12. Біскуп
Пасьля зьезду пачалося чаканьне. Ведаючы, як працуе Ватыканская курыя,
усе разьлічвалі, што чакаць давядзецца доўга. Яны яшчэ ня ведалі папу Яна
XXIII...
Перад ад ’ездам з Рыму, 8 лютага 1960 году, айцы Сіповіч i Гарошка
напісалі ліст генэралу айцоў марыянаў з просьбаю: 1) каб айцоў Германовіча i
Гарошку выправілі ў Лёндан у беларускі марыянскі кляштар (ut patres Josephus
Hermanovic et Leo Horosko Londinium in Domum nostram Marianam [Sectio
Alboruthena] destinentur); 2) каб айцоў Антона Лося, Фэлікса Журню, Тамаша
Падзяву i Баніфата Саруля выклікалі з Польшчы ў Рым ці ў якое іншае месца ў
вольным сьвеце для дапамогі іншым беларускім айцом марыянам у іхнай
дзейнасьці. Калі з палітычных прычынаў гэта немагчыма, дык польская
марыянская правінцыя павінна заплаціць кампэнсацыю беларусам за працу гэтых
беларускіх марыянаў у Польшчы.
Генэрал адказаў 13 лютага. Ён не пярэчыў, каб айцец Гарошка выехаў у
Лёндан. Адносна ж айца Германовіча ён меў засьцярогі, бо той атрымаў
польскі пашпарт, сапраўдны толькі на выезд у Італію. Калі б айцец Германовіч
захацеў зьмяніць яго на ватыканскі ці нейкі іншы i польскія камуністычныя
ўлады пра гэта даведаліся, яны б пачалі чыніць перашкоды марыянам у Польшчы.
Пра кампэнсацыю за працу беларускіх марыянаў у Польшчы, зразумела, нават ня
згадвалася.
Аднак айцец Германовіч досыць напакутаваўся ад камуністаў, савецкіх ці
польскіх. Не чакаючы адказу генэрала, 9 лютага ён папрасіў ватыканскі
пашпарт i атрымаў яго. Пры канцы лютага ён разам з айцом Гарошкам прыехаў у
Лёндан, дзе ix чакалі айцы Сіповіч i Надсан. З чатырох сьвятароў толькі
апошні ня быў марыянінам.
Прамінула чатыры месяцы, перш чым беларускія марыяне сабраліся адказаць
генэралу на ягоны ліст за 13 лютага. 9 чэрвеня яны паўтарылі сваё
патрабаваньне дазволіць чатыром раней згаданым беларускім марыянам выехаць з
Польшчы на Захад. Яны нагадалі айцу генэралу пра падобную просьбу айца
Сіповіча 22 сьнежня 1946 году – нягледзячы на сваю памяркоўнасьць, яна
засталася бяз выніку «з прычыны беспадстаўнай апазыцыі пачэснага айца
Мрочака, які тады быў галоўным радным, i польскай правінцыі» (nullum tamen
effectum ob nоn fundatam oppositionem tum R.P. Mroczek tunc temporis
Conciliarii Generalis tum Provinciae Polonae obtinere). Прыводзячы
контраргумэнты Мрочака супраць Сіповіча, быццам між працаю польскіх марыянаў
у Друі i беларускіх марыянаў у Польшчы захоўвалася роўнасьць i
справядлівасьць, аўтары ліста пісалі: «Выглядае, што ў сваіх разьліках а.
Мрочак прапусьціў дробязь вялікай важнасьці, менавіта, што нашыя друйскія
айцы не маглі працаваць у Польшчы так, як у Друі (г. зн. па-беларуску. –
А.Н.), калі, наадварот, польскія айцы (у Друі) працавалі ў польскім духу.
Нам вядома, што праз увесь час знаходжаньня польскіх айцоў марыянаў у Друі i
Вільні яны ня мелі ніводнага беларускага кандыдата на сьвятара i не сказалі
нават адной казані па-беларуску». Цяжкасьці Царквы ў камуністычнай Польшчы
нельга параўнаць з трагічным становішчам у Беларусі, дзе не было нават
аднаго біскупа, сэмінарыі ці кляштару i вельмі не ставала сьвятароў. Аўтары
працягваюць: «Гэтыя нешматлікія польскія сьвятары, якія там засталіся,
засьлепленыя крайнім нацыяналізмам, дагэтуль вядуць пастырскую працу на
польскай мове, дапамагаючы такім чынам, прынамсі ўскосна, бязбожнікам у
іхных падступных інтрыгах»[118].
У гэтых моцных словах адчуваецца ўплыў айца Гарошкі, які любіў называць
рэчы сваімі імёнамі. Невядома, ці генэрал меў час адказаць на гэты ліст,
бо падзеі пачалі разьвівацца вельмі хутка.
У панядзелак 4 ліпеня пасьля Літургіі айцец Сіповіч атрымаў наступную
тэлеграму: «Pregola venire quanto prima Roma per communicazioni urgenti.
Padre Coussa Assessore» (Прашу Вас прыехаць як найхутчэй у Рым дзеля
безадкладных вестак. Айцец Куса асэсар). Айцец Акакі Куса, Алепінскі манах з
Сырыі, займаў другое пасьля кардынала становішча ва Ўсходняй Кангрэгацыі.
Айцец Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Паказаў гэту тэлеграму а.
Язэпу Германовічу, пасьля а. Льву Гарошку. Усе рашылі, што я павінен ехаць
самалётам. Розныя роздумы i дагадкі».
Ha наступны дзень: «Прыяжджае з Нотынгаму а. А. Надсон. Віншуе мяне з
біскупствам... Айцец Леў кажа, калі мяне клічуць дзеля біскупства, то я не
павінен адракацца... Перадаю а. Гарошку касавыя кнігі Марыян Гауз, а а.
Алесю кіраўніцтва Місіяй у Ангельшчыне да часу, аж не вярнуся».
У сераду 6 ліпеня: «Спавядаюся ў а. Язэпа Германовіча. Ён мне кажа, каб я
да біскупства падыходзіў са страхам Божым, вераю i любоўю. Адпраўляем сьв.
Літургію. Айцец Алесь кажа, каб я служыў у сярэбраных рызах i першы. Чаму?
Ня ведаю. Але слухаю нашага добрага эклезіярха. Сьнеданьне. Прашу
багаславенства ў a. Язэпа Германовіча, i едзем з а. Львом Гарошкам... да Air
Terminal. Купляю білет. Астаецца пару хвілін да гутаркі з а. Львом...
Прыляцеў у Рым роўна а гадз. 1.05».
Раніцай наступнага дня, 7 ліпеня, Сіповіч пайшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю:
«Чакаю, пакуль выкліча мяне а. Куса i малюся. Каля гадз. 11-тай ён просіць
у сваю асэсарскую залю. Калі селі, ён, разварачваючы канвэрты атрыманых
лістоў, зусім абыякава пытае мяне пра місію ў Лёндане, як разьвіваецца i ці
трэба ёй дапамогі? Я адказваю на ўсё спакойна. Тады ён: “А можа зрабіць цябе
архімандрытам i дабавіць нейкі тытул?” Адказваю: “Ніколі аб гэтым ня думаў”.
Тады ён ізноў: “А каб зрабіць цябе біскупам, памочнікам Біскупа Слоскана, i
даць тытул Апостальскага Візытатара для беларусаў?” Я вельмі ўзрушаны.
Адказваю, што я ёсьць законьнікам i зрабіў абяцаньне не старацца годнасьцяў
ані ў законе марыянаў ані па-за ім. Ён махнуў рукою i кажа, i я законьнік, а
вось сказалі, i раблю тое, што Айцец Сьв. хоча. Тады бярэ мяне за руку i
вядзе ў залю, дзе нікога няма i кажа: “Памаліся i падумай! Я цераз
паўгадзіны заклічу”. Думаў i маліўся... У маіх вушах словы а. Льва Гарошкі,
сказаныя перад маім выездам зь Лёндану: “Калі дадуць табе біскупа,
згаджайся! Бо калі адкажашся, могуць зусім ня даць!” Бяру паперу і, хаця
рука дрыжыць, пішу некалькі сказаў: Пачуваю сябе нягодным быць біскупам.
Заўсёды стараўся быць паслушным сваім старэйшым, асабліва Айцу Сьв. Прымаю
годнасьць біскупа не дзеля якіхколечы маіх заслуг, але знак любові Айца Сьв.
да майго мучанага беларускага народу. Гэтых пару сказаў, напісаных з
памылкамі, я ня думаў нікому перадаваць. Тымчасам а. Куса ўзяў ix, прачытаў,
сказаў: “Molto bene” (вельмі добра. – А.Н.) i затрымаў. Монс. Куса ды шмат
іншых пачалі мяне гратуляваць, называць Eccellenza. Усё гэта было для мяне
абыякавым. Мне здавалася, што паўсьвету ўзвалілася на мае плечы. Ідзём у той
пакой, дзе працуе Монс. Моёлі. Ён задаволены... Яшчэ ня скончылі гутаркі, а
Монс. Куса кліча мяне да Я. Эм. Кардынала Чыканьяні. Гэты прыняў
па-бацькоўску. Кажа: “Вы будзеце добры біскуп. Вы шмат паможаце вашаму
народу”... Пасьля аўдыенцыі... пайшоў да Сьв. Пятра».
Наступныя дні айцец Сіповіч правёў у падрыхтоўцы да вялікай падзеі. 9
ліпеня ён зьявіўся зь візытам да архібіскупа Івана Бучкі, які з радасьцю
згадзіўся быць ягоным кансэкратарам. 15 ліпеня Сіповіч наведаў кардынала
Тысэрана i меў зь ім даўжэйшую гутарку, якую апісаў у сваім дзёньніку: «Іду
ў Ватыканскую бібліятэку да Я. Эм. Кардынала Тысэрана. Прыймае як заўсёды
шчыра, проста. Віншуе мяне, багаслаўляе. Кажа, вельмі добра, што я назначаны
біскупам: “Lei e stato buono sacerdote, sarа buono vescovo” (Вы былі добрым
сьвятаром, будзеце добрым біскупам. – А.Н.). Дабавіў: “Вельмі важна, каб тыя
народы, дзе прасьлед рэлігійны i дзе вынішчаецца духавенства, мелі сваіх
біскупаў. Я надзеюся, што вестка аб вас падымець на духу ваш народ на
бацькаўшчыне. Такжа вашая наміната важная з узгляду на экумэнічны сабор”.
Першы раз пачуў сэнс таго, чаму мяне назначылі біскупам. Дагэтуль шмат мне
гаварылі камплімэнтаў, але ніхто ня ўспомніў аб сутным».
Ад 17 да 23 ліпеня айцец Сіповіч адпраўляў рэкалекцыі ў Асыжы, горадзе
сьв. Францішка. Кіраваў рэкалекцыямі айцец Джаваньні Росьсі. Сіповіч
запісваў у сваім дзёньніку думкі зь ягоных канфэрэнцыяў, якія яго найбольш
уразілі. Напрыклад, 19 ліпеня ёсьць такі запіс: «Ha адным размышляньні
сказаў Don Giovanni: Non e pericoloso il communismo, ma e pericoloso il commodismo dei preti» (не камунізм небясьпечны, a прыстасаванства
сьвятароў). Зноў 20 ліпеня: «Вельмі прыгожай была апошняя канфэрэнцыя Don
Giovanni Rossi аб сьвятарскім апасталяце. Вера ў перамогу Хрыстовых ідэяў.
Аптымізм. Палеміка непатрэбная. Перш дайсьці да сэрца, a пасьля дойдзеш i да
розуму. Кажа, што ён памыляўся, калі імкнуўся з артыстамі гутарыць аб
мастацтве. Ix душы спрагнёныя Бога, i ім трэба гаварыць аб Богу. Non
difendere la fede, ma diffondere!» (не бараніць веру, а пашыраць. – А.Н.).
21 ліпеня: «Дон Карлё (напэўна, памылка: павінна было быць Джаваньні. –
А.Н.) Росьсі паўтарыў сказ кардынала Фэррэры: калі жадаеце мець посьпех у
апасталяце, дапамагайце дзецям, хворым i бедным! Гаварыў на тэму:
Coadjutores Dei sumus! (Мы – памочнікі Бога. Гл. l Kap 3:9. – А.Н.).
Глыбокі, сакавіты сказ сьв. Паўла! Вось лозунг, вось кліч майго біскупства!
Божа, не глядзі на мае грахі i не адкажы мне Тваёй ласкі быць Тваім
памочнікам!»
Айцец Сіповіч вярнуўся ў Рым 24 ліпеня. Hаступнага дня ва Ўсходняй
Кангрэгацыі яму пацьвердзілі, што ягонае сьвячаньне будзе 4 жніўня ў царкве
сьв. Ганны ў Мюнхэне пад час Міжнароднага Эўхарыстычнага Кангрэсу. Яно стане
найважнейшай падзеяй (coronamento) “дня сьвятароў” на Кангрэсе. У той самы
дзень прынесьлі папскую булю[119]
біскупскага прызначэньня. Сіповіч запісаў у сваім дзёньніку: «Гэты
гістарычны акт, акт ласкі Божай для ўсяго беларускага народу я прымаю i
цалую». Яму трэба было перакласьці булю на беларускую мову.
2 жніўня айцец Сіповіч разам з айцом Татарыновічам прыехаў у Мюнхэн, дзе
на станцыі яго ўжо чакала вялікая група беларусаў на чале з айцом
Уладзімерам Салаўём, ягоным сакратаром на час Кангрэсу. Прыехалі ў гатэль
для сьвятароў, Pius Maria Heim, дзе Сіповіч меў жыць. I тут не абышлося без
малога інцыдэнту. Вось што ён сам піша ў дзёньніку: «Ha маіх дзьвярах было
напісана імя i прозьвішча i “Polen” (Польшча). Я папрасіў a. Салаўя, свайго
сакратара на Кангрэс, каб гэта адразу было зьменена на “Weissruthene”
(беларус), што было зроблена».
Нарэшце прыйшоў чацьвер 4 жніўня. На царкве сьв. Ганны звонку вісіць
бел-чырвона-белы сьцяг. У царкве каля алтара стаіць харугва з выяваю
Жыровіцкай іконы Божай Маці. Царква напоўнілася народам доўга перад 9-й
гадзінай, калі мела пачацца ўрачыстая багаслужба. Літургію адпраўляе
архібіскуп Іван Бучка, а зь ім біскупы Платон Карныляк, украінскі экзарх зь
Мюнхэну, i Андрэй Каткоў з Рыму, а таксама пяць беларускіх сьвятароў. З
правага боку алтара, на адмысловым месцы – біскуп Баляслаў Слоскан,
апостальскі адміністратар Менскі i Магілеўскі, у мітры i “капе”. Таксама
прысутнічаюць біскупы Букатка, Шмандзюк i Прашка (украінцы), Гаўліна
(паляк), біскупы з Ганы i Мадагаскару ды інш. Айцец Сіповіч, у сьвятарскім
адзеньні, стаіць зь левага боку алтара. Пасьля Малога ўваходу айцы Леў
Гарошка i Міхась Маскалік вядуць айца Сіповіча да алтара. Мансіньёр Маёлі,
прадстаўнік Усходняй Кангрэгацыі, чытае па-лаціне папскую булю: «Joannes
Episcopus Servus Servorum Dei dilecto filio Ceslao Sipovich... salutem et
apostolicam benedictionem... Ян Біскуп, Слуга слугаў Божых, нашаму дарагому
сыну Чэславу Сіповічу... прывітаньне i апостальскае блаславеньне. Паколькі
Сьвятая Рада, адказная за справы Ўсходняй Царквы, уважала карысным
задаволіць патрэбы беларускіх вернікаў ўсходняга абраду, якія дзеля
якой-колечы прычыны жывуць за межамі бацькаўшчыны, Мы, ахвотна згадзіўшыся з
гэтым... палічылі цябе, дарагі сыне, чые выдатныя духоўныя i інтэлектуальныя
цноты i выпрабаваная пабожнасьць да Бога ясна сьведчаць на тваю карысьць,
годнай асобай, якой можна даручыць такі абавязак. I каб ты мог выконваць
свае абавязкі з большай карысьцю... нашай апостальскай уладай прызначаем
цябе Біскупам з тытулам пасаду Марыямітанскага...»[120]
Айцец Салавей чытае булю па-беларуску.
Затым пачаўся абрад біскупскага сьвячаньня. Сам Сіповіч так апісаў яго ў
сваім дзёньніку: «Пачынаю вызнаньне веры. Пасьля другога вызнаньня веры мае
ногі быццам не мае... Стараюся чытаць выразна i не сьпяшыць. Хутка (для
мяне) надыходзіць найважнейшая хвіліна. Даюць мне жэзл. Я кленчу. Над
галавой цяжкае Эвангельле. Здаецца, ніхто яго не падтрымлівае, бо яно цісьне
мяне, i каб не апора аб жэзл, хіба ня вытрымаў бы цяжару. Малюся як магу i
умею, каб Дух Сьв. даў мне сваю моц у стане архіерэйскім. Пасьля аблачэньне
i тое незабываемае аксіос! (годны! – А.Н.) Вітаюся з усімі архіерэямі...
Прыводзіць мяне а. Марусын да Я. Э. Букаткі, a той сьпявае ектэніі і
многалецьце. Яго звонкі голас напаўняе ўвесь касьцёл, нейкая радасьць
разьліваецца на тварах усіх прысутных. Я ўжо з ласкі Божай архіерэй...» Да
гэтага апісаньня варта дадаць, што ва ўскладаньні рук бралі ўдзел усе
прысутныя біскупы.
Пасьля Літургіі i блаславеньня новым біскупам усіх прысутных – урачысты
прыём y Kolpinghaus з багата застаўленым сталом. Апісвае біскуп Сіповіч:
«Згодна з воляй Я. Э. Бучкі першую прамову маю я сам. Гавару па-беларуску,
па-лаціне i па-ангельску. Дзякую Хрысту за ласку паўнаты сьвятарства i Яго
наступніку на зямлі Папу Яну XXIII, такжа ўсім тым, хто спрычыніўся да маёй
хіратоніі... Наступным прамаўляе Я. Э. Бучка па-ўкраінску. Між іншым ён
выказвае радасьць, што каталіцкая Царква Усх. абраду сярод беларусаў
аднавілася. Ён такжа “пацяшае”, так як тая цыганка кагосьці пацяшала: “7
гадоў будзеш гараваць, а пасьля прывыкнеш”. Пасьля мае слова Монс. Моёлі.
Гавора па-італьянску, з гумарам... Кажа, што ён вельмі рады, што беларусы
пасьля гэтак доўгага перарыву, спрычыненага прасьледам i палітычнымі
абставінамі, маюць цяпер свайго біскупа, які ад імя Беларусі будзе прыймаць
удзел такжа ў экумэнічным саборы. Пасьля гаворыць сп. інж. М. Абрамчык,
Старшыня Рады БНР. Ён такжа выказаў задавальненьне, што беларуская
каталіцкая ўсходняя Царква ў асобе Ч. Сіповіча атрымала свайго біскупа... Ён
выказвае ўдзячнасьць Ап. Пасаду ад імя ўсіх беларусаў».
Haступнага дня, 5 жніўня: «Вечарам у касьцеле Maria von gutem Rate мая
біскупская служба для беларусаў... Гаварыў казаньне аб Хрысьце ў сьв.
Эўхарыстыі i аб пасланстве біскупа, біскупа беларускага. Пасьля мне
гаварылі, што ўважаць трэба гэта казаньне праграмовым i натхнёным, i прасілі
яго зьместу, але я яго ня меў. Меў прыгатаваны толькі ў думцы». На гэтай
“сямейнай” урачыстасьці беларусы першы раз маглі быць самі з сваім Уладыкам.
Між іншым, ад самага пачатку неяк натуральна ўсе сталі ўжываць традыцыйны
зварот “Уладыка”, a “біскупа” пакінулі для афіцыйных дакумэнтаў i фармальных
аказіяў. Нават ангельскія прыяцелі ў Лёндане з часам навучыліся казаць
“Влядііка”...
У суботу 6 жніўня, як піша Ўладыка Чэслаў, «на галоўным алтары на
Theresienwiese сьв. Літургія ўсіх усходніх біскупаў пры асысьце Патрыярха
Антыяхійскага Максіма IV. Саслужыла 11 біскупаў: Я. Э. Я. Э. Гэрманюк,
Бучко, Саварын, Корныляк, Прашко, Букатко, Шмондзюк, Катков, Сіповіч, Гакім.
Прыслужвалі два дыяканы: украінскі i з Шэвэтоню. Сьпявалі тры хоры:
украінскі, г. зв. расейскі i грэцкі. “Расейскі” (з Шэвэтоню – A. H.) дыякан
маліўся толькі за “страждущих русских братьев”. За гэта ён быў напомнены
мной i Я. Э. Букаткай. Ён перапрасіў пасьля літургіі Я. Э. Гэрманюка. Прасіў
даць яму пакуту: я сказаў, каб памаліўся за народы ўкраінскі і беларускі.
Калі я расказаў аб гэтым інцыдэнце Монс. Моёлі, дык гэты аб дыякану сказаў
“che stupido!” (што за дурань. – А.Н.)».
Серада 10 жніўня была апошнім днём у Мюнхэне. Перад ад’ездам біскуп
Сіповіч i айцец Салавей зрабілі візыт кардыналу Вэндэлю, архібіскупу
Мюнхэнскаму i “гаспадару” Эўхарыстычнага Кангрэсу. Біскуп Сіповіч запісаў у
дзёньніку: «Прыняў нас вельмі ветліва i сымпатычна. Падзякаваў яму за ўсё,
што ён быў ласкаў зрабіць для маёй кансэкрацыі. Я кажу, што, незалежна ад
мяне, мая біскупская кансэкрацыя сталася адным з характэрных пунктаў усяго
Кангрэсу. Кард. Вэндэль на гэта: “Гэтага мы i жадалі! Вельмі добра!” Пытае,
якое наша ўражаньне аб Кангрэсе? Я з свайго боку заўважыў, што вельмі моцны
акцэнт у час Кангрэсу быў на ўсходнія абрады. Я. Эмінэнцыя кажа, што гэта
было сьведама зроблена i што гэта можа быць добрай падрыхтоўкай да
экумэнічнага сабору і наагул да хрысьціянскай еднасьці».
У чацьвер 11 жніўня біскуп Сіповіч ужо зьявіўся ў Рыме. Там чакала яго
шмат справаў, найважнейшая зь ix – аўдыенцыя ў Сьвятога Айца ў суботу 20
жніўня ў летняй папскай рэзыдэнцыі Кастэль Гандольфа (Castel Gondolfo). Вось
як апісвае яе сам біскуп Сіповіч: «А гадз. 12.08 прыняў мяне Айцец Сьв.
словамі: “Venga, venga!” (заходзь, заходзь!). Пашлі да стала. Ён сеў i я сеў
збоку стала. Запытаў мяне, хто я, скуль, хто мяне кансэкраваў? Адказаў, што
я беларус, з Беларусі, i што я біскуп пасьля доўгіх гадоў нашага
гіерархічнага сіроцтва. Спачатку думаў Айцец Сьв., што я ўкраінец, пасьля
аднак, калі я ўспомніў аб Менску, умяйсцовіў нашу краіну належна. Калі я
сказаў, што быў кансэкраваны ў Мюнхэне, ён запытаў: “Хто кансэкраваў?” – “Я.
Э. Бучко” – кажу. “O quell piccolo mio amico!” (O, гэты мой маленькі
прыяцель! – А.Н.) – з усьмешкай сказаў Папа. Тады перайшоў Айцец Сьв. на
лацінскую мову i сказаў, што трэба заўсёды выбіраць 1) апошняе месца (ізноў
засьмяяўся, паказваючы на сябе i гаворачы па-італьянску: “Ma vedi, loro me
hanno messo qui!” [але глядзі, яны мяне ўсадзілі сюды! – А.Н.]); 2) быць
слугой ycix; 3) захаваць integritatem et puritatem sacerdotalem (сьвятарскую
цэльнасьць і чысьціню); 4) адказваць на кліч ласкі. Вылічаючы гэтыя чатыры
пункты, ён дадаў: “Sub juramento propositionem uti sacerdos feci haec
quatour puncta observare” (Пад прысягай я як сьвятар зрабіў пастанову
захоўваць гэтыя чатыры пункты. – А.Н.). Скончыўшы гутарку Айцец Сьв.
характару маральна-пэдагагічнага, кажа: “А цяпер хачу ахвяраваць табе
мэдаль. Ён недарагі, не залаты, але даю яго для біскупаў ад шчырага
сэрца...”...Атрымаўшы падарак, пацалаваў руку Айцу Сьв. i папрасіў
багаславенства для маёй маці, маёй сям’і, для ўсіх сваякоў, для ўсіх
беларусаў на бацькаўшчыне i на чужыне, для ўсіх марыянаў. Айцец Сьв.
адказаў: “Di tutto il cuore” (ад усяго сэрца. – А.Н.). Пасьля сам зьвярнуўся
да мяне: “Vuoi che facciamo insieme la fotografia?” (Хочаш, зробім разам
здымак? – А.Н.) – “Si, Santitа! (Так, Ваша Сьвятасьць! – А.Н.)... Я забыўся
запісаць, калі я гутарыў з Айцом Сьв. i калі я сказаў, што я працаваў сярод
беларусаў у Англіі, дык ён сказаў: “Я вучуся цяпер ангельскай мовы, але ж
яна страшэнна цяжкая... e troppo difficile!” Так сталася на аўдыенцыі, як
прадказваў монс. Моёлі. Спантанічна-бацькаўскія пытаньні. Нейкая адразу
адчуваецца дабрата i прастата гэтага чалавека. Калі нават гаворыць аб
прынцыпах, дык высказвае ix моцна, але проста, па-бацькоўску».
Толькі ў кастрычніку змог біскуп Сіповіч прыехаць у Лёндан, які ён
пакінуў 6 ліпеня. У нядзелю 30 кастрычніка прайшла ўрачыстая біскупская
сьвятая Літургія. Малая капліца сьв. Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз не магла
зьмясьціць ycix вернікаў – беларусаў ды іхных прыяцеляў. Ha шчасьце,
надвор’е спрыяла. Як заўважыў біскуп у сваім дзёньніку, «запраўды адчуваецца
апека Божая над намі нават у гэтых малых рэчах». У наступную нядзелю, 6
лістапада, зладзілі “сямейнае” сьвята толькі для беларусаў: раніцай сьв.
Літургія ў Марыян Гаўз, a апаўдні прыём у Беларускім Доме. На ім Уладыка
Чэслаў атрымаў у падарунак кнігу Прата The Theology of Saint Paul i білет
ганаровага сябра Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі.
9 лістапада Ўладыка зноў выправіўся ў Рым.
9 сакавіка 1838 году ў Пецярбурзе памёр у 80-гадовым веку апошні
беларускі грэка-каталіцкі мітрапаліт Язафат Булгак. Ён цяжка хварэў i быў
зламаны духам. Апошнія 10 гадоў жыцьця ён бясьсільна назіраў, як Язэп
Сямашка i ягоныя паплечнікі пры поўнай падтрымцы расейскага ўраду падкопвалі
знутры Грэка-Каталіцкую Царкву, каб, слабую, змусіць да “ўзьяднаньня” з
расейскім праваслаўем. Адзін мітрапаліт, пакуль жыў, стаяў ім упоперак
дарогі. Ён памёр каталіком, але ягоныя праціўнікі скарысталіся нават зь
ягонае сьмерці, пахаваўшы Язафата Булгака ў праваслаўнай царкве. Праз год,
25 сакавіка 1839 году, Беларуская Грэка-Каталіцкая (Вуніяцкая) Царква
перастала існаваць. У часе беларускага нацыянальнага адраджэньня рабіліся
спробы аднавіць яе, але бяз выніку: не спрыялі палітычныя абставіны,
заміналі іншыя перашкоды, сярод якіх – непрыхільнасьць або прынамсі
абыякавасьць рыма-каталіцкіх царкоўных уладаў. Прызначэньне i высьвячэньне
біскупа Чэслава Сіповіча азначала зьмену гэтага стаўленьня да беларусаў.
Такім чынам, пасьля 120 гадоў Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква зноў мела
свайго біскупа, што давала надзею на лепшую будучыню.
Notes
[118] «Pauci illi
sacerdotes Poloni qui ibidem habentur nationalismo exagerato obcaecati
operam pastoralem in lingua Polona adhuc performant, ut quin dubio hoc modo
saltem indirecte atheistas in eorum machinationibus perfidis adiuvent».
[119] Буляй (ад лацінскага
слова bulla – пячатка) называецца папскі дакумэнт вялікай важнасьці зь
віслай папскай пячаткаю.
[120] «Joannes Episcopus
Servus Servorum Dei dilecto filio Ceslao Sipovich... salutem et apostolicam
benedictionem. Quandoquidem Sacrum Consilium, negotiis Ecclesiae Orientalis
praepositum, opportunum censuit ut iis fidelibus albo-ruthenis ritus
byzantini, qui extra patriam quacumque de causa degunt, consuleretur, id Nos
libenti animo accipientes... Te, dilecte fili, quem egregiae animi
ingeniique virtutes et spectata in Deum pietas probe commendant, aptum esse
aestimavimus cui huiusmodi officium daretur. Quo autem fructuosius his munus
fungi possis... quae apostolica pollemus potestate Te Episcopum nominamus
sedis titulo Mariammitanae...»