Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч

4. У Вечным горадзе

Высяленьне марыянаў з Друі сталася паваротным пунктам у жыцьці Чэслава Сіповіча. Ня маючы надзеі вярнуцца ў Друю і не жадаючы заставацца ў Польшчы, ён і другі клерык, Казімер Аніськовіч, згадзіліся на прапанову Цікоты працягваць навуку ў Рыме пад умоваю, што прымуць усходні (бізантыйскі) абрад і, адвучыўшыся, паедуць у Харбін працаваць сярод расейцаў. Пазьней Сіповіч не любіў гаварыць пра гэтую апошнюю ўмову. Калі аднаго разу ў яго спыталіся, ці гэта праўда, што яго рыхтавалі ў Харбін, ён коратка адказаў, што адмовіўся б туды ехаць. Дакумэнты таго часу гавораць нешта іншае[57]. Так ці іначай, у 1938 годзе Харбін выглядаў нечым вельмі далёкім, а ў міжчасе вабіла магчымасьць жыць і вучыцца ў Рыме.

Такім чынам, у кастрычніку 1938 году два былыя друйскія клерыкі апынуліся ў Вечным Горадзе. Рым, сталіца наступніка сьвятога Пятра, быў таксама адным з найвялікшых цэнтраў багаслоўскай адукацыі. У горадзе існуе каля дзясятку папскіх унівэрсытэтаў і інстытутаў, найбольшы зь іх – Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт, якім кіруюць айцы езуіты. Студэнты розных нацыянальнасьцяў звычайна жывуць у сваіх нацыянальных калегіях, a законьнікі – у сваіх законных дамох, або кляштарах.

Марыяне таксама маюць у Рыме свой дом на вуліцы Корсіка (via Corsica). Апрача студэнтаў, у ёй жывуць генэральны супэрыёр і сябры генэральнай рады. Сіповіч і Аніськовіч, аднак, прыехаўшы ў Рым, жылі не ў сваёй, а ў Расейскай калегіі, вядомай як Русікум, і навучаліся ў Грэгарыянскім Унівэрсытэце. Заснаваны ў 1929 годзе Русікум ня быў расейскай нацыянальнай калегіяй, хоць зрэдку трапляўся сярод ягоных студэнтаў і чыстакроўны расеец. У гэтай установе маладыя людзі розных нацыянальнасьцяў пад кіраўніцтвам айцоў езуітаў рыхтаваліся да місіянерскай працы сярод расейцаў. Вось што піша пра Русікум Сіповіч Антону Цьвячкоўскаму 28 ліпеня 1939 году: «Жыву ў калегіі, гдзе расейцы, немцы, французы, булгар, літовец, славакі, эстонцы і г. д. твораць даволі згодную грамадку, каторай мэта праца для цяперашняй Расеі заграніцай і падгатоўка да прышлай, ужо небальшавіцкай». Пра Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт ён кажа так: «Грэгарыянум наагул не падвяло. Думаў аб ім горна і цяпер толькі пакрапчэла перакананьне... Ёсьць прафэсары сусьветнай славы, але часам такіх вельмі маркотна слухаць. Праз цэлы год не было ў нас ніякіх паўторак. 50 мінут выкарыстана як вадой наліць. Лаціна асобных труднасьцяў для нас ня дзеіць, кроме таго, што трэба ўсёжтакі прывычкі да выгавару францускага, ці англійскага. Эгзаміны здалі лепш чым сярэдня на бакаляўрэат».

У Рыме Сіповіч узяўся вывучаць мовы, асабліва расейскую, нямецкую і італійскую. І ўжо ў сьнежні 1938 году ў Хрысьціянскай думцы зьявіўся ягоны пераклад вядомага верша Гётэ “Mignon”[58]. А італійскай Чэслаў займаўся пад час заняткаў – прапускаючы некаторыя лекцыі. Гэта было супраць правілаў, але дало жаданыя вынікі. Не забываўся Сіповіч і на родную мову і літаратуру. Ён прывёз з сабою Граматыку Тарашкевіча, Хрэстаматыю Дварчаніна ды іншыя кніжкі, якія чытаў у вольны час. Сіповіч зразумеў, як мала ён ведаў пра сваю Бацькаўшчыну пасьля таго, як разам з айцом Германовічам схадзіў ва Ўкраінскую калегію. Там яго пачалі пытацца пра Беларусь, ейную гісторыю, культуру і цяперашні стан, а ён, да свайго сораму, ня мог адказаць. Пачаў больш інтэнсіўна займацца беларускай гісторыяй. Неўзабаве зрабіў даклад пра Францішка Скарыну для студэнтаў і кіраўнікоў Русікуму. Тэкст дакладу не захаваўся, але Сіповіч сам апісаў яго ў “Лісьце з Рыму”, надрукаваным у Хрысьціянскай думцы 25 траўня 1939 году: «Я нядаўна ў кругу мяшаным нацыянальна меў даклад аб Др. Фр. Скарыне. Многія зацікавіліся асобай нашага вучонага. Адзін нямецкі праф(эсар) зьвярнуўся да мяне з просьбай, каб сколькі мага памагаць яму ў працы. Працуе ён навукова над гісторыяй даўнай Расеі і ў кожных дакумэнтах спатыкаецца з беларускім языком і з беларускімі асобамі. У архівах ватыканскіх многа нявыкарыстаных вестак знаходзіцца з нашай мінуўшчыны. Дасьць Бог, можа дабяромся»[59]. “Нацыянальна мяшаны круг” – гэта былі студэнты Русікуму і, магчыма, некалькі выкладчыкаў Папскага Ўсходняга Інстытуту, што месьціўся побач з Расейскай калегіяй. Сіповіч ня мог устрымацца, каб не пахваліцца сваімі “акадэмічнымі посьпехамі”, палічыўшы некалькі прыхільных словаў, сказаных на ягоны адрас прафэсарам Альбэртам Аманам (які “зубы зьеў” на чытаньні старых дакумэнтаў), за просьбу дапамагаць у навуковай працы. Пасьля яму дорага давялося заплаціць за сваю інтэлектуальную самаўпэўненасьць, “праваліўшы” два разы выніковыя экзамэны з багаслоўя. Затое абяцаньне “дабрацца” да ватыканскіх архіваў ён у свой час выканаў.

Даклад “Др. Ф. Скорина и его труд” Сіповіч прачытаў у рамках г. зв. “акадэмічнага сэмінару” – на яго паседжаньнях студэнты Русікуму рабілі спавешчаньні на абраныя імі тэмы. Пасьля кожнага дакладу, які трываў ня больш за 45 хвілінаў, прыкладна чвэрць гадзіны адводзілася на пытаньні і спрэчкі. Згодна з справаздачай, Сіповіч у сваім дакладзе «асьвятліў дзейнасьць гэтага цікавага і зусім незвычайнага беларускага вучонага Скарыны (этого интересного и совсем незаурядного белорусского ученого Скорины), які жыў у ХVІ стагодзьдзі. Была пададзеная вялікая бібліяграфія, апісаны гістарычна-геаграфічны фон, асьветленая дзейнасьць Скарыны ў галіне перакладаў сьвятых кніг. Цікава было пачуць пра мову Скарыны; гэтая частка была дапоўненая чытаньнем урыўкаў зь ягоных твораў»[60].

Між іншага, у наступным 1939/40 навучальным годзе тэматыка дакладаў на сэмінарах звузілася, «беручы пад увагу некалькі разоў ужо выказаную думку, згодна зь якою дзеля сыстэматычнага азнаямленьня з расейскай культурай трэба выбіраць тэмы больш аднародныя»[61]. У тым самым годзе «характэрнай зьявай... былі г. зв. гутаркі з праф. В. I. Івановым. Яны мелі на мэце прыйсьці з дапамогаю навучэнцам у іхніх прыватных занятках і асабліва даць ім магчымасьць чэрпаць свае веды аб расейскай культуры з добрай крыніцы»[62]. Расеец Іваноў прыняў каталіцтва і жыў нейкі час у Русікуме. Відаць, ён спэцыялізаваўся ў расейскай літаратуры, бо чытаў там лекцыі пра Дастаеўскага. Сіповіч пакінуў апісаньне прыватнай гутаркі з прафэсарам на тэму беларускай мовы, што адбылася 21 лістапада 1939 году. Прафэсар глыбакадумна патлумачыў яму, што ўсходнеславянская галіна моваў «мае тры нарэччы (гаворкі. – А.Н.): вялікарускае, маларускае і беларускае. Вось жа са сваёй натуры яны ёсьць языком рускім, усе гэты тры нарэччы, і пакуль што ні нарэчча ўкраінскае ні беларускае ня могуць звацца языкамі асобнымі, аддзельнымі. У кірунку асобнага языка больш права мае сяньня ўкраінскі, а саўсім такога права ня мае беларускае нарэчча, каторага зрэшты я добра ня ведаю». Велікадушна ён не забараняе паэтам карыстацца беларускай ці ўкраінскай мовамі: «Па-моему, у паэзіі, у лірыцы, хай кожны так піша, як яму дыктуе натхненьне. А яно выбірае дарогу языка ці нарэчча найбольш натуральнага чалавеку; дзеля таго не адкідаю зусім беларускага нарэчча ці маларускага ў паэзіі. Але даю раду: калі будзеце пісаць штось навуковага, пішыце на мове больш вырабленай і знанай». Калі Сіповіч спытаўся, чаму нельга пісаць на мовах, якія маюць свайго Шаўчэнку, Скарыну і Купалу, «на гэта праф. Іваноў мне нічога не адказаў проста». Гэтулькі розуму ўдалося зачэрпнуць Сіповічу “з добрай крыніцы”.

14 студзеня 1940 году споўнілася 25 гадоў сьвятарства айца Адама Станкевіча. Празь няпэўнасьць палітычнага становішча, а таксама каб зьвярнуць увагу, што юбіляр знаходзіўся на “выгнаньні” ў Слоніме, беларусы пачалі рыхтавацца да гэтай даты вельмі рана. Першыя прывітаньні сталі прыходзіць ужо ў чэрвені 1939 году. Сярод іх былі лісты ад мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ды іншых украінскіх і летувіскіх біскупаў, ад сьвятароў (каталіцкіх і праваслаўных), ад многіх беларусаў і іншых асобаў, якія ведалі і шанавалі айца Адама. Не даслалі толькі ніводнага прывітаньня палякі, ані сьвецкія ані духоўныя, нават ягоны дыяцэзіяльны біскуп Ялбжыкоўскі. Шмат хто, ня ведаючы адрасу айца Станкевіча ў Слоніме, даслаў свае віншаваньні ў рэдакцыю віленскага часопісу Калосьсе. Польская паліцыя абшукала памяшканьне рэдакцыі і сканфіскавала многія прывітаньні, у тым ліку ад айца Язэпа Германовіча. Чэслаў Сіповіч таксама даслаў 27 жніўня сваё віншаваньне з Рыму – тэкст захаваўся сярод ягоных папераў. На жаль, яно ніколі не дайшло да адрасата, напэўна, таму, што 1 верасьня пачалася вайна.

Сіповіча вельмі ўразіла Ўкраінская калегія, у якой было блізу сотні студэнтаў -клерыкаў. Аднаго разу, калі ён там гасьцяваў, у яго спыталіся, чаму беларусы ня маюць сваёй калегіі ў Рыме. «Са стыдам – пісаў ён Цьвячкоўскаму, – я ледзь паясьніўся нястачай беларусаў сьвятароў і наагул беларусаў у Рыме». Напэўна, Сіповіч перажыў тады балючыя хвіліны. Цікава, ці адчуваў ён горкую іронію свайго становішча: адзіны беларускі клерык у Рыме рыхтаваўся “навяртаць Расею”, калі на Бацькаўшчыне не ставала сваіх сьвятароў. Можа і добра, што на той час ён нічога ня ведаў пра афэру з брыльянтавым калье княгіні Радзівіл і ролю ў ёй беларускіх айцоў марыянаў... Сіповіч моцна адчуваў адсутнасьць беларусаў у Вечным Горадзе і як мог, імкнуўся гэтую пустэчу запоўніць. Так, у вышэй згаданай карэспандэнцыі з Рыму ён апісвае ўрачыстасьць 18 траўня 1939 году, калі новы папа Пій XII як біскуп Рымскі заняў свой біскупскі пасад у Лятэранскай базыліцы сьв. Яна, “маці каталіцкіх цэркваў”: «Калі папежа ўносілі ў гэтую старынную сьвятыню, таўпа народу з розных старонак сьвету, на розных языкох вітала яго віватамі, воплескамі. Можна было пачуць і беларускае “Хай жыве Сьвяты Айцец!”». Няцяжка здагадацца, хто быў гэты беларус, які вітаў папу ў сваёй мове. Зноў, апісваючы ўсходнюю Літургію 21 траўня ў базыліцы сьв. Пятра з нагоды 950-х угодкаў хрышчэньня Русі, ён так тлумачыць адсутнасьць на сьвяткаваньні беларускіх сьвятароў: «Але ўзялі б і яны ўдзел, каб не спазьніўся прыехаць з Харбіну Я(го).Э(ксцэленцыя). Ф. Абрантовіч, каторага чакалі»[63]. Насамрэч Абрантовіча чакалі не як прадстаўніка беларусаў, а як галаву расейскай эпархіі ў Манчжурыі. Таму, нават калі б ён і не спазьніўся, усё роўна афіцыйна беларусаў на ўрачыстасьці не было б.

Наагул, трэба прызнаць той сумны факт, што беларусаў як асобнай нацыі для царкоўных уладаў у Рыме не існавала. Самога Чэслава Сіповіча ў пераліку студэнтаў Грэгарыянскага Ўнівэрсытэту запісалі расейцам. У лісьце за 14 студзеня 1941 году ён зьвяртаўся да сакратара ўнівэрсытэту: «У адказ на заклік прысылаць папраўкі памылак адносна імёнаў і г. д. у сьпісе студэнтаў, якія туды неяк украліся, я асьмельваюся пытацца ў Сакратарыяту, чаму ўжо трэці раз (бо гэта ўжо здарылася двойчы ў мінулыя гады) замест беларускай нацыянальнасьці, да якой я належу, я запісаны расейцам? Спадзяюся, што гэта здарылася праз памылку; калі ж аднак ёсьць нейкія прычыны на гэта, я хацеў бы іх ведаць неадкладна»[64].

На наступны дзень Сіповіч атрымаў адказ ад сакратара : «Прычынай, чаму В (аша) Д(астойнасьць) запісаны расейцам, ёсьць той просты факт, што няма палітычнай дзяржавы “Беларусь”, а толькі Расея, а мы афармляем нашыя рэгістрацыйныя лісты не паводле расавай, а паводле дзяржаўнай прыналежнасьці. Гэтаксама напр. шкоты запісаныя як ангельцы»[65]. Гэты адказ ня робіць гонару ані сакратару, ані той установе, якую ён рэпрэзэнтаваў. Слова “нацыянальнасьць” (nationality, nationalité, nazionalitа) y многіх заходнеэўрапейскіх мовах ужываецца ў значэньні “грамадзянства” або “дзяржаўная прыналежнасьць”. На той час не было ня толькі незалежнай Беларусі, але й Расеі: абедзьве ўваходзілі ў склад Савецкага Саюзу. Таму, згодна зь лёгікай сакратара, “нацыянальнасьць” студэнтаў з гэтых краінаў мусіла пазначацца як “савецкая”. Што да Сіповіча, дык ён ніколі ў жыцьці ня быў нават блізка Расеі. Ня жыў ён і ў СССР, бо пакінуў Заходнюю Беларусь год перад яе далучэньнем да Савецкай Беларусі, выехаўшы ў Італію з польскім пашпартам. Дык да якой ён належаў нацыянальнасьці? У выпадку Шкоцыі і Англіі абедзьве гэтыя краіны ўваходзяць у склад Вялікай Брытаніі, таму “нацыянальнасьць” (y заходнім сэнсе) іхных грамадзянаў акрэсьліваецца як “брытанская” (British), a не “ангельская”. Цікава было б пабачыць таго, хто б адважыўся назваць шкота ангельцам!

Думка пра Беларусь не пакідала Сіповіча ў Рыме, і ён міжволі параўноўваў свой новы досьвед з тым, што бачыў і ведаў на Бацькаўшчыне. Напрыклад, у Вялікую Пятніцу, 11 красавіка 1941 году, ён запісаў у “Хроніцы”: «Часьць з нас ідзе пакланіцца сьв. Крыжу ў касьцёл сьв. Крыжа, часьць у базыліку Лятэранскую, гдзе адбываліся сумна-прыгожыя набажэнствы. Трэба сказаць, што пішучы гэты словы нічога іншага не ўбачыў ад таго, што калісь было ў гэтым дню ў Друйскім марыянскім касьцеле (Беларусь). Зразумела, што там не было ані хору Casimiri, ані гэтулькі канонікаў і пралатаў...»

“Хроніку” прывёз зь Вільні ў Рым айцец Германовіч, які на нейкі час затрымаўся ў Русікуме, каб лепш пазнаёміцца з расейскай літургічнай традыцыяй. Сіповіч працягваў запісы ў “Хроніцы” да 1943 году.

10 лютага 1939 году памёр папа Пій XI. На ягонае месца быў абраны Пій XII, якому выпала кіраваць Каталіцкай Царквою ў Другую сусьветную вайну і ў паваенны пэрыяд супрацьстаяньня паміж камуністычным сьветам на чале з Савецкім Саюзам, з аднаго боку, і Захадам – з другога.

Каранацыя новага папы адбылася 12 сакавіка 1939 году. У той дзень у Марыянскай калегіі разьвітваліся з айцом Германовічам, які зьбіраўся ў Манчжурыю. Сіповіч так апісаў у “Хроніцы” гэтую падзею: «У гэты самы дзень па каранацыі ў нашай Марыянскай калегіі (Rym, via Corsica 1) разьвітальны абед y чэсьць а. Я. Германовіча М.І.С, перад яго ад’ездам у Харбін. На абедзе былі прысутны: біскуп Евреинов (расеец), а. Піліп де Рэжыс, S.J. (француз). Айцец Енэрал А. Цікота па-расейску падзякаваў біскупу за ласкава ветлівае ўчасьце ў марыянскай сямейнай урачыстасьці; падзякаваў такжа айцу Рэктару Піліпу за яго працу над узгадаваньнем марыянскіх клерыкаў, каторыя гатовяцца ў “Русікум” на працаўнікоў злучэньня Касьцёлаў. Адзначыў такжа, што на цяперашніх двох марыянскіх “русікамцах” ня скончыцца ўсходняе напраўленьне. У адказ на слова а. Енэрала Ўладыка Аляксандар са сваёй стараны падзякаваў цэлай нашай Кангрэгацыі за працу, якую мы ложым для яго землякоў. Усім, чым можа, a перадусім малітвамі, абяцаў памагаць у прышласьці марыянам».

Айцец Германовіч пакінуў Рым 15 сакавіка. Перад гэтым, аднак, ён напісаў у Хрысьціянскую думку артыкул пра выбары новага папы[66]. Артыкул канчаецца апісаньнем наступнага здарэньня: «Апошні раз, калі на месяц перад сваёй сьмерцяй папеж Піюс XI быў на вялікіх эгзаменах аднаго законьніка, быў і я з клерыкам – студэнтам Ч.С. У агромнай салі было, можа, з тры тысячы клерыкаў і ксяндзоў. Папеж уканцы багаславіў усіх нас і ўсіх нашых блізкіх, каго хто меў у сэрцы. А мы ж успаміналі Беларусь! Калі ж выносілі папежа ў лектыцэ, ён багаславіў направа і налева. Студэнты крычаць “эвіва”, а мой Чэсь кажа мне: “Я буду крычаць пабеларуску!” – “Ціха!” – кажу яму. Але ён ужо крычыць: “Хай жыве папеж!” Папежа ўжо перанесьлі міма, але ён адвярнуўся, пільна паглядзеў на нас і багаславіў... – “Ну, і маладзец ты, – кажу яму, – што мяне не паслухаў!”»

21–23 ліпеня 1939 году марыяне мелі сваю генэральную капітулу (“агульны зьезд”), на якой зноў абралі біскупа Бучыса сваім генэралам на месца Цікоты. Айцец Абрантовіч, які прыехаў раней з Харбіну, таксама прысутнічаў на капітуле, a пасьля паехаў у Польшчу, дзе яго засьпела польска-нямецкая вайна. 17 верасьня Заходнюю Беларусь і Ўкраіну занялі савецкія войскі. Айцец Абрантовіч знаходзіўся тады ў Львове ў мітрапаліта Шаптыцкага. Крыху пазьней яго арыштавалі пры спробе перайсьці савецка-нямецкую мяжу. Дакладна невядома, у чым яго абвінавацілі. Шаптыцкі 14 жніўня 1943 году пісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю: «Ходзяць чуткі, што ён (Абрантовіч. – А.Н.) быў крыху неразважны, калі ахвяраваў габраю (правадніку. – А.Н.) ангельскія фунты, што магло выклікаць падазрэньні і стаць прычынай арышту»[67]. Цалкам магчыма, на лёс Абрантовіча пасьля арышту паўплывала тое, што ён прыехаў з акупаванай японцамі Манчжурыі, а дачыненьні між Японіяй і Савецкім Саюзам былі тады вельмі напружаныя. Сьведкі, якія сядзелі разам зь ім у Львоўскай турме, казалі, што яго моцна катавалі, але, нягледзячы на пакуты, ён паводзіў сябе з годнасьцю. Паводле апошніх зьвестак, Абрантовіч памёр 2 студзеня 1946 году ў Бутырскай турме ў Маскве. Так трагічна скончыўся жыцьцёвы шлях гэтага таленавітага чалавека і сьвятара. Беларусы ўскладалі на яго вялікія надзеі, якія, на жаль, засталіся няспраўджанымі.

Ня маючы ніякіх вестак ад Абрантовіча, у Рыме пастанавілі паслаць на ягонае месца ў Харбін Цікоту. Той пакінуў Рым 3 лістапада 1939 году, прыняўшы ўсходні (бізантыйскі) абрад і атрымаўшы тытул архімандрыта літаральна за некалькі дзён перад ад’ездам. У Рыме засталіся толькі два былыя друйскія марыяне: Сіповіч і Аніськовіч.

25 сьнежня 1939 году, на сьвята Нараджэньня Хрыстовага, біскуп Аляксандар Яўрэінаў пасьвяціў Чэслава Сіповіча на дыякана. Аніськовіча не дапусьцілі да дыяканскіх сьвячаньняў і неўзабаве выключылі з Русікуму і марыянскага закону за нейкую правіну. 10 студзеня 1940 году ён выехаў у Францыю, дзе запісаўся добраахвотнікам у польскую армію, каб змагацца супраць немцаў. Сіповіч моцна перажываў тое, як абышліся з Аніськовічам, і спрабаваў ратаваць яго. Ён нават пісаў Цікоту ў Харбін, каб той прыняў Аніськовіча на выпрабавальны пэрыяд, але ўсе ягоныя стараньні засталіся бяз выніку.

Жыцьцё ў Рыме ў першыя гады вайны працякала збольшага як звычайна, хіба толькі цішэй, бо сьвятаром і студэнтам краінаў, якія знаходзіліся ў стане вайны з Італіяй, давялося выехаць. 14 траўня 1940 году Сіповіч зрабіў наступны запіс у “Хроніцы”: «Рэктар Русікума, а. Ф. дэ Рэжыс выяжджае ў Францыю. Многія студэнты яго вельмі жалеюць». Тыдзень раней, 11 траўня, ён пісаў Цікоту: «Аніськ(овіч) К. прыслаў мне нядаўна магчыма пасьледні ліст: ідзе на фронт, просіць заапекавацца посьле яго рэчамі. Сваю сястру пацяшае тым, што ўсё роўна нас калісь пакрыіць чорная зямля... Жаль нам яго ўсім! Бэльгійцы і галандцы сьпяшаць дамоў, на вайну».

Для Сіповіча, апроч навукі, гэта быў час духоўнай падрыхтоўкі да сьвятарства.

Вялікі дзень прыйшоў у нядзелю 16 чэрвеня 1940 году. Пад час архіерэйскай багаслужбы ў царкве сьвятога Антона Вялікага, што належала Русікуму, дыякан Чэслаў Сіповіч атрымаў тайну сьвятарства з рук біскупа Аляксандра Яўрэінава. Праз тыдзень, 23 чэрвеня, ён пісаў айцом Цікоту і Германовічу ў Харбін: «Прыйшоў дзень 16.VІ.І940. Не бяруся аднак апісываць тыя розныя перажыцьця, асабліва ў мінуту прыняцьця сьвятарства. Яно гдзесьці саткнулася з тым, што ў чалавека называецца essentia (сутнасьць. – А.Н.). А як сама essentia наша нявідзіма, так тыя мае перажываньні неўлавімы для слоў. Хацелася б іх толькі не зацямніць жыцьцёвым балотам, a такімі, якімі былі ў тую шчасьлівую мінуту, занясьці перад трон Добрага Бога».

Назаўтра, 17 чэрвеня, новы сьвятар служыў сьвятую Літургію ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ (Santa Maria Maggiore) перад цудадзейнай іконай Божай Маці “Salus Populi Romani” (Збаўленьне рымлянаў).

Калі Сіповіч прыняў сьвятарства, ён навучаўся на трэцім курсе багаслоўскага факультэту. Каб атрымаць ліцэнцыят (ступень кандыдата) з багаслоўя, яму заставаўся яшчэ адзін год навукі. Таму ў кастрычніку ён вярнуўся ў Грэгарыянскі Ўнівэрсытэт. Подых вайны адчуваўся і там: ня толькі студэнты, але і шэсьць прафэсараў не змаглі вярнуцца ў Рым.

1940/41 навучальны год меў быць для Сіповіча апошнім у Рыме – далей ён мусіў ехаць у Харбін. Аднак у міжчасе нешта здарылася. Відаць, Цікота ня вельмі настойваў на ягоным прыезьдзе. Вось што Сіповіч пісаў яму 18 чэрвеня 1941 году: «Атрымаўшы Вашы пісьмы Рада Енэральная пастанавіла пакінуць мяне яшчэ на год тут у Рыме, з тым каб я зрабіў цяпер ліцэнцыят, а на другі год дактарат. Владыка Пётра (Бучыс. – А.Н.) падчоркнуў мне, што тыя прычыны, каторыя стаяць за маім прыездам хуткім у Харбін, вельмі паважныя, так што калі мяне пакідаецца яшчэ на год, то ён сумленна павінен быць выкарыстаны... Што мяне пакінулі яшчэ на год навукі і што зьвярнулі ўвагу на тое, да чаго я павінен у першую чаргу падгатаўляцца, – я астаюся вельмі, вельмі ўдзячны Айцу Архімандрыту за тое, што не “налягаў”, а паважанаму Владыцэ за тое, што ня “гнаў”... Ад сябе мог бы сказаць, што птушкай паляцеў бы да вас, але што ж вам з тэй птушкі, у каторай пуста ў галаве...» Хоць Сіповіч і запэўнівае: «птушкай паляцеў бы», але ў ягоных словах адчуваецца палёгка, што ня трэба зьбірацца ехаць на край сьвету.

Праз чатыры дні, 22 чэрвеня 1941 году, пачалася нямецка-савецкая вайна. А яшчэ праз паўгоду, 7 сьнежня, японцы разбурылі амэрыканскую марскую базу Пэрл Гарбар (Pearl Harbor). Вайна сталася сапраўды сусьветнай, і пра падарожжа ў Харбін не магло быць гутаркі. Узьніклі таксама перашкоды і асабістага характару: Сіповіч “праваліў” экзамэны на ліцэнцыят з багаслоўя. Паўторныя экзамэны ўвосень пайшлі ня лепш. 18 кастрычніка Сіповіч запісаў у “Хроніцы”: «А. Ч. Сіповіч другі раз здае ў Грэгорыянум экзамэны на ліцэнцыят і другі раз яго зрэзалі (Ленэрц S.J.). Што будзе далей – супэрыёры скажуць».

Пасьля такой няўдачы будучыня Сіповіча выглядала даволі няпэўнай. Сярод ягоных нататак з рэкалекцыяў ёсьць наступная за 19 кастрычніка 1941 году: «Пастанова на ўсё жыцьцё. Калі атрымаю згодна з воляй Божай (= у зьвязку з дальшай навукай), то гэта дзякуя толькі Матачцы Божай і яе слузе а. Станіславу Папчынскаму[68]. Пасьля атрыманьня тэй ласкі – у што моцна веру – абяцаю: праз усё жыцьцё без патрэбы (у самым срогім значэньні гэтага слова) ня толькі не хваліцца стопнем навуковым, але яго і ня ўспамінаць перад нікім. Правініўшыся – пакутаваць. Аднак жа, калі Ты, Божа Ўсёведаючы, ведаеш і відзіш маю будучыню і мой тэмпэрамэнт і мой характар, і ведаеш, што для мяне і ліцэнцыят і гэты лішні год навукі непатрэбныя – то вядзі маё неразуменьне сваімі шляхамі. Тое, аб чым а. Енэрал мне сяньня сказаў: transeat a me, sed non mea voluntas sed Tua fiat» (хай пройдзе міма мяне, але хай будзе не мая воля, а Твая).

За гэтым запісам ідзе другі, за 3 лістапада: «Выслухаў Бог мяне, нягодніка, праз заступніцтва Добрай Маці Божай і Яе слугі а. Ст. Папчынскага. Усё злажылася проціў маім жаданьням: ня здаў эгзамінаў, не хацеў а. Енэрал, вайна – а ўсётакі ў імя Божае іду і далей буду вучыцца. А тое, што пастанавіў, пры помачы гэтай жа Матачкі Божай і Яе слугі а. Станіслава Папчынскага, выканаю».

У чэрвені 1942 году шчасьце ўсьміхнулася айцу Сіповічу, і ён нарэшце здаў экзамэн на ліцэнцыят. Пра Харбін ужо ніхто ня згадваў, і ўвосень таго году ён распачаў навуку ў Папскім Усходнім Інстытуце, які скончыў у 1946 годзе, абараніўшы дактарат пра аднаго з апошніх беларускіх вуніяцкіх мітрапалітаў Ясона Смагажэўскага (1780–1788).

Ад 1941 году Сіповіч жыў ужо ня ў Русікуме, а ў Марыянскай калегіі на вія Корсіка. Вайна амаль не кранула ані яго самога, ані іншых марыянаў, якія толькі назіралі разьвіцьцё падзеяў. У гэтым сэнсе цікавы запіс у “Хроніцы” пад датаю 30 жніўня 1943 году: «Айцец Я. Вайткевіч і Ч. Сіповіч едуць на мора ў Фрэджэнэ (Fregene). Будучы на пляжы, бачуць над сваімі галовамі лятуны амэрыканскія, каторыя ляцяць бамбардаваць Чывітавэкія. Іншая група на чале з а. Мрочкам ідзе ў вільлю Дорыя-Памфілі. У Рыме сяньня тры алярмы».

Зрэдку ў Рым даходзілі весткі зь Беларусі ці Польшчы. 7 лютага 1942 году Сіповіч зрабіў наступны запіс у “Хроніцы”: «Я. Э. Айцец Енэрал (Бучыс. – А.Н.) атрымаў ад Беларускага Камітэту ў Генэралгубэрнатарстве (Варшава, Княжая 4) просьбу і ўмесьці з тым быццам скаргу на правінцыяла польскай марыянскай правінцыі, каторы, паміма таго, што Курыя Мэтрапаліт(альная) у Варшаве дала беларусам касьцёл сьв. Марціна (вул. Піўная), ня даў туды беларуса ксяндза, а навет з беларускай дэлегацыяй на гэту тэму не хацеў гутарыць. Дакумэнт гэты напісаны 2 студня пад № 15/42-К/ІІІ. Падпісаўшыся як старшыня Др М. Шчорс».

Гэты запіс у “Хроніцы” даволі дакладна перадае зьмест ліста Варшаўскага Беларускага Камітэту да Бучыса, у якім гаворыцца: «Урад Камітэту, на шматлікія просьбы сяброў-каталікоў і наагул беларускага каталіцкага насельніцтва Варшавы, зьвярнуўся да Мітрапалічай Курыі ў Варшаве з просьбаю дэлегаваць каторага небудзь з ксяндзоў беларусаў, ці прынамсі знаючых беларускую мову, дзеля абслужэньня рэлігійных патрэбаў беларускага насельніцтва, згрупаванага пры Камітэце. Як кандыдатаў падалі нашы сябры кс. Мар’янаў з Друі, выгнаных польскім урадам з нашых этнічных тэрэнаў... Кс. Канцлер Курыі прыхільна аднёсься да нашае просьбы... але дарадзіў зьвярнуцца да кс. Правінцыяла Закону Мар’янаў. На жаль, у кс. Правінцыяла не спаткала дэлегацыя беларускага каталіцкага насельніцтва зразуменьня справы, ён не здаючы справы з таго, што тут бяруцца пад увагу кіраўніцтва душамі і абарона верных ад шкодных, антырэлігійных уплываў, на столькі збагатэлізаваў справу, што нават не захацеў у гэтай матэрыі гутарыць з дэлегацыяй. На паноўленую інтэрвэнцыю ў Курыі кс. Канцлер адказаў, што ў той справе ён, на жаль, ня можа інгэраваць (умешвацца. – А.Н.) дзеля таго, што закон кс. Мар’янаў не падлягае юрысдыкцыі Курыі. Такім чынам, усе спробы... разьбіліся ці то аб незразуменьне павагі справы, ці злую волю касьцельнае гіерархіі. А тым часам у манастыры кс. кс. Мар’янаў ёсьць, а фактычна марнуюцца, ксяндзы Беларусы, каторыя... гадзіліся ахвотна адпраўляць набажэнствы ў беларускім касьцеле і прыняць на сябе рэлігійную апеку над беларусамі... Яны... гадзіліся ў імя Хрыста і Яго Ідэалаў прыняць на сябе адказны і цяжкі абавязак – але, на жаль, гіерархія стала на іншым пункце гледзішча – дабро і ідэалы рэлігійныя ёй былі далёкія і чужыя»[69].

Notes

[57] У лютаўскім нумары 1940 году “русікумскага” бюлетэня ёсьць зацемкі “Иеродиакона Вячеслава” (так называлі Чэслава Сіповіча ў Русікуме!) пра “добрососедство” закону марыянаў і Русікуму, дзе між іншага аўтар піша: «Сярод іншых студэнтаў... не апошняе па сваёй колькасьці месца займалі марыяне, г. зн. сябры марыянскага закону, які мае, як вядома, сваю ўсходнюю галіну. Зь сямі асобаў, што ў розныя часы атрымалі ўзгадаваньне, тры ўжо дасягнулі сьвятарства (сярод іх аа. Кузьма і Тамаш) і працуюць цяпер у расейскай місіі ў Харбіне, а летась атрымаў дыяканскія сьвячаньні аўтар гэтых радкоў, які спадзяецца прысьвяціць сябе той самай працы (а в минувшем году получил посвящение в диаконский сан и пишущий эти строки, надеющийся посвятить себя той же работе) (вылучана мною. – А.Н.)... Урэшце ёсьць і іншая прычына, якая замацоўвае гэтае “добрасуседзтва”, менавіта тое, што бальшыня марыянаў усходняга абраду па нацыянальнасьці сваёй – беларусы, і такім чынам зьвязаныя з расейцамі і Расеяй сувязямі братняй крыві і супольнасьцю інтарэсаў (связаны с русскими и Россией узами братской крови и общностью интересов)». («Отзывы “руссикумских монахов”», Заметки Русской Духовной Академии в Риме, № 2 (15), 1940, с. 52, 53.) У чэрвені 1941 году ўжо сьвятаром Сіповіч пісаў айцу Цікоту ў Харбін, што «птушкай паляцеў бы да вас». 2 студзеня 1975 году біскуп Сіповіч у лісьце да польскага марыяніна Яна Буковіча пісаў: «...Айцец А. Цікота, тагачасны генэрал, у 1938 г. запрапанаваў мне працу ва ўсходнім абрадзе. Тады не было гутаркі пра тое, дзе буду працаваць? Пасьля атрыманьня сьвятарства (1940 г.) я ня меў сумневу, што полем маёй дзейнасьці будзе Беларусь» («O. A. Cikota, ówczesny Generał, w r. 1938 zaproponował mi pracę we wschodnim obrządku. Nie było wówczas mowy, gdzie będę pracował? Po otrzymaniu święceń (1940 r.) nie miałem wątpliwości, że polem mojej pracy będzie Białoruś»). Час робіць дзіўныя рэчы зь людзкой памяцьцю: біскуп Сіповіч, відаць, забыўся, што пісаў клерык Сіповіч 35 гадоў раней. Зрэшты, вельмі магчыма, што ён падсьвядома ад самага пачатку ня меў вялікай ахвоты ехаць у Харбін.

[58] “Mignon”, z Goethe pierarabi» Vasil Kryvičanin. Chryścijanskaja dumka, No. 36, Vilnia, 20.12.38, s. 7.

[59] V. Kryvičianin. “List z Rymu”, Chryścijanskaja dumka, No. 19, Vilnia, 20.6.39, s. 5.

[60] “Домашняя деятельность Руссикума за 1938–1939 учебный год”, Заметки Русской духовной академии в Риме, № 3 (13), Рим, август 1939, с. 14.

[61] Заметки..., № 3 (16), май 1940, с. 12.

[62] Тамсама, с. 16.

[63] V. Kryvičanin. “List z Rymu”, Chryścijanskaja dumka, No. 19, Vilnia, 20.6.39, s. 5.

[64] «Sequendo hortationem ad tabulam evidentem ad corrigenda menda, quae aliquo modo relate ad nomina etc. studentium intrusa sunt, ausus sum rogare P. T. Secretariam, cur iam ter (quia iam bis annis labentibus accidit) mihi loco nationis Alborussicae ad quam pertino, Russica apponitur? Puto hoc accidisse per mendum; si fortasse adessent aliquae rationes, sin. minus de eis scire voluissem».

[65] «La ragione perché V. R. si trova registrato come “Russo” e il semplice fatto che non esiste uno stato politico “Albarussia” ma soltanto Russia e noi facciamo i nostri registri non riguardo alla razza ma allo stato politico. Cosм anche i Scozzesi p.e. sono registrati come Inglesi».

[66] J. H. “Novy Papiež Pius XII”, Chryścijanskaja dumka, No. 10 (194), Vilnia, 20.03.1939, s. 2–4.

[67]"On a racconte qu'il a ete peut-etre pen prudent en offrant a un Juif des Livres anglaises, ce qui a cree des soupcons et a ete peut-etre la cause des son arrestation". Машынапісная копія справаздачы, Exarchat dela Russie Blanche, знаходзіцца ў Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане.

[68] Станіслаў Папчынскі – польскі сьвятар, заснавальнік закону марыянаў. Жыў у XVII ст.

[69] Копія ліста знаходзіцца сярод папераў Сіповіча.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст