Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

13. “У дарозе... у працы!” (2 Кар 11:26, 27)

У нядзелю 13 лістапада 1960 году ў базыліцы сьв. Пятра ў Рыме ў дзень сьвятога Яна Залатавуснага прайшла ўрачыстая Літургія, якая носіць ягонае імя. Яна адзначыла пачатак працы Камісіі для Ўсходніх Цэркваў, каб падрыхтаваць матар’ялы да Другога Ватыканскага Паўсюднага Сабору – той набліжаўся з кожным днём. Першае паседжаньне Камісіі адбылося наступнага дня. 15 лістапада біскупа Сіповіча абралі старшынёю падкамісіі для справаў Еднасьці. Падкамісія мелася разгледзець дачыненьні паміж каталіцкімі ўсходнімі цэрквамі i цэрквамі, ня злучанымі ў еднасьці з Апостальскім Пасадам. Безумоўна, канчатковай мэтай, якой прысьвячалася праца падкамісіі, было зьяднаньне ўсіх усходніх хрысьціянаў у Адной Сьвятой Царкве Хрыстовай. Аналізаваліся наступныя пытаньні: перашкоды на шляху да царкоўнай еднасьці, мэтады працы для еднасьці, абрады ў Царкве, месца патрыярхаў у Царкве, характэрныя рысы багаслоўскага вучэньня ўсходніх цэркваў ня ў еднасьці з Апостальскім Пасадам.

Перадсаборная падрыхтоўчая праца займала ў біскупа Сіповіча шмат часу. Апрача сваёй падкамісіі, ён браў удзел у працы падкамісіі пастырскай. У 1962 годзе, ужо калі пачаўся Сабор, ён увайшоў у камісію для законьнікаў.

Нягледзячы на занятасьць, Сіповіч не забываўся, дзеля чаго ён прызначаны біскупам. У лісьце, дадзеным яму Ўсходняй Кангрэгацыяй 29 ліпеня 1960 году, за тыдзень перад ягоным сьвячаньнем, i падпісаным кардыналам Чыканьяні ды айцом Кусам, было сказана, што ён – «Найпачэсьнейшы Спадар Айцец Чэслаў Сіповіч, тытулярны біскуп Марыямітанскі, якому даручана кіраваньне апостальскай працай сярод беларускіх вернікаў бізантыйскага абраду, што жывуць за межамі сваёй краіны»[121].

Выраз “кіраваньне апостальскай працай” вельмі шырокі i невыразны, i таму біскуп Сіповіч прасіў ва Ўсходняй Кангрэгацыі інструкцыю, у якой бы дакладна акрэсьліваліся ягоныя правы i абавязкі. Адказ ён атрымаў у лісьце Ўсходняй Кангрэгацыі за 25 лістапада 1960 году:

«1. Вашая Эксцэленцыя павінен кожны год адведваць сваіх суайчыньнікаў, i рабіць справаздачу для Ўсходняй Кангрэгацыі з прапановамі, што трэба ці карысна зрабіць, каб палепшыць духоўнае i часовае становішча;

2. У часе адведзінаў Вашая Эксцэленцыя будзе адпраўляць богаслужэньні i трэбы, публічныя i прыватныя, якія яго папросяць або якія ён будзе ўважаць за патрэбныя, робячы адпаведныя інструкцыі i навучаньні;

3. У выпадках, якія патрабуюць юрысдыкцыі ў вузкім сэнсе гэтага слова (заснаваньне парафіяў, сэмінарыяў, шлюбы, высьвячэньне сьвятароў...), Вашая Эксцэленцыя павінна зьвяртацца да мясцовага біскупа або да гэтай Сьвятой Кангрэгацыі;

4. Нарэшце Вашая Эксцэленцыя будзе гатовая на ўсякі выпадак да распараджэньня гэтай Сьвятой Кангрэгацыі».

Як відаць, біскуп Сіповіч меў даволі абмежаваныя правы i ўладу – яны вынікалі ня столькі зь ягонага тытулу, як з дэлегаваньня паўнамоцтваў ад мясцовага біскупа ці Ўсходняй Кангрэгацыі. Таму шмат залежала ад ягонага такту, дыпляматычных здольнасьцяў і, безумоўна, ініцыятывы.

Пытаньне месца жыхарства разьвязалася для біскупа Сіповіча так: частку году ён меў праводзіць у Рыме, а частку – у Лёндане. Усходняя Кангрэгацыя хацела б, каб ён увесь час жыў у Рыме, але нарэшце згадзілася на кампраміс – дарэчы, вельмі ўдалы. Архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Ўільям Годфрэй у 1947 годзе, калі Сіповіч прыехаў у Англію, займаў пасаду апостальскага дэлегата. Таму 21 кастрычніка 1960 году, калі Сіповіч прыйшоў яго адведаць, яны сустрэліся як старыя знаёмыя. Гэта вельмі аблягчала справу. Калі айцец Гарошка папрасіў у Ўэстмінстэрскай курыі дазвол аднавіць выдаваньне Божым шляхам, яму адказалі: трэба ўзгадніць зь біскупам Сіповічам. Другім важным пачынаньнем быў інтэрнат для хлапцоў. Якраз цераз дарогу ад Марыян Гаўз прадаваўся дом. Усе айцы аднагалосна прапанавалі купіць яго i заснаваць інтэрнат для хлапцоў зь беларускіх сем’яў. Тыя хадзілі б у мясцовую каталіцкую школу, a ў інтэрнаце атрымлівалі б беларускае i, безумоўна, рэлігійнае выхаваньне. Біскупу Сіповічу ідэя спадабалася. Праект падалі ў Ўэстмінстэрскую курыю, і тая яго ўхваліла. Усходняя Кангрэгацыя дала на куплю будынку 10 тысячаў ангельскіх фунтаў. Дом набылі на пачатку 1961 году, i ён стаў вядомы як Дом сьвятога Кірылы (Saint Cyril’s House) у гонар сьвятога Кірылы Тураўскага.

З увагі на свае новыя абавязкі біскуп Сіповіч ня мог заставацца рэктарам Беларускай Місіі ў Лёндане. На ягоную прапанову Ўсходняя Кангрэгацыя прызначыла замест яго айца Льва Гарошку.

Заставалася пытаньне тытулу біскупа Сіповіча. 16 верасьня 1960 году біскуп Слоскан зрокся тытулу апостальскага візытатара для беларусаў, бо тыя мелі цяпер свайго біскупа. Аднак Усходняя Кангрэгацыя не сьпяшалася прызначаць ягонага наступніка. 25 кастрычніка 1961 году архібіскуп Куса (ён стаў архібіскупам у лютым 1961 году) патлумачыў Сіповічу, што было б лягчэй прызначыць яго апостальскім візытатарам, калі б ён жыў у Рыме. Першы раз біскуп Сіповіч названы апостальскім візытатарам у дакумэнце Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратарыяту за 9 лістапада 1963 году, якім ён прызначаўся кансультарам Усходняй Кангрэгацыі. Але тады Сіповіч, як генэрал закону марыянаў, жыў ужо ў Рыме. У афіцыйным выданьні Ўсходняй Кангрэгацыі Oriente Cattolico (Каталіцкі Ўсход) у Рыме ў 1974 г., на старонцы 180 біскуп Сіповіч названы “Visitatore delegato della Sacra Congregazione per le Chiese Orientali per l’assistenza dei fedeli Belorussi all’estero” (візытатар-дэлегат Сьвятой Усходняй Кангрэгацыі для патрэбаў беларускіх вернікаў за мяжою). Гэтаксама названыя румынскі біскуп Базыль Крыстэа i расейскі Андрэй Каткоў. Затое ў дакумэнтах Дзяржаўнага Сакратарыяту i паведамленьнях аб папскіх аўдыенцыях біскупа Сіповіча ўсюды называюць апостальскім візытатарам. Выглядае, што аўтарытэтнай павінна быць практыка Дзяржаўнага Сакратарыяту.

Незалежна ад тытулу біскуп Сіповіч сур ’ёзна ставіўся да свайго абавязку рэгулярна адведваць беларускія асяродкі. Ён мусіў плянаваць свае візыты наперад, каб яны не перашкаджалі ягоным іншым абавязкам, напрыклад працы ў перадсаборнай падрыхтоўчай камісіі. Так, у 1961 годзе, 14–15 студзеня, ён быў у Нотынгаме, дзе наведаў мясцовага біскупа, адслужыў архіерэйскую Літургію i сустрэўся зь мясцовымі беларусамі. 28–29 студзеня прайшоў візыт у Манчэстар, a 17 лютага біскуп Сіповіч ужо вылецеў у Рым на сэсію падрыхтоўчай камісіі. У сакавіку ён знаходзіўся ў паўночнай Францыі i Бэльгіі, а 16 красавіка зноў вярнуўся ў Рым на другую сэсію камісіі. Тады – зноў у Лёндан, каб давесьці да канца справу куплі Дому сьв. Кірылы i разгледзець магчымасьць пастырскага цэнтру ў Нотынгаме. 2–5 чэрвеня біскуп Сіповіч узяў удзел у канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам Паўсюднага Сабору. Яна праходзіла ў Споўд Гаўз (Spode House) у цэнтральнай Англіі. Адтуль – кароткі візыт у Нотынгам, а 19 чэрвеня зноў у Рым на сэсію камісіі. 28 чэрвеня біскуп Сіповіч i айцец Татарыновіч вылецелі ў Чыкага на асьвячэньне беларускай грэка-каталіцкай царквы Хрыста Спаса. Як згадвалася вышэй, падмурак беларускай парафіі ў гэтым горадзе заклалі ў 1955 годзе сваімі намаганьнямі новыя беларускія эмігранты. Спачатку апекаваўся імі а. Ян Тарасэвіч з манастыра сьв. Пракопа ў Ляйлі. А ў верасьні 1958 году пасьля навукі ў Рыме вярнуўся айцец Уладзімер Тарасэвіч (пляменьнік а. Яна) i прыняў кіраўніцтва парафіяй. 15 сьнежня 1960 году набылі будынак на 3017 Фулертан Авэню (Fullerton Avenue). Там і разьмесьцілася беларуская грэка-каталіцкая царква Хрыста Спаса. Асьвячэньне першай беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Новым Сьвеце першым беларускім грэка-каталіцкім біскупам адбылося 2 ліпеня 1961 году ў прысутнасьці архібіскупа Чыкага кардынала Мэера i вялікай колькасьці беларусаў з усіх куткоў Злучаных Штатаў i Канады. Пасьля Чыкага біскуп Сіповіч наведаў Нью-Ёрк ды іншыя гарады. 1 жніўня ён вылецеў зь Нью-Ёрку празь Лёндан у Франкфурт, каб узяць удзел у кангрэсе “Kirche in Not” (Царква ў патрэбе) у Кэнігштайне. Пад час кангрэсу прайшоў таксама зьезд беларускіх сьвятароў.

7 верасьня біскуп быў ужо ў Лёндане – з Польшчы прыехаў ягоны малодшы брат Пятрусь, зь якім яны ня бачыліся 23 гады. 27 верасьня – зноў у Рыме на паседжаньні падрыхтоўчай камісіі. Беларусы Нямеччыны запрасілі біскупа Сіповіча да сябе, каб адзначыць першыя ўгодкі ягоных біскупскіх сьвячаньняў. Пасьля кароткага візыту ў Мюнхэн 14–16 кастрычніка ён вярнуўся ў Рым. 1 лістапада – у Лёндане. 9–10 сьнежня біскуп Сіповіч наведаў беларусаў у Бірмінгаме, a 13–14 студзеня 1962 году – у Брадфардзе.

Між іншага, у чэрвені 1961 году, перад тым як ляцець зь біскупам Сіповічам у Чыкага, айцец Пётра Татарыновіч на 40-я ўгодкі свайго сьвятарства стаў “мансіньёрам” – яму надалі ганаровую годнасьць пралата Яго Сьвятасьці. Празь некалькі месяцаў яго прызначылі беларускім прадстаўніком у Папскай Камісіі для эмігрантаў, споўніўшы другую просьбу зьезду сьвятароў 1960 году.

У міжчасе ва Ўсходняй Кангрэгацыі адбыліся зьмены. Мансіньёр Джузэпэ Маёлі, адказны за беларускія справы, у верасьні 1960 году атрымаў біскупскія сьвячаньні з рук самога папы Яна XXIII i ў годнасьці архібіскупа быў прызначаны інтэрнунцыем у Этыёпіі. Біскуп Сіповіч, цешачыся зь ягонага павышэньня, ня мог не адчуць i суму, бо траціў добрага i вернага прыяцеля, які зрабіў шмат для беларусаў. У жніўні 1961 году кардынал Чыканьяні таксама сышоў з Усходняй Кангрэгацыі на пасаду Дзяржаўнага Сакратара. Ягонае месца заняў архібіскуп Акакі Куса, першы “ўсходнік” на чале Ўсходняй Кангрэгацыі.

Бадай, найбольшай цяжкасьцю ў арганізацыі пастырскай працы сярод беларусаў заставаўся недахоп сьвятароў. Выявілася, на жаль, што нават сярод ix ня ўсе вартыя свайго пакліканьня. Адзін зь ix, Янка Садоўскі, першы, каго айцец Сіповіч прыняў у 1948 годзе кандыдатам у марыянскі закон, у 1949 годзе паехаў у Рым, дзе пасьля навіцыяту распачаў навуку ў падрыхтоўцы да сьвятарства. У 1953 годзе Садоўскі выйшаў з марыянскага закону. Біскуп Слоскан прыняў яго клерыкам Менскай дыяцэзіі i знайшоў яму месца ў Францускай калегіі. У 1955 годзе Садоўскага высьвяцілі на сьвятара. Ён папрасіў Слоскана дазволіць яму працягваць навуку. Празь пяць гадоў, у 1960 годзе, ён усё яшчэ вучыўся... Ад ягонай навукі ніхто ня бачыў ніякіх вынікаў, таму біскуп Слоскан пачаў сумнявацца. Ён параіў біскупу Сіповічу паслаць Садоўскага на месячныя рэкалекцыі, а пасьля знайсьці яму месца вікарнага сьвятара ў якой-небудзь парафіі ў Нямеччыне. Біскуп Сіповіч, беручы пад увагу недахоп беларускіх сьвятароў, ня мог згадзіцца з такой прапановай i ў сакавіку 1961 году загадаў Садоўскаму ехаць у Лёндан дапамагаць у працы Беларускай Каталіцкай Місіі. Між тым айцец Германовіч выехаў у Амэрыку, нібыта каб пабачыць у Нью-Ёрку свайго дзядзьку, на чатыры гады малодшага за яго... Насамрэч ён мусіў ацаніць магчымасьці заснаваць беларускі марыянскі асяродак у Амэрыцы. Айцец Надсан выехаў у Нотынгам, каб заснаваць там пастырскі цэнтар для духоўнай абслугі беларусаў у сярэдняй i паўночнай Англіі. Айцу Садоўскаму даручылі кіраўніцтва інтэрнатам у Лёндане, які меў адкрыцца ўвосень. Два месяцы пасьля пачатку школьнага году, 4 лістапада 1961 году, Садоўскі, як піша біскуп Сіповіч у сваім дзёньніку, «заяўляе, што даўжэй ня можа быць кіраўніком інтэрнату: або знайсьці для яго мейсца ў кард. Годфрэй на капэляна, або пойдзе працаваць на падземку!.. Дае мне такое “ультыматум” лістоўна. Я пытаюся, ці ён усё добра перадумаў? Кажу, я не магу старацца капэляніі для сьвятара, які гатовы пакінуць сьвятарства! Пасьля даўжэйшай гутаркі а. Янка забірае ліст назад i супакойваецца». Празь месяц, у панядзелак 11 сьнежня: «На Багаслужбу – як было звычайна – а. Янка Садоўскі сяньня не прыйшоў. Крыху нас гэта зьдзівіла, але дакладнай прычыны мы ня зналі. Каля гадз. 11 перад абедам прыходзіць да мяне а. Янка нейкі страшэнна прыгноблены i кладзе свае паперы... са словамі: Гэта мае паперы, надалей я не магу быць сьвятаром! Пачынаю прамаўляць да яго розуму i сэрца, каб глупства не рабіў. Мала гэта памагае, але а. Янка забірае паперы назад, хаця заяўляе, што ён выяжджае да адной ангельскай сям’і, бо чуецца перамучаным. Адгаварваю яго ад гэтага, прапаную оддых у гарах, у Я. Даст. Бпа Слоскана, у Рыме. Не! Айцец Янка глухі як калода на ўсё, вочы патупіўшы глядзіць уніз. Пытаю, якая галоўная прычына яго крызісу: “Паслушэнства за цяжкое для мяне”, адказвае». У сапраўднасьці віною было не паслушэнства, a адна (ня першай маладосьці) ангелька, якая прыходзіла сьпяваць у хоры ў Марыян Гаўз. Біскуп Сіповіч падсумаваў той выпадак: «Гэтакі паступак Садоўскага ўсіх нас засмуціў. Гэта страшэнна цяжкі крыж для мяне асабіста. Прымаю яго, Божа, як пакуту за мае грахі. Дай сілы мне яго перанесьці з карысьцю для мяне i для няшчаснага a. Янкі».

Адыход Садоўскага змусіў усіх памяняць пляны. Айца Германовіча адклікалі з Амэрыкі i прызначылі кіраўніком інтэрнату. З увагі на ягоны век прызначэньне было часовае, пакуль айцец Надсан ня вернецца з Нотынгаму, дзе, побач з пастырскай працаю, ён выкладаў матэматыку ў тамтэйшым каталіцкім дыяцэзіяльным каледжы.

Айцец Кастусь Маскалік у Парыжы сваёй бязьдзейнасьцю давёў да поўнага заняпаду працу Місіі ў Францыі. Самі вернікі пачалі пісаць лісты з просьбамі, каб яго адтуль забралі. Увосень 1962 году біскуп Сіповіч узяў айца Маскаліка ў Рым, дзе той дапамагаў айцу Татарыновічу ў працы на Ватыканскім радыё, чытаючы перадачы. Рэктарам Місіі ў Францыі зноў стаў айцец Гарошка – ён рэгулярна езьдзіў туды зь Лёндану. Безумоўна, не найлепшая разьвязка, бо шмат часу i сілаў, якія можна было выкарыстаць для канкрэтнай працы, сыходзіла на дарогу.

Багата арганізацыяў, зь якімі біскуп Сіповіч супрацоўнічаў сьвятаром, жадалі цяпер ушанаваць яго. Адная зь ix – Цэнтральны Каардынацыйны Камітэт Дабрачынных Арганізацыяў Уцекачоў, дзе Сіповіч 12 гадоў прадстаўляў беларусаў. Другая – Таварыства сьвятога Яна Залатавуснага: у яго аднаўленьне ён некалі ўклаў шмат працы. Калі Сіповіч стаў біскупам, яго абралі ганаровым віцэ-прэзыдэнтам Таварыства. Ганаровым прэзыдэнтам быў архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Годфрэй. 2 ліпеня 1962 году біскуп Сіповіч i старшыня Таварыства мансіньёр Бартан мелі зь ім сустрэчу. Сярод розных пытаньняў закранулі і запрашэньне на зборкі Таварыства некаталіцкіх прамоўцаў. Кардыналу гэта ня вельмі падабалася, i ён імкнуўся пазьбегнуць простага адказу. Урэшце згадзіўся, калі біскуп Сіповіч запэўніў, што ў кожным прыватным выпадку ён будзе пытацца ягонай рады. Калі ж біскуп Сіповіч спытаўся, ці можа рабіць даклады ў англіканцаў, калі яго запросяць, кардынал хацеў ведаць, дзе будзе зборка: у царкве ці ў залі. Біскуп напісаў у сваім дзёньніку: «Кардынал быў крыху нэрвовы, нерашучы. Чагосьці ўсьцяж баіцца, а чаго, ня ведаю». Экумэнізм у Каталіцкай Царкве рабіў яшчэ толькі першыя крокі.

24 ліпеня 1962 году біскуп Сіповіч зьвярнуўся ва Ўсходнюю Кангрэгацыю з просьбаю даць дазвол слухаць споведзі i прычашчаць праваслаўных вучняў інтэрнату сьв. Кірылы, a таксама іхных бацькоў, калі яны гэтага жадаюць. Усходняя Кангрэгацыя пераслала просьбу ў Сьвяты Ўрад (Sanctum Officium), што займаецца такімі справамі. Праз больш як 3 месяцы, 5 лістапада, Усходняя Кангрэгацыя паведаміла біскупу Сіповічу, што Сьвяты Ўрад, «разгледзеўшы ўсе абставіны i параіўшыся зь мясцовым біскупам, палічыў немэтазгодным задаволіць такую просьбу»[122]. Мясцовы біскуп – гэта ня хто іншы, як кардынал Годфрэй. Камэнтар біскупа Сіповіча ў дзёньніку вельмі кароткі: «На жаль!»

На пачатку 1965 году біскуп Сіповіч паўтарыў сваю просьбу, але не асабіста, а праз генэральнага пракуратара марыянаў. 7 красавіка прыйшоў адказ, падпісаны кардыналам Атавіяні (Ottaviani): «Гэты Сьвяты Ўрад ня мае нічога супраць дапушчэньня вышэй памянёных (г. зн. праваслаўных. – A.H.) студэнтаў да сьвятых Тайнаў (сакрамэнтаў), бо гэта адпавядае дэкрэту “Пра Ўсходнія Цэрквы” Ватыканскага II Паўсюднага Сабору». Вось прыклад зьменаў у Каталіцкай Царкве ў выніку Ватыканскага Сабору.

Палякі таксама жадалі ўшанаваць біскупа Сіповіча. Ініцыятыва зыходзіла з боку арганізацыі былых студэнтаў і настаўнікаў Віленскага ўнівэрсытэту “Alma mater Vilnensis”. Далучыўся да ix i г. зв. Związek Ziem Wschodnich (Саюз усходніх земляў), які ўважаў Заходнюю Беларусь i Ўкраіну за ўсходнія правінцыі Польшчы. Біскуп Сіповіч адказаў, што ня можа прыняць запрашэньня, калі ў імпрэзе будзе браць удзел згаданая арганізацыя.

Між іншага, у Лёндане жыў Людвік Бацянскі, былы ваявода Віленскі – той самы, які загадаў выселіць беларускіх марыянаў з Друі. Біскуп Сіповіч хацеў зь ім сустрэцца, але той адказаў асобе, якая старалася наладзіць сустрэчу: «Ня маю адвагі сустрэцца зь біскупам Сіповічам». Бацянскі памёр 7 лютага 1970 году. Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку: «Сяньня ён ужо асуджаны Богам справядліва. Жадаю яму вечнага супакою ў небе, але сумная гісторыя за ім астаецца, i яе ніхто ня зьменіць».

Ад 3 да 7 жніўня 1962 году ў Рыме адбылася Сусьветная пілігрымка эмігрантаў i выгнаньнікаў, каб адзначыць дзесяць гадоў папскай энцыклікі Exul Familia (Сям’я выгнаньнікаў). Беларусы з Англіі, Францыі i Нямеччыны ўтварылі сваю асобную групу. У суботу 4 жніўня была Крыжовая Дарога ў Калізэі. На першай станцыі кіраваў айцец Татарыновіч, які вёў разважаньне i маліўся па-беларуску. Ha наступны дзень, у нядзелю 5 жніўня, у базыліцы сьвятога Пятра прайшла ўрачыстая Імша ў прысутнасьці Сьвятога Айца. Перад Імшой папа прымаў падарункі ад розных нацыянальных суполак. Найстарэйшыя сябры беларускай групы, Марыя Бербаш i Дамінік Аніська, паднесьлі Сьвятому Айцу кнігу Эвангельля ў беларускім перакладзе айца Татарыновіча. У панядзелак 6 жніўня адпраўлялася біскупская Імша ў базыліцы сьвятога Паўла, на якой розныя нацыянальныя суполкі сьпявалі свае рэлігійныя песьні. Беларусы засьпявалі “Магутны Божа”. Для беларусаў пілігрымка пад агульным кіраўніцтвам біскупа Сіповіча дзякуючы стараньням айца Татарыновіча прайшла вельмі пасьпяхова. Адначасова беларускія сьвятары скарысталі з нагоды, каб правесьці сваю гадавую зборку.

Агульную радасную атмасфэру пілігрымкі азмрочыла сумная вестка пра раптоўную сьмерць 29 ліпеня кардынала Акакія Кусы, першага “ўсходняга” кіраўніка Ўсходняй Кангрэгацыі. Ён стаў кардыналам толькі чатыры месяцы раней, 19 сакавіка. У ягонай асобе біскуп Сіповіч i ўсе беларусы страцілі яшчэ аднаго добрага i шчырага прыяцеля, які ix разумеў. Ягоным наступнікам папа прызначыў кардынала Густава Тэста. У Кангрэгацыі яго яшчэ ня бачылі. Біскуп Сіповіч наведаў Кангрэгацыю 8 жніўня i запісаў у сваім дзёньніку: «Новага сакратара кард. Тэста няма ў Рыме. Асэсар кажа, што ён знае ўсход, знае мовы... Быццам бароніцца ад той назойлівай думкі: Ці дамо рады?... Усе паўтараюць, што кардынал Куса “Vi voleva bene” (Вас любіў. – А.Н.). Мне здаецца, што ён у небе i надалей са сваёй усьмешкай дапамагае».

У сярэдзіне 1962 году адбылося афіцыйнае заснаваньне кляштару беларускіх марыянаў усходняга абраду ў Марыян Гаўз. Пасьля таго як 14 лютага архібіскуп Ўэстмінстэрскі кардынал Годфрэй згадзіўся, каб у ягонай дыяцэзіі месьціўся такі кляштар, генэрал марыянаў а. Станіслаў Шкутанс (латыш) зьвярнуўся да Сьвятога Пасаду з просьбай дазволіць кананічнае заснаваньне (erectio canonica). 24 сакавіка прыйшоў ліст ад Усходняй Кангрэгацыі, падпісаны кардыналам Кусам, у якім сярод іншага гаварылася: «Гэтая Сьвятая Кангрэгацыя ахвотна дае сваё Апостальскае Ўхваленьне гэтаму заслужанаму закону (г. зн. марыянам. – А.Н.) на заснаваньне рэлігійнага дому ў месьце Лёндане, што мае служыць законьнікам усходняга абраду для беларусаў»[123]. На аснове гэтага дакумэнту генэрал марыянаў 18 чэрвеня 1962 году выдаў акт “кананічнага заснаваньня”, у якім напісана: «Уладаю Сьвятога Пасаду... дэлегаванаю нам... засноўваем рэлігійны дом закону... марыянаў... для законьнікаў беларусаў усходняга абраду ў Лёндане ў архідыяцэзіі Ўэстмінстэрскай»[124].

24–28 жніўня генэрал марыянскага закону айцец Шкутанс правёў першую кананічную візытацыю Марыян Гаўз як асобнай законнай адзінкі беларускіх марыянаў. У марыянскіх дакумэнтах ён значыцца як Domus Londinensis II (Лёнданскі дом II), каб адрозьніць яго ад летувіскага Domus Londіnensis I.

У сваёй справаздачы генэрал пералічвае ўсіх сяброў “дому”: 1. Біскуп Чэслаў Сіповіч, адказны за апостальства сярод беларусаў бізантыйскага абраду за межамі Беларусі; 2. Айцец Леў Гарошка, супэрыёр (кіраўнік) i аконам, а таксама рэктар Місіі; 3. Айцец Язэп Германовіч, радны, сакратар i духаўнік, а таксама кіраўнік дому сьв. Кірылы для хлапцоў; 5. Брат Станіслаў Баговіч, закрыстыян i кухар. Далей працягвае: «Апрача нашых сяброў (г. зн. марыянаў. – А.Н.) ёсьць пачэсны айцец Надсан Аляксандар, векам каля 36 гадоў, прызначаны для [працы ў] Беларускай Місіі (ad Missionem Alboruthenam addictus), заступнік рэктара Місіі i кіраўніка інтэрнату». Пра што гаварылі Шкутанс i беларускія марыяне, застаецца сакрэтам. Наступная кананічная візытацыя прайшла 18–27 сакавіка 1965 году, калі пасаду генэрала марыянаў ужо займаў біскуп Сіповіч. Вось што ён напісаў у сваёй справаздачы: «Сказанае маім папярэднікам, пачэсным С. Шкутансам, у часе ягонай кананічнай візытацыі, менавіта, што “здаецца, было б больш мэтазгодна, калі б марыяне абнялі кіраўніцтва інтэрнатам ня толькі намінальна, але на справе”, яшчэ павінна зьдзейсьніцца. Адно ёсьць пэўнае, што для разьвіцьця i росту гэтага дому патрэбныя іншыя марыянскія працаўнікі»[125].

Біскупу Сіповічу не ўдалося папоўніць лік “марыянскіх працаўнікоў”, але не таму, што ён слаба стараўся. Можа й добра, што адзіны сьвятар не-марыянін Місіі – аўтар гэтых радкоў – нічога пра тое ня ведаў, інакш бы яго напэўна даўно не было ў Лёндане...

11 кастрычніка 1962 году адбылося доўгачаканае адкрыцьцё II Ватыканскага Паўсюднага Сабору. Наступныя тры гады, калі працаваў Сабор, сталі, без сумневу, найважнейшай рэлігійнай падзеяй XX стагодзьдзя, i ня толькі для Каталіцкай Царквы, але й для мільёнаў хрысьціян, ня злучаных у еднасьці з Пасадам сьвятога Пятра. Сярод 2000 айцоў Сабору быў таксама беларус – біскуп Сіповіч. Ён пакінуў наступнае апісаньне ўрачыстасьці адкрыцьця: «Калі рухнула хваля біскупаў на плошчу сьв. Пятра... дык запраўды ў сэрцах адчулася хвіліна незвычайная. Ішлі па 6 біскупаў у радох. Я праз нейкі час ішоў з нейкім біскупам этыёпскім, кітайскім i з польскім Паўлоўскім, маім прафэсарам з Вільні. Такжа блізка ішлі Я. Э. Слоскан, Урбш i Ранцанс. Хацеў маліцца, але было цяжка. Думкі то рассыпаліся, то канцэнтраваліся на рэальна перажытай тайне: “Дзе двох або трох зьбярэцца ў імя маё, там i я ёсьць з вамі”... Увайшоўшы ў базыліку, занялі месцы, прызначаныя для біскупаў (без розьніцы веку i становішча). Мы занялі недалёка ад уваходных дзьвярэй, але пасьля мне сказалі ісьці далей уперад да біскупаў усх(одняга) абраду... Я ўглядаўся ў Айца сьв., калі ён ішоў: спакойны, вельмі сканцэнтраваны, нязначна толькі адказваў на апладысмэнты. Базыліка выглядала быццам вісячыя тэрасы, на якіх растуць вялізныя белыя ліліі (біскупскія мітры). Час праходзіў хутка згодна з прадугледжаным парадкам першай сэсіі. Ад уваходу да выхаду з базылікі трывала каля 6 гадзінаў... Вечарам бачым тыя самыя ўрачыстасьці праз тэлевізію... Некалькі гадзін прайшло i ўжо вялікія непаўторныя хвіліны належаць да гісторыі!»

Біскуп Сіповіч прысутнічаў на ўсіх сэсіях Сабору i паседжаньнях камісіяў, у якія ўваходзіў. Дзёньнік таго часу поўны апісаньнямі дыскусій i сустрэчаў з рознымі цікавымі асобамі, а таксама ягонымі ўласнымі ўражаньнямі.

Першая сэсія Сабору скончылася 8 сьнежня. Хутка пасьля яе біскуп Сіповіч выехаў з Рыму ў Мюнхэн : 12 сьнежня тамтэйшыя беларусы ладзілі маленькую ўрачыстасьць, каб адзначыць атрыманьне айцом Салаўём годнасьці мітрафорнага протаерэя.

Год 1963 выдаўся багаты на падзеі. 22 студзеня памёр кардынал Годфрэй, архібіскуп Ўэстмінстэрскі. Кансэрватыўны ў сваіх поглядах i асьцярожны з натуры, вонкава стрыманы, гэта быў чалавек вялікай дабрыні i спагадлівасьці. Біскуп Сіповіч шмат у чым зь ім не пагаджаўся, але заўсёды з удзячнасьцю памятаў яго дапамогу i добрыя рады, калі яшчэ маладым сьвятаром прыехаў у 1947 годзе ў Англію. Ha пахаваньні кардынала 29 студзеня прысутнічалі таксама англіканскія біскупы – бачны знак новых часоў. У сувязі з гэтым здарыўся даволі сьмешны інцыдэнт. Нехта паказаў біскупу Сіповічу на старога каноніка Дж. Ванса (Vance) i сказаў, што гэта англіканскі біскуп. Вось як апісвае далей сам Сіповіч: «Пытаю, дзе ён ёсьць англіканскім біскупам? Гэты, абражаны, пытае, колькі мне гадоў? Кажу: 48. Ён на гэта: Калі вас яшчэ на сьвеце не было, я ўжо быў каталік!»

10 лютага ангельская нядзельная газэта The Observer надрукавала сэнсацыйную навіну, пасьля пацьверджаную іншымі газэтамі: вызвалены мітрапаліт Язэп Сьліпый, грэка-каталіцкі архібіскуп Львоўскі, цяпер ён адпачывае “недзе ў Італіі”. Сьліпый стаў архібіскупам Львоўскім у 1944 годзе, пасьля сьмерці мітрапаліта Шаптыцкага. У 1945 годзе Сьліпога арыштавалі камуністы, i ён правёў 18 гадоў у савецкіх турмах i лягерах. Ягонае вызваленьне i прыезд у Італію далі пачатак розным пагалоскам пра магчымую зьмену савецкай палітыкі ў дачыненьні да Каталіцкай Царквы, асабліва да Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, зьнішчанай у 1946 годзе i гвалтам далучанай да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Насамрэч нічога падобнага ня здарылася: перасьлед грэка-каталікоў, дзе гэта толькі магчыма, яшчэ ўзмоцніўся. Архібіскуп Бучка сказаў біскупу Сіповічу 6 сакавіка, што савецкія ўлады хацелі выкарыстаць вызваленьне Сьліпога, каб усталяваць нейкую сувязь з Ватыканам.

21 лютага біскуп Сіповіч меў сустрэчу зь мітрапалітам Сьліпым, які жыў тады ў манастыры Гротафэррата каля Рыму. Сярод іншага, мітрапаліт сказаў, што пасьля арышту i сьмерці айца Неманцэвіча, калі не даходзіла ніякіх вестак ад айцоў Аношкі i Гарошкі, мітрапаліт Шаптыцкі прызначыў адміністратарам Беларускага Экзархату айца Велічкоўскага, законьніка рэдэмптарыста бізантыйскага абраду. Мітрапаліт Сьліпый ня мог сказаць, ці быў той біскупам.

Неўзабаве пасьля сустрэчы зь мітрапалітам Сьліпым біскупа Сіповіча прыняў новы сакратар Усходняй Кангрэгацыі кардынал Тэста. Сіповіч запісаў у дзёньніку 6 сакавіка: «Уражаньне маё з першай візыты ў кард. Тэста вельмі ад’емнае: ён ня знае нашых спраў i не цікавіцца імі». Архібіскуп Бучка трымаўся той самай думкі. Ён раіў біскупу Сіповічу застацца ў Рыме да 1 красавіка, каб сустрэцца з архібіскупам Маёлі i распавесьці пра справы ва Ўсходняй Кангрэгацыі, а той мог бы пераказаць гутарку Сьвятому Айцу. Але біскуп Сіповіч адмовіўся.

Вялікдзень, 14 красавіка, біскуп Сіповіч правёў у Лёндане. 24–28 красавіка ён зьезьдзіў у Манчэстар, дзе прыняў у Каталіцкую Царкву сям’ю аднаго праваслаўнага сьвятара. Тым часам айцец Гарошка ў Парыжы рыхтаваў доўгачаканы візыт біскупа Сіповіча, які зь вялікім посьпехам прайшоў 24–29 траўня. Найважнейшай яго падзеяй стала біскупская багаслужба ў нядзелю 26 траўня з удзелам беларускіх вернікаў з усіх куткоў Францыі. Сярод ix быў таксама школьны сябар біскупа з Друі Віктар Жаўняровіч, тады ўжо вядомы ў Францыі мастак.

Біскуп Сіповіч i айцец Гарошка вярнуліся ў Лёндан 30 траўня, калі ўвесь сьвет зь непакоем слухаў зьвесткі пра стан здароўя папы Яна XXIII, невылечна хворага на рак. На Сёмуху, 2 чэрвеня, пасьля Літургіі ў Марыян Гаўз прыйшла тэлеграма з Рыму з папскім блаславеньнем для айца Язэпа Германовіча з нагоды 50-годзьдзя ягонага сьвятарства. Гэта – адзін з апошніх актаў папы: наступнага дня, у панядзелак 3 чэрвеня, ён памёр.

Папа Ян XXIII пакінуў па сабе глыбокі сьлед ва ўсёй Царкве Хрыстовай. Трэба дзівіцца, як гэты немалады чалавек за кароткі час змог столькі зрабіць. Адказ напэўна будзе: “Немагчымае для людзей магчымае ў Бога”. А няма ніякага сумневу, што добры папа Ян быў чалавекам Божым.

19 чэрвеня ў Ватыкане пачалося паседжаньне кардыналаў “пад ключом” (conсlave). Праз два дні белы дым над Сыкстынскай капліцай абвясьціў усяму сьвету, што Царква мела новага папу. Ім стаў Джаваньні Батыста Мантыні, архібіскуп Мілянскі, які ўвайшоў у гісторыю як папа Павал VІ.

У марыянскім законе таксама насьпявалі зьмены. Набліжаўся час генэральнай капітулы, каб абраць генэральнага старэйшага (супэрыёра) на наступныя шэсьць гадоў. Выказваліся розныя меркаваньні, хто ім павінен стацца. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку 13 чэрвеня: «Гутарыў з айцамі Сельскім i Ясінскім (абодва палякі. – А.Н.) аб марыянскай капітуле. Айцец Ясінскі жадае, каб наступны генэрал быў або латыш, або беларус, бо ані літоўцы, ані палякі ня будуць нэўтральнымі».

У панядзелак 1 ліпеня айцец Шкутанс у тэлефоннай размове паведаміў біскупу Сіповічу, што генэральная капітула абрала яго генэралам марыянскага закону, i прасіў сказаць, ці ён згаджаецца. Час быў абедні, i біскуп адразу перадаў вестку айцом Германовічу i Надсану (айцец Гарошка знаходзіўся ў Рыме). Айцец Надсан выказаў свой пратэст: на ягоную думку, Сіповіч, як першы i адзіны беларускі біскуп, мусіў займацца беларускімі справамі. Аднак ляяльнасьць да марыянскага закону і тут перамагла. Біскуп згадзіўся з умоваю, што абедзьве Кангрэгацыі: Усходняя i для Законьнікаў – дадуць сваю згоду. Тыя не пярэчылі, хоць Усходняя Кангрэгацыя паставіла ўмову, каб біскупу Сіповічу далі добрага намесьніка, які б кіраваў законам, калі біскуп будзе выконваць свае абавязкі апостальскага візытатара для беларусаў.

У чацьвер 4 ліпеня біскуп прыляцеў у Рым. У аэрапорце яго сустрэла марыянская дэлегацыя. Хутка даехалі да марыянскай калегіі на вія Корсіка. Там чакалі ўсе іншыя марыяне, якія, зазначае ён у сваім дзёньніку, «вітаюць без вялікага энтузіязму, але шчыра».

Notes

[121] «Exc.mus Dominus Pater D. Ceslaus Sipovich, Episcopus Titularis Mariammitanus, cui commissa est directio apostolatus pro fidelibus albo-ruthenis ritus byzantini extra patriam degentibus».

[122] «Considerato tutte le circostanze e dopo aver consultato l’Ordinario del luogo, non ritiene opportuno concedere la facoltа richiesta».

[123] «Questa Sacra Congregazione volentieri accorda il richiesto Beneplacito Apostolico... per l’erezione di una casa religiosa di codesta benemerita Congregazione, nella cittа di Londra, destinata ai religiosi di rito orientale per i Bianco Ruteni».

[124] «Auctoritate Sanctae Sedis... Nobis delegata... erigimus Domum religiosam Congregationis Clericorum Regularium Marianorum... pro sodalibus Alboruthenis ritus orientalis Londinii in archidiocesi Westmonasteriensi».

[125] «Illud a meo predecessore Rev.mo P. S. Skutans tempore suae visitationis canonicae notatum, scilicet: “Magis opportunum videtur esse, ut ipsi Mariani in propriis manibus moderationem Convictus non solum in nomine, verum etiam de facto assummerent”, adhuc veniet. Certo certius ad Domum istam evolvendam augendamque necessarii sunt alii operarii Mariani».


 


 


 

 

 

Напісаць ліст