Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

9. “Новая Друя”

5 лістапада 1952 году айцец Сіповіч напісаў у генэральную раду марыянскага закону наступную заяву: «Пасьля доўгай развагі перад Богам, маючы на думцы большую славу Божую i Блаславёнай Дзевы Марыі, а таксама лепшае асягненьне мэтаў нашага закону сярод беларусаў на выгнаньні, менавіта даць магчымасьць заснаваць законны дом (г. зн. кляштар. – А.Н.) беларускіх айцоў марыянаў (ut possibilitas domui religiosae Marianorum Alboruthenorum praeberetur), ніжэй падпісаны прапануе: Набыць, г. зн. купіць для Беларускай Micii дом, які знаходзіцца на Гольдэн Авэню, Лёндан N.12 i называецца Марыян Гаўз, разам з гародам i мэблямі, за цану 8200 фунтаў. Умовы куплі наступныя: сума 4000 фунтаў сплочваецца на працягу трох гадоў ад часу, калі Галоўная Рада дасьць сваю згоду. Пасьля таго, як сума 4000 фунтаў сплочаная летувіскім айцом марыянам, тытул уласнасьці Марыян Гаўз фармальна пераходзіць да Беларускай Micii. Апошнія 4200 фунтаў неабходна сплаціць на працягу наступных трох гадоў разам з 2,5% ад сумы, якую застаецца заплаціць. Пасьля куплі Марыян Гаўз уласнасьць бізантыйска-славянскай капліцы пераходзіць канчаткова да Беларускай Micii».

Думка купіць Марыян Гаўз для беларусаў нарадзілася ў айца Сіповіча даволі рана, хоць ён не казаў пра гэта нікому, апроч блізкіх прыяцеляў, якім мог даверыцца. 11 верасьня 1952 году ён пісаў айцу Гарошку: «Трэба выкупіць для Беларускай Micii Марыян Гаўз. Гэта вельмі важная, але i цяжкая справа». Думка надзвычай сьмелая, бо ў тым часе Сіповіч ня меў ніякіх фондаў і даходаў, апрача маленькай дапамогі ад Усходняй Кангрэгацыі. Але, калі яму нельга было адмовіць у сьмеласьці ды ініцыятыве, дык, відаць, не хапіла дасьведчаньня i разважнасьці, каб дакладна абмеркаваць праект i такім чынам пазьбегнуць у будучыні – калі не для сябе, то для сваіх наступнікаў – значных прыкрасьцяў i канфліктаў.

У вышэй згаданым лісьце можна вылучыць два істотныя пункты:

1. Дом купляецца для Беларускай Micii;

2. Гэта будзе законны дом (кляштар) беларускіх айцоў марыянаў, якім даручаная праца Місіі.

Тут адразу кідаецца ў вочы адсутнасьць яснага падзелу між дзьвюма ўстановамі : Беларускай Каталіцкай Місіяй i законам айцоў марыянаў. Місію засноўвала Кангрэгацыя для Ўсходніх Цэркваў дзеля пастырскай апекі над беларусамі каталікамі ў Англіі. Першым яе рэктарам быў айцец Чэслаў Сіповіч, які належаў да закону айцоў марыянаў. Але гэта не азначала, што ягоным наступнікам таксама мусіў быць марыянін, як гэта бачылася Сіповічу. I вось тады паўставала пытаньне, хто ўласьнік Марыян Гаўз: калі Місія, то марыяне заставаліся без свайго кляштару; калі ж марыяне, дык місія магла апынуцца на вуліцы. Магчыма, праз гэтую юрыдычную няяснасьць марыянскія ўлады ў Рыме не сьпяшаліся з адказам. Пачакаўшы адзін год, 30 кастрычніка 1953 году Сіповіч паўтарыў сваю просьбу, але ў крыху зьмененай форме: «Я заўсёды цьвердзіў i цьверджу, што сужыцьцё i супрацоўніцтва дзьвюх установаў, менавіта беларускай i расейскай, у адным доме практычна немагчымае... Каб разьвязаць гэтае пытаньне, я зрабіў прапанову ўважаць Марыян Гаўз як ядро законнага дому беларускіх айцоў марыянаў (Ad solvendam questionem proposui “Marian House” qua cellulam Domus Religiosae Marianorum Alboruthenorum considerare) i як такі купіць яго ад летувіскіх айцоў марыянаў на працягу чатырох гадоў за цану 8200 фунтаў. Калі будзе на гэта згода, пакорна прашу Генэрала i Галоўную Раду даць дазвол на зборку грошай».

Гэтым разам яму не давялося доўга чакаць. 31 сьнежня 1953 году ён атрымаў ліст, падпісаны генэралам марыянаў Уладыславам Мрочакам i галоўным сакратаром Янам Сакявічусам: «Каб задаволіць тваю просьбу за 30 кастрычніка 1953 г., пасьля атрыманьня згоды нашай Рады 25 лістапада 1953 г., мы даем табе дазвол купіць у Лёндане маёмасьць летувіскай правінцыі, што называецца “Марыян Гаўз”, з мэтаю заснаваць у будучыні законны дом беларускіх айцоў марыянаў (ut ibi in futuro Domus Religiosa Marianorum Alboruthenorum fundetur), i дзеля асягненьня гэтай мэты мы даем табе права зьбіраць грошы, пад умоваю, што ўсё будзе згодна з патрабаваньнямі нормаў сьвятых канонаў i нашых канстытуцыяў».

Апошнія два дакумэнты ясна паказваюць, што купля Марыян Гаўз мела быць прыватнай справай між беларускімі i летувіскімі марыянамі. Пра Беларускую Каталіцкую Місію няма нават згадкі.

Атрымаўшы дазвол ад сваіх марыянскіх уладаў, Сіповіч зь вялікім імпэтам пачаў зьбіраць грошы. Быў створаны Фонд Беларускай Каталіцкай Місіі (з назовамі па-ангельску The Whiteruthenian Catholic Mission Fund i па-француску Le Fond de la Mission Catholique Biеlorussienne) пад патранатам архібіскупа Ўэстмінстэрскага кардынала Грыфіна. Ганаровы камітэт Фонду складаўся зь 15 беларусаў ды іхных прыяцеляў з розных краінаў сьвету на чале зь біскупам Баляславам Слосканам. Ад імя Фонду надрукавалі падпісныя лісты “дабрадзеяў Марыян Гаўз” (Benefactors of Marian House, Bienfaiteurs de Marian House) для зьбіраньня ахвяраў. На адвароце лістоў падаваліся тлумачальныя тэксты на трох мовах: ангельскай, францускай i беларускай. Вось беларускі тэкст: «Беларуская Каталіцкая Місія, якая вядзе ад 1947 г. душпастырскую, харытатыўную i культурна-грамадзкую працу сярод беларусаў у В. Брытаніі, ня мае дагэтуль собскага прыпынку. Таму з дазволу i багаславенства царкоўных уладаў прыступіла ў гэтым годзе 1954 – асабліва пасьвячаным Найсьвяцейшай Дзеве Марыі – да зборкі грошы на куплю д о м у, у якім яна сяньня знаходзіцца, a які сваім імям мае славіць Марыю: MARIAN HOUSE. На закуп Марыян Гаўз трэба восем тысяч ангельскіх фунтаў. Гэтым зьвяртаемся з гарачай просьбай дапамогі да суродзічаў беларусаў i да ўсіх тых, хто разумее патрэбы беларускага жыцьця на чужыне. Кожнага году ў дзень Унебаўзяцьця Н. Д. Марыі, 15 жніўня, за ўсіх дабрадзеяў Марыян Гаўз будзе адпраўлена сьвятая Багаслужба».

Побач з афіцыйнай акцыяй айцец Сіповіч зьвяртаўся асабіста да некаторых больш вядомых асобаў, просячы іхнай дапамогі. 30 ліпеня 1954 году ён пісаў Амбражэю Ондраку, абату бэнэдыктынскага манастыра ў Ляйлі каля Чыкага: «Ha жаль, да сёньняшняга дня Місія наймае памешканьне. У гэтым годзе, з дазволу маіх старэйшых у Рыме, Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна i Біскупа Слоскана, Апостальскага Візытатара для беларусаў, я распачаў падпіску на фонд куплі дому для Беларускай Місіі ў Лёндане. Асьмельваюся зьвярнуцца да вас з просьбай...»

25 кастрычніка 1954 году айцец Сіповіч пісаў беларускаму сьвятару ў Нямеччыне Ўладзімеру Салаўю: «Вялікі дзякуй за тваю дасюлешнюю дапамогу для Беларускай Каталіцкай Місіі. Несумненна разьвіцьцё i лёс Місіі блізкія твайму сэрцу, i таму асьмельваюся, пачэсны Ойча, прасіць яшчэ адной ласкі, менавіта каб ты прыйшоў з дапамогаю набыць дом для Місіі (ut adiutorio in emenda domo pro Missione venias). Каб набыць гэты дом, які б задаволіў патрэбы Місіі, трэба 8000 фунатаў. Зборка грошай, пад патранатам Яго Эмінэнцыі Кардынала Грыфіна, арцыбіскупа Ўэстмінстэрскага, ужо пачалася».

Сіповіч прасіў дапамогі ў айца Вэрэнфрыда ван Страатэна, заснавальніка арганізацыі “Дапамога сьвятаром з Усходу” (Oostpriesterhulp). У лісьце за 31 жніўня 1956 году ён пісаў: «Наступная і вельмі важная справа – купля ўласнага дому для Беларускай каталіцкай Місіі ў Англіі (Die nächste und auch sehr wichtige Sache ist der Ankauf des eigenes Hauses für die Weissruthenische Katholische Mission in London)... Зьвяртаемся да цябе, дарагі Ойча, i празь цябе да ўсіх дабрадзеяў з просьбай дапамогі... Купля дому для Беларускай Каталіцкай Місіі ня толькі запэўніць існаваньне Місіі, але будзе служыць як духоўны цэнтар для беларусаў усёй Эўропы».

У адказ Ван Страатэн прыслаў 357 фунтаў, што ў той час было значнай сумай.

Ba ўсіх гэтых просьбах i зваротах адсутнічае якая-колечы згадка пра марыянаў. Таму ў дабрадзеяў складалася ўражаньне, што дом, на які яны давалі ахвяры, будзе ўласнасьцю Беларускай Каталіцкай Місіі. Пра сапраўдны стан рэчаў ня ведалі нават самыя блізкія супрацоўнікі айца Сіповіча. Так, 24 сьнежня 1954 году Catholic Herald надрукаваў ліст старшыні БАКА “Рунь” Язэпа Пазьняка пад назовам “Лёнданская Місія” (A London Mission). Яго аўтар высока ўзносіць дзейнасьць Беларускай Каталіцкай Місіі, якая «часова знаходзіцца ў Марыян Гаўз, Гольдэн Авеню, Лёндан N.12 (temporarily established at Marian House, Holden Avenue, London N. 12)... пад разумным i заўсёды прысутным у патрэбе, поўным спагады кіраўніцтвам Айца Сіповіча». Далей Язэп Пазьняк працягвае: «каб забясьпечыць будучыню гэтай карыснай працы... патрэбныя фонды, каб набыць Марыян Гаўз як сталы цэнтар гэтай Місіі» (funds are necessary to acquire Marian House as a permanent headquarters for this Mission).

Айцец Сіповіч зьвяртаўся таксама непасрэдна з просьбаю дапамагчы да кардыналаў Спэльмана зь Нью-Ёрку, Стрытча з Чыкага i Капэльля з Буэнас -Айрэсу. Усе тры лісты, з датаю 31 ліпеня 1954 году, мелі аднолькавы зьмест i пачыналіся такім сказам: «У выніку рэлігійнага перасьледу ў нашай бацькаўшчыне Беларусі, вялікая колькасьць уцекачоў, маіх суродзічаў... пасялілася ў В. Брытаніі». Рэлігійны перасьлед тады сапраўды існаваў у Беларусі і ва ўсёй Усходняй Эўропе, дзе пры ўладзе знаходзіліся камуністы. Аднак ня з гэтай прычыны бальшыня ўцекачоў пакінула сваю Бацькаўшчыну. Таму тое, што казаў Сіповіч, гучала непераканаўча i выглядала на спробу выкарыстаць рэлігійныя пачуцьці асобаў, да якіх ён зьвяртаўся.

У лісьце да кардынала Леркара з Балёніі за 29 чэрвеня 1955 году Сіповіч, папрасіўшы дапамогі, «каб набыць дом для маёй Місіі (per acquistare la casa per mia Missione)», працягваў: «Маю ініцыятыву ўхвалілі i падтрымалі мае непасрэдныя начальнікі, менавіта Яго Эмінэнцыя кардынал Грыфін i Яго Эксцэленцыя біскуп Баляслаў Слоскан». Сіповіч не належаў да Ўэстмінстэрскай дыяцэзіі, i таму кардынал Грыфін ня мог быць ягоным непасрэдным начальнікам: імі былі генэрал марыянаў i сакратар Усходняй Кангрэгацыі. Ніводзін зь ix не ўваходзіў у ганаровы камітэт куплі Марыян Гаўз.

Лісты да кардыналаў не далі чаканых вынікаў i прынесьлі айцу Сіповічу толькі клопаты. Кардынал Спэльман зь Нью-Ёрку пераслаў ягоны ліст i лісту ахвярадаўцаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Кардыналам кіравала звычайная абачлівасьць: напэўна, ён атрымліваў шмат падобных просьбаў і, ня ведаючы асабіста Сіповіча, не жадаў, каб ягоная ахвяра трапіла ў ня тыя рукі. Айцец Сіповіч не чакаў такога павароту справы. На збор грошай дзеля патрэбаў Місіі мусіла даць дазвол Усходняя Кангрэгацыя. Сіповіч яго не атрымліваў, бо хоць у звароце да ахвярадаўцаў гаварылася пра куплю дому для Беларускай Каталіцкай Місіі Ўсходняга Абраду, у сапраўднасьці (пра што не казалася) ён меў заставацца ўласнасьцю марыянаў. Такім чынам, Сіповіч трапіў у досыць непрыемную сытуацыю. Відаць, каб пазьбегнуць падобных прыкрасьцяў у будучыні, у сваім лісьце за 28 жніўня 1954 году да айца Яна Тарасэвіча Сіповіч настойваў, каб беларусы ў Чыкага абавязкова пайшлі да кардынала Стрытча, бо, як ён пісаў, «калі вы ня пойдзеце i ня выясьніце справы, я баюся, што ён мой ліст i просьбу перашле ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым, i тады страціцца шмат часу i паперы на розныя выясьненьні».

Амаль праз тры гады, 15 траўня 1957 году, Сіповіч пісаў да доктара Станіслава Грынкевіча ў зьвязку з прапановай аднаго амэрыканскага сьвятара, Мартына МакДонафа, выстарацца яму дапамогу ў біскупа Філядэльфіі : «Вяртаючыся да справы Марыян Гаўз... жадаю... зьвярнуць увагу на некаторыя важныя абставіны. Трэба помніць, што на звычайную душпастырскую працу сярод беларусаў я атрымоўваю дапамогу сталую ад Айца Сьв. праз Усходнюю Кангрэгацыю. Гэтай дапамогі, аднак, мне зусім не выстарчае на куплю дому. Калі, аднак, a. Марцін МакДонаф жадае пайсьці да біскупа i прасіць мне аб сталую дапамогу, то трэба перш упэўніцца (у дыскрэтнай гутарцы з а. Марцінам), ці той біскуп не пачне наводзіць “спраўкі” адносна маёй Місіі i розных яе запамогаў. Я не баюся нічога, але гэтакія спраўкі звычайна вядуць у Рым, а Рым кажа: “Прысылайце нам грошы, а мы будзем дапамагаць сваім сьвятаром”. Гэтак мне ўжо здарылася з кард. Спэльманам, якому паслаў лісту, i тую лісту той пераслаў у Рым. А Рым так i астаўся нясьпешлівым Рымам...»

Такім чынам, давялося, хоцькі-няхоцькі, даваць тлумачэньні для Ўсходняй Кангрэгацыі. 30 сьнежня 1954 году айцец Сіповіч пісаў кардыналу Тысэрану: «Прынятае рашэньне заснаваць у Лёндане “Новую Друю”, але каб зрабіць гэта, трэба перш набыць адпаведны дом. Праблема вырашылася, бо летувіскія айцы (марыяне) прыйшлі нам з дапамогаю i выказалі згоду перадаць маёмасьць “Марыян Гаўз” на выгадных для нас умовах... Дзеля яснасьці справы пасылаю неабходныя дакумэнты i прашу пакорна ў Вашай Эмінэнцыі дапамогі ў куплі дому ў залежнасьці ад вашага меркаваньня i шчодрасьці».

Тысэран адказаў 25 лютага 1955 году: «У справе куплі дому для Місіі, паколькі кантракт мае праходзіць нутраной справай між дзьвюма часткамі таго самага закону (між летувіскімі марыянамі рымскага абраду i беларускімі марыянамі бізантыйскага абраду), Сьвятая Кангрэгацыя (Усходняя. – А.Н.) ня мае ў гэтым ніякай асаблівай зацікаўленасьці; калі б, з другога боку, набытак рабіўся для Беларускай Каталіцкай Місіі бізантыйскага абраду ў Англіі sic et simpliciter (так і не інакш. – А.Н.), тады і толькі тады гэтая Сьвятая Кангрэгацыя магла б разгледзець магчымасьць зрабіць свой унёсак»[98].

Беларуская грамадзкасьць на Захадзе пасьля Другой сусьветнай вайны складалася галоўным чынам з “новых” эмігрантаў, г. зн. тых, што засталіся на Захадзе як уцекачы, бо не жадалі ці не маглі вярнуцца на Бацькаўшчыну, якая тады ўваходзіла ў Савецкі Саюз. У большасьці сваёй маладыя людзі, яны пачыналі новае жыцьцё ў цяжкіх абставінах. Тым ня менш вызначаліся глыбокім разуменьнем i ахвярнасьцю дзеля беларускай справы. У прыватнасьці, яны добра разумелі вартасьць свайго рэлігійнага цэнтру, i таму многія, каталікі i праваслаўныя, шчодра адгукнуліся на заклік дапамагчы набыць Марыян Гаўз. Калі б, аднак, яны ведалі, што Марыян Гаўз меў застацца ўласнасьцю айцоў марыянаў, то адрэагавалі б прыблізна гэтак жа, як і кардынал Тысэран. Для малодшага пакаленьня словы “беларускія марыяне” нічога не азначалі. Старэйшыя маглі памятаць лёс Друі...

Бальшыні сяброў ганаровага камітэту для куплі Марыян Гаўз ужо няма сярод жывых, таму цяжка сказаць, ці ведалі яны пра сапраўдны стан рэчаў. Усё паказвае на тое, што не. Адзін зь сяброў камітэту, доктар Вітаўт Рамук з Чыкага, даслаў 2 сьнежня 1998 году ліст аўтару гэтых радкоў, у якім піша: «У 1953–54 гг. я жыў у Лёндане... У 1954 г. Айцец Сіповіч спытаўся ў мяне, ці я згадзіўся б быць сябрам камітэту куплі Марыян Гаўз як сталага памешканьня для Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі. Я згадзіўся з гатовасьцю, бо ідэя ўласнага рэлігійнага цэнтру была вельмі даспадобы мне i іншым беларусам... Таму для мяне быў вялікі шок, калі нядаўна даведаўся, што Марыян Гаўз застаўся ўласнасьцю айцоў марыянаў, а не Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі. Выглядае, што спачатку мне i іншым не сказалі ўсіх фактаў. Я ўпэўнены, што, калі б мы ведалі праўду, наша рэакцыя на заклік была б зусім іншай. Як католік i беларус я вельмі праняты тым, што я даведаўся. Я заўсёды верыў, што жаданьні ахвярадаўцаў павінны быць выкананымі. Не хачу абвінавачваць нікога, але выглядае, што беларусам не сказалі праўды. Асабіста ў мяне такое адчуваньне, быццам мяне выкарысталі».

Іншыя беларусы мелі яшчэ больш сьціслыя весткі. 12 верасьня 1953 году, яшчэ да атрыманьня дазволу на збор грошай, айцец Сіповіч пісаў А. Касьцюкевічу ў Бафалоў у ЗША: «Цяпер дазвольце мне зьвярнуцца да вас з просьбай. Пасьля доўгіх разважаньняў я пастанавіў выкупіць Марыян Гаўз ад літоўцаў... Таму абгаварыўшы з усімі знаёмымі суродзічамі справу, я адважыўся распачаць зборку грошы на выкуп з мэтай зрабленьня ў ім беларускай бібліятэкі, архіву, мейсца на розныя зборкі. Ужо мне некаторыя беларусы злажылі ахвяры, некаторыя задэкляравалі... Я ведаю, што вы небагатыя i што кожны грош цяжка запрацаваны, але асьмельваюся да вас зьвярнуцца з просьбай аб злажэньне ахвяры на выкуп Марыян Гаўз з той надзеяй, што Вы мне дапаможаце i што я Вам у будучыне пастараюся чымколечы адплаціцца».

Ад маладых гадоў жыцьцё айца Сіповіча было цесна зьвязанае з Друяй. Ён застаўся да канца ёй верным i эмацыйна зь ёю зьвязаным. Зь цягам часу ў ягоным уяўленьні значэньне Друі ў рэлігійным жыцьці Беларусі непамерна вырасла. Адсюль i спроба заснаваць “Новую Друю”. Наагул, аднак, ён трымаў гэтую сваю мару ў сакрэце i дзяліўся ёю толькі зь нешматлікімі даверанымі асобамі. 27 жніўня 1954 году ён пісаў айцу Міхалу Ўрбановічу, беларускаму марыяніну, які правёў амаль усё сваё жыцьцё ў працы сярод летувісаў i палякаў у Амэрыцы: «Марыян Гаўз мае быць Новай Друяй, якая, зруйнаваная i зьбяшчэшчаная бязбожнікамі, на векі будзе ганарыцца, што ў ёй працавалі сьвятыя нашы айцы беларусы – Абрантовіч, Цікота, Германовіч, якія аддалі жыцьцё i кроў за веру. Я, як той недабітак, з Божай помаччу хацеў бы традыцыі Друі, маіх дарагіх Айцоў, якія мяне выхоўвалі, захаваць, i таму трэба залажыць дом для марыянаў беларусаў на чужыне». Зрэдку ідэя “Новай Друі” вельмі асьцярожна згадваецца ў перапісцы зь іншымі беларусамі каталікамі, напрыклад у лісьце за 1 кастрычніка 1954 году да доктара Станіслава Грынкевіча ў Кліўленд: «Марыян Гаўз – гэта Новая Друя. Тут павінны знайсьці прыпынак беларускія архівы, музэй i т. п. Вельмі цяжка ўрэчаісьніць гэты плян, але пры помачы Божай ёсьць магчыма».

Ахвярадаўца мае поўнае права ведаць, куды ідуць ягоныя ахвяры, i дамагацца, каб ix скарыстоўвалі на прызначаную мэту. Будучыя дабрадзеі Марыян Гаўз нічога ня ведалі пра “Новую Друю”, таму цяжка пазбыцца ўражаньня, што Сіповіч вельмі ашчадна абышоўся з праўдаю.

У 1954 годзе беларускіх марыянаў у Марыян Гаўз было двое : 40-гадовы айцец Сіповіч i брат Мікалай Баговіч, якому споўнілася 51. Спадзявацца на рост у будучыні практычна не даводзілася. Адзіны кандыдат, Янка Садоўскі, які вучыўся ў Рыме, пакінуў марыянаў у 1953 годзе. Не выпадала разьлічваць і на прыезд марыянаў з Польшчы, дый усе яны належалі да рымскага (лацінскага) абраду i мелі за плячыма ўжо шмат гадоў. Аднак гэта не зьнеахвочвала Сіповіча. Ён пачаў зьбіраць грошы на Марыян Гаўз яшчэ ў 1953 годзе, раней як атрымаў дазвол ад сваіх законных уладаў. Так, у чэрвені таго году ён адведаў беларусаў у Ковэнтры, Бірмінгаме, Ньюўарку i Ньюпарце i вярнуўся дамоў зь велізарнай сумай... 6 фунтаў. У верасьні a. Сіповіч быў у Ірляндыі. Паездку зладзілі сябры “Легіёну Марыі”, якія часта прыходзілі на Гольдэн Авэню. Візыт не лічыўся пастырскім, бо ў Ірляндыі беларусы не пражывалі. Тая спроба сабраць грошы на Марыян Гаўз скончылася нічым. Другая паездка, у 1957 годзе, атрымалася ня лепшай, хаця ён пазнаёміўся з заснавальнікам “Легіёну Марыі” Франкам Дафам, які даў на Марыян Гаўз 2 фунты. Айцец Сіповіч меў таксама аўдыенцыю ў прэзыдэнта Ірляндыі Дэ Валера, але як толькі згадаў пра дапамогу, той адаслаў яго да ірляндзкіх біскупаў. Атрымаць аўдыенцыю ў Дублінскага архібіскупа ня выйшла, a генэральны вікары прыняў яго “ветліва, але холадна”.

Акцыя збору грошай сур’ёзна распачалася ў другой палове 1954 году. Беларусы i іхныя прыяцелі шчодра адгукнуліся на заклік Сіповіча, i ўжо на пачатку 1956 году ён здолеў сплаціць летувісам 1000 фунтаў, а яшчэ праз год аддаў ім другую тысячу. У верасьні 1957 году Сіповіч паехаў на тры месяцы ў Амэрыку. Мэты паездкі не абмяжоўваліся зборам грошай, але пра гэта ён нідзе не забываўся. Вярнуўся ў Лёндан 13 сьнежня, прывёзшы з сабою 6500 даляраў – больш як 2000 фунтаў паводле тагачаснага абменнага курсу. У лютым 1959 году Сіповіч сплаціў летувіскім марыянам ужо 5200 фунтаў. 8 ліпеня 1959 году летувіскія марыяне пастанавілі: «Большая частка грошай для летувіскіх айцоў была сплочаная а. Сіповічам МІС (дагэтуль заплочана 5200 фунтаў, застаецца да заплаты 3000 фунтаў), таму было аднагалосна пастаноўлена перадаць тытул уласнасьці “Марыян Гаўз” беларускім марыянам». Галоўная марыянская рада ў Рыме 21 ліпеня зацьвердзіла пастанову «перадачы тытулу ўласнасьці маёмасьці, што называецца “Марыян Гаўз”, ад летувіскай правінцыі да айцоў марыянаў беларускага паходжаньня».

Такім чынам, набыцьцё Марыян Гаўз для Беларускай Каталіцкай Місіі набліжалася да завяршэньня. Толькі Місія як раней, так i цяпер нічога ня мела. Дом заставаўся ўласнасьцю закону марыянаў, бо “перадача ўласнасьці” летувіскімі марыянамі беларускім была іхнай нутраной справай. За яе заплацілі беларусы з усяго сьвету i іхныя прыяцелі. Праўда, некаторыя падазравалі, што тут нешта не зусім у парадку. 1 чэрвеня 1955 году Сіповіч пісаў Віктару Іваноўскаму ў Лёндан у Канадзе: «Асобным лістом пасылаю вам лісту на Марыян Гауз. Убачыўшы яе, вы зразумееце, сколькі трэба было далажыць стараньняў, каб атрымаць той высокі Патранат Ўэстмінстэрскага Кардынала i іншых асоб! Ужо крыху сабраў грошы, але вельмі мне далёка да канца. Буду Вам вельмі ўдзячны, калі знойдзеце спосаб уцягнуць на лісту хаця некалькі ахвярадаўцаў. Верце, даражэнькія, што ўсё гэта робіцца на славу Бога i нашай гаротнай Беларусі». Відаць, “высокі патранат” не зрабіў вялікага ўражаньня на Іваноўскага, i ён адказаў айцу Сіповічу (ліст бяз даты): «Ha падпісную лісту я ўжо сабраў звыш 21 даляраў... Калі грошы вам так пільна не патрэбныя, то я хацеў бы ix затрымаць i выслаць большай сумай, каля 50 даляраў, бо маю надзею, што змагу сабраць досьць парадачную суму тады, калі вы выясьніце праз газэту Бацькаўшчыну, на каго гэны дом мае быць запісан i г.д. Бачыце, у мяне людзі пытаюць, i нат Др Рагуля катэгарычна патрабуе шырэйшага выясьненьня. Чы гэты дом будзе належаць для беларусаў каталікоў як цяпер за вашым жыцьцём, так i пасьля вашага адыходу ад рэлігійнага i наагул жыцьця».

Невядома, ці былі яшчэ іншыя лісты падобнага зьместу, але праз год у газэце Бацькаўшчына (выходзіла ў Мюнхэне) за 3 чэрвеня 1956 году зьявіўся наступны ліст Сіповіча: «На просьбу некаторых беларусаў падаю да агульнага ведама наступнае: Дом у Лёндане (пры Holden Avenue, N. 12) названы “Марыян Гауз”, у якім ад 1948 г. знаходзіцца беларуская каталіцкая капліца, прызначаецца для наступных мэтаў:

1) На памешканьне законьнікаў марыянаў-беларусаў;

2) Ha рэлігійнае абслугоўваньне беларусаў-каталікоў у В. Брытаніі;

3) Ha бібліятэку, архівы й музэй, вылучна беларускага зьместу або зьвязанага з беларусаведай.

Юрыдычна справа выглядае наступна: галоўная ўлада айцоў марыянаў дала фармальна поўную згоду на куплю Марыян Гауз для вышэй выказаных мэтаў – з тэй, зразумела, умовай, што знойдуцца сродкі на сплату коштаў куплі дому. Няма ніякіх сумлеваў, што Марыян Гауз прызначаецца для беларусаў, i за імі назаўсёды застанецца. Сяньня ў Эўропе пражывае 12 беларускіх сьвятароў-марыянаў, i яны ня маюць змогі пакуль што сабрацца i працаваць разам. Але, каб навет i была гэтая магчымасьць, няма дзе зьбірацца, пакуль ня купіцца Марыян Гауз. Хто із старэйшых беларусаў прыгадвае манастыр айцоў марыянаў у Друі i іхную працу сярод беларускай моладзі й сялян, той будзе ведаць, што Марыян Гауз мае служьщь тым самым мэтам, хоць i ў іншых – шмат цяжэйшых абставінах выгнаньня. Ад часу, калі ўсе юрыдычныя фармальнасьці былі выясьненыя, пачалася зборка грошай на выкуп Марыян Гауз. Дагэтуль было сабрана i выплачана собсьніку дому роўна тысяча фунтаў. Яшчэ трэба сем тысяч фунтаў, якія я павінен сабраць на працягу трох год»[99]. Допіс сканчаецца заклікам складаць ахвяры на Марыян Гаўз.

Гэты ліст выклікае неадназначныя пачуцьці. Кідаецца ў вочы адсутнасьць якой-колечы згадкі пра Беларускую Каталіцкую Місію, тым часам як у падпісным лісьце ахвярадаўцаў на Марыян Гаўз няма ні слова пра марыянаў. Прачытаўшы сказ “няма сумлеву, што Марыян Гауз прызначаецца для беларусаў”, хочацца спытацца, чаму наагул павінны ўзьнікаць нейкія сумневы. Аўтар замоўчвае, каму належаў дом. Зь 10 (не 12) марыянаў “у Эўропе” толькі адзін, айцец Сіповіч, быў на Захадзе, усе іншыя – у Польшчы. Двох зь ix, Германовіча i Падзяву, толькі год перад тым выпусьцілі зь зьняволеньня ў Савецкім Саюзе. Тры айцы, выселеныя з Друі ў 1938 годзе – Язэп Дашута, Віталіс Хамёнак i Казімер Смулька – ужо не маглі працаваць праз свой сталы век i благое здароўе. Дашута пісаў Сіповічу 28 сакавіка 1956 году: «Я яшчэ да працы не надаюся... Пасьля другога завалу сэрца ідзе трудней, але i так ніхто не спадзяваўся, што выжыву». Айцец Германовіч у 1955 годзе «знайшоў а. Смульку ўжо поўным інвалідам i нявідушчым»[100]. Айцец Віталіс Хамёнак быў найстарэйшы і, мусіць, найздаравейшы з трох. Але й ён пісаў Сіповічу 14 сакавіка 1961 году: «Аб сабе пісаць ня маю нічога новага. Старэю. Дакучае рэўматызм, артрэтызм, скляроза i печань, але прытрымліваюся ў ядзе i зажываю адпаведныя лякарствы i пры помачы Божай неяк кратаюся i працую».

Заставаліся яшчэ чатыры колішнія друйскія клерыкі – Фэлікс Журня, Францішак Апячонак, Баніфат Саруль i Антон Лось – усе, апроч аднаго, крыху малодшыя за Сіповіча. Усе чатыры давучваліся ў Польшчы і атрымалі сьвятарства ў 1943–1946 гадох. Сіповіч думаў, што яны, як i ён, засталіся шчырымі беларусамі i мелі жаданьне працаваць сярод свайго народу. Але насамрэч сталася іначай. Пад канец 1956 году Сіповіч усталяваў сувязь з адным зь ix, Францішкам Апячонкам. 19 лютага 1957 году Сіповіч даслаў Апячонку пакет зь сьвятымі абразкамі, якія той прасіў, падаючы ix кошт як 10 імшальных інтэнцыяў. 5 сакавіка Апячонак адаслаў пакет назад з кароткім лістом, зразумела, па-польску: «Пакет адсылаю назад... Інтэнцыяў, зразумела, не служу, хіба толькі адну i то на інтэнцыю Ксяндза (г. зн. Сіповіча. – А.Н.), каб Ксёндз быў больш сумленны» (Paczkę odsyłam... Intencji oczywiśce nie odprawiam, najwyżej jedną i to w Księdza intencji, aby Ksiądz był uczciwszy). Сіповіч адказаў 15 сакавіка: «Мне вельмі прыкра, што пасьля гэтак доўгага чаканьня нейкай весткі ад сваіх, атрымаў гэткі няветлівы ліст». Апячонак адгукнуўся па-польску 8 красавіка: «Калі ідзе пра лучнасьць з сваімі, то мне здаецца, што ўся віна на баку тых, што за мяжою» (Jeżeli idzie o łączność ze swoimi, to mi się zdaje, że całą winę ponoszą ci, którzy są za granicą). Было ясна, што Апячонак ды іншыя колішнія друйскія клерыкі маглі сказаць, што для ix, як у той прыказцы на чыстай трасянцы, “курыца ня пціца, Польшча не заграніца”. Яны і ня мелі ахвоты, і не разумелі патрэбы працаваць сярод беларусаў, асабліва на эміграцыі. Адзіны вынятак – айцец Фэлікс Журня, для якога польская курыца была “пціцаю”.

Айцец Сіповіч зьвяртаўся 9 чэрвеня 1956 году да Іваноўскага: «Я ня толькі ня гневаюся, але ўдзячны вам, што мяне падбухторылі напісаць у Бацькаўшчыну пра Марыян Гауз. Я ўжо гэта зрабіў... Як убачыце з майго выясьненьня, што няма сумніву, што Марыян Гауз астанецца за беларусамі нават па маёй сьмерці».

Ліст у Бацькаўшчыну пісаўся ў разьліку на тое, каб супакоіць беларусаў. У сапраўднасьці ён нічога ня выясьніў i выклікаў больш пытаньняў, чым даў адказаў.

Некалькі словаў пра 3000 фунтаў, якія заставалася сплаціць летувіскім марыянам у 1959 годзе. У тым часе прыплыў ахвяраў моцна зьменшыўся (што, пасьля пяці гадоў, зусім зразумела). Доўг пакрываўся зь невялікай гадавой дапамогі для Беларускай Каталіцкай Місіі ад Усходняй Кангрэгацыі. Дарэчы, у гадавых грашовых справаздачах беларускіх марыянаў у іхную генэральную раду ў Рым у 1960-х гадох гэтая дапамога значыцца як “Subsidium Sacrae Congregationis Orientalis pro Marian House” (дапамога Сьвятой Усходняй Кангрэгацыі для Марыян Гаўз). Наступная табліца, складзеная на падставе марыянскіх рахунковых кніг (асобных рахунковых кніг для Місіі не вялі), гэта наглядна паказвае:

Дапамога Ўсходняй Кангрэгацыі

Выплата за Марыян Гаўз

Дата

Сума
ў фунтах

Дата

Сума
ў фунтах


Студзень 1960 г.
10 сакавіка 1961 г.
3 красавіка 1962 г.
1 студзеня 1963 г.
10 лютага 1964 г.
23 студзеня 1965 г.
9 лютага 1966 г.

УСЯГО


500
500
500
500
500
750
500

3750


25 студзеня 1960 г.
10 сакавіка 1961 г.
3 красавіка 1962 г.
1 студзеня 1963 г.
11 лютага 1964 г.
26 студзеня 1965 г.
9 лютага 1966 г.


500
500
500
500
500
250
250

3000

 

Notes

[98] «Per l’acquisto della Casa della Missione, siccome il contratto dovrebbe passarsi nell’interno di codesta Congregazione (dai Mariani Lituani di rito latino ai Mariani Biancoruteni di rito bizantino), la S. Congregazione non ha un particolare interesse di favorire: se, invece, l’acquisto fosse fatto in favore della Missione Biancorutena di rito bizantino “sic et simpliciter”, soltanto allora la S. Congregazione potrebbe esaminare le sue disponibilitа in vista della concesione di un contributo».

[99] «Купля “Marian House” у Лёндане», Бацькаўшчына, № 23, Мюнхэн, 3.6.1956, c. 4.

[100] Гэрмановіч Я. “Мае прыяцелі – a. Казімір Смулька”, Божым шляхам, № 5 (98), Лёндан, 1966, c. 15.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст