7. Дом Марыі
Маленькае памяшканьне пры царкве сьв. Казімера разьлічвалася ня больш як
на двох сьвятароў. Летувіскім марыянам, калі яны хацелі разьвіваць сваю
працу, патрабаваўся большы дом. Адпаведны аб’ект знайшлі пад канец 1947
году. Гэта быў прыгожы прасторны будынак, які называўся Belvedere, збудаваны
ў канцы XIX стагодзьдзя, зь вялікім агародам. Ён знаходзіўся ў Норт Фінчлей
(North Finchley), поўным зеляніны паўночным прадмесьці Лёндану. Ад самага
пачатку пастанавілі, што ў гэтым доме паселіцца а. Сіповіч i разьмесьціцца
ўсходняя капліца. Магчыма, такое рашэньне прынялі на жаданьне Бучыса, які
меў свае пляны.
Усе фармальнасьці, зьвязаныя з купляю, завершыліся ў красавіку 1948 году.
Два летувіскія сьвятары дзеля сваіх пастырскіх абавязкаў засталіся пры
царкве сьв. Казімера, i толькі адзін айцец Сіповіч пераехаў у новы дом. Ён
запісаў у сваім дзёньніку 8 траўня: «Першую ноч начую ў новакупленым доме
“Belvedere”, Holden Avenue, London N. 12. Маю адно жаданьне: каб гэты дом
напоўніўся сьвятымі людзьмі!» Назоў дому зьмянілі з Belvedere на Marian
House (Дом Марыі), у гонар Марыі, Маці Божае. Пад такім найменьнем яго цяпер
ведаюць беларусы ва ўсім сьвеце.
У новым доме айцец Сіповіч перадусім паклапаціўся пра ўладкаваньне
капліцы. Ён выбраў пад яе вялікі сьветлы пакой на першым паверсе, з вокнамі
на поўдзень. Спачатку капліца, нябеснымі апекунамі якой вырашылі абраць
сьвятых апосталаў Пятра i Паўла, выглядала вельмі сьціпла, i ў ёй мала што
нагадвала ўсходнюю бізантыйскую традыцыю. Тым ня менш сярод вернікаў, якіх
вельмі шмат прыйшло ў нядзелю 16 траўня – на Сёмуху паводле новага календара
– панаваў дух радасьці i ўдзячнасьці Богу, што беларусы нарэшце займелі сваю
сьвятыню.
Амаль усё жыцьцё Сіповіча праходзіла ў супольнасьці зь іншымі. Цяпер
першы раз ён застаўся адзін. Праўда, не зусім: нехта даў яму пеўня.
Падарунак прыйшоўся вельмі дарэчы, бо айцец Сіповіч меў вялікую пабожнасьць
да апостала Пятра. На жаль, певень не прабыў зь ім доўга – суседзі пачалі
наракаць, што сваім сьпевам уночы той замінаў ім спаць. Айцу Сіповічу
давялося таксама ўпершыню выпрабаваць свае кухарскія здольнасьці. Аднаго
разу ён хацеў засмажыць яечню проста на талерцы. Вынік уявіць няцяжка...
Але айцец Сіповіч нядоўга заставаўся адзін. У канцы траўня прыйшоў жыць у
Марыян Гаўз адзін беларускі студэнт. За ім пацягнуліся іншыя. У ліпені
зьявіўся кандыдат у марыянскі закон.
Увосень 1948 году Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі купіла свой
уласны дом, які стаўся цэнтрам беларускай палітычнай i грамадзкай дзейнасьці. Марыян Гаўз застаўся рэлігійным i ў вялікай меры культурным асяродкам.
Штонядзелі i на сьвяты на Літургію прыходзіла даволі шмат людзей, сьпяваў
невялікі, але добры царкоўны хор. Звычайна людзі заставаліся пасьля
Літургіі, асабліва ўлетку, калі можна было пасядзець у садзе або згуляць у
валейбол. Усе адчувалі сябе добра ў прысутнасьці айца Сіповіча, які ўносіў
жыцьцё ў кожную кампанію. Аднак што б ён ні рабіў, Сіповіч ніколі не
забываўся, што ён – сьвятар i што ягоны абавязак – дапамагаць іншым
асэнсаваць сваё хрысьціянскае пакліканьне. Вельмі папулярныя былі дні
рэкалекцыяў (духоўных практыкаваньняў. – А.Н.), звычайна ў Вялікі Пост. У іх
маглі браць удзел усе – каталікі i праваслаўныя. Шмат хто рос у вайну ў
атмасфэры, далёкай ад усякай рэлігіі. Таму рэкалекцыі пакідалі ў ix душах
глыбокае ўражаньне.
Айцец Сіповіч нястомна заахвочваў моладзь працягваць навуку. У Лёнданскім
Унівэрсытэце вучыліся некалькі беларускіх студэнтаў, былых жаўнераў, якія
мелі дзяржаўныя стыпэндыі. Для большасьці ахвотных да навукі атрымаць
стыпэндыю заставалася недасяжнай марай. У 1949 годзе дзякуючы ініцыятыве
некалькіх беларускіх студэнтаў зь Нямеччыны, перадусім Барыса Рагулі,
зьявілася магчымасьць атрымліваць адукацыю ў Каталіцкім Ўнівэрсытэце ў
Лювэне, ці Лёвэне (Louvain), у Бэльгіі. Асабліва шмат намаганьняў дзеля
гэтага прыклаў незвычайны чалавек, бэнэдыктынскі манах, айцец Рабэрт ван
Каўвэляэрт (Robert van Cauvelaert), які стаўся вялікім прыяцелем i апекуном
беларускіх студэнтаў. У кастрычніку 1949 году ў Лювэне адбыўся зьезд
прадстаўнікоў беларускіх студэнтаў з Бэльгіі, Нямеччыны, Францыі i Англіі.
Прысутныя там каталікі разам з айцом Сіповічам скарысталі з нагоды, каб
заснаваць Беларускае Акадэмічнае Каталіцкае Аб’яднаньне (коратка БАКА)
“Рунь”. Царкоўныя ўлады прызначылі айца Сіповіча духоўным кіраўніком новай
арганізацыі з цэнтрам у Марыян Гаўз у Лёндане.
У наступныя гады айцец Сіповіч дапамог многім маладым беларусам з Англіі
ўладкавацца на навуку ў Лювэне.
Каталікі бізантыйскага абраду на той час яшчэ рэдка трапляліся ў Заходняй
Эўропе. Таму ўсходняя капліца ў Марыян Гаўз адразу прыцягнула ўвагу многіх
ангельцаў, якія цікавіліся Ўсходнім Хрысьціянствам i пытаньнямі царкоўнай
еднасьці. Айца Сіповіча пачалі запрашаць служыць сьвятую Літургію або рабіць
даклады для розных суполак i арганізацыяў. На Літургію ў Марыян Гаўз
прыходзіла даволі шмат ангельцаў. Некаторыя расчароўваліся, калі
даведваліся, што айцец Сіповіч – не расеец, але былі i такія, што рабіліся
сталымі “парафіянамі”.
У жніўні 1949 году Бучыс праводзіў кананічную візытацыю марыянскіх
кляштараў у Англіі. 21 жніўня ён меў служыць сьвятую Літургію ў Марыян
Гаўз. Гэты “ўсходні дастойнік” ня меў з сабою нават усходніх літургічных
біскупскіх шатаў: было відаць, што ён звычайна служыў у рымскім абрадзе.
Добра, што айцец Сіповіч меў запасны камплект сьвятарскіх літургічных шатаў,
у якіх i служыў Бучыс. У гэты дзень на просьбу Сіповіча ў Марыян Гаўз
прыйшло шмат беларусаў, каталікоў i праваслаўных. Вось як апісвае айцец
Сіповіч той выпадак у лісьце да айца Татарыновіча за 20 верасьня: «Быў тут
Я. Э. Бучыс. Мы зь ім саслужылі i ён меў казаньне па-расейску... Ha казаньні
ён разгаварыўся аб праўдзівай еднасьці, аб брацтве беларусаў з маларосамі
(sic! i былі ўкраінцы прысутныя) i вялікаросамі (!). Мае праваслаўныя
абурыліся... Цяпер гэта ўсё я праглынуў i шум крыху абціхся. Служу надалей,
пакрысе прыходзяць да мяне i тыя i другія». Насамрэч казань Бучыса абурыла
ўсіх беларусаў – і каталікоў, i праваслаўных. Многія не захацелі застацца на
спатканьне зь ім i пайшлі дамоў адразу пасьля багаслужбы. Для айца Сіповіча
гэта быў найбольшы ўдар пасьля сумнавядомага артыкулу ў Catholic Herald.
Татарыновіч у тым часе адпраўляў рэкалекцыі, а пасьля рыхтаваўся да
доктарскай абароны (яна з посьпехам прайшла 1 сьнежня). Таму адказаў ён
толькі 8 сьнежня: «Вестка твая аб казнадзейскім інцыдэнце ў вас падчас
візытацыі мяне ўстрасянула неабыяк; яна, бачыш, пацьвердзіла тое, што я табе
калісь, пры іншых сымптоматах закабаленасьці чужынцамі гэтага дастойніка,
пісаў i за што ты на мяне крывіўся. Не наруку мне была тая вестка, бо якраз
мяне ў вельмі важнай хвіліне здэзарыентавала: я, бач, падчас рэкалекцыяў
думаў і гадаў над сваім далейшым кірункам жыцьця, над уступленьнем у
манастыр; i да цяжкіх рацыяў контра гэтага намеру ўвальваецца мне, як камень
праз вакно, яшчэ i гэная твая “навіна”...» Такім чынам, хоць а. Сіповіч
усяляк намаўляў айца Пётру ўступіць у марыянскі закон, няўдалы выступ Бучыса
ў Лёндане стаўся для айца Татарыновіча адным з аргумэнтаў супраць.
Безумоўна, былі i іншыя прычыны. 20 сьнежня ён пісаў айцу Сіповічу:
«Прызнаюся, мяне гутарка Эксцэленцыі (г. зн. Бучыса. – А.Н.) са мною ў гэтай
справе не надта пацягнула, сьведчыць яна аб дробязнасьці дэвацыйнай, замест
аб шырэйшых ідэалах i пэрспэктывах: замест разгарнуць перада мною тую нашу
каталіцка-беларускую пэрспэктыву, ён мне на першы плян ставіць: ня піць, не
курыць, у карты ня граць. Гэта я магу i ў сьвеце жывучы, не канечне ў
манастыры, асягнуць, калі ўжо збаўленьне сьвету ад гэтага залежыцьме...
Слухай – я хачу бачыць перад сабою нешта іншае, я хачу аддаць жыцьцё не за
чатыры сьцяны i patate (бульбіны. – А.Н.), закрашаныя сухім formaggio
(сырам. – А.Н.), а за здавальненьне маіх сьвятых ідэйных лятуценьняў, за
выкіраваньне мяне на таго, каго сяньня чакае Бацькаўшчына...»
Між іншага Catholic Herald надрукаваў 2 верасьня артыкул таго самага
“ўласнага карэспандэнта” пад загалоўкам “Два сьвятары будуць працаваць тут
сярод праваслаўных расейцаў” (Two Priests Will Work Here among Russian
Orthodox). У артыкуле ён піша: «Два расейцы, што раней (належалі) да
Праваслаўнай Царквы, a цяпер каталіцкія сьвятары славянскага бізантыйскага
абраду, хутка прыедуць у Лёндан з Рыму, каб дапамагчы зразумець, як каталікі
глядзяць на еднасьць, тысячам праваслаўных расейцаў, што знаходзяцца тут на
выгнаньні. Гэта аб’явіў мансіньёр Францішак Бучыс, тытулярны біскуп Алімпу i
генэральны кіраўнік айцоў марыянаў, сам усходні дастойнік, які цяпер
знаходзіцца ў Англіі. 77-гадовы біскуп, дасканалы лінгвіст, сказаў: “Справа
эвангелізацыі Расеі знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі, але ўжо цяпер шмат
добрага i карыснага можна зрабіць за межамі Расеі, сярод эмігрантаў”... Два
сьвятары, абодва сябры марыянскага закону, будуць жыць у Марыян Гаўз,
Фінчлей, Лёндан, разам з айцом Ч. Сіповічам... Але, як патлумачыў біскуп
Бучыс, паколькі айцец Сіповіч выдатна працуе сярод сваіх беларусаў, што
цяпер знаходзяцца ў гэтай краіне, то два новапрыбылыя [сьвятары] павінны
будуць пашырыць сваю дзейнасьць, каб ахапіць большы лік расейцаў з уласна
“Вялікай Расеі”»[91]. Сэнс
ясны: хай сабе Сіповіч застаецца з сваімі беларусамі, але прыйшоў ужо час
заняцца паважнай справай...
Пытаньне пра расейскага каталіцкага сьвятара ў Англіі, відаць, даўно
разглядалася марыянамі, a магчыма, нават Усходняй Кангрэгацыяй. Усе
разумелі, што абавязак апекавацца расейскімі каталікамі, накладзены ў 1947
годзе на айца Сіповіча супраць ягонай волі, толькі часовы. Сам Сіповіч хацеў
яго пазбыцца. Ён пісаў 7 красавіка 1948 году Бучысу: «Я хацеў бы, каб у
Лёндан прыехаў як найхутчэй расейскі сьвятар, які б заняўся выключна працаю
сярод расейцаў». Ён нават спачатку не пярэчыў, каб беларусы i расейцы
карысталіся адной капліцай, з умоваю, што іхныя місіі будуць цалкам асобныя
і незалежныя. Пасьля выявілася, што гэта нерэальна.
Георгі Бранчанінаў i Андрэй Каткоў – расейскія сьвятары, якіх Бучыс
выправіў у Лёндан, – абодва выхоўваліся ў беларускіх марыянаў у Харбіне. 7
лютага 1950 году, калі канчаткова вырашылася пытаньне зь ix прыездам,
Сіповіч пісаў Бучысу: «Да гэтага часу я быў адказны за пастырскую працу
сярод расейцаў у Англіі. Пасьля прыезду айцоў я буду прасіць Усходнюю
Кангрэгацыю звольніць мяне ад гэтага абавязку i пакінуць мне толькі духоўную
апеку над беларусамі. На маю думку, найлепшая разьвязка была б такая:
заснаваць Расейскую Каталіцкую Місію ў Англіі i пакінуць Беларускую Місію
такой, якой ёсьць. Адрас можа быць той самы, але абсягі дзейнасьці розныя...
Айцы Андрэй i Георгі зьяўляюцца гадунцамі беларускіх айцоў. Гэта забавязвае
ix да ляяльнага стаўленьня i павагі да Беларускай Каталіцкай Царквы...
Прызнаюся, што я не задаволены з прыезду айца Андрэя. Ён вялікі
індывідуаліст i нацыяналіст; больш за тое, ён скрытны i вельмі недаверлівы.
Я ніколі ня здолеў пагутарыць зь ім адкрыта, па-братэрску...»
Два сьвятары прыехалі ў красавіку 1950 году. Айцец Сіповіч справіў у
нядзелю 23 красавіка ў іхны гонар сьціплае прыняцьце, пра якое “ўласны
карэспандэнт” адразу паведаміў у Catholic Herald. Навонкі дачыненьні між
трыма сьвятарамі былі добрыя, але неўзабаве пачаліся цяжкасьці. Пастанову
выслаць расейскіх сьвятароў у Лёндан прыняў толькі Бучыс. Ён ня раіўся з
Усходняй Кангрэгацыяй i не паведаміў адпаведным царкоўным уладам у Англіі.
Калі аа. Бранчанінаў і Каткоў зьвярнуліся ў Лёндане ў Каталіцкі Камітэт па
справах уцекачоў з просьбай выстарацца ім дазвол наведваць інтэрнаты
работнікаў, сакратар Камітэту адказаў ім: «Я разумею, што вас паслалі сюды
працаваць пад паслушэнствам. Якраз дзеля гэтага было б больш карэктна
марыянскаму закону перш як пасылаць вас сюды, зьвярнуцца да (царкоўных)
уладаў у Англіі... Таму, калі ваш закон жадае, каб вы працавалі тут, раю
зьвярнуцца з Рыму да Яго Эмінэнцыі кардынала Грыфіна». Калі ж яны
зьвярнуліся да апостальскага дэлегата, атрымалі адказ: «На маю думку, было б
карысна перадаць справу ва Ўсходнюю Кангрэгацыю» (Sarebbe utile, al mio
parere, di riferire la questione alla Congr. Orientale). Так выглядала
сытуацыя з расейскімі сьвятарамі праз паўгоду пасьля іхнага прыезду ў Лёндан... Ня маючы прызнаньня з боку мясцовых царкоўных уладаў, яны пачалі дзейнічаць на ўласную волю i заснавалі
Расейскі каталіцкі цэнтар бізантыйска-славянскага абраду ў
Вялікай Брытаніі (Russian Catholic Centre of Byzantine Slavonic Rite
in Great Britain) з адрасам у Марыян Гаўз. Нельга сказаць, каб айцец Сіповіч прыйшоў ад гэтага ў захапленьне, але да часу маўчаў, аж покуль ня здарыўся адзін прыкры выпадак. У пакоі-прыймальні Марыян Гаўз заўсёды ляжалі часопісы i газэты на беларускай, расейскай,
ангельскай, італійскай ды іншых мовах. Аднаго дня расейцы, якія належалі да іхнага “цэнтру”, ладзілі сваю зборку ў Марыян Гаўз. Перад
яе пачаткам нехта з расейскіх сьвятароў, відаць, шануючы далікатныя
нэрвы сваіх суайчыньнікаў, схаваў усю беларускую прэсу. Айца Сіповіча ў той момант не было ў хаце, але ён вярнуўся раней, чым
расейцы пасьпелі пакласьці беларускія выданьні на сваё месца...
Стварылася прыкрае становішча. Гэты й падобныя выпадкі пераканалі айца Сіповіча, што памылкова мець у адным доме расейскую i
беларускую місіі. Ён так сказаў увосень у Рыме Бучысу. Той абвінаваціў яго ў беларускім нацыяналізьме. Сіповіч вельмі балюча
перажываў гэта. У першы тыдзень кастрычніка ў Рыме ён меў
гадавыя рэкалекцыі, пад час якіх, разважаючы аб паслушэнстве, паставіў
перад сабою наступныя пытаньні: «Ці будзе супраць дасканалага паслушэнства: 1) выказаць свае аргумэнты перад старэйшым
(начальнікам); 2) старацца пераканаць старэйшага ў лепшым дабры,
падмацоўваючы сур’ёзнымі доказамі i спытаўшыся рады спаведніка; 3)
адклікацца ад ніжэйшага да вышэйшага кіраўніка, ад генэральнага супэрыёра да Сьвятога Пасаду (калі прычыны незвычайна важкія)».
23 кастрычніка 1950 году Сіповіч напісаў ліст сакратару Ўсходняй Кангрэгацыі кардыналу Тысэрану, дзе распавёў пра ўсе
цяжкасьці, што ўзьніклі пасьля прыезду ў Лёндан двох расейскіх сьвятароў. Ён заўважаў: «Гэтыя айцы прыехалі ў Лёндан пад законным
паслушэнствам, але... мне здаецца, што Я. Э. Манс. Бучыс ня ўзяў пад увагу
некаторыя абставіны». Далей падае ix пералік:
«1. Не было прадумана, ці Расейская Місія ў Лёндане наагул патрэбная, i
калі так, то як яе зарганізаваць.
2. Не было прадумана зусім, як скаардынаваць працу дзьвюх розных місіяў у
адным доме i адной капліцы. Бучыс напісаў інструкцыю, як захоўвацца тром
сьвятаром, але гэтая інструкцыя ня мае ўплыву на нацыянальныя
непаразуменьні, якія адбіваюцца балюча ў рэлігійнай галіне.
3. Для многіх праваслаўных беларусаў, якія прыходзяць у Марыян Гаўз,
прысутнасьць расейскіх сьвятароў дае аргумэнты супроць Каталіцкае Царквы,
быццам яна аддае перавагу расейцам. I гэта ў часе, калі Беларуская
Праваслаўная Царква была ўзноўленая, i ейны біскуп Васіль (Тамашчык)
прыяжджаў у Англію i заснаваў беларускую праваслаўную парафію ў Брадфардзе.
4. Бучыс паслаў двох расейскіх айцоў, не спытаўшыся рады ў Кардынала
Грыфіна (архібіскупа Ўэстмінстэрскага) i архібіскупа Годфрэя, Апостальскага
Дэлегата.
5. Урэшце трэба мець на ўвазе, што тыя самыя айцы Бранчанінаў i Каткоў
прыехалі ў Лёндан супраць свае волі, пад моцным націскам паслушэнства, i без
выразнага дазволу Ўсходняй Кангрэгацыі».
Перадумаўшы, айцец Сіповіч вырашыў не дасылаць гэты ліст (машынапісны
тэкст захаваўся ў ягоным архіве ), a толькі выказаць вусна ўсё, што
набалела, кардыналу Тысэрану на аўдыенцыі 3 лістапада 1950 году.
Урэшце знайшлі кампраміс, які нікога не задаволіў. Сіповіч пісаў
Татарыновічу 3 студзеня 1951 году: «Наканец Roma locuta est (Рым сказаў. –
А.Н.) аб нашых тут місіях: а. Ю. Бранчанінаў астаецца ў Лёндане, а. Каткоў
едзе ў Аўстралію. Гэта пакуль што de jure. Мая місія астаецца някранутай
надалей, але капліца etc. супольныя. Разумеецца абодвым нам рукі зьвязаныя,
пытаньне толькі, як надоўга? Выглядае, што на адзін год астаецца тут а. Юры,
а пасьля i ён паедзе ў Аўстралію. Такі стан рэчы ненайгоршы, але без сумніву
наш чэсьцідастойны Генэрал спрычыніўся да пагоршаньня майго становішча ў
Лёндане».
Татарыновіч адказаў 22 студзеня 1951 году: «Спачуваю табе, што ізноў
атрымаў на карак тых, ад якіх бараніўся. Адгэтуль выяжджалі яны
трыумфатарамі. К(атк)оф, між намі кажучы, то так высока амбіцыянуецца
Расеяй, навет бальшавіцкай, што ў гутарцы аб нас высказаўся зьняважліва: мы
сядзімо ў падхвосьці немцаў...»
Айцец Каткоў выехаў у Аўстралію толькі ў канцы 1951 году. А дагэтуль
становішча не палепшала. Сіповіч пісаў Бучысу 5 траўня 1951 году:
«Нягледзячы на ўсе мае гутаркі i просьбы, якія я меў з Вашай Эксцэленцыяй,
будучы летась у Рыме, вы намерыліся заснаваць у Марыян Гаўз Расейскую місію,
каторая мае сяньня больш чым сьціплы назоў: “Russian Catholic Centre of
Byzantine Slavonic Rite in Great Britain” (наколькі мне ведама, тытул нікім
не зацьверджаны i без нічыйго паразумленьня ўведзены а. Юр’ем
Бранчанінавым). Я цьвердзіў i асьмельваюся цьвердзіць, што гэткая разьвязка
справы ёсьць вельмі нешчасьлівай, бо яна ёсьць на некарысьць абедзьвюх
місіяў. Місійная душпастырская праца сярод беларусаў павінна весьціся зусім
незалежна ад расейскай... Я спадзяваўся, што пры Божай помачы Беларуская
Каталіцкая Місія ў Лёндане станецца той клетачкай беларускага рэлігійнага
адраджэньня i завязкай беларускага марыянскага кляштару. Вельмі мне сумна,
але трэба сьцьвердзіць, што замест далейшага разьвіцьця – клетачка гэтая
прызначаецца на сьмерць. Сяньня ў Марыян Гаўз ёсьць Багаслужбы i
саслужэньні, але няма на ix ані беларусаў ані расейцаў, i ix датуль ня
будзе, пакуль у адным катле будуць варыцца дзьве розныя стравы. Я асабіста
нічога не магу сказаць супраць айцоў Юрага i Андрэя. Прыехалі яны сюды пад
паслушэнствам, i мы ўсё стараемся рабіць, каб між намі была згода i братняя
любоў. Найлепшае аднак сужыцьцё паміж намі ня ёсьць гваранцыяй асягненьня
мэтаў нашых місіяў».
Бучыс памёр 25 кастрычніка 1951 году. Пасьля ягонай сьмерці i выезду
Каткова атмасфэра крыху зьмянілася на лепшае. Айцец Бранчанінаў пакінуў
Англію ў лютым 1956 году пасьля няўдалых спробаў купіць асобны дом для
расейскай місіі.
У 1951 годзе прыехаў у Лёндан Мікалай (Станіслаў) Баговіч, брат
марыянін, які выехаў з Друі ў 1933 годзе i правёў 18 гадоў у Харбіне. Ён
быў сьведкам, як 22 сьнежня 1948 году кітайскія камуністы арыштавалі айцоў
Цікоту, Германовіча i Падзяву ды перадалі ix савецкім уладам. Кожнага зь іх
засудзілі на 25 гадоў зьняволеньня. Брату Мікалаю i зь ім другому брату
марыяніну кітайскія ўлады дазволілі свабодна выехаць з Кітаю. У Лёндане гэты
пабожны i сьціплы чалавек стаўся незаменным у капліцы i гаспадарцы. Ніхто
ніколі ня бачыў яго незанятым. Усе хвіліны, вольныя ад працы, ён праводзіў у
капліцы ў малітве. Ягоным адзіным “адпачынкам” была праца ў гародзе, дзе яго
знайшлі пры сьмерці 17 жніўня 1980 году. Памёр ён па дарозе ў шпіталь.
Перад тым як прыехаць у Лёндан, брат Мікалай правёў крыху часу ў Рыме,
дзе меў нагоду распавесьці пра лёс беларускіх марыянаў Бучысу, які
спрычыніўся да іхнай высылкі ў Харбін. Бучыс быў дзіўны чалавек.
Вучоны-багаслоў i выдатны лінгвіст, поўнасьцю адданы Каталіцкай Царкве, якую
ён разумеў даволі абстрактна, ён не вызначаўся шырынёй поглядаў. Ахоплены
ідэяй “навяртаньня” Расеі, ён не шкадаваў дзеля яе ніякіх ахвяраў. Бяда ў
тым, што ахвярамі ставалі іншыя, а ня ён сам. Пасылаючы беларускіх марыянаў
у Харбін “навяртаць” расейцаў (дарэчы хрысьціянаў), ён прыраўноўваў сябе да
сьвятога Ігната Ляёлі, заснавальніка закону езуітаў, які паслаў сьвятога
Францішка Ксавэра ў Індыю прапаведваць Эвангельле людзям, якія ніколі ня
чулі пра Хрыста. Ён ніколі не зразумеў беларусаў i іх нацыянальных
памкненьняў, ставіўся абыякава да іхных духоўных патрэбаў. Для яго беларусы
былі проста расейцамі. Гледзячы на дзейнасьць i дасягненьні Бучыса (i
пакінуўшы суд пра яго як чалавека Богу), беларусы ня маюць прычынаў яму
дзякаваць.
Notes
[91] «But whereas, as
Bishop Bucys explained, Fr Sipovich has been doing excellent work among his
own people, that is, the White Ruthenians or Bielorussians, the two
newcomers are to expand the work to embrace the larger number of Russians
from “Great Russia” proper».