateur de son Institute que
Mgr d’Herbigny voulait pousser vers l’apostolat en Russie... II
connaissait а peine le rite oriental, mais Mgr d’Herbigny comptait bien
qu’il s’y mettrait resolument... Je doit dire, que, reste Latin de mentalite
et meme en bonne partie de rite, puisqu’il pratiquait le systeme du
biritualisme, il ne put s’habituer а ses nouvelles fonctions d’ailleurs
purement decoratives, puisqu’il n’avait aucune jurisdiction, et cessa
presque completement de les exercer» (Korolevskij Cyrille. Metropolite Andre
Szeptyckyj, Rome, 1964, p. 255–256).
[16] «persuasum habuit
sodales nostros alborussos fieri posse ad convertendos russos instrumentum
aptius quam confratres nostri cuiuscumque aliae nationis».
[17] «pro alborussis, quae
gens maxima pars schismatica hucusque nullos religiosos indigenos habet, qui
suae conversioni et saluti incumbant».
[18] Matulewicz Jerzy.
Listy polskie, tom I, Ksieza Marianie, Warszawa, 1987, s. 178.
[19] «desiderium Tuum
adversabatur eo scopo, qui a Beatissimo Patre Domui Drujensi praefixus est».